Сцяжынка да школьнага парога Лошскай школы

12:26 / 13.06.2021
Праект «АП» і РК работнікаў адукацыі і навукі «Сцяжынка да школьнага парога» прысвечаны закрытым школам і людзям, што некалі там працавалі і вучыліся.

IMG_2844.jpg

Калектыў Лошскай школы з выпускнікамі

Лошская школа
Папярэдніцай Лошскай школы была Дайноўская пачатковая школа, адкрытая ў 1940 годзе ў былым маёнтку пана Ундзілы. 
Са звестак, змешчаных у кнізе «Памяць. Астравецкі раён», вядома, што ў той час настаўнікам у ёй працавала Марыя Андрэеўна Шабукевіч. З 1944 года загадчыкам была Марыя Арсеньеўна Клімянкова, настаўнікам – Лідзія Міхайлаўна Ларыёнава. У 1947 годзе Дайноўская пачатковая школа стала сямігадовай, дырэктарам яе да 1952-га была Лідзія Міхайлаўна Лянкевіч.
У 1950 годзе пасведчанні аб сямігадовай адукацыі атрымалі першыя выпускнікі І. Лукша, В. Тарашкевіч, С. Тарашкевіч, І. Наймовіч, І. Вянгроўскі, У. Пыж, В. Грамашэўская.
У 1962-м Дайноўская сямі­гадовая школа стала вась­мігадовай. З 1952 па 1964 гады яе ўзначальвалі М.Н. Валуеў, Л.М. Кісялёва, К.І. Пляшкоў, Казакевіч, з 1964-га – І.І. Лазар, з 1979-га – Н.У. Ламека. 
У пачатку 80-х у суседняй вёсцы Лошы ўзвялі будынак – туды перасялілася Дайноўская школа і была перайменавана ў Лошскую базавую.
З 1991 года яе дырэктарам працаваў Васіль Уладзіміравіч Марцішэўскі, з 1996-га – Марыя Іванаўна Безляповіч, пазней школу ўзначальвалі Антон Часлававіч Трэйгіс, Валянціна Казіміраўна Анішчук.
У 2004 годзе ў школе займалася 47 вучняў, працавала 12 настаўнікаў.

IMG_2848.jpg

Падчас працы ў Спондаўскай школе


Расказвае былы дырэктар школы Марыя Іванаўна Безляповіч.

