Лёсы Вялікай Айчыннай: заробкі выратавалі жыццё

14:39 / 23.06.2020
Заробкі ў Латвіі, трагічная смерць родзіча, матчын абярэг, вяртанне на Радзіму… – кола жыцця гэтай сям’і круцілася часам запавольваючы ход на страты, а часам злучаючы лёсы.

Жыхаркі аграгарадка Спонды, маці з дачкой Антаніна Багдановіч і Валянціна Крэміс, падзяліліся з «раёнкай» гісто­рыямі жыцця сваіх родных у гады Вялікай Айчыннай.

СВЕДКА ПАДЗЕЙ 

Беларусы Ільяш і Антаніна Багдановічы знайшлі сваё каханне  ў Латвіі – там маладажоны сустрэлі і вайну.

Дзяўчына з Віцебшчыны і хлопец  з Гродзеншчыны па­знаё­міліся на заробках у латышскім сяле Ранка. 

– Мамка мая, Фрузына, спярша адна паехала на заробкі, а тады вярнулася за мной, – расказвае Антаніна. – А брата Сашку пакінула  ў сям’і свайго бяздзетнага брата – надта ж прасілі, каб не везла яго з сабой. Гаспадар, у якога мы працавалі, зваўся Трумпманіс – харошы быў чалавек. Пакуль там жылі, я навучылася па-латышску шпарыць – не ад­розніць  маёй мовы ад мясцовых было.

Антаніна Багдановіч.jpg



Там жа Праскоўя (Фрузына) прысватала сваю шаснац­ца­цігадовую дачку Тоню да ста­рэйшага за яе на 12 гадоў Ільяша Багдановіча – надта ж падабаўся маці гэты працавіты малады чалавек.

– У Латвіі нас і вайна напаткала. У маі 1944-га я Валю нарадзіла… – узгадвае жыхарка Спондаў. –  Божа, як успомню: страляюць, бомбы як зачалі рвацца, а ў мяне дзіця малое! І нікуды ж не дзенешся – я адна: мамку немцы забралі акопы капаць, мужык на вайне…

Ільяш Купрыянавіч Багда­но­віч ваяваў у польскай арміі.  

Ільяш Багдановіч.jpg



Пакуль Праскоўя з дачкой перажывала нялёгкія часы на чужыне,  у іх роднай вёсцы  Баравыя адбылася  трагедыя: сын загінуў, а мужа занясло аж у Інданезію. 

– Брату было 15… Ён з дзядзькам ішоў у гумно – немцы там сабіралі, адзін з іх і падказаў: не ідзі, там будуць паліць людзей. А Саша: я ўсё роўна пайду туды, там тата, дзе ён, там і я, – з непрыхаваным болем гаворыць Антаніна Фёдараўна. – З гумна брату ўдалося вырвацца – пабёг ён у лес. На ўскрайку яго дагнала нямецкая куля. У той дзень хто схаваўся, хто ўцёк, а хто і згарэў… Бацька мой тады ўратаваўся: уцёк – і трапіў аж на востраў Ява. Там і загінуў. 

–  Людзі, уцякаючы ў лясы, спа­дзяваліся вярнуцца, не дума­лі, што вёска не ацалее, таму закопвалі посцілкі, ежу, адзенне, – далучаецца да размовы, узгадваючы расповеды родных,  дачка Антаніны Ва­лянціна. –   Нічога не знайшлі, як вярнуліся, – усё падаставана было. Ды і жыць не было дзе – усё спалена…

Так пасля заканчэння вайны сям’я Багдановіч прыехала на радзіму Ільяша – на Астравеччыну, у вёску Жукойні-Жалядскія.

ДЗІЦЯ ВАЙНЫ І ЖОНКА ВЕТЭРАНА

Валянціна Ільяшаўна «прыдакранулася» да падзей тых страшных часоў двойчы, праўда, з адлегласцю ў некалькі дзясяткаў гадоў: жанчыне было наканавана нарадзіцца за год да заканчэння Вялікай Айчыннай і выйсці замуж за ветэрана гэтай вайны.

– Цяжка маім бацькам жылося: працавалася нялёгка, як іх гаспадарку ў калгас забралі, яны таксама пайшлі туды працаваць, а ўсё ж уручную трэба было рабіць, не тое што жывёле, людзям ежы не хапала, – кажа Валянціна Крэміс. – Сем’ям з малымі дзецьмі належала дапамога, дык маці з бацькам мяне «прымаладзілі»: запісалі, што нарадзілася ў 45-м. 

Валянціна Ільяшаўна.jpg



– Я вайны не памятаю, а Міка­лай, мой муж, ваяваў з самага пачатку і дайшоў да Берліна! – працягвае жанчына. 

