Сцяжынка да школьнага парога Дайлідскай школы

12:09 / 25.04.2021
Праект «АП» і РК работнікаў адукацыі і навукі «Сцяжынка да школьнага парога» прысвечаны закрытым школам і людзям, што некалі там працавалі і вучыліся.

Кропка ў гісторыі існавання Дай­лід­­скай школы была пастаў­лена ў 2014 годзе. На той час у базавай школе вучылася 48 дзяцей і працавала 23 работнікі – настаўнікі і абслугоўваючы персанал.
Дзіўна, але чамусьці ў кнізе «Памяць. Астравецкі раён» няма артыкула пра Дайлідскую школу. Затое ў раённай газеце былі апублікаваны ўспаміны мясцовага жыхара Казіміра Варановіча, які ў тым ліку ўзгадваў і пра гэту ўстанову. 
Так, з яго аповеду вядома, што дзеці з 1922 па 1939 гады вучыліся ў хаце Міхаіла і Мар’яна Страцэўскіх, настаўнікам пра­цаваў Уладзіслаў Гродзь. Пазней школа размяшчалася ў доме братоў Тамаша і Іосіфа Аўгустыновічаў. У 1945 го­дзе ў маёнтку Лашкевічаў адкрылі пачатковую школу, дзе вучылі на беларускай і рускай мовах. Дырэктарам быў Леанід Спірыдонавіч Самахвал, настаўніцай працавала Ніна Аляк­сандраўна Лятун – яна выкладала ўсе прадметы.
У 1952 годзе ў Дайлідках адкрылі базавую школу. У 1958 годзе яе дырэктарам стаў Расціслаў Арсенцьевіч Герт. Пасля яго на гэтай пасадзе працавалі Зінаіда Рыгораўна Іванова, Ніна Юльянаўна Ігнатовіч, Валянціна Валяр’янаўна Ярмак, Аліна Францаўна Балтрукевіч і Валянціна Зігмундаўна Лаздоў­ская.
У 1992 годзе школа стала сярэдняй. За час яе дзейнасці яе скончыла 115 выпускнікоў, 13 з іх былі ўзнагароджаны залатымі, 4 – сярэбранымі медалямі. Кожны год каля 70% школьнікаў паступалі ў вышэйшыя і сярэднія спецыяльныя навучальныя ўстановы.