IMG_2852.jpg

Шчучын – Спонды – Дайноўка
– Родам я са Шчучынс­кага раёна. Скончыла Вя­лі­ка-Мажэйкаўскую вась­­мігадовую школу, – расказ­вае былы настаўнік Дай­ноўскай школы і дырэк­тар Лошскай Марыя Без­ля­­повіч. – Настаўнікам быць не марыла, мяне заў­сёды цягнула да лічбаў – збі­ра­лася паступаць на бухгалтара ў Навагрудскі каледж.
Толькі педагогі, якія вучылі дзяўчыну, бачылі яе менавіта настаўнікам. І аднойчы класны кіраўнік параіў выпускніцы паступаць у педвучылішча.
– Я з адзнакай скончыла 8 кла­саў. Тады было такое правіла, што першых 10% абітурыентаў з выдатнымі пасведчаннямі бралі ў педвучылішчы без экзаменаў. Як толькі здала экзамены ў школе, павезла дакументы ў Ваўкавыск, – узгадвае Марыя Іванаўна.
– Гэта былі цудоўныя гады, падчас якіх я зразумела, што сапраўды хачу стаць настаўніцай. Было складана: мноства прад­метаў, навучанне ігры на музычных інструментах, спевы ў хоры, але без стараннасці і працы над сабой не станеш сапраўдным настаў­нікам, – упэў­нена Марыя Безляповіч.
Словы своеасаблівага настаў­ніцкага гімна «Понимаешь, мама, я – учитель! Видишь: я вхожу, бледнея, в класс. Это мне решили поручить их – сорок душ и восемьдесят глаз…» Марыя Іва­наў­на помніць і сёння. А самыя дарагія і блізкія святы для яе – першы і апошні званкі.
– Ужо колькі гадоў не працую настаўнікам, але 1 верасня і 30 мая для мяне найвялікшыя святы – сэрца сціскаецца і хочацца плакаць, – гаворыць былы дырэктар. – Муж часам смяецца, а я нічога не магу зрабіць.
На адпрацоўку малады педагог магла паехаць на радзіму, але рашыла паспытаць удачу там, куды накіравалі, – на далёкай Астравеч­чыне.
– На размеркаванні ў аддзеле адукацыі мне прапанавалі некалькі школ: Дзягенеўскую, Спондаўскую і Даўкшышскую. Я не ведала раёна, таму мне было без розніцы, – усміхаецца Марыя Безляповіч.
І маладую настаўніцу пачатковых класаў накіравалі ў Спонды.
– Калі б я ведала, дзе яны знаходзяцца і што аўтобус туды ходзіць у 5.50 раніцы і 13.20, ні за што не згадзілася б. Палову дня і ноч давялося правесці на аўтавакзале – і толькі раніцай я трапіла ў школу. Сустракаў мяне Тэафілій Баніфацьевіч Міхаль­кевіч – тагачасны дырэктар школы. Прапанавалі пасаду піянер­важатай – згадзілася.
1979 год. Моладзі ў Спондах было нямала, таму дні ў клопатах і справах беглі хутка.
– Пасялілі мяне ў цудоўнай жанчыны Крысціны Браніславаўны Мядзельскай – яна стала для нас, на кватэры жылі ўдзвюх, сапраўд­най мамай. Пагаворыць, пра справы распытае, вячэру прыгатуе, малако, саленні, варэнні, марынады, бульбу – усё нам давала, – узгадвае жанчына. – А як цікава і весела мы бавілі час: удзельнічалі ў конкурсах, выступалі не толькі за каманду школы, але і мясцовага калгаса. Добрыя былі гады.
А потым Ніна Уладзіміраўна Ламека, якая была дырэктарам Дайноўскай школы, прапанавала маладому спецыялісту месца настаўніка пачатковых класаў – і ў 1981 годзе пачаўся новы этап жыцця Марыі Іванаўны.
– Па праўдзе кажучы, мне не вельмі хацела выязджаць са Спондаў – настолькі прывыкла да гэтай вёсачкі і яе людзей, – расказвае Марыя Іванаўна.
Дайноўская васьмігодка на той час размяшчалася ў панскім маёнтку, які стаяў на тэрыторыі сённяшняга дзіцячага летніка «Ластаўка».
Сярэднія і старэйшыя класы і нас­таў­ніцкая месціліся ў сён­­няш­нім адміністрацыйным бу­дын­ку лагера, пачатковыя – у тым, дзе яшчэ пару гадоў назад бы­лі харчблок і сталовая. 
– У школе было 4 пачатковыя класы, у якіх вучылася 30 дзяцей. Мы хутка знайшлі з імі агульную мову – непаразуменняў не ўзнікала, – узгадвае настаўнік.
– Я на той час паступіла на завочнае аддзяленне Брэсцкага пед­інстытута – вечары даводзілася праводзіць не толькі правяраючы сшыткі вучняў і рыхтуючыся да ўрокаў, але і пішучы свае кант­рольныя работы. А моладзі і ў школе, і ў вёсцы было шмат – на танцы клічуць, а мне няма калі.
Праз год Марыя Іванаўна вырашыла вярнуцца на радзіму – з’ездзіла ў Шчучын, схадзіла ў аддзел адукацыі, знайшла месца ў адной са школ горада. Але пры­­ехала ў Дайноўку за рэчамі і пра­цоўнай кніжкай – і перадумала.
– Ніколі не пашкадавала, што засталася на Астравеччыне. Тут я сустрэла свайго Эдуарда, тут нарадзіліся дочкі Наташа і Юля, тут змагла рэалізаваць сябе як настаўнік і як чалавек.

