Ашмянская «Банда» абышла «Жыроўку»

15:01 / 28.03.2021
Тры гады назад спецыялісты Астравецкай жыллёва-камуналь­най гаспадаркі ўпершыню адзначылі прафесійнае свята не толькі ўрачыстым мерапрыемствам, але і спаборніцтвамі. Удзельнікам спартакіяды «Спартыўны камунальнік» так спадабаўся актыўны адпачынак, што было вырашана право­дзіць яго кожны год. Сёлета спартакіяда выйшла на новы, міжраённы, узровень: на запрашэнне астраўчан адгукнуліся калегі з Ашмянскай жыллёва-камунальнай гаспадаркі – у выніку іх «Банда» спаборнічала з нашай «Жыроўкай». 

Як і ў папярэднія гады, спартыўная дуэль распачалася з трох выпрабаванняў, якія праходзілі адначасова на розных пляцоўках. У настольным тэнісе ўдача ўсміхнулася гасцям, затое астраўчане былі лепшымі ў шашках – у асабістым заліку перамогу святкавала мінулагодняя чэмпіёнка Тэрэса Бабойць, а яе напарнікам быў Генадзь Пілімон. 

6.jpg


Тым часам у спартзале кіпелі жарсці пад валейбольнай сеткай. Па відовішчнасці, напружанасці і эмацыянальнасці гульня не саступала выступленню прафесійных каманд. Ашмянцы досыць упэўнена абыгралі астраўчан у першай партыі і разлічвалі на такі ж працяг у другой, але раптам сустрэлі ўпартае супраціўленне. Падача за падачай – гаспадары перахапілі перавагу і не збіраліся яе аддаваць. Здавалася б, поспех быў блізка, але… Няўдалая падача, крыўдны аўт і памылковы блок – удача зноў адвярнулася ад гаспадароў, чым скарысталіся сапернікі – і ў выніку выйгралі не толькі партыю, але і гульню.

1.jpg

Затым пляцоўку спартзалы падзялілі на дзве зоны. На адной вытрымку на скакалцы дэманстравалі жанчыны. Гэта толькі на першы погляд здаецца, што нічога складанага ў гэтым няма – на самой справе далёка не кожны пратрымаецца і хвіліну, а ўдзельніцам спартакіяды трэба было паскакаць цэлых дзве. Аднак яны грацыёзна справіліся з выпрабаваннем. Перамогу святкаваў дуэт астраўчанак у складзе Алены Карсюк і Аляксандры Васіленка.

На другой палове разгарнулася барацьба ў мужчынскім спаборніцтве – стральбе з пнеўматычнай вінтоўкі. Ад каманды ўдзельнічала па два прадстаўнікі, адзін з якіх – кіраўнік прадпрыемства. У выніку два Аляксандры – Мекін і Коўзан – прынеслі камандзе агульную перамогу, а Коўзан стаў лепшым яшчэ і ў асабістым заліку.

2.jpg


У кіданні дроцікаў па агульнай суме ачкоў гаспадары саступілі гасцям, а вось у асабістым заліку 1-е месца заняла астраўчанка Людміла Гапоненка. 

3.jpg


Камбінаваная эстафета хоць і працягвалася нядоўга, але была, бадай, самым відовішчным этапам спаборніцтваў. Удзельнікі стрымгалоў насіліся з баскетбольным мячом на ракетцы, закід­валі яго ў кольца, шпурлялі нагамі фітбол, апраналі ў спецаддзенне камунальніка таварыша па камандзе – і ўсё гэта на хуткасць. Лепшы вынік паказалі ашмянцы.

4.jpg


Кропкі над «і» ў спаборніцтве павінна было паставіць пера­цяг­ванне каната. Пад  дружнае «У-ух!» упэўнена перамаглі астравецкія асілкі, аднак гэтае выпрабаванне не стала апошнім. Пры падліку агульнай сумы балаў высветлілася, што каманды набралі аднолькавую колькасць, таму лёс пераможцы вырашаў дадатковы раунд – кідкі па баскетбольным кальцы. Адзін удзельнік – 5 спробаў. У выніку з розніцай у адно ачко выйграла ашмянская «Банда» і дадому яна павезла Кубак пераможцы. 

5.jpg


Хто ведае, магчыма, міжраённы маштаб спартакіяды сярод спецыялістаў камунальнай службы таксама стане традыцыйным і ў наступным годзе за статус чэмпіёна паспаборнічаюць яшчэ больш каманд. 




Подписывайтесь на телеграм-канал «Островецкая правда» по короткой ссылке https://t.me/ostrovetsby.

Телеграм-канал  «Островецкая правда»  – всё самое интересное из жизни Островца и Островецкого района. 

 

 

Подписывайтесь на телеграм-канал «Гродно Медиа Group» по короткой ссылке t.me/GrodnoMediaGroup.

Телеграм-канал «Гродно Медиа Group» – это ежедневные новости районов Гродненской области и города Гродно.


Текст:
Фото: Марина Мацкевич