Лёсы Вялікай Айчыннай: Адпакутаваў у дзвюх лагерах

12:09 / 09.05.2020
– Мой дзед Адольф Багда­новіч ішоў разам з варонскім хлопцам на прызыўны пункт у Вільню, але па дарозе іх перахапілі «лапуны». Так ён трапіў на работы ў Латвію, не помню, куды канкрэтна, – гаворыць жыхар аграгарадка Малі Аляксандр Багдановіч. – Дзед расказваў, што ў дарозе іх кармілі толькі салёнымі селядцамі, а піць не давалі. 

45.jpg



У лагеры кожны тыдзень палонныя праходзілі медагляд – ад стану здароўя залежала іх харчаванне і працоўныя заданні: хто здаравейшы, таму будзе паёк большы, але праца цяжэйшая.

Аднойчы кулішскаму хлопцу і некалькім яго таварышам ўсміхнуўся лёс: удалося збегчы – але іх дагналі і вярнулі ў лагер.

– Вярнуўшыся з латвійскага зняволення, дзед Адась ізноў трапіў у лагер – толькі ўжо ў савецкі. За тое, што быў у палоне, яго асудзілі і адправілі адбываць тэрмін у Хабараўскі край у горад Савецкая Гавань, – перадае ўспаміны родзіча мужчына. – Па першым часе ад ежы, якую давалі асу­джаным, іх ванітавала. Уявіце сабе: гнілая капуста, па якой поўзаюць чарвякі…

Аднак, як кажуць, голад не цётка: праз нейкі час зняволеныя ўжо вышуквалі ў месіве, якое называлася ежай, тых чарвякоў, каб з’есці.

– З другога зняволення дзед вярнуўся праз тры ці чатыры гады – датэрмінова адбыць пакаранне дапамог пажар, які ахапіў тайгу, – дзеліцца Аляксандр.

– Агонь перакідваўся з такой хуткасцю, што падступаў да лагера, і частку вязняў, у якіх правіна перад Радзімай была найменшай, вырашылі адпусціць.

Знямоглы, у працёртай да дзірак фуфайцы, адзетай навыварат, Адольф  дабіраўся да­моў. У дарозе «здраднік Радзімы» марыў пра адно: з’есці лусту свежага хатняга хлеба з хрумсткай скарыначкай. Якім было яго шчасце, калі ён зайшоў у хату – а цётка ў гэты момант даставала з печы хлеб!

– Калі пачалася рэабілітацыя былых ваеннапалонных, дзед пасылаў запыт па сваёй справе, але яму прыйшоў адказ, што звесткі страчаныя. Дзед плакаў наўзрыд, – узгадвае ўнук вязня Багдановіча.

Брата Адольфа Уладзіслава спасцігла іншая доля. Ён, у адрозненне ад Адася, трапіў на вайну – і не дажыў да Перамогі ўсяго месяц: загінуў у Польшчы ў красавіку 1945-га.

– Другому майму дзеду Брані­славу Субялю лёс зрабіў най­шыкоўнейшы падарунак. Ён вая­ваў, а потым трапіў у нямецкі палон, у «Асвенцым». Іх ужо пагалілі і вялі на смерць – і раптам у лагер прыйшлі нашыя войскі. Ці не цуд?! Думаў, толькі ў кіно такое бывае, –  гаворыць Аляксандр.


Подписывайтесь на телеграм-канал «Гродно Медиа Group» по короткой ссылке t.me/GrodnoMediaGroup.

Телеграм-канал «Гродно Медиа Group» – это ежедневные новости районов Гродненской области и города Гродно.


Текст: