Гісторыя аднаго фотаздымка: цётка Адэля і яе сумачка

11:42 / 25.08.2020
290
Чалавек жыве ў асяроддзі рэчаў. З большага мы можам узгадаць, дзе, калі і як яны ўвайшлі ў наша жыццё, якія выпадкі, кур’ёзы або настрой  засталіся ў памяці за час карыстання той ці іншай рэччу. Пацягнуўшы за нітачку памяці, з яе дапамогай можна расказаць цэлую гісторыю жыцця чалавека. Але, каб гэта зрабіць, патрэбен стымул, штуршок звонку. І вось у «раёнцы» новая рубрыка – «Рэчы з гісторыяй»: імпульс да дзейнасці.  

3.jpg Калі прачытала назву рубрыкі, у памяці ўзнік фотаздымак, зроб­лены напачатку 30-х гадоў ХХ стагоддзя. У дзяцінстве мы любілі разглядаць яго. Яшчэ б! Нам гаварылі, што прыгожая, элегантна апранутая жанчына на ім – наша цётачка Адэлька, зараз звычайная, падобная на многіх вяскоўцаў, стараватая цётка ў хустцы і ватоўцы. З гэтым мая свядомасць ніяк не хацела пагаджацца! Такая супярэчнасць патрабавала тлумачэння, якога я не дачакалася ні ад мамы, ні ад дзядулі, чыёй роднай сястрой была цётка Адэлька. Толькі пасля яе смерці я, ужо дарослая,  пачала па крупінках спазнаваць гісторыю няпростага жыцця цёткі. 

Адэля Керна (у дзявоцтве Міцкун) нарадзілася ў 1909 годзе і была пятай з шасцярых дзяцей у сям’і. Ёй было сем гадкоў, калі адзін за другім памерлі  бацькі. Старэйшаму з дзяцей, майму дзядулю, было на той час 17. 

Ад бацькоў засталося некалькі валокаў зямлі, нейкая гаспадарка. Разам з незамужняй цёткай Масяй, сястрой іх бацькі, Адэлька гадавала малодшую сястру Саламею і вяла хатнюю гаспадарку, спасцігаючы няхітрую мудрасць сялянскага быту. У школе вучыцца ёй не давялося. І быт, што фарміраваў характары людзей таго асяроддзя, не абмежаваў развіццё неардынарнай асобы.

Лёсавызначальным момантам стала запрашэнне ў касцёльны хор. Такую прапанову Адэлі, яшчэ падлетку, зрабіў ксёндз-пробашч. Харысты з мясцовай эліты – моладзь  са шляхты, настаўнікі, аптэкарка –  фарміравалі жыццёвыя погляды сялянскай дзяўчынкі. Некалькі разоў яе выбіралі дэлегаткай ад мясцовага рэлігійнага аб’яднання на форум у Вільні. І там дзяўчо, нібы губка, упітвала ўсё, чаго так не хапала яе тонкай натуры: густ, з якім людзі апраналіся, манеры, што вызначалі іх стасункі, размовы…  І разумела, як ёй не хапае ведаў! Таму самастойна навучылася чытаць і пісаць – кніжкамі забяспечваў усё той жа мясцовы ксёндз.

 Калі прыйшоў з войска старэйшы брат і вырашыў будаваць новы дом, адправіў Адэлю ў Вільню зарабляць грошы. Знаёмыя далі ёй добрую рэкамендацыю, і маладая, прыгожая, паважлівая, кемлівая дзяўчына трапіла служыць у інтэлігентную сям’ю. За не вельмі доўгі час, год ці больш, яна вярнулася дахаты  не толькі з грашыма, але і з прыданым – небывалым для вёскі гардэробам. Але галоўным скарбам быў той багаж уменняў, што вылучаў яе сярод вяскоўцаў.

Памятаю, калі нарываў палец – ніхто ж не звярнуў увагі, калі туды трапіла стрэмка! – пракалоць нарыў звалі цётку Адэльку. Трымалася тэмпература, не праходзіў кашаль – банкі паставіць умела толькі яна. Мама расказвала, як яе стрыечны брат аб’еўся ў лесе малінамі і цётка ставіла яму ў склепе (каб ніхто ж не бачыў!) клізму, і ён «роў як бык» – ой, як нам было страшна!

Цётачка ўмела налажыць шыну на зламаную нагу авечкі і так зашыць прабітае вяллё курыцы, што тая яшчэ некалькі гадоў радавала гаспадыню яечкамі.

Калі яшчэ ніхто не ведаў пра акушэрак, цётачцы і павітухай здаралася быць. Яна і кароўцы магла дапамагчы, калі нешта не так ішло ў час ацёлу,  – паслугамі ветэрынараў тады карысталіся толькі вельмі заможныя людзі. І ў апошні шлях сабраць нябожчыка клікалі цётку Адэльку – яна дакладна ведала, як гэта зрабіць правільна і найлепш.

Першы раз галубцы, акуратна перавязаныя крыж-накрыж белай нітачкай, я паспытала ў яе хаце. А якія смачныя былі ў цётачкі маркоўныя пірагі і гарбузовая каша!

А яшчэ мы называлі яе «мёднай» цёткай, бо яна адзіная ў вёсцы трымала пчол і шчодра частавала не толькі родзічаў, але і ўсю вясковую дзятву  такім жаданым салодкім ласункам! Узімку, калі нехта хварэў, яна прыходзіла праведаць са слоічкам мёду. Памятаю, як павезла мяне, шасцікласніцу, старэйшую з дзяцей у сям’і, у 1966 годзе праведаць у Гродна маму, якую чакала складаная аперацыя. З Астраўца ляцелі «кукурузнікам», каб паспець дапамагчы тымі невялікімі грашыма, што сабралі раднёй. Дапамагло: мама дажыла да глыбокай старасці. 

Але найбольш мяне, сённяшнюю, уражвае яе характар, стаўленне да людзей і да сябе. Ніколі не чула, каб з яе вуснаў сарвалася не тое што нецэнзурнае, а ўвогуле злое, непаважлівае слова. Калі злавалася, казала: «Каб цябе качкі забрыкалі!» – і ад гэтага было не страшна, а смешна. Калі ў яе прысутнасці абмяркоўвалі нечыя непрыстойныя ўчынкі, ад цёці можна было пачуць толькі памяркоўнае: «Што ж, у жыцці ўсяляк бывае…» Я ніколі не чула, каб яна на некага крычала, нават на жывёлу – усіх яна ўгаворвала, настаўляла.

 А між тым яе асабістае жыццё не было шчаслівым. Прыгожы мужчына на фотаздымку побач з  цётачкай, яе муж, здзекваўся з жонкі, меў адкрытую сувязь з іншай жанчынай са сваёй жа вёскі. Цётка перажыла яго амаль на 20 гадоў, і ні разу я, ужо дарослая,  не чула ад яе папрокаў, скаргаў  ці прызнанняў.

І яшчэ раз аб фотаздымку, дакладней,  аб адной дэталі на ім –  сумачцы. З ёй звязана гісторыя, якая дапаўняе характар Адэлі.

Было гэта на пачатку 50-х гадоў. Па нядзелях моладзь па чарзе ў вясковых хатах ладзіла танцы. Назаўтра дзеці каля такой хаты-«клуба» часам знаходзілі «каштоўныя» рэчы: брошку, гузік, насоўку, капейку ці нават нешта большае. Цёткіна ж прыёмная дачка, якую яна выхоўвала пасля таго, як заўчасна памерла малодшая сястра Саламея, ніколі нічога не знаходзіла. І ад гэтага ёй было вельмі крыўдна: дзяўчынцы вельмі хацелася парадаваць цётачку. Аднойчы раніцай, пакуль Адэля даіла карову, яна ўзяла з гэтай сумачкі грошы – рубель ці пяць – і пайшла пахваліцца і зрабіць свой уклад у сямейны бюджэт.  Жанчына адразу ж здагадалася, адкуль грошы, і сказала: «Ідзі і пакладзі там, дзе ўзяла. Нельга браць чужое». Гэты ўрок застаўся ў памяці  прыёмнай дачкі назаўжды. 

А для мяне жыццё Адэлі  – прыклад таго, як звычайная вясковая жанчына можа паўстаць над лёсам і абставінамі, увабраўшы ў сябе ўсё лепшае, што назапасіла чалавецтва за доўгі час існавання і што сёння мы называем адвечнымі маральнымі каштоўнасцямі. 

Марыя ВАСІЛЁНАК,
пасёлак Гудагай



Текст: Администратор сайта
Оставить комментарий
Текст сообщения*
Защита от автоматических сообщений