Гісторыю малой радзімы збіраюць і захоўваюць у музейным пакоі Рытанскага НПК

12:28 / 26.03.2021
У школах Астравеччыны створаны, плённа працуюць і пашыраюцца невялікія музеі краязнаўчай і  гісторыка-этнаграфічнай накі­ра­ванасці, а таксама музейныя пакоі. 

Пра кожны з іх мы расказваем у праекце «Астравецкай праўды» – «З экс­­пазіцыі школьнага музея». 

На гэты раз карэспандэнт «АП» завітаў у музейны пакой, створаны ў Рытанскім дзіцячым садзе – базавай школе. 

66.jpg


Экскурсію па музейным пакоі для нас правялі сямікласніца Ангеліна Кураш і намеснік дырэктара па вучэбна-выхаваўчай рабоце Алена Станіславаўна Масойць.

Адлік музейны пакой этнаграфічна-краязнаўчай накіраванасці вядзе з 2009 года, калі быў падпісаны загад па школе аб яго стварэнні.

– Аднак гісторыю музейнай справы ў нашай установе трэба пачынаць з 1993 года, – расказвае Ангеліна Кураш. – Менавіта тады Рытанская школа пераехала ў сучасны будынак, а яе дырэктар, настаўнік гісторыі Часлаў Аляксандра­віч Шаблінскі прапанаваў калектыву заняцца зборам экс­па­натаў.

1.jpg


Дарэчы, першыя з іх у школу прынёс менавіта дырэктар – гэта былі прадметы, якімі карысталіся яго родзічы.

А пасля ў Часлава Шаблін­скага і настаўніка школы Эдуарда Свірыда ўзнікла ідэя стварыць невялікую музейную экспазіцыю.

– Вольных памяш­канняў на той час не было, – расказвае сённяшні дырэктар школы Леа­нід Радзько. – І таму экс­па­зіцыю вырашылі размясціць у кабінеце гісторыі.

Спецыяльна для гэтага зрабілі нішы і вітрыны для прадметаў побыту беларускай вёскі.

З часам экспанатаў стана­вілася больш – актыўным па­паў­­неннем фонда займаўся ўвесь школьны калектыў. І ў 2009 годзе экспазіцыю пера­ўтварылі ў музейны пакой.

– Яго загадчыкам стаў Дзміт­­рый  Арлоўскі, по­тым кіравала пакоем Аксана Пляў­га, – расказвае Ангеліна. – Экс­па­­зіцыя складаецца з пяці раз­дзелаў. Першы расказвае пра гісторыю продкаў, другі распавядае пра Рытанскую школу, трэці – пра знакамітых людзей, чацвёрты называецца «Вайна ў сэрцы і гісторыі» і прысвечаны Вялікай Айчыннай. Пяты раздзел мес­ціц­ца ў асобным пакойчыку – гэта свайго роду «Беларуская хатка».

Ён, дарэчы, самы вялікі. Тут размешчаны прылады працы сялян.

2.jpg


– Гэтыя рэчы збіралі па Рытані і бліжэйшых вёсках, – расказвае намеснік дырэктара Алена Масойць. – Раней людзі не вельмі хацелі дзяліцца сваім багаццем: тымі ж маслабойкамі, газавымі лямпамі карысталіся ў паўсядзённым жыцці. Пазней многія вырашылі аддаць іх у нашу экспазіцыю, каб сучасныя школьнікі маглі даведацца пра рэчы, якімі карысталіся іх бабулі і дзядулі.

А для вучняў гэты пакой – адзін з самых любімых.

– Школьнікі, асабліва пачатковых класаў, ужо нават не ведаюць, што такое лапці. А падчас экскурсій да кожнай рэчы хочуць дакрануцца і, зразумела, пытаюцца, дзе рэчы выкарыстоўвалі, – працягвае Алена Масойць.

Дарэчы, прадметы побыту тут падпісаны не толькі па-бела­руску, але і па-англійску.

– Да нядаўняга часу музейным пакоем загадвала настаўнік англійскай мовы Вольга Жалуд­кевіч, якая адлічбавала ўсе экспанаты, – расказвае намес­нік дырэктара. – Яна, малады спецыяліст, але вельмі зацікавілася нашым зборам.

Кожны экспанат, які знахо­дзіцца ў музейным пакоі, мае пэўную гісторыю. І кожны чымсьці каштоўны.