Мікалай Крэміс родам з вёскі Гараўляны, што на Глыбоччыне. Яго прызвалі ў Чырвоную армію ў 1941-м, мужчына трапіў у мінамётны полк. 

Мікалай Крэміс.jpg



– З вёскі іх трое пайшло, разам і ваявалі, – дзеліцца Валянціна Ільяшаўна. – А вярнулася двое… З Гараўлян людзей таксама папалілі, як і ў нашых Баравых, і ў Пастэрнаках, дзе маміна цётка жыла.

Мікалай расказваў Валянціне, як змагаліся з ворагам урукапашную, калі заканчваліся пат­роны; як капалі ў лесе ямы, каб паспаць, а коўдру замянялі яловыя лапкі.

– Мой муж быў гарманістам. Праўда, гармоніка з сабой на вайне ў яго не было – дык хлопцы часта прасілі, каб хоць так зацягнуў якую песню. І ён зацягваў, каб падбадзёрыць і іх,  і сябе, – узгадвае ўспаміны ветэрана яго жонка.  – І «Кацюшу» спяваў абязкова! 

Перамогу Мікалай сустрэў у Берліне. Мужчына часта ўзгад­ваў, як  весела было, радасна, як адзін аднаго абдымалі, цалавалі. 

Дарога дамоў была доўгай: ехалі цягнікамі, шмат перасадак. 

– У вагоне ў некага была трохрадка, – расказвае Валянціна. – Мой казаў, што от тады найграўся, а салдацікі танцавалі ад радасці, што на Радзіму вяртаюцца, а тут яшчэ і музыкант весяліць…

Відаць, добра апекаваўся Мі­ка­лаем Крэмісам яго анёл-ахоўнік: мужчына прайшоў вайну ад пачатку і да канца – цэлым. 

– Ні разу мой мужык паранены не быў. Ён хрышчоны, – тлумачыць магчымыя прычыны шанцавання жанчына. – І як ішоў ваяваць, узяў з сабой асвечаны хлеб і яшчэ адзін абярэг, не ўспомню, што, зашыў пад каўнерык – з ім і прайшоў усю вайну.

Пасля Перамогі Мікалай вярнуўся на Глыбоччыну, а потым пераехаў у Вільнюс, туды ж і бацькоў сваіх забраў.

На Спондаўшчыне ветэран пра­жыў апошнія 15 гадоў. Тут і пахаваны.

– А Дзень Перамогі для мужа быў заўсёды асаблівым свя­там. Ён радаваўся, што ў гэтым ёсць і яго ўнёсак, – гаворыць Валянціна Ільяшаўна. – Мікалая часта запрашалі на сустрэчы са школьнікамі. 

Пэўныя  звесткі пра баявы шлях Мікалая Мікалаевіча, акрамя расказаў яго  жонкі, можна даве­дацца і з яго ўзна­гарод.

Так, з Падзячнага ліста за выдатныя баявыя дзеянні бачна, што наш зямляк  удзельнічаў у баях за гарады Рацібор і Біскау, якія з’яўляліся важнымі вузламі дарог і моцнымі апор­нымі пунктамі немцаў на левым беразе Одэра. Ёсць Падзяка за ўдзел у баявых дзеяннях пры прарыве ворага на рацэ Нейсе, а таксама за авалоданне нямецкімі гарадамі Люббен, Цоссен, Лукенвальдзе і іншымі.  Дарэчы, акрамя ўручэння Падзяк войскам, якія ўдзельнічалі ў баях за гэтыя гарады,  загадам Вярхоўнага Галоўнакамандуючага 21 са­ка­­віка 1945 года салютавалі ў Маскве 12 артылерыйскімі зал­памі са 124 гармат.

Чырвонаармеец Крэміс быў узнагароджаны медалём «За ўзяцце Берліна» за ўдзел у гераічным штурме і ўзяцце Берліна, медалём «За перамогу над Германіяй у Вялікай Айчыннай вайне 1941-1945 гг.», ордэнам Вялікай Айчыннай вайны ІІ ступені.

01010.jpg



Узнагародныя дакументы му­жа Валянціна Крэміс пера­дала ў музей Спондаўскай школы.

Так, ва ўспамінах, фотаздымках, сведчаннях афі­цый­ных папер, спадзяюся, яшчэ доўга мы будзем зберагаць памяць пра родных і блізкіх, землякоў, усіх тых, хто падарыў нам вольнае жыццё. Каб не паўтарыць бяды і ведаць цану Перамогі…



Подписывайтесь на телеграм-канал «Гродно Медиа Group» по короткой ссылке t.me/GrodnoMediaGroup.

Телеграм-канал «Гродно Медиа Group» – это ежедневные новости районов Гродненской области и города Гродно.


Текст:
Фото: Рыта Дрэма і з архіва сям’і Крэміс