Присоединяйтесь к проекту БРСМ «Память потомков»: рассказываем о родных-фронтовиках
Працягваем расказваць пра ветэранаў, родныя якіх даслалі іх фотаздымкі на рэспубліканскі чэлендж #Беларусьпомніць.
Пра чырвонаармейца Міхаіла Дземідовіча расказала яго ўнучка, намеснік дырэктара СШ №2 г. Астраўца Іна Семянчук.
Міхаіл Васільевіч Дземідовіч нарадзіўся ў 1910 годзе ў вёсцы Замосце Уздзенскага раёна. Там жа, на Міншчыне, ён і змагаўся з ворагам.
– Дзед ужо меў сям’ю, калі пайшоў на вайну, – расказвае ўнучка ветэрана. – На Уздзеншчыне, у вёсцы Глінкі (адтуль родам мая бабуля Лідзія Данілаўна), засталіся яго жонка і сын.
З 17 верасня 1943-га па 20 ліпеня 1944-га Міхаіл Васільевіч быў стралком партызанскага атрада «Патрыёт Радзімы» брыгады імя Варашылава – ветэран засвоіў гэту навуку падчас службы ў стралковым палку Чырвонай арміі.
– А пасля злучэння партызанскіх войскаў з дзеючай арміяй дзядулю прызвалі ў 136-ы стралковы полк унутраных войскаў. З кастрычніка 1945-га па люты 1946-га служыў у 84-м пагранічным атрадзе, потым яшчэ чатыры месяцы нёс варту на асобным кантрольна-прапускным пункце «Ласосна», – расказвае Іна.
Пасля вайны Міхаіл і Лідзія, да таго часу ў іх нарадзілася дачка, пераехалі ў Ашмяны.
– Суровага нораву быў мой дзед – ці то прыродай закладзена, ці то вайна загартавала: толькі гляне – і мы ведалі, што смяшкі дрэнныя. І адданым камуністам, хаця быў беспартыйным, – бабуля рашылася пайсці ў царкву толькі пасля яго смерці, – прыгадвае жанчына.
Расповедаў ветэрана пра вайну ні сама жанчына, ні яе бацькі не чулі – гэта тэма была пад забаронай.
Пра радавога Дземідовіча можна даведацца з характарыстыкі ва ўзнагародным лісце: «За час прабывання ў атрадзе паказаў сябе як сапраўдны сын савецкага народа. Удзельнік разгрома нямецкай аўтакалоны па шасэ Мінск-Слуцк, рэйкавай вайны 1944 года на чыгуначнай станцыі Слуцк-Баранавічы. Ветлівы, дысцыплінаваны. Аддадзены справе партыі Леніна-Сталіна».
І ваенныя ўзнагароды Міхаіл Васільевіч ахоўваў ад старонніх вачэй – трымаў у патаемным месцы. Гэта былі недакранальныя рэліквіі – асабісты яго боль.
– Толькі адзін раз паказаў іх нам, унукам, – дзеліцца Іна Семянчук. – Пасля смерці дзеда яго ўзнагароды бабуля перадала ўнуку – ён адзіны хлопчык сярод нас.
Так, акрамя дзедавых фотаздымкаў і дакументаў, захоўваюць нашчадкі ветэрана ордэн Айчыннай вайны ІІ ступені, медалі «Партызану Айчыннай вайны» ІІ ступені, «За баявыя заслугі», «За Перамогу над Германіяй у Вялікай Айчыннай вайне 1941-1945 гг.», «Ветэран працы» і юбілейныя медалі.
Міхаіла Дземідовіча не стала ў 1986 годзе. Пахаваны ветэран на астравецкіх могілках.
У суполцы Астравецкага РК ГА БРСМ створаны фотаальбом «Памяць нашчадкаў». Калі вы хочаце расказаць пра свайго родзіча-франтавіка, тэлефануйце па нумары 8(01591) 7-98-43 альбо пішыце на электронны адрас ostrovets.brsm@mail.ru і дзяліцеся ўспамінамі пра вашага героя. Няхай імёны абаронцаў Радзімы застануцца ў памяці нашчадкаў.
Подписывайтесь на телеграм-канал «Гродно Медиа Group» по короткой ссылке t.me/GrodnoMediaGroup.
Телеграм-канал «Гродно Медиа Group» – это ежедневные новости районов Гродненской области и города Гродно.