Як камунальнікі спаборнічалі паміж сабой

09:06 / 23.03.2020

Валейбольныя жарсці, стойка ў планцы, вытрымка на скакалцы і эстафета супраць каронавіруса – напярэдадні прафесійнага свята спецыялісты Астравецкай жыллёва-камунальнай гаспадаркі правялі спартакіяду «Спартыўны камунальнік – 2020».

Ідэя адзначаць дзень камунальніка не толькі ўрачыстым мерапрыемствам, але і цікавымі спаборніцтвамі ўзнікла летась – і пасля ўдалага дэбюта арганізатары вырашылі праводзіць спартакіяду штогод.

Пачаліся спаборніцтвы з прадстаўлення каманд, іх капітанаў, а таксама абароны назваў. Галоўны інжынер прадпрыемства Валерый Грышкевіч узначаліў бойкую «Жыроўку», а галоўны бухгалтар Аляксандр Багдановіч – энергічны «Дынаміт». Сачыў, каб усё праходзіла без парушэнняў, і падлічваў балы галоўны суддзя – дырэктар ЖКГ Аляксандр Мекін.

Затым удзельнікі разышліся па розных залах, бо валейбол, настольны тэніс і шашкі праходзілі адначасова. Лепшымі ракеткамі ў выніку сталі Аліна Савіцкая і Мікіта Пракопчык, а гросмайстарамі – Тэрэса Бабойць і Генадзь Пілімон.

1.jpg

2.jpg


Камандная дуэль пад сеткай аказалася насычанай на відовішчныя і непрадказальныя моманты. Спачатку лепшымі на пляцоўцы былі «дынамітчыкі», якія без асаблівай цяжкасці выйгралі першую партыю. Аднак у другім раўндзе валейбольнага паядынку ініцыятыву рэзка перахапілі ігракі «Жыроўкі». Гульня была напружанай – і «Дынаміту» давялося добра пастарацца, каб вырваць перамогу.

3.jpg


Трапнасць удзельнікі дэманстравалі ў дарцы. Найбольш балаў тут набралі Ларыса Малышка і Аляксандр Свіла.

4.jpg

Затым мужчыны адпачывалі, а жанчыны каманды хутка і грацыёзна выпрабоўвалі вытрымку на скакалцы. «Пяць, дзесяць, дваццаць…» – суддзі ледзь паспявалі лічыць скачкі. Як і ў мінулым годзе лепш за ўсіх з выпрабаваннем справілася Алена Карсюк.

Пасля прадстаўніц прыгожай паловы на спартыўнай пляцоўцы змянілі мужчыны – ім трэба было ўсяго толькі пастаяць… у планцы. Хто ні разу не выконваў гэтае практыкаванне, могуць падумаць, што ў ім няма нічога складанага – і памыляцца. Планка ўздзейнічае амаль на ўсю групу мышц, таму пратрымацца ў ёй больш за хвіліну навічкам няпроста. І чацвёра ўдзельнікаў упэўніліся ў гэтым асабіста. Каля дзвюх хвілін яны ўсе роўна трымалі планку. Але першым здаў пазіцыю прадстаўнік «Жыроўкі», крыху пазней «злёг» «дынамітчык». «Тадэвушавіч, трымайся!», «Андрэй, не здавайся!» – падбадзёрвалі таварышаў балельшчыкі. І толькі ледзь бачныя дрыжыкі ў нагах ды напружаныя скулы сведчылі: удзельнікаў пакідаюць апошнія сілы. Рэкардсменам планкі ў выніку стаў Андрэй Карамаза.

5.jpg

Пабегаць навыперадкі з баскетбольным мячом, пранесці яго на тэніснай ракетцы, забіць гол мячом для фітбола – хуткасць і спрытнасць камунальнікі дэманстравалі падчас эстафеты. Самым цікавым і відовішчным яе этапам стала заданне пад назвай «Барацьба з каронавірусам»: удзельнікі каманд па чарзе апраналі таварыша ў спецадзенне работнікаў камунальнай службы, не забыўшыся і пра спецыяльную маску. Найлепш з эстафетай справіліся «жыроўшчыкі».

6.jpg

7.jpg

8.jpg

9.jpg


Заключным этапам спаборніцтваў было перацягванне каната – дружнейшымі ды дужэйшымі зноў аказаліся ўдзельнікі «Жыроўкі».

У агульнакамандным заліку лепшай стала каманда Валерыя Грышкевіча.

Пераможцы і каманда-прызёр атрымалі ўзнагароды і падарункі на ўрачыстым сходзе да Дня работнікаў жыллёва-камунальнай гаспадаркі.



Подписывайтесь на телеграм-канал «Гродно Медиа Group» по короткой ссылке t.me/GrodnoMediaGroup.

Телеграм-канал «Гродно Медиа Group» – это ежедневные новости районов Гродненской области и города Гродно.

Текст:
Фото: Марина Мацкевич