IMG_4392.jpg

Асоба дырэктара 
Памятаю, у 1994 годзе я сабра­лася паступаць на філфак БДУ, дзе неабходна было здаваць бе­ларускую і рускую мовы і лі­таратуры. Менавіта да Валян­ціны Валяр’янаўны Ярмак я і на­кі­равалася за дапамогай – яна ўру­чыла мне некалькі пад­руч­нікаў рускай мовы і літа­ратуры. Эк­за­мены я здала і стала студэнткай.
З дзяцінства марыла быць нас­таўнікам і сама Валянціна Ва­ляр’янаўна.
– На выбар прафесіі паўплы­валі мае першыя настаўніцы, – расказвае Валянціна Валяр’я­наўна. – Іх было дзве. Першая – Кузняцова – вельмі хварэла, і таму яе падмяняла Галіна Акімаўна Хацяшова.
– Пасля школы я падала дакументы на гістарычны факультэт Гродзенскага педінстытута, паспяхова здала экзамены на «5» і адну «4», але не паступіла. Мне прапанавалі вучобу на завочным аддзяленні па спе­цыяль­насці «пачатковыя класы». Я не згадзілася, бо ха­цела стаць настаўнікам гісто­рыі.
Потым былі год работы на Шчучынскім аўта­провадзе, прапанова па­ступаць у Гомельскі ін­сты­тут кабельнай пра­мыс­ловасці. Але мара аб педа­гогіцы не пакідала – і Ва­лянціна пайшла на пад­рыхтоўчае аддзяленне філалагічнага (гіста­рычнага на той час не было) факультэта Гро­дзенскага ўні­версітэта. 
– Тут я і пазнаёмілася з выкладчыкам сучаснай рускай мовы Гры­гор’евым. Ён час­та і шмат са мной размаўляў – і менавіта ён сказаў, што з мяне атрымаецца добры настаўнік рус­кай мовы і літаратуры. Я паслухала – і ніко­лі не пашкадавала, – узгадвае Валянціна Валяр’янаўна.
З будучым мужам яна была знаёма – абое родам са Шчучын­шчыны, але сустракацца маладыя людзі сталі толькі ў Гродне. У лютым 1977 года Віктар Іванавіч скончыў сельгасінстытут і па размеркаванні адправіўся на Астравеччыну. Маладая жонка і маці прыехала да яго напрыканцы лета.
– Муж пачынаў у Варнянс­кай сельгасхіміі, а я ў мясцовым дзіцячым садку, – расказвае Валянціна Валяр’янаўна. – І сёння падтрымліваю сувязі з былой загадчыцай Таццянай Нікі­фараўнай Волкавай, якая стала на Астравеччыне для мяне настаўніцай у прафесіі. Потым была праца намеснікам дырэктара Варонскай школы і выкладанне гісторыі, затым – работа ў Варнянскім вучэбна-вытворчым камбінаце. І пераезд у Дайлідкі.
– Нам падабаліся Варняны. Было жыллё, побач – дзіцячы садок, сярэдняя і музычная школы, амбулаторыя, магазіны, ды і гаспадарка імя Чапаева – была не з апошніх, – узгадвае Валянціна Валяр’янаўна. – Але ў кастрычніку 1980 года мужу прапанавалі ўзначаліць калгас імя Калініна і я, як верная жонка, паехала за ім.

IMG_4406.jpg

Менавіта тут Валянціна Ва­ляр’янаўна стала выкладаць свае любімыя прадметы – рускую мову і літаратуру, а таксама атрымала пасаду намесніка дырэктара школы. А праз 5 гадоў і школу ўзначаліла.
– Калгас імя Калініна на той час быў дастаткова паспяховым. Пры яго падтрымцы мы поў­насцю адрамантавалі школу, праз год дабудавалі памяшканне майстэрні, кацельню, – узгадвае Валянціна Валяр’янаўна. – Устанавілі батарэі – іх закупіў аддзел адукацыі, астатнія ж работы і расходы леглі на калгас.
Мясцовая гаспадарка ўзмац­нялася, у Дайлідках з’яўлялася больш маладых сем’яў. Адпаведна і колькасць вучняў расла – у школе станавілася цесна. 
– У нас з’явіліся першыя па­ралелі. І зноў пры падтрымцы калгаса мы рашыліся на пашырэнне, – расказвае былы дырэктар. – Гаспадарка перабудавала жылы дом пад пачатковую школу. Разам з гэтым будынкам мы атрымалі і вялікі агарод, на якім вырошчвалі ўсё неабходнае для зніжэння кошту харчавання дзяцей. Хаця быў перыяд – гады 2, калі нашы вучні бясплатна харча­валіся ў калгаснай сталовай.
– Калгас імя Калініна заўсёды падтрымліваў школу, яно і не дзіўна – быў адным з квітнеючых у раёне, – узгадвае яго былы старшыня і муж дырэктара школы Віктар Іванавіч Ярмак. – У нас было супрацоўніцтва: мы дапа­магалі школе, а школа – настаў­нікі і дзеці – дапамагалі нам. Працоўныя дэсанты – як назвалі б гэта цяпер, а тады – удзел у сельгасработах: праполка буракоў, уборка бульбы, падняцце лёну – настаўнікі і школьнікі былі першымі.
Першымі настаўнікі і вучні ра­зам з калгасаўцамі звычайна былі і ў спаборніцтвах санітарных дружын.
– Да іх старанна рыхтаваліся. Спецыяльна былі пашыты касцюмы, і заўсёды наша каманда выступала добра – нават на воб­ласць ездзілі, – гаворыць Віктар Іванавіч.
Шмат увагі ў школе надавалі і згуртаванню калектыва.
– Заўсёды старалася прыгля­даць за маладымі кадрамі. Вельмі хацелася, каб настаўнікі, ад­пра­цаваўшы 2 гады, заста­ва­ліся ў нас, – гаворыць Валян­ці­на Валяр’янаўна. – Часта мена­віта так і адбывалася. Жыццё ў нас віравала. Пастаян­на арга­ні­­зоўвалі піянерскія вог­ніш­чы, спаборніцтвы. Нас­таў­нікі заўсёды ўдзельнічалі ў арганізацыі кан­цэртаў – і высту­палі не толькі ў Дайлідках, але і ездзілі па вёсках. Было весела.

