Астравецкія артысткі – на сцэне прафесійнага тэатра

15:27 / 16.10.2021
673

687654687.jpg

Калі ў чэрвені гэтага года мы ў дваццаты раз паставілі «Калядны вечар», то, буду шчырай, палічылі, што гэта – прыгожая фінальная кропка. 
Ну сапраўды: колькі можна? Гэта ж не «Паўлінка»… Восем гадоў на сцэне – такім «доўгажыхарствам» не кожны прафесійны спектакль можа пахваліцца.

І калі нам прапанавалі паказаць «Калядны вечар» у Рэспубліканскім тэатры беларускай драматургіі, мы спачатку ўспрынялі гэта як жарт. Дзе мы – а дзе РТБД?! Ці можам мы, 6 нераўнадушных жанчын, як мы называем нашу самадзейную трупу, зганьбіць сваёй прысутнасцю сцэну, на якую выходзілі «Тры Жызэлі», «Чарнобыльская малітва», «Дзед», «Вар’ятка», «Сірожа» і іншыя спектаклі, што нязменна станавіліся падзеяй у культурным жыцці краіны? Не, гэтага не можа быць – таму што не можа быць увогуле!
А калі зразумелі, што прапанова – усур’ёз… Вы думаеце, мы сталі скакаць ад радасці? Дзе там… Наадварот: трупа ледзь не распалася. Адны лічылі, што нам ні ў якім разе нельга ехаць у Мінск са сваім спектаклем «на табурэтках», другія з запалам пераконвалі, што проста грэх не выкарыстаць такі шанс. Адны казалі, што сталічным гледачам, спешчаным відовішчамі, гісторыі нашых гераінь «не зойдуць», другія гаварылі, што людзі – усюды людзі – і ў вёсцы, і ў сталіцы, і хвалююць іх адны і тыя ж праблемы…
Урэшце другія пераканалі першых – і мы сталі рыхтавацца…
Але, здавалася, усё было супраць нас! 
Мы ніяк не маглі сабрацца і аднавіць рэпетыцыі: то адна артыстка хварэла, то другая адпраўлялася ў вандроўку, якую немагчыма было адмяніць ці перанесці, то трэцяя станавілася «ковідным» кантактам і садзілася на каранцін… 
Напружанне зашкальвала, нервы не вытрым­лівалі. Час «ікс» няўмольна набліжаўся, білеты прадаваліся – а мы да апошняга не ведалі, ці зможам паехаць, ці не адменіцца спектакль з-за хваробы каго-небудзь з нас ці чарговай хвалі каронавіруса. А галоўнае: ці здолеем дастойна прадставіць наш спектакль, наша агульнае выпакутаванае дзіця на сцэне аднаго з вядучых тэатраў сталіцы.
У мяне ёсць прыкмета: чым больш перашкод на шляху да мэты – тым лепшым будзе фінал. Так і атрымалася.
Мы ў чарговы раз увайшлі ў любімы тэатр, але ўжо не з цэнтральнага ўваходу, а са службовага. І не ў глядацкую залу, а з грымёркі па вузенькай вінтавой лесвіцы, прама на сцэну – на ТУЮ САМУЮ СЦЭНУ!
Хваляванне засталося, але страх некуды знік. Мы вырашылі, што будзем іграць, як умеем, – а людзі хай судзяць…
…Мінскія гледачы смяяліся ў тых жа месцах і гэтак жа шчыра, як і ў Астраўцы, Ашмянах, Гродна, Сасновым Боры, шматлікіх сельскіх клубах. І гэтаксама не маглі стрымаць слёз у фінале… 
Дзякуй шматлікім мінчанам і астраўчанам, якія не пашкадавалі вольнага вечара і прыйшлі ў тэатр, каб паглядзець (многія – у другі ці трэці раз) «Калядны вечар». Іх апладысменты, кветкі, цёплыя водгукі, усмешкі і слёзы дапамаглі нам пераадолець шматлікія ўнутраныя комплексы і паверыць у сябе.
Дзякуй нашаму рэжысёру Вользе Турубаравай, якая паставіла спектакль, акцёрам Хрысціне Гіруць, Наталлі Волк-Леановіч, Вользе Лябецкай, Марыі Васілёнак, Алёне Гануліч, якія здолелі ўспрыняць чужы боль, як уласны, – і данесці яго да гледачоў.
І няхай кожнага з вас – і нас – мінуе лёс нашых гераінь…



Подписывайтесь на телеграм-канал «Островецкая правда» по короткой ссылке https://t.me/ostrovetsby.

Телеграм-канал «Островецкая правда»  – всё самое интересное из жизни Островца и Островецкого района. 


Подписывайтесь на телеграм-канал «Гродно Медиа Group» по короткой ссылке t.me/GrodnoMediaGroup.

Телеграм-канал «Гродно Медиа Group» – это ежедневные новости районов Гродненской области и города Гродно.
Текст: Нина Рыбик
Оставить комментарий
Текст сообщения*
Защита от автоматических сообщений