Хочаце, каб бацькі жылі даўжэй? Гаварыце з імі!

11:00 / 04.10.2021
Настаўнікі, псіхолагі, паспяховыя бацькі ў адзін голас просяць: гаварыце са сваімі дзецьмі! Гаварыце, каб ведаць, чым яны жывуць, што іх турбуе, пра што яны мараць.

І хоць часта з усмешкай (насмешкай?) паўтараюць, што старыя – як малыя, ніхто не просіць дарослых дзяцей гаварыць з пажылымі бацькамі. У паняцце «даглядаць бацькоў» уваходзяць іншыя рэчы: клапаціцца пра іх здароўе, пра тое, каб у іх былі свежыя прадукты і чыстая бялізна, спраўныя тэлевізар і тэлефон. «А што ім яшчэ патрэбна?» – лічаць многія.

А ім трэба тое ж, што і ўсім. Найперш – стасункі. І не толькі размовы аб тым, які сёння ціск і самаадчуванне, не што сёння ела ці што прывезці, а – пра ўсё. Пра справы на рабоце, гарадскія навіны, сямейныя ўзаемаадносіны.

Как научиться общаться с пожилыми родителями и не сойти с ума — Про Паллиатив

Прадбачу, як нехта хмыкнуў: «Яшчэ чаго! Менш будзе ведаць – лепш стане спаць… Навошта хваляваць?»

Думаеце, калі вы на балконе моўчкі паліце адну цыгарэту за другой ці гадзіну сядзіце ў кухні над кубкам даўно астылай гарбаты, маці нічога не разумее і не перажывае? Паверце: ад вашага маўчання яна будзе хвалявацца нашмат больш, бо напрыдумвае нават тое, чаго і блізка не было, і «накруціць» сябе так, што вам і не снілася. Яна адчувае ваш настрой па голасе ў тэлефоннай трубцы і ваша «Усё нармальна!» яе не падмане. Дальбог, калі б вы сказалі, хоць бы ў агульных рысах, што здарылася, маці была б здаравейшай. А можа, яшчэ і мудрую параду дала б. Ці проста пагладзіла б па галаве і сказала, што ўсё будзе добра.

…Аднойчы я, прыхварэўшы, не схацела хваляваць маці і прыдумала «ўважлівую» прычыну, па якой не магу да яе прыехаць. Але калі чарговы нумар газеты выйшаў за подпісам намесніка, яна ранкам стаяла на парозе маёй кватэры. Думаю, тая бяссонная ноч каштавала ёй не аднаго сівога воласа, а можа, і чаго большага.

Я маці дарослых дзяцей і бабуля. І, прызнаюся, панічна баюся слоў «Ты толькі не хвалюйся!». І катэгарычна не прымаю маны ці маўчання з нагоды «каб не турбаваць». Заўсёды прашу: раскажыце ўсё, як ёсць, – і мае турботы і хваляванні  зменшацца. Па-першае, яны будуць абумоўлены канкрэтнымі, а не прыдуманымі ўяўленнямі праблемамі, а, па-другое, мы зможам разам падумаць, што рабіць.

«Ды што расказваць! – магчыма, скажа другі мой апанент. – Шмат яны разбіраюцца ў сённяшнім жыцці…»

…Калі дачка паехала вучыцца за мяжу, яе бабуля доўга дапытвалася, піша Алёна мне ці тэлефануе. Камп’ютар у сям’і тады толькі з’явіўся, я размаўляла з ім на «вы» і шэптам і не ведала, як расказаць без малога 80-гадовай жанчыне, што такое электронная пошта.

– Піша, – адказала я. – Толькі не на звычайную пошту, а на электронную, якая па камп’ютары ідзе.

Матуля агледзела пузаты манітор з аднаго і з другога боку, не разумеючы, дзе тут прымацоўваюцца пісьмы – і стала дапытвацца: 

– Гэта як?

 – Мама, вы не зразумееце, – пашкадавала я яе інтэлектуальных высілкаў. 

– А ты раскажы! – настойвала яна.

Я, як магла, растлумачыла. Маці ўважліва слухала, крыху падумала – і з гонарам заявіла:

– Ну вось і зразумела! Не такая ўжо і дурная, як вы думаеце.

Мне стала смешна. І сорамна…

…Гаварыце з бацькамі, каб іх стасункі не абмяжоўваліся тэлефоннымі размовамі з сяброўкамі пра тое, што каму дзе і як сёння балела. Расказвайце пра свае справы,  каб яны не адчувалі сябе нікому непатрэбнымі, а ўсведамлялі сваё прыдачыненне да таго, што адбываецца ў вашым жыцці.

Абмяркоўвайце з імі кнігі, кінафільмы, тое, што пішуць у газетах і паказваюць па тэлевізары, каб яны маглі сфарміраваць сваё меркаванне, выказаць і адстаяць яго  і разумелі, што яно мае вагу.

Урэшце, прасіце іх расказваць вам і вашым дзецям пра тое, што было раней – пра сям’ю, продкаў, жывую, не з падручнікаў, гісторыю. Бо аднойчы захочацца спытаць, ды не будзе ў каго…

…Знаёмы мужчына, пахаваўшы бацьку, вярнуўся з могілак, задуменна прамовіў: 

– Ну вось, бацькі не стала… А я з ім так ні разу і не пагаварыў… 

Вы ж хочаце, каб вашы бацькі жылі як мага даўжэй?

Гаварыце з імі!

Текст: Нина Рыбик
Фото: из интернета