Як АПэшка дапамагала яблыкі збіраць

10:41 / 20.10.2020
Сябры мае, даўно мы з вамі не сустракаліся, не размаўлялі пра жыццё-быццё… Часу не стае… Напэўна, я ўжо дарослая стала – гэта ж у нашых мамаў-татаў, дзядзяў-цёцяў ніколі ні на што часу не хапае… 

2.pngЗараз я вам раскажу, дзе была на мінулым тыдні. Ніколі не здагадаецеся… У яблыкі ездзіла! Ведаеце, колькі іх там шмат?! Пытаеце, дзе? У варнянскім садзе!

У мінулым годзе я там ужо была. Сёлета мае бацькі-журналісты з пачатку верасня туды наведваюцца, дапамагаюць калгаснікам ураджай збіраць. Вось і я папрасілася – узялі.

Скажу вам па сакрэце: мне гас­падыня саду Ірына Бярнардаўна расказала, што сёлета яблыкаў вырасла менш, чым летась. Ва ўсім халаднаватая вясна вінаватая. Але калгаснікі плануюць сабраць немалы ўраджай – каля 900 тон, калі, вядома, вы ім дапаможаце.

Без дапамогі астраўчан у садзе не абысціся – я  ў гэтым упэўнілася. Там усяго 10 жанчын і 4 мужчыны разам з Ірачкай Бярнардаўнай шчыруюць. Усе цудоўныя працаўнікі, адказныя, усё ўмеюць, але ж так іх мала. А калі за працу ўзяцца вялікай талакой, справа спорыцца будзе і хутка ўвесь ураджай збярэцца!

Скажу па праўдзе, яблыкі я люблю, а за кожны працоўны дзень тут цяпер 20 кілаграмаў можна ўзяць самых розных сартоў! «Беларускае салодкае», «заслаўскае», «памяць Сюбаравай», «імант», «надзейнае»… – усе нават і не запомніла. І ўсе дрэўцы нашы, беларускай селекцыі. А яблычкі – прыгожыя, наліўныя, смачныя…

Ірына Бярнардаўна мне расказала, што сад быў закладзены ў 2011 годзе – тады тут былі пасаджаны першыя дрэўцы. Атрымліваецца, што некаторым ужо па 9 гадоў. І толькі ў  2015 годзе завяршылі пасадку яблынек – сад займае ажно 100 гектараў!

– Вы б пабачылі, якая тут прыгажосць вясной, калі дрэвы цвісці пачынаюць! – казала Бярнардаўна дзяўчатам, якія дапамагалі нам збіраць ураджай. – Прыязджайце да нас на фотасесіі – прыгожыя здымкі атрымаюцца.

А я вам так скажу: восенню тут не менш прыгожа! І фотасесію таксама можна правесці – мае журналісты праверылі. Нічога такія здымкі атрымаліся! Аднак не гэта галоўнае – яблыкі ж такія смачныя і карысныя! Іх абавязкова трэба сабраць. Таму далучайцеся да нашай талакі. 

Дарэчы, Ірачка Бярнардаўна ўсіх запрашае. Так і сказала: «Без вашай дапамогі, мы не справімся! Прыязджайце! Будзем рады вас бачыць!»

Я на наступным тыдні зноў паеду. Гайда са мной!

Ваша АПэшка





Подписывайтесь на телеграм-канал «Островецкая правда» по короткой ссылке https://t.me/ostrovetsby.

Телеграм-канал  «Островецкая правда»  – всё самое интересное из жизни Островца и Островецкого района. 

 

 

Подписывайтесь на телеграм-канал «Гродно Медиа Group» по короткой ссылке t.me/GrodnoMediaGroup.

Телеграм-канал «Гродно Медиа Group» – это ежедневные новости районов Гродненской области и города Гродно.



Текст: Главный администратор