Спадчыну сваіх землякоў зберагаюць вучні і настаўнікі Гудагайскай школы
09:31 / 02.04.2019
Першы школьны музей арганізаваны ў раёне ў 1973 годзе – менавіта тады ў Спондаўскай школе намаганнямі ўдзельніка Вялікай Айчыннай вайны, гісторыка Івана Мартынава быў створаны музей баявой славы імя Героя Савецкага Саюза Ф.Р. Маркава.
Пазней у іншых школах Астравеччыны пачалі ўзнікаць музейныя куткі, пакоі і экспазіцыі, якія з часам перараслі ў музеі.
Пра кожны з іх мы пастараемся расказаць у новым праекце «Астравецкай праўды» – «З экспазіцыі школьнага музея».
Як усё пачыналася
Датай адкрыцця школьнага музея «Зямля гудагайская: матэрыяльнае і духоўнае» лічыцца 26 мая 2004 года.
На працягу пяці гадоў да гэтага настаўнікі-энтузіясты на чале з былым дырэктарам школы Ігарам Клімянком рупліва збіралі матэрыялы і экспанаты. Неацэнную дапамогу ў папаўненні фонду аказаў і ўраджэнец гудагайскай зямлі прафесар Адам Мальдзіс. У 2015 годзе па ініцыятыве тагачаснага дырэктара школы Ганны Капцюг музей размясціўся ў больш прасторным памяшканні і атрымаў новае афармленне.
З таго часу і да мінулага года нязменным кіраўніком школьнага музея была настаўніца рускай мовы і літаратуры Марыя Васілёнак. І толькі некалькі месяцаў назад ён перайшоў пад апеку колішняй выпускніцы школы, а зараз яе настаўніцы Ірыны Жалток.
Марыя Васілёнак
Неацэнны скарб
Сёння збор музея – гэта 877 экспанатаў асноўнага фонду і 876 – навукова-дапаможнага. Усе яны звязаны з гісторыяй і людзьмі зямлі гудагайскай.
Самыя значныя – кніга паэзіі Гераніма Марцінкевіча, выдадзеная ў Вільні ў 1845 годзе, факсімільнае выданне Канстытуцыі 1791 года, калекцыя манет і папяровых купюр Расійскай імперыі і часовых урадаў Грамадзянскай вайны.
Дарэчы, ужо і новае памяшканне не можа змясціць усе сабраныя матэрыялы і прадметы. І таму часовыя выставы музей прадстаўляе ў фае школы або ў празрыстым кубе, размешчаным у музеі.
Нашчадкі
На працягу 15 гадоў існавання школьнага музея тут працуе гурток «Нашчадкі» – хлопчыкі і дзяўчынкі не толькі праводзяць экскурсіі для гасцей, але і ўдзельнічаюць у раённых, абласных і рэспубліканскіх навукова-практычных канферэнцыях.
На працягу апошняга дзесяцігоддзя школьнікі пад кіраўніцтвам Марыі Карлаўны вялі і працягваюць вялікую работу па пошуку родных савецкіх салдат, якія трапілі ў нямецкі палон, загінулі ў лагеры ваеннапалонных «Шталаг-342» і пахаваны ў брацкай магіле паблізу пасёлка Гудагай.
У сусветнай павуціне
Снежань 2016 года – яшчэ адна значная дата ў гісторыі школьнага музея. Тады з’явілася старонка музея на сайце Гудагайскай сярэдняй школы.
Цяпер землякі, якія жывуць далёка за межамі Гудагая, маюць магчымасць пазнаёміцца з гісторыка-культурнай і краязнаўчай спадчынай роднай зямлі.
За два гады работы сайта ў яго амаль 24 тысячы наведвальнікаў. І сярод іх былі не толькі жыхары Беларусі, але і Расіі, ЗША, Ізраіля, Нідэрландаў, Францыі і іншых краін свету.
Градаўшчызненскія закапянкі
Ірына Жалток працягвае работу сваёй няўрымслівай папярэдніцы.
Апошні цікавы праект «Сялянскі абутак жыхароў Астравеччыны канца 19 – пачатку 20 стагоддзяў», які рэалізуецца пры падтрымцы настаўніцы гісторыі Галіны Шлыковіч, удзельнічае ў міжнародным інтэрнэт-праекце «Прастора адкрытых магчымасцей».
Пра абутак, які насілі жыхары Астравеччыны, наведвальнікам музея расказваюць падчас аднайменнай экскурсіі і музейных урокаў для школьнікаў. Сярод экспанатаў, прадстаўленых на часовай выставе, размешчаны закапянкі – зімовыя боты, зробленыя з сукна і абшытыя скурай.
Закапянкі на Астравеччыну трапілі з Польшчы – школьнікі мяркуюць, што сваю назву яны атрымалі ад польскага горада Закапанэ.
У планах Ірыны Жалток і яе выхаванцаў шэраг цікавых ідэй. З бліжэйшых – атрыманне музеем звання народнага: дакументы ўжо пададзены ў Міністэрства культуры.