Як Дайноўская школа стала Лошскай
Цэнтрам калгаса «Чырвоная Зара» была суседняя вёска Лоша. Менавіта тут яго тагачасны старшыня Вячаслаў Адахоўскі пачаў будаваць новы адміністрацыйны будынак. А літаральна праз не­калькі месяцаў 2 суседнія кал­гасы – «Чырвоную Зару» і «Шлях Леніна» – аб’ядналі. Вячас­­лава Адахоўскага перавялі ў Гер­вяты, а ўзведзены будынак зас­таў­ся ні­кому непатрэбны. І яго выра­шы­лі пераабсталяваць пад школу.
– 1984-1985 навучальны год мы сустракалі ў новым памяшканні ў Лошы, – расказвае Марыя Іва­наў­на. – Дырэктарам засталася Ніна Ула­­­дзіміраўна Ламека. Яна, да­рэ­чы, вык­ладала хімію і бія­ло­­гію – добры была настаўнік. Пасля яе амаль 6 гадоў школу ўз­на­­чальваў Васіль Уладзіміравіч Мар­ці­шэўскі – чулы чалавек і цу­доў­ны спецыяліст, настаўнік фіз­куль­­туры, ён выхаваў нямала спарт­­сменаў. А потым кі­раўніком стала я.
Хаця, як прызнаецца жанчына, кіраваць яна ніколі не любіла.
– Помню, субота, у хаце рабо­ты хоць адбаўляй... У двор захо­дзяць тагачасны загадчык аддзела адукацыі Уладзімір Але­гавіч Булавіцкі і галоўны спецыяліст Ядвіга Браніславаўна Петрык і прапаноўваюць мне ўзна­чаліць школу. Адмаўлялася, як магла, але давялося згадзіцца. Заўсёды старалася, каб у школе быў мір і спакой, каб дзеці раслі выха­ванымі, а ў настаўнікаў не было ніякіх складанасцей. І ў нашым калектыве, прынамсі мне так здаецца, камфортна было ўсім, – расказвае Марыя Іванаўна. 
– Многія настаўнікі і сёння плён­на працуюць у сістэме аду­ка­цыі: Тэрэса Рамуальдаўна Ру­дзін­­ская і Антон Часлававіч Трэй­­­­гіс узна­чальваюць гарадскія школы, – узгадвае былы дырэктар. – Тэрэса Чаславаўна Ізотава, Ма­рыя Баля­славаўна Золатава, Іры­на Валер’еўна Трэйгіс, Вале­рый Леанідавіч Ламека, Ганна Лю­цыя­­­­наўна Спірыдовіч, Леа­ка­­дзія Стані­славаўна Бародка, Аляк­сандр Іва­навіч Пілецкі, Воль­га Мі­­хайлаў­на Мястоў­ская і многія іншыя да­валі дзецям тры­ва­лыя веды. Нам ніколі не было сорамна, калі пасля базавай школы вуч­ні пераходзілі ў сярэднія, – іх ад­знакі радавалі і настаўнікаў, і бацькоў. 
Акрамя базавай школы ў Лошы быў і дзіцячы садок – ён раз­мяшчаўся ў асобным будынку. З дашкалятамі займалася Ірына Іосіфаўна Баршчэўская.
– Мы рабілі агульную справу: вучылі дзяцей і рых­та­валі іх да дарослага жыцця. Калі прыйшла ў Дайноўскую школу, у ёй вучылася 120 чалавек. Калі пера­­ходзілі ў Лошскую, было дзесь­ці 90 вучняў. Потым з кожным годам дзяцей станавілася менш.
Праз нейкі час Марыя Іванаўна стала старшынёй Гудагайскага сель­савета, школу ўзначаліў Антон Часлававіч Трэйгіс, праз 2 гады – Валянціна Казіміраўна Ані­­ш­­­чук. А ў 2008 годзе было пры­ня­та рашэнне аб закрыцці ўстановы – дзяцей сталі падвозіць у Гудагай­скую.
– Зразумела, што былое назад не вернеш. Добрая была школа і людзі ў ёй працавалі таленавітыя, адданыя сваёй справе – памяць пра іх жыве сярод нашых вучняў, – упэўнена былы дырэктар. – Іх таксама было шмат – і ўсе выраслі годнымі людзьмі. Андрэй Шалесны, Дзмітрый Граблеўскі, Юрый Багдановіч, Юлія Безляповіч, Жан­на Безляповіч, Рэната Безля­по­віч, Казімір Масальскі, Таццяна Граб­леўская… – пералічвае імёны і прозвішчы настаўнік. 