Настаўнік, перад іменем тваім…
Валянціна Валяр’янаўна дастае тоўсты альбом з фотаздымкамі і пачынаюцца ўспаміны.
– Я вельмі любіла прыходзіць у школу рана, асабліва калі цвілі яблыні. Салаўі спяваюць – і так спакойна і радасна на душы, – расказвае былы дырэктар. – І вельмі люблю гэты фотаздымак на фоне яблыневага саду – такія тут усе прыгожыя!
– Помню ўсіх настаўнікаў – і ўсім ім удзячна, – гаворыць Валянціна Валяр’янаўна. – Касцяк працаваў у нас практычна з першых дзён сваёй прафесійнай дзейнасці і да пенсіі: Марыя Мамертаўна Рабчун, Крысціна Генрыхаўна Захарэўская, Валян­ціна Іванаўна Кармаза, Марыя Баляславаўна Барташэвіч, Аліна Францаўна Балтрукевіч, Лілія Уладзіміраўна Шафранская, Валянціна Зігмундаўна Лаздоўская, Марыя Казіміраўна Саўко, Юрый Раманавіч Саўко, Валянцін Францавіч Лаздоўскі і многія-многія іншыя. Я разумела, што поспех любога кіраўніка ў першую чаргу залежыць ад настаўніка, яго адносін да спраў і вучняў. У жыцці школы і яе настаўнікаў было шмат розных выпадкаў, але я заўсёды старалася зрабіць усё магчымае, каб мае педагогі былі самымі лепшымі. 
Такое ж уражанне засталося ў Валянціна Валяр’янаўны пра дайлідскіх школьнікаў. Яны і сёння для яе – лепшыя.
– Якія цікавыя ў нас былі мерапрыемствы, прымеркаваныя да дня смеху. Памятаю, як да нас нечакана завіталі загадчык аддзела адукацыі Леанід Уладзіміравіч Батура і загадчык метадычнага кабінета Ванда Міхайлаўна Вайшнаровіч. А ў нас 1 красавіка святкуецца. У гэты дзень існавалі асаблівыя законы, якія аб’яўлялі ў пачатку дня, – іх павінны былі выконваць і вучні, і настаўнікі. Калі прадстаўнікі аддзела адукацыі зайшлі ў школу, яны разгубіліся ад убачанага, не маглі зразумець, што ў нас адбываецца. Але вучні іх так умела ўцягнулі ў калектыўную працу, што яны і спявалі, і вершы расказвалі – усім было весела, – узгадвае Валянціна Валяр’янаўна. 
– А самае любімае свята – Новы год. Гэта было свята для ўсёй вёскі – прыходзілі і былыя вучні, і бацькі, і сталыя людзі. Кожны клас інсцэніраваў казку – і выносіў на суд гледачоў. Было вельмі цікава і пазнавальна.
З 2002 года Валянціна Ва­ляр’я­наўна працавала ў метадычным кабінеце, але з вялікай любоўю па-ранейшаму ставілася да Дайлідскай школы.
– Яна засталася для мяне самай любімай. Тут працаваў родны калектыў. І наведваючы любую іншую школу, я параўноўвала яе з Дайлідскай. Пазней, праз многа гадоў, зразумела, што ў маёй школе быў вельмі добры калектыў. Нягледзячы на праблемы – яны ёсць усюды, і ў нас таксама былі, нягледзячы на канфлікты, якія даводзілася вырашаць, – ён быў адным з лепшых, – усміхаецца былы дырэктар. – І я ніколі не па­шкадавала, што стала настаўніцай, што замест гісторыі выбрала рускую мову і літаратуру. А калі пайшла са школы, то вельмі сумавала – але не аб дырэктарстве і адміністрацыйнай працы, а аб тым, што не магу весці ўрокі.
За сваю працу Валянціна Ва­ляр’я­наўна адзначана званнем «Выдатнік народнай адукацыі Рэс­публікі Беларусь». А веды і лю­боў да роднай старонкі, якія яна заклала ў вучняў, упэўнена, тыя цяпер перадаюць сваім дзецям.
У 2013 годзе Дайлідскую СШ зноў пераўтварылі ў базавую, а праз год закрылі. Настаўнікі і вучні перайшлі ў гарадскую СШ №1.

IMG_4382.jpg


 З першых вуснаў 
Валянціна Зігмундаўна Лаздоўская, дырэктар школы ў 2007-2014 гг:
– У Дайлідскай школе я вучылася, а потым працавала тут амаль 30 гадоў. І таму ўспаміны пра яе самыя найлепшыя. Пачынала ў групе падоўжанага дня, працавала прадметнікам, потым была прызначана намеснікам дырэктара, а затым мне даверылі і кіраўніцтва школай.
У нас сапраўды былі самыя лепшыя настаўнікі і самыя лепшыя вучні – таленавітыя, актыўныя, працавітыя. Я і сёння помню ўсе святы і мерапрыемствы, якія мы арганізоўвалі. Вельмі цікава праходзілі дні самакіравання, калі лепшыя вучні станавіліся настаўнікамі – у іх можна было нават нечаму павучыцца. А як запамінальна праходзілі вечары сустрэч і выпускныя вечарыны! А колькі ўспамінаў засталося пра школьныя юбілеі! Упэўнена, што і сёння фотакарткі з гэтых мерапрыемстваў грэюць душу нашым былым настаўнікам і вучням.
Я часта праходжу міма школы, успамінаю цікавыя моманты, якія адбываліся на ўроках і ў нашым школьным жыцці. Некалі тут зранку да вечара гучаў дзіцячы смех, цяпер, на жаль, цішыня…

Марына Мар’янаўна Кутовіч, старшыня раённага аб’яднання прафсаюза работнікаў адукацыі і навукі:
– Працоўную дзейнасць я пачынала ў Дайлідскай школе. Лепшага дырэктара, чым Валянціна Валяр’янаўна, проста не можа быць. Яна заўсёды стаяла за сваіх настаўнікаў. Помню, мне далі класнае кіраўніцтва ў самым вялікім класе – у ім было 14 вучняў і сярод іх нямала настаўніцкіх дзяцей. Гэта, напэўна, было самым страшным выпрабаваннем для маладога спецыяліста. Але Валянціна Валяр’янаўна заўсёды падтрымлівала, яна ведала, як зрабіць гэта правільна і незаўважна. І маладым спецыялістам, ды і ўвогуле ўсім настаўнікам, у Дайлідскай школе заўсёды было камфортна, бо яны былі пад абаронай дырэктара.




Подписывайтесь на телеграм-канал «Островецкая правда» по короткой ссылке https://t.me/ostrovetsby.

Телеграм-канал «Островецкая правда»  – всё самое интересное из жизни Островца и Островецкого района. 


Подписывайтесь на телеграм-канал «Гродно Медиа Group» по короткой ссылке t.me/GrodnoMediaGroup.

Телеграм-канал «Гродно Медиа Group» – это ежедневные новости районов Гродненской области и города Гродно.



Текст: