Малады спецыяліст астравецкай цырульні Дзіяна Тубіс

11:47 / 06.10.2020
Паміж швачкай і цырульнікам Дзіяна Тубіс выбрала апошняе – і ні падчас вучобы, вытворчай практыкі, а тым больш, калі прыйшла на сваё пастаяннае месца працы ў цырульню Астравецкага УКПБА, не пашкадавала аб гэтым.

1.jpg


Што падштурхнула дзяўчынку паступаць пасля 9 класа, яна не памятае. Але жаданне быць цырульнікам аказалася настолькі моцным, што, калі спроба стаць студэнткай Мінскага каледжа не ўдалася – дзяўчына падала дакументы на спецыяльнасць «Цырульнік. Майстар па манікюры», – Дзіяна накіравалася ў Маладзечна.  

Два гады яна вучылася на швачку, аднак менавіта трэці, апошні, год, калі спасцігала справу цырульніка, стаў для дзяўчыны лёсавызначальным у прафесійным плане: яна пацвердзіла сваю думку, што будзе «стрыгчы». І кропка.

Вабіла Дзіяну не толькі тое, што яна можа рабіць людзей прыгожымі, а значыць «новымі» і шчаслівымі, але і магчымасць стасункаў – ёй, маладой і актыўнай, падабаецца «дзвіжуха».

– З людзьмі працаваць нашмат цікавей, чым з тканінай, – смяецца малады спецыяліст.

У вольны ад работы час Дзіяна не расстаецца з нажніцамі – яна даўно стала асабістым цырульнікам родзічаў, сяброў і сябровак, на якіх, да слова, адпрацоўвае і манікюрнае майстэрства – самастойна паступова здзяйсняе яшчэ адну сваю мару.

Канешне, прызнаецца дзяўчына, пасля вучобы хацелася застацца ў вялікім горадзе. Аднак наперадзе Дзіяну чакала размеркаванне. Як адна з лепшых выпускнікоў яна магла выбраць месца адпрацоўкі.

Цырульнік – памятаем: пра швачку ні слова! – патрэбен быў толькі ў Астравец, дзе, да таго ж, дзяўчына ўжо праходзіла вытворчую практыку, а таму ведала і ўмовы работы, і калектыў. Ролю адыграла і тое, што вярталася яна на радзіму, у добра вядомыя мясціны – да бацькоў, якія жывуць у Вароне. 

– Першай маёй мадэллю быў тата, – расказвае Дзіяна. – Увогуле мне больш падабаецца рабіць мужчынскія стрыжкі. Няпраўда, што гэта работа манатонная і нецікавая. 

Толькі відаў мужчынскіх стрыжак можна налічыць з дзясятак.

Паміж «быць практыканткай» і «ты ўжо самастойная» – вялікая розніца, прызнаецца малады спецыяліст. Нягледзячы на тое што і цяпер на дапамогу прыходзяць вопытныя калегі, адказнасць за сваю работу ты ўжо нясеш сам – і перад кліентам, і перад сваім сумленнем.


ЛІЧБА
 
5 маладых спецыялістаў прыйшло сёлета на працу ў Астравецкае УКПБА: 1 – швачка, 4 – цырульнікі. 



Подписывайтесь на телеграм-канал «Островецкая правда» по короткой ссылке https://t.me/ostrovetsby.

Телеграм-канал «Островецкая правда»  – всё самое интересное из жизни Островца и Островецкого района. 

 

 

Подписывайтесь на телеграм-канал «Гродно Медиа Group» по короткой ссылке t.me/GrodnoMediaGroup.

Телеграм-канал «Гродно Медиа Group» – это ежедневные новости районов Гродненской области и города Гродно.



Текст:
Фото: Ольга Хотянович