Такое не забываецца
Былі ў школы і свае традыцыі. Сярод іх – абавязковае правя­дзенне выпускных вечарын.
– Пасля 9 класа многія нашы вучні ішлі ў Гудагайскую школу, некаторыя паступалі ў каледжы ці ліцэі. Таму штогод у нас быў выпускны вечар – з урачыстым уручэннем пасведчанняў, – узгадвае былы дырэктар.
Развіваўся і цімураўскі рух: школьнікі дапамагалі адзінокім састарэлым і ветэранам Вялікай Айчыннай вайны Вайцяхоўскаму і Пілецкаму – яны на той час жылі ў мікрараёне Лошскай школы. Бралі дзеці пад апеку і састарэлых жыхароў вёскі.
– Яшчэ адным накірункам нашай дзейнасці ў той час быў дог­ляд за месцам, дзе, па словах старажылаў, падчас вайны нем­цамі быў расстраляны цыган­скі табар. Здарылася гэта непа­далёк ад сённяшняга летніка «Лас­таўка», – расказвае былы дырэктар. – Гэта месца знайшлі, уста­навілі крыж – і даглядалі за ім.
– Наша вёска цесна звязана з лёсам вядомага мастака Льва Даб­жынскага – спакон вякоў дзе­ці, потым да іх далучыліся ваен­на­­служачыя пагранічнай заста­вы «Лоша», даглядалі і за яго магі­лай, – працягвае Марыя Без­ля­повіч.
Час ад часу Марыя Іванаўна праязджае міма будынка Лошскай школы – і тады пачынаюцца самыя добрыя і шчаслівыя ўспаміны пра навучэнцаў і настаўнікаў.

З першых вуснаў
Антон Часлававіч Трэйгіс, дырэктар сярэдняй школы №2 г. Астраўца:
– У Лошскую школу я прыйшоў у 1994 годзе пасля службы ва Узброеных Сілах. Быў, лічы, маладым спецыялістам – да арміі год адпрацаваў у Гірскай школе. Калектыў быў цудоўны: сплаў вопыта і маладосці. Было ў каго павучыцца: Ганна Люцыянаўна Спірыдовіч, Леакадзія Станіславаўна Бародка, Марыя Іванаўна Безляповіч, Вольга Міхайлаўна Мястоўская і шэраг іншых.
Выкладаў я фізіку і працоўнае навучанне ў хлопчыкаў. Дырэктарам на той час быў Васіль Уладзіміравіч Марцішэўскі – ён падтрымліваў усе ідэі і пачынанні настаўнікаў. Адна з маіх – абсталяванне кабінета тэхнічнай працы для хлопчыкаў. Майстэрні ў школе не было – і мы ўзяліся за яе абсталяванне. Атрымалася нядрэнна.
Маё станаўленне як педагога праходзіла менавіта ў Лошскай школе. А ў 2005 годзе тагачасны начальнік аддзела адукацыі Лілія Уладзіміраўна Янкоўская прапанавала ўзначаліць гэтую ўстанову. Я пастараўся пераняць стыль работы былога дырэктара Марыі Іванаўны Безляповіч – дэмакратычны з індывідуальным падыходам да настаўнікаў, вучняў і іх бацькоў.




Подписывайтесь на телеграм-канал «Островецкая правда» по короткой ссылке https://t.me/ostrovetsby.

Телеграм-канал «Островецкая правда»  – всё самое интересное из жизни Островца и Островецкого района. 


Подписывайтесь на телеграм-канал «Гродно Медиа Group» по короткой ссылке t.me/GrodnoMediaGroup.

Телеграм-канал «Гродно Медиа Group» – это ежедневные новости районов Гродненской области и города Гродно.



Текст: