Дзень друку – ні слова пра работу

09:23 / 05.05.2020
Чытачы ведаюць і ацэньваюць журналістаў «АП» і тэлепраграмы «ТВА. ТВой Астравец», тэхнічных работнікаў рэдакцыі па іх справах: злабадзённасці артыкулаў, якасці фотаздымкаў, аператыўнасці сайта, актуальнасці тэлерэпартажаў, яскравасці падачы матэрыялаў  і гэтак далей.

Але, што называецца, не работай адзінай…  Што ў супрацоўнікаў рэдакцыі ёсць для душы, чым яны ратуюцца ад шэрасці будняў і якія маюць таленты апроч тых, за якія атрымліваюць зарплату, – пра гэта сёння, у Дзень друку, мы раскажам нашым чытачам – прынамсі, пра тых, хто рашыўся прыадкрыць заслону таямнічасці асабістага жыцця.

Алена Ярашэвіч, галоўны рэдактар, кветкавод і фларыст

_MG_3808.jpg



Любоў да кветак у нашага галоўнага рэдактара, напэўна, нарадзілася разам з ёю. Першыя яе ўспаміны дзяцінства – захапленне ад квітнеючых цюльпанаў і вяргіняў ля бабулінага дома; ад ружаў, што высадзіла ўздоўж дарожкі каля дома мама.

– Як можна не любіць кветкі?! – шчыра не разумее Алена. – Гэта ж такая прыгажосць!

Але гэтая прыгажосць патрабуе нямала ведаў, часу і працы. Вучылася даглядаць  за кветкамі яна найперш з дапамогай матулі і бабулі, пазней, калі прыйшла працаваць у Гудагайскую школу, – у калег Ірыны Шукель і Таццяны Грывы. А цяпер і сама можа любога навучыць. Шкада, што знік са старонак газеты тэматычны праект Алены Ярашэвіч «У гасцях у кветкаводаў». Зрэшты, мы дамаўляліся: ні слова пра работу!

У адносінах да кветак у яе няма падзелу на «ары­ста­кратаў» і «праста­лю­дзінаў»: і вясковую герань, і вытанчаную архідэю, і нават калючыя кактусы яна любіць аднолькава.

На прысядзібным участку ля дома Ярашэвічаў кветкі і дэкаратыўныя расліны  ўсё больш выцясняюць градкі і нават газоны. А гаспадыні хочацца яшчэ і яшчэ: убачыць у некага незвычайныя лілейнікі ці касачы – і не можа спыніцца – прыгажосці шмат не бывае! Адзінае, што засмучае: не хапае часу, каб зрабіць усё, як хочацца і марыцца…

А ўслед за кветкамі прыйшло да Алены і яшчэ адно захапленне: рабіць букеты і кампазіцыі. І ўсе члены рэдакцыйнага калектыву, каму пашанцавала нарадзіцца ў перыяд з ранняй вясны да позняй восені, ведаюць: у дзень нараджэння ранкам на рабоце іх будзе чакаць эксклюзіўны букет ад галоўнага рэдактара. І «эксклюзіўны» – гэта не перабольшванне: апошняй падмерзлай ружачкі ці першых кволых пралесак яна ўмее зрабіць сапраўднае хараство – вачэй не адвесці! Як у яе гэта атрымліваецца?

– Ды вельмі проста! – усміхаецца Алена.


Лайфхак ад Алены

– Ужо расцвілі цюльпаны, нарцысы, гіяцынты. Сарвіце некалькі кветак, пастаўце іх у фларыстычную губку, прапітаную вадой, упрыгожце зелянінай – самшытам, напрыклад, альбо лісцем лілейніку. Перад Вялікаднём можна пакласці пару фарбаваных яечак, некалькі курыных пёрак.  Проста і прыгожа!

Вольга Хацяновічнамеснік галоўнага рэдактара, аўтамабіліст

vVQUA1qejQI.jpg



Жанчыны-вадзіцелі цяпер не рэдкасць. Але яны дзеляцца на тых, хто садзіцца за руль па неабходнасці, і тых, для каго гэта асалода. З апошніх – Вольга. 

– Вадзіцельскія правы я атрымала дзесяць гадоў назад, – расказвае жанчына. – І ў першы ж вечар муж сказаў: «Трэба ў магазін? Садзіся і едзь». З таго часу, здаецца, у мяне не было ні дня без аўтамабіля. Здараліся і даволі доўгія пераезды: летась вярталіся з Карэліі, амаль усю дарогу назад машыну вяла я. 

Вольга лічыць, што яна, як і большасць жанчын за рулём, – акуратны вадзіцель. І міжволі шукае педаль тормазу, калі едзе на пасажырскім сядзенні побач з мужам, – у яго больш агрэсіўная манера ваджэння. Зрэшты, Вольга прызнае, што ў кожнага – і ў мужчын, і ў жанчын – свой стыль язды і свая хуткасць. Там, дзе адзін на 120 кіламетрах «целяпаецца», другі заплюшчвае ад страху вочы. 

За дзесяць гадоў вадзіцельскага стажу Вольга «аб’ездзіла» шэсць сямейных аўтамабіляў. Сённяшняя, жамчужная «Мазда», напэўна, самая прыгожая і жаноцкая з усіх. Хоць Вольга ацэньвае машыну не па колеры і выгляду, а па яе тэхнічных характарыстыках і камфортнасці ваджэння. У гэтым плане з усіх тэсціраваных ёю на праекце «Стоп-лінія» найбольш спадабаўся «Субару Трыбека», што была ў сям’і Ігнатовічаў (так, памятаю: ні слова пра работу!)

Але аўтамабіль – не адзінае транспартнае захапленне намесніка галоўнага рэдактара. 

– Машына – гэта для камфорту, – пера­лічвае Вольга. – Веласіпед – для зда­роўя: з мужам і сынам часта выбіраемся ў велавандроўкі па ва­коліцах Астраўца. А для душы – матацыкл! Але гэта пакуль мара…

Якая пасля таго, як астравецкія байкеры падарылі Вользе мота­шлем, перайшла ў разрад мэты. Значыць, мара неўзабаве здзейсніцца!


Лайфхак ад Вольгі

– Некалі інструктар па ваджэнні вучыў мяне: «Не зразай вуглы – не парэжаш шыны!» Калі пару разоў, спрабуючы спраміць вугал павароту, наязджала на бардзюры, пераканалася, што ён меў рацыю – і цяпер іншым гэта ж раю.

А яшчэ муж, вяртаючыся з рэйса, часта «лечыць» нашу машыну, дае ёй, як сам кажа, «прачхацца»: «кладзе» стрэлку спідометра, рэзка зрываецца з месца, тармозіць, газуе… Пасля такога выкіду «адрэналіну» матор працуе лепш. Але для падобнага «лячэння» патрэбен спецыяліст!


Рыта Дрэма, стылістычны рэдактар, даследчык мінуўшчыны

Дремо Рита.jpg

Я чакала, што Рыта раскажа пра сваё рукадзелле – чула, што яна цудоўна вышывае крыжыкам. А яна з парога агарошыла заявай:

– Няма ў мяне ніякіх захапленняў! Жыву, як наплыве: гатую, калі жаданне з’явіцца, не – хатнія самі вячэру зробяць. Хату «генералю», калі настрой адпаведны. Рукадзеллем – так, займалася некалі: у педагагічным вучылішчы нас вучылі і шыць, і вышываць, і вязаць. Нейкі час і сапраўды захаплялася вышыўкай – а потым прыйшло адчуванне марнасці гэтага занятку. Каму патрэбны мае вышыўкі? Ну, прыгожыя, можна павесіць на сцяну ці заслаць на стол – і якая карысць ад гэтага людзям?

Рыта ў нас – максімалістка, ёй трэба, каб усё было па вышэйшаму разраду і найвышэйшай справядлівасці, а інакш – навошта?

Ёсць у Рыты Дрэмы захапленне, што называецца, да дрыжыкаў у каленках – гэта пошукі слядоў і сведкаў мінуўшчыны. Сведчанне гэтага – яе матэрыялы пра памерлыя ці паміраючыя вёскі (зноў забылася – ні слова пра работу!). 

Але ёсць і «нерабочы» прыклад: аднойчы ў групу «АП» у сацыяльных сетках звярнулася жанчына, якая шукала родзічаў. Рыта іх знайшла.

– Калі ўсё атрымалася, я была, напэўна, самым шчаслівым чалавекам на свеце: змагла дапамагчы людзям. Магчыма, для іх гэта важна, – прызнаецца жанчына.

Рыта марыць сабраць звесткі пра сваю сям’ю. Гэта даволі цяжка, бо бабуля прыехала сюды з Расіі ў гады вайны, а родныя яе засталіся на радзіме.

– Некалі бабуля, прабабуля расказвалі пра сваё жыццё, родзічаў – але мне, малой, гэта здавалася такім неверагодна далёкім… Цяпер, калі разумею каштоўнасць жы­вых свед­чанняў гісто­рыі, стараюся занатаваць усё, што знаходжу. Па кру­пінках збіраю звесткі пра нашу сям’ю – спадзяюся, што некалі гэта спатрэбіцца маім дзецям... 


Лайфхак ад Рыты

– Пошукі трэба пачынаць з мясцін. Найперш, вядома ж, сабраць усе магчымыя звесткі – а потым шукаць людзей. Прыязджаеш у вёску, стукаешся ў любую хату… На гэты выпадак у мяне ў сумачцы заўсёды ляжыць які-небудзь гасцінчык, хоць бы каляндарык ад «Астравецкай праўды». І пачынаеш распытваць. Калі не ў першай хаце і нават не ў першай вёсцы, то ў другой, трэцяй¸ чацвёртай жаданая нітачка абавязкова знойдзецца! Туліцца трэба да людзей – тады і людзі да цябе прытуляцца.


Святлана Фёдаравакарэспандэнт, рукадзельніца шырокага профілю

20200330_213823.jpg


Света Фёдарава марыла пра швейную машынку… 

Яна ажыццявіла сваю мару – і цяпер у дзяўчыны ёсць амаль усё, што трэба, для рукадзелля. І галоўнае з гэтага «ўсяго» – нават не машынка, а ўмелыя рукі, багатая фантазія і жаданне рабіць нешта гэткае, асаблівае…

– Крыху вяжу пруткамі і кручком, трошкі шыю, раблю мяккія цацкі, вышываю, малюю, вершы пішу, – пералічвае свае захапленні Святлана – і я пачынаю губ­ляцца: на чым спыніцца?
Любоў да рукадзелля ў дзяўчыны з дзяцінства.

Вязаць пруткамі Света вучылася ў бабулі. Потым убачыла, як спрытна арудуе кручком сяброўка, – бацькавым напільнікам зрабіла нешта падобнае з прутка. Шыццю і вышыванню ў школе вучылі – усіх, вось толькі ўмеюць не ўсе…

– Займаюся тым, чым мне ў гэты момант хочацца: шыю, вышываю ці малюю. Нічога не пачынаю, пакуль ва ўяўленні не складзецца гатовы вобраз – тады прыходзіць натхненне і работа спорыцца. Калі нічога не хочацца, тады музыку слухаю ці кніжкі чытаю, – расказвае Святлана.

Без имени-1.jpg

Ёй неаднаразова гаварылі, што рукадзеллем можна зарабляць нядрэнныя грошы – ручная работа цяпер у цане. Але Святлана нічога са сваіх работ не прадае. Ёй куды больш прыемна падарыць тую ж падушачку для канапы ці мяккую цацку – і бачыць, як засвецяцца радасцю вочы ў таго, каму яна прызначана.

Дзяўчына нічога не выкідвае: у рукадзельнай гаспадарцы ўсё спатрэбіцца! Нават парваныя калготкі…


Лайфхак ад Светы

– Са старых джынсаў і калготак можна зрабіць дэкаратыўную падушку. З джынсаў выкройваем два палотнішчы. Сшываем. Ад калготак адразаем сляды і верх, наразаем невялікімі кавалачкамі і на­бі­ваем імі падушку. Упрыгожанне – на асабісты густ. 


Марына Субкоспецыяліст па рэкламе, кандытар:

изображение_viber_2020-04-30_09-43-48.jpg

Калі хто не бачыў і не каштаваў торты Марыны Субко, то ён не ведае, якой смачнай можа быць прыгажосць і якой прыгожай – смаката. Праўда, калі вы не ўваходзіце ў кола яе родных, калег, сяброў і родзічаў, то можаце так і застацца недасведчанымі…

– Выпечку я любіла заўсёды, – расказвае Марына. – Але, пабачыўшы, як прыгожа афармляюць торты, вырашыла і сама паспрабаваць зрабіць нешта падобнае, тым больш цяпер ёсць настаўнік для ўсіх і ўсяго – інтэрнэт. Паглядзела відэа – усё быццам бы зразумела. І папярэ­джанне майстра – маўляў, не спадзявайцеся, што ў вас усё атрымаецца з першага разу, усур’ёз не ўспрыняла: чаму гэта ў мяне не атрымаецца?

Марына ведае, што сакрэтаў у смачнага і прыгожага торта шмат: прадукты павінны быць якасныя – інгрэдыенты яна стараецца купляць правераных фірм. Патрэбна мець адпаведнае абсталяванне – голымі рукамі нічога не зробіш.

А галоўным складнікам у любым рэцэпце Марына лічыць натхненне.

изображение_viber_2020-04-30_10-01-11.jpg

– Калі няма адпаведнага настрою, за справу лепш не брацца, – пераканана рэдакцыйны кандытар. 

Торты – задавальненне дарагое. І доўгае!

– Спячы можна за дзве гадзіны, – дзеліцца вопытам Марына. – А каб упрыгожыць, часам патрэбен не адзін дзень.

І ўсё ж гэта – задавальненне: бачыць, як радуюцца блізкія, калі – оп-ля! – на стале ўзнікае смачны твор мастацтва. 


Лайфхак ад Марыны

– Торт – гэта доўга і складана. Калі хочаце нечага смачненькага і хутка, спячыце кекс. Вазьміце 3 яйкі, 2 шклянкі мукі, 1 – цукру, 150 грамаў смятаны, 4 сталовыя лыжкі алею, соду, ванілін, разынкі. Добра вымяшайце цеста, разлажыце па формачках і выпякайце. Як упрыгожыць – прыдумайце самі!


Алёна Гануліч, карэспандэнт, траўніца

Ганулич Алёна.jpg

– З узростам тыя каштоўнасці, што здаваліся галоўнымі раней – праца, прызнанне чытачоў, сацыяльны статус, – адышлі на другі план. Цяпер для мяне самае галоўнае – здароўе і шчасце блізкіх: мамы, маёй найлепшай сяброўкі, дачушкі, якая, на шчасце, расце разумнейшай і больш таленавітай, чым я. А яшчэ – мая малая радзіма, вёска Кярняны: тут я нарадзілася, тут стаіць дзядулеў дом, які мы марым зрабіць сваім радавым гняздзечкам. Канешне, дзвюм жанчынам займацца будоўляй цяжкавата – але веру, што з божай дапамогай мы ўсё адужаем, – дзеліцца запаветным Алёна Гануліч.

Найлепшы адпачынак для яе – лес, асабліва калі пачынаюцца грыбы. У лесе Алёна адпачывае фізічна і эмацыянальна, набіраецца сіл і энергіі: якім бы цяжкім і напружаным ні быў працоўны дзень, лес забірае ўвесь негатыў. 

З лесу яны з маці ахапкамі прыносяць дахаты зёлкі: іван-чай, чабор, зверабой, палын, каласкі… Сушаць – і зімой заварваюць гарбату, парацца з імі ў лазні, ставяць букеты.

– Чалавеку найлепш там, дзе ён нарадзіўся, дзе закапана яго пупавіна, з гэтымі мясцінамі ён звязаны унутрана, тут у яго вырастаюць крылы,  пераканана Алёна. – Для сястры, якая жыве з сям’ёй у Гродне, і нават для яе сяброў найлепшае месца адпачынку – Кярняны. яны заўсёды неахвотна ад нас ад’язджаюць.

Алёну неаднаразова спакушалі гарадскія пра­с­пекты: ёй прапаноўвалі работу ў Гродне, жыллё – у Астраўцы. Але яна пераканана, што ў горадзе доб­ра працаваць, а жыць найлепш у вёсцы, калі можна прач­нуцца ад спеву салаўя, выйсці на ганак, выпіць кубачак кавы, падстаўляючы твар промням ранішняга сонца, – і адчуць сябе самым шчаслівым чалавекам у свеце.


Лайфхак ад Алёны

– Летам мы збіраем іван-чай і потым п’ём яго ўсю зіму. Рыхтуецца ён проста: траву падвяльваем на сонцы: калі надвор’е спякотнае, то некалькі гадзін, калі халаднаватае, то некалькі дзён. Затым абрываем лісцікі, здрабняем іх (можна на мясарубцы) і складваем у трохлітровы слоік прыкладна на дзве трэці, накрываем зверху марляй. Перыядычна падтрушваем. Калі з‘явіцца своеасаблівы кветкавы водар, можна сушыць. Калі хочаце мець зялёную гарбату, то сушыць трэба ў цёмным цёплым месцы, калі чорную – на блясе ў духоўцы.


Наталля Харытонавагалоўны бухгалтар, кулінар

IMG_1772.jpg

– Не стану маніць, што прыходжу з работы і адразу бягу на кухню – цяпер, калі дачка жыве асобна, для сябе адной нешта асаблівае выдумляць неяк без патрэбы, – прызнаецца рэдакцыйны «мінфін». – Але гатаваць люблю і, кажуць людзі, умею. Зрэшты, мне здаецца, што не ўмеюць гэтага толькі тыя, хто не хоча. Інтэрнэт вам у дапамогу: там і рэцэпты, і майстар-класы.

А калі Наталля спасцігала азы кулінарнага майстэрства, інтэрнэту не было. Яе першай настаўніцай у галоўнай жаночай справе стала маці, Марыя Цімафееўна Вайцяхоўская.

– Мама смачна гатавала, – успа­мінае  Наташа дзяцінства. – Хоць час быў цяжкі і жылі мы небагата, яна кожныя выхадныя нешта выпякала. Каля яе і я вучылася. 

Мама выпісвала часопіс «Сям’я», дзе друкаваліся розныя рэцэпты страў – яны затым падшываліся ў асобную папку. Кулінарныя кнігі тады былі ў вялікім дэфіцыце.

Пазней яшчэ адным настаў­нікам кулінарнага майстэрства стала маміна калега Данута Горбаль.

Цяпер ужо і сама Наталля – настаўніца, найперш – для дачкі Дашы, якая, як і мама, і бабуля, падобна, будзе адметным кулінарам. Дый рэдакцыйныя дзяўчаты пры нагодзе падглядваюць, як самую звычайную страву аформіць і падаць так, што слінкі пацякуць.

Наталля ўмее хутка, смачна і прыгожа накрыць любы стол – ці на трыццаць чалавек, ці на дзесяць. Хоць, як сама прызнаецца, найбольш любіць гатаваць для сваёй сям’і – клан Вайцяхоўскіх вялікі і дружны. Прыпраўленыя любоўю да родных людзей, стравы атрымліваюцца асабліва смачнымі і прыгожымі.

2012 949.jpg

У кожнага з яе блізкіх ёсць любімыя творы кулінарнага мастацтва Наталлі. Стрыечная сястра, калі прыязджае ў госці, просіць зафаршыраваць курыцу. Брат любіць мяса, запечанае ў цесце з жытняй мукі.

Але ўсе без выключэння просяць зрабіць самае простае – запечаную бульбу. Нават калі яна запякаецца з мясам, то папярэджваюць: хай мяса будзе менш, а бульбы – пабольш.


Лайфхак ад Наталлі

– Бульбу абабраць, пасаліць, дабавіць спецыі, алей, перамяшаць. Вылажыць на бляху і запякаць у духоўцы. Перад заканчэннем уключыць вентылятар, тады бульба атрымаецца са скарыначкай.


Дзмітрый Каралевіч, вядучы праграмы «ТВА. Твой Астравец», бацька, будаўнік

Королевич Дмитрий.jpg

Не так даўно ў Дзімы нарадзілася дачка, і ён прызнаецца, што цяпер яго галоўнае захапленне – дзевяцімесячная Аліса. 

– Быць бацькам – гэта неверагоднае шчасце і вялікая адказнасць, – гаворыць Дзмітрый. – Дапамагаць малышцы спазнаваць свет – лепшае з усяго, чым мне даводзілася займацца ў жыцці!

Аліса – асноўнае, але далёка не адзінае захапленне нашага галоўнага тэле­візійшчыка. У яго з’явілася яшчэ адно хобі – будаўніцтва. 

– Усё пачалося з таго, што бацькі вырашылі, што ім патрэбна пераабсталяваць старую летнюю кухню ў лазню, – расказвае Дзмітрый. – Так усё і пачалося… Да гэтага  я толькі і ўмеў, што цвік забіць. А зараз і плітку кладу, і сантэхніку ўстанаўліваю. Будаўніцтва – захапляючая справа. І аказалася, што рукі ў мяне рас­туць адкуль трэба. 

Пабудаваўшы лазню і праверыўшы яе ў справе, Дзіма зрабіў для сябе яшчэ адно адкрыццё: якая асалода і карысць для здароўя – парылка!

Цяпер у мужчыны прачнуўся будаўнічы азарт і з’явіліся новыя планы: мадэрнізаваць бацькоўскую сядзібу пад аб’ект агратурызму. Вядома, гэта справа не аднаго дня і нават года: будоўля – задавальненне не з танных, але калі ўсё рабіць самому, то, прайграўшы ў тэрмінах, можна выйграць у кошце – такія разлікі ў Дзмітрыя.

І ўсё ж галоўнае захапленне Каралевіча, пра якое ведаюць усе, – гэта спорт, ці больш правільна будзе сказаць, здаровы лад жыцця. 

– У спорце я гадоў пятнаццаць, са студэн­цкіх часоў. Не ганюся за пера­могамі і кубкамі, я прыхільнік эстэтыкі і сілы, – знаёміць са сваёй жыццёвай філасофіяй Дзмітрый. 

Ён спрабаваў многае, хацеў хуткага і відавочнага эфекту. З часам зразумеў, што «цягаць жалеза» –  не эфектыўна, фізічныя нагрузкі павінны суправаджаць правільны рэжым харчавання і адпачынак.  Пашанцавала, што жонка – аднадумца, разумее і падтрымлівае ва ўсім.

Апошняе спартыўнае захапленне  Дзі­мы – варкаўт, ці калістэніка, – заняткі з уласным целам, яго масай. 

– Гэта ж так цудоўна: замест спартыўнай залы – дом і стадыён, галоўныя снарады – турнік і брусы, якія ў кватэры паўсюль. Праходжу міма – падцягнуся, выгульваю сабаку – папрысядаю і паадціскаюся. Проста і эфектыўна! А за сэканомленыя на абанеменце ў трэнажорку грошы можна кавалак мяса купіць ці цацку дзіцяці.


Лайфхак ад Дзмітрыя

– Дачушка Аліса мне цудоўна дапамагае падчас заняткаў – цяпер, калі яна ўжо добра трымае корпус, я выкарыстоўваю яе ў якасці дадатковай вагі: прысядаю з малой на руках, падцягваюся – дачка ў гэты час у кенгурушцы»; падкідваю; пасадзіўшы ў скрынку для цацак, цісну ад грудзей. Ёй весела – а мне карысна!


Яўген Янушкевіч, рэдактар інтэрнэт-рэсурсу, падарожнік

Сям’я Янушкевіч з Міхалішак падарожнічаць любіла заўсёды. Але калі Жэня пасля цяжкай траўмы апынуўся ў інваліднай калясцы, рабіць гэта стала цяжэй.

Аднак ёсць цудоўнае правіла трох «Н», якое дапамагае пераадольваць любыя перашкоды: няма нічога немагчымага!

– Я вельмі ўдзячны сваім бацькам, старэйшай сястры Насці і яе мужу: з іх дапамогай працягваю знаёміцца з рознымі мясцінамі, – гаворыць Жэня.

Янушкевічы вандруюць у асноўным па Астравеччыне і роднай Беларусі. Моцнае ўражанне на юнака зрабіў Полацк. Незабыўнымі сталі прагулкі па старым Гродне, вандроўка на цеплаходзе па Аўгустоўскім канале, знаёмства з Брэстам, экскурсія па Мінску.

Ёсць у сямейным альбоме і фотаздымкі з далёкіх падарожжаў: гады тры таму сям’я наведала Эстонію, а адтуль на пароме, падарожжа на якім само па сабе незабыўная прыгода, – сталіцу Фінляндыі Хельсінкі.

Канешне ж, усе вандроўкі і экскурсіі для Жэні абмяжоўваюцца пытаннямі даступнасці: у старадаўні замак па вузкай крутой лесвіцы на інваліднай калясцы ён пры ўсім жаданні не ўзбярэцца. Але апошнім часам і ў Беларусі, не кажучы ўжо пра замежжа, усё больш увагі надаюць стварэнню безбар’ернага асяроддзя. І падарожжы, нават далёкія, становяцца даступнымі і для, як прынята гаварыць, маламабільных груп насельніцтва.

І ўсё ж найбольшую асалоду Янушкевічам дастаўляюць сямейныя «вылазкі» на прыроду. Не так даўно яны купілі лодку і цяпер кожны год сплаўляюцца па Віліі. Аказваецца, гэта магчыма, калі знайсці пакаты бераг, дзе можна спусціцца на ваду, і падыходзячае месца для вяртання на зямлю. На вёслах, як правіла, бацька, а Жэня з мамай любуюцца краявідамі.

А два гады назад сям'я сястры зрабіла Жэню не­забыўны падарунак: падарожжа на мотадэльтаплане! Падняцца ў неба і паглядзець з вышыні птушынага палёту на родную зямлю – пра гэта юнак марыў з дзяцінства, і цяпер, хоць крыху ў іншым увасабленні, мара яго ажыццявілася.


Лайфхак ад Яўгена

– Гэта хутчэй, парада: падарожнічайце! Выкарыстоў­вайце любую магчымасць, каб выбрацца ў вандроўку, далёкую ці блізкую, доўгую ці кароткую. Гэта пашырае кругагляд і напаўняе новымі пачуццямі і эмоцыямі.


Анастасія Крышнёва, рэдактар інтэрнэт-рэсурсу, мастачка

_MG_3928 р.jpg

Насця працуе ў нас крыху больш за год. І нават у рэдакцыйным калектыве не ўсе ведаюць, што яна прыгожа малюе. Калі больш дакладна, то творчае амплуа нашай мастачкі – партрэты алоўкам.

– Гэта з дзя­цінства, – успамінае Насця. – Яшчэ хадзіла ў школу, калі мы з мамай глядзелі перадачу «Х-фактар», «хва­рэлі» за беларуса Жэню Літвінковіча. Тады ў групе яго прыхільнікаў, створаную «УКантакце», аб’я­вілі конкурс на лепшы партрэт. Я вырашыла па­ўдзельнічаць. Крыху да­па­магла цётка-мастачка, але асноўная частка работы была маёй. Атрымалася вельмі падобна, – расказвае Анастасія. 

З таго часу аловак і папера – верныя спадарожнікі яе вольнага часу. Чым больш дзяўчына малявала, тым лепш атрымлівалася. Партрэты родных, сяброў, любімых акцёраў упрыгожваюць сцены  кватэры ці ляжаць у запаветнай папцы.

Крышнёва Насця партрэт з мужам.jpg

Малюе Насця, як правіла, па фатаграфіі. Працэс гэты можа заняць некалькі месяцаў. Яна не з тых мастакоў, што на вуліцы ў вялікіх гарадах за некалькі хвілін і пэўную суму грашовых знакаў могуць стварыць любы вобраз. 


Лайфхак ад Насці

– Хочаце паспрабаваць намаляваць партрэт алоўкам? Паспрабуйце! Найперш вазьміце натхненне, потым – прос­тыя алоўкі, цвёрды і мяккі, аркуш звычайнай альбомнай паперы, якасны фотаздымак – і пачынайце….


Ангеліна Мікліс, рэдактар радыёпраграмы «Гарадок», спартсменка і калекцыянер мораў:

Миклис Ангелина.jpg


Ангеліна займаецца спортам не для таго, каб быць «вышэй, хутчэй, мацней», а для свайго здароўя і – што ўжо там хітраваць! – для прыгажосці.

– Работа ў мяне такая! – тлумачыць неабходнасць заняткаў спор­там Ангеліна. – Я ўдзельнічаю ў здым­ках астравецкай тэлепраграмы і павін­на выглядаць адпаведна.

Займацца спортам, каб быць заўсёды ў форме, дзяўчына пачала яшчэ ў Гродне, калі вучылася ва ўніверсітэце. Прыехаўшы на работу ў Астравец, прадоўжыла гэтую справу. 

– Цяпер у нас для занят­каў спортам магчы­масці неабмежаваныя, – не можа нарадавацца Анге­ліна. – Хочаш – ідзі ў басейн, хочаш –  на трэнажоры, хочаш – на сілавыя практыкаванні. І трэнеры талковыя. Толькі не ляжы на канапе, займіся хоць чым-небудзь!

Ангеліна займаецца адразу ўсім шэсць дзён на тыдні – бегае, ходзіць у басейн, трэнажорную залу, на сілавыя трэнажоры. Адзін дзень пакідае на выхадны. 

Але спорт – не адзінае захапленне нашай радыё- і тэлевядучай. Яшчэ Ангеліна  збірае… моры! У калекцыі іх ужо пяць: Балтыйскае, Чорнае, Чырвонае, Міжземнаморскае і Паўднёва-Кітайскае – не так і мала, калі ўлічыць юны ўзрост дзяўчыны і тое, што Беларусь – сухапутная краіна.

– Мне падабаецца падарожнічаць,  расказвае Ангеліна. – Як мінімум два разы на год стараюся выбрацца ў вандроўку. Пабывала ў Турцыі, Егіпце, В’етнаме, Крыме, Прыбалтыцы, на Украіне. Прычым у вандроўках мяне вабіць не толькі адпачынак, але і знаёмства з культурай, гісторыяй, краін дзе даводзіцца бываць, укладаў жыцця мясцовых жыхароў.


Лайфхак ад Ангеліны

– Заняцца спортам няцяжка – цяжка не кінуць: у кожнага надыходзіць момант, калі надакучае, не хочацца і гэтак далей. Я б параіла ў такім выпадку проста змяніць род заняткаў: надакучыла зумба – ідзіце на трэнажоры; не атрымліваецца бегаць – запішы­цеся на фітнес. Галоўнае – не спыняцца!


Леанід Богдан, вадзіцель, гаспадар

Богдан Леонид.jpg



Леанід з кагорты тых цяпер ужо знікаючых мужчын – прабачце, прадстаўнікі моцнай паловы чалавецтва, але што ёсць, тое ёсць! – якія ўсё могуць, а галоўнае хочуць! – зрабіць сваімі рукамі. 

На пытанне, адкуль гэта ў яго, наш вадзіцель разводзіць рукамі:

– Бацькі навучылі… 

Хоць, канешне ж, не яны вучылі яго сучасным будаўнічым тэхналогіям. 

– Трэба было зрабіць грунтоўны рамонт у кватэры. Прапанаваў падзарабіць суседу, які займаўся гэтай справай, – расказвае мужчына пра свой першы вопыт. – Той прыйшоў, паглядзеў і сказаў: «Сам зробіш, не зломак». Нешта паказаў, падказаў, інструменты пазычыў… Я і зрабіў – і столь, і сцены, і паркетную падлогу. Не богі гаршчкі абпальваюць.

Потым папрасіў родзіча пакласці плітку – той адказаў прыкладна гэтак жа, як да гэтага сусед, і абмежаваўся кансультацыйнай дапамогай.

– Канешне ж, мая работа адрозні­ваецца ад таго, што зробіць майстар, – самакрытычна прызнае Леанід Іванавіч. – Але ж гэта для сябе, не на заказ, ніхто пазногцікам калупаць не будзе, брак шукаючы. А эканомія сямейнага бюджэту істотная. 

Але і наняты майстар не заўсёды зробіць лепш.

– Скажу, як ёсць: паленаваўся сам уставіць дзверы, падумаў, што спецыялісты зробяць лепш і хутчэй. То цяпер, як толькі іх адчыняю, успамінаю іх «добрым» словам – штодня ім, напэўна, ікаецца. Давядзецца, мусіць, перарабляць, – гаворыць мужчына.

Ёсць у доме Богданаў і самаробныя творы мастацтва – інакш не скажаш: драўляны столік, тэлефонная палічка.

Але цяпер, прызнаецца Леанід Іванавіч, на такія «подзвігі» імпэту не хапае.

Хоць ён прынцыпова не ходзіць на «халтуру», у крайнім выпадку можа нешта зрабіць для самых блізкіх, яго майстэрства запатрабавана ледзь не штодня: у гаспадарцы заўсёды нешта чакае прыкладання мужчынскіх рук. Ды і сыну, які нядаўна атрымаў кватэру, трэба дапамагчы  і навучыць.


Лайфхак ад Леаніда

– Каб нешта зрабіць прыгожа і якасна, патрэбен адпаведны інстру­мент. Гэта нашы бацькі абыхо­­­дзілі­ся малатком ды сякерай, сёння гэ­тага мала. 


Марына Мацкевіч, карэспандэнт, у творчым пошуку:

IMG_20200501_165439.jpg

– Баюся расчараваць, але няма ў мяне захапленняў – ва ўсякім разе, такіх, каб я магла падзяліцца лайфхакам ці карыснай парадай,  – папярэдзіла  Марына.

Хоць дзяўчына прызнаецца, што спрабавала займацца многім – і з уласцівай ёй адказнасцю даводзіла пачатае да канца. Але прадоўжыць жадання не ўзнікала.

На пятым курсе ўніверсітэта, калі сяброўкі раптам дружна кінуліся ў вязанне, яна таксама вырашыла паспрабаваць – і звязала камізэльку. Памерала, зразумела, што насіць не будзе, распусціла, зрабіла з тых нітак пляменніцы шалік – на гэтым вязальныя эксперыменты скончыліся. 

З дзяцінства марыла вадзіць машыну – бацька ж шафёр! Навучылася, атрымала правы, купіла аўтамабіль – але знаходжанне за рулём для яе больш неабходнасць, чым адпачынак.

Неяк захапілася гладыёлусамі, на падворку каля бацькоўскай хаты развяла цэлую плантацыю. Але ездзіць за 50 кіламетраў любавацца кветкамі – дарагое задавальненне.

– У школе любіла маляваць, – успамінае Марына. – Ну якія там малюнкі – калякі-малякі, але імі былі «ўпрыгожаны» ўсе мае сшыткі, а затым і канспекты. Нядаўна на дзень нараджэння мне падарылі карціну, якую трэба размалёўваць па нумарах. Спадабалася! Цяпер вечары праводжу за гэтым заняткам – закончу, вядома ж, раз пачала. Толькі не ўпэўнена, што мне захочацца размаляваць яшчэ адну.

Але ж павінна быць у чалавека нешта для душы, для адпачынку?!

– Адпачываю я па-рознаму, – гаворыць дзяўчына. – Слухаю музыку, гуляю, сустракаюся з сябрамі. А для душы – хутар Барок, дзе жывуць бацькі, брат і куды пры найменшай магчымасці імкнецца сястра з сям’ёй; дзе знаёма кожная сцежка і кожная трэшчынка ў падлозе роднага дома. Я ведаю, што там мяне любяць і заўсёды чакаюць, прымуць у горы і ў радасці, зразумеюць, суцешаць, падтрымаюць. І там я магу зноў стаць маленькай бесклапотнай дзяўчынкай…

Ніна Рыбіккарэспандэнт, – усяго патроху

Рыбік Ніна Для розуму і для душы -- інтэлектуальныя гульні.jpg

Працуючы над праектам «Ні слова пра работу», я ў чарговы раз зразумела, што распытваць іншых лягчэй, чым напісаць пра сябе…

Так, што ж у мяне з захапленняў? Калі б не назва рубрыкі, я б, не крывячы душой, сказала, што маё захапленне – работа. Але ж умова – пра яе ні слова…

Вандроўкі? Так, падарожнічаю па меры магчымасці – але пра ўражанні ад большасці маіх далёкіх і блізкіх вандровак можна было пачытаць на старонках «Астравецкай праўды». 

Вязанне? Сапраўды, займаюся гэтай справай гадоў з дзесяці і да сённяшняга часу. Найбольш плённымі для рукадзелля былі некалькі апошніх гадоў работы на рэдактарскай пасадзе, калі зрабіла для сябе адкрыццё, што вязаць можна і ў машыне. Нават «ідэю фікс» – вязанае паліто – гады за паўтара паездак у Мінск і Гродна агорала, цяпер раз ці два за сезон «выгульваю» яго для павышэння сваёй самаацэнкі. Але цудоўна разумею, што ў гэтай справе не дасягнула таго ўзроўню майстэрства, каб раздаваць лайфхакі.

Можна ўспомніць не такі далёкі час, калі мы з яшчэ пяццю не­раў­на­душнымі жан­чы­намі ства­рылі самадзей­ны «тэатр аднаго спек­так­ля» і нават сталі «народнымі ар­тысткамі Астравеччыны» – але гэта, падобна, ужо ў міну­лым.

Што ж застаецца? Інтэлек­туальныя гульні?  Бадай што спынімся на гэтым…

На «інтэлектуальную іголку» мяне «падса­дзілі» дзеці гадоў 15 таму: самі гулялі ў студэнцтве, потым неяк мы разам з’ездзілі ў Ашмяны на турнір – з таго ўсё і пачалося. Потым на інтэлектуальную ліхаманку захварэў тагачасны намеснік старшыні райвыканкама Віктар Свіла – пры падтрымцы райвыканкама мы і арганізавалі адзін турнір, другі, а потым – чэмпіянат, які сёлета, хочацца спадзявацца, усё ж пройдзе ў юбілейны, дзясяты раз.

Хоць я далёка не самы моцны ігрок у камандзе, але мне гэты занятак надзвычай падабаецца. І галоўнае тут нават не перамагаць і «яблыкі азарэння» ў канцы года атрымліваць. Самае прыемнае – той невытлумачальны драйв, калі невядома з якога смецця, што грувасціцца ў галаве, за хвіліну агульнага мазгавога штурму ўдаецца выцягнуць маленькі крышталік ісціны. Нават калі такі момант за ўсю гульню адзінкавы – ён усё роўна доўга грэе душу. Цяпер, калі з-за пандэміі каронавіруса раённы чэмпіянат прыпыніўся, мне гэтай інтэлектуальнай гімнастыкі вельмі не хапае. Спа­дзяюся, што не адной мне і неўзабаве мы зноў сустрэнемся на гульні. Шчыра: сумую…


Лайфхак ад Ніны

– У гэтай гульні няма сакрэтаў – часам і ўладальнікі крыштальных соў не адказваюць на самыя простыя пытанні. Але адну параду пачынаючым усё ж рызыкну даць: не маўчыце за гульнявым сталом, не бойцеся падацца неразумным! Нават калі версія, што прыйшла ў галаву, здаецца бязглуздай – магчыма, яна падштурхне некага да думкі ў правільным накірунку – і ў выніку ўсё ж выкрышталізуецца запаветная «Эўрыка!»

Подписывайтесь на телеграм-канал «Гродно Медиа Group» по короткой ссылке t.me/GrodnoMediaGroup.

Телеграм-канал «Гродно Медиа Group» – это ежедневные новости районов Гродненской области и города Гродно.




Текст: Нина Рыбик