– У нас шмат дарагіх сэрцу любога беларуса рэчаў, – рассказвае намеснік дырэктара. – Ёсць незвычайны прас. Каштоўнасць маюць швейныя машынкі, калаўрот – ён, дарэчы, у рабочым стане, керагаз, некалькі бердаў, бразготка і многія іншыя.

3.jpg


Частка этнаграфічнага збору размешчана і на стэндах у кабінеце. Тут можна знайсці маслабойкі, збаночкі для кваса, малака – у дбайнай гаспадыні іх было некалькі. Ёсць розныя віды сярпоў – адной з самых папулярных прылад працы селяніна. І не дзіўна – стагоддзе назад рабілі ўсё ўручную.

Прыцягвае ўвагу і экспа­зіцыя, прысвечаная Вялікай Айчыннай вайне. Акрамя інфармацыі аб земляках – ветэранах вайны, тут захоўваецца ваенны дзённік, створаны вучнямі школы да адной з юбілейных дат Перамогі на розных мовах.

4.jpg


Захоўваюць і звесткі з гісто­рыі школы, пра яе вы­пуск­нікоў, якія дасягнулі пэўных вышынь.

– Сённяшні рэктар Гродзен­скага дзяржаўнага медыцынскага ўніверсітэта Алена Крат­кова, афіцэр дзяржаўнага па­гра­­нічнага камітэта Андрэй Семеж, начальнік аддзела інфар­­мацыі і грамадскіх сувязей Беларускай АЭС Эдуард Свірыд – гэтыя і многія іншыя былыя вучні нашай школы – наша най­вялікшая гордасць, – гаворыць дырэктар Рытанскага НПК.

Асобная экспазіцыя адведзена сімволіцы часоў Савецкага Саюза.

– Адным з самых каштоўных экспанатаў гэтай часткі музейнага пакоя з’яўляюцца сцягі «Пролетарии все стран, соединяйтесь!», – расказвае экскурсавод Ангеліна Кураш. – Таксама ёсць у нас нагрудныя значкі, членскі білет ВЛКСМ, што прадстаўляе вялікую цікавасць для вучняў школы, якія пра Савецкі Саюз чулі толькі на ўроках гісторыі ды ад бацькоў.

У школе створаны савет музейнага пакоя, у склад якога ўваходзяць экскурсаводы, актывісты і настаўнікі, якія займаюц­ца папаўненнем фондаў музея, арганізацыяй экс­курсій і пра­вядзеннем музейных урокаў.

– Асноўная мэта работы ў музейным пакоі – грамадзянска-патрыятычнае выхаванне навучэнцаў, – расказвае на­меснік дырэктара Алена Масойць. – Мы таксама стараемся  папаўняць фонды шляхам арганізацыі паходаў, экскурсій, вывучэння літаратурных і архіўных крыніц. 

5.jpg


Усё гэта садзейнічае стварэнню новых выстаў, дапама­гае настаўнікам у вучэбным і выхаваўчым працэсах пры арганізацыі пазакласных  мера­прыемстваў і класных гадзін, віктарын, конкурсаў і гутарак. На экскурсіі ў музейны пакой прыходзяць не толькі вучні, але і іх бацькі. 

– Я не раз была ў нашым музейным пакоі. Да таго ж у гэтым кабінеце ў нас прахо­дзяць урокі гісторыі. Тут вельмі цікава. І зазіраць сюды падабаецца ўсім нашым школьнікам, – гаворыць вучаніца Караліна Заянчкоўская.

Пасля наведвання невялікага  музейнага пакоя Рытанскага НПК, разумееш, што вялікі пат­рыятызм пачынаецца з малога – з таго месца, дзе жывеш і працуеш!


ЛІЧБА

104 экспанаты складаюць асноўны фонд. Усяго захоўваецца 163 прадметы.




Подписывайтесь на телеграм-канал «Островецкая правда» по короткой ссылке https://t.me/ostrovetsby.

Телеграм-канал  «Островецкая правда»  – всё самое интересное из жизни Островца и Островецкого района. 

 

 

Подписывайтесь на телеграм-канал «Гродно Медиа Group» по короткой ссылке t.me/GrodnoMediaGroup.

Телеграм-канал «Гродно Медиа Group» – это ежедневные новости районов Гродненской области и города Гродно.


Текст:
Фото: Елена Ярошевич