Роздум з нагоды: за што і для чаго чалавецтву дадзена пандэмія

09:32 / 14.04.2020
598
4.jpgДнямі сустрэлася з даўняй знаёмай, у якой вучуся мудрасці, стойкасці, аптымізму, любові да людзей, веры ў Бога і ў найвышэйшую справядлівасць. Людміла Валадзько даўно змагаецца са шматлікімі хваробамі, апошнім часам – з нясцерпным болем, але пры гэтым не пытаецца, за што ёй гэтыя пакуты. Жанчына ставіць пытанне па-іншаму: для чаго? І сваім паўсядзённым жыццём адказвае на яго: каб паслухаць аўдыёзапісы лепшых спектакляў Купалаўскага тэатра, на якія ў свой час не знайшла магчымасці з’ездзіць; пера­асэнсаваць евангельскія прытчы і зразумець іх простую мудрасць; давесці да ладу – хоць бы з дапамогай дачкі ці ўнучкі – свой архіў, які здаваўся справай другараднай – і разам з тым расказаць і паказаць ім тое, на што б яны раней не звярнулі ўвагі ці не ўспрынялі так, як сёння. 

Вяртаючыся з Падольцаў, я ўвесь час думала пра Людмілу Фабіянаўну і спрабавала адказаць сабе на яе пытанне: для чаго? Для чаго чалавецтву дадзена пандэмія каронавірусу?

…Адзін з адказаў знайшла праз пару дзён у «Фэйсбуку». Колішні рэдактар часопіса «Алеся» Тамара Бунта, якая, па яе словах, з тых «панікёраў», што самаізаляваліся, бо не хоча, каб у выпадку чаго яе папракнулі, маўляў, старая, а цