Няправільна? Затое шчасліва!

16:15 / 08.09.2020
292
Вы заўважылі, што людзі, як правіла, знаходзяцца ў палоне стэрэатыпаў – нібы нехта невядомы стварыў няпісаны звод правілаў і законаў, якім, па меркаванні некаторых, усе павінны адпавядаць: так можна, а гэтак – нельга, гэта – правільна, а тое – не, вось так – добра, а наадварот – дрэнна. 

А чаму, уласна кажучы, гэта нельга, няправільна? Каму дрэнна? І галоўнае, што адчувае чалавек, якога гэтыя няпісаныя правілы прымушаюць рабіць тое, што яму не падабаецца, супярэчыць яго натуры, перакананням, настрою?

Ці не найбольш стэрэатыпаў «рэгламентуюць» сямейнае жыццё. Лічыцца, што муж павінен зарабляць грошы і забяспечваць сям’ю, у вольны час рабіць усё – ці хоць бы многае – сваімі рукамі, і менавіта таму ён – галава сям’і, яго слова на сямейным савеце (калі, вядома, такі існуе ў прынцыпе) – апошняе і галоўнае. А справа жанчыны – варыць есці, падтрымліваць парадак і ўтульнасць, на ёй віртуальны сямейны ачаг, дзеці і ўсялякія пяшчотнасці. Але пры гэтым яна павінна не забываць пра сябе і свае інтарэсы, быць «тонкай, звонкай, празрыстай» і дасягаць неймаверных вышынь хоць у чым-небудзь!

А калі ўсе не так ці не ўсё так, як «запісана» ў няпісаных правілах, што тады? Сям’я няправільная, нешчаслівая, не мае права на існаванне?



Задумацца пра гэта прымусілі нядаўнія сустрэчы з трыма жанчынамі. 

Адна, маладая прыгожая Наташа, расказвала, як будуе свой дом: устаўляе дзверы, кладзе плітку, залівае ганак… Для мяне «вышэйшы пілатаж» так званых мужчынскіх спраў – укруціць лямпачку, таму пра ўсе гэтыя «подзвігі» я слухала з дрэнна схаваным недаверам – да таго часу, пакуль Наташа не прадэманстравала справы сваіх рук на відэа і фота. Паверыла! І пацікавілася асцярожна:

А муж?

Муж працуе, – спакойна адказала жанчына. – Грошы зарабляе. Ён проста фізічна не мае часу займацца домам. А майстроў наймаць дорага, няма ў нас такіх даходаў. Я цяпер у адпачынку па догляду за другім дзіцем. Па адукацыі я інжынер, да таго ж інтэрнэт цяпер усяму навучыць, абы хацеў. Калі чакаць, пакуль у мужа час з’явіцца, то мы дом ніколі не закончым! Так што я лепш сама. Тым больш, што мне гэта ў радасць. Ды і я лепш яго ўжо разбіраюся, які цэмент купіць, дзе больш якасны і танны ламінат.



А Ірына пры нагодзе пачаставала смачнымі блінамі – і пахвалілася: 

Муж пёк! У мяне такія не атрымліваюцца…

А яшчэ расказала, як ён роўненька, нібы пад лінеечку, развешвае бялізну, спрытна закатвае кампоты-марынады. 

Не дражняць, што падабцаснік? – пацікавілася я напаўжартам.

Хай паспрабуюць! – засмяялася. – Ён майстар спорту па боксе, так што яго асабліва не падражніш…

Не паспела я пераварыць уражанні ад гэтай сустрэчы-здзіўлення, як лёс паслаў яшчэ адну. Валянціна – класічная жанчына-гаспадыня: лічыць, што наварыць, памыць-адпрасаваць, прасачыць, каб у мужа і дзяцей былі чыстыя сарочкі і шкарпэткі без дзірак, каб кожны, каму трэба, своечасова прыняў таблетку і штодня на пліце стаяў свежапрыгатаваны, смачны абед – яе святы абавязак. На хатнія клопаты траціць увесь свой час і сілы – некаму здаецца, што яна ахвяруе сабой дзеля сямейнікаў. А ёй гэта ў радасць! 

– У нас і сямейным бюджэтам муж распараджаецца, – расказвае жанчына. – І я лічу, што гэта правільна, бо ведаю асаблівасць сваёй натуры: мне колькі ні дай – усё распушчу на падарункі дзецям, унукам, на нейкія бытавыя штучкі, на смакату. А ён больш ашчадны, умее эканоміць, і дзякуючы гэтаму ў нас заўсёды маецца недатыкальны запас «на ўсякі выпадак». Калі б «касірам» была я – яго пэўна не было б, – прызнаецца жанчына.

Такія розныя жанчыны, такія розныя сем’і і ўклад жыцця ў іх…

А самае галоўнае, што ўсе тры – шчаслівыя, кожная сваім асаблівым шчасцем. Якое не ўкладваецца ў  пракрустава ложа прыдуманых невядома кім і для каго стэрэатыпаў…


Подписывайтесь на телеграм-канал «Гродно Медиа Group» по короткой ссылке t.me/GrodnoMediaGroup.

Телеграм-канал «Гродно Медиа Group» – это ежедневные новости районов Гродненской области и города Гродно.


Текст: Нина Рыбик
Фото: из интернета
Оставить комментарий
Текст сообщения*
Защита от автоматических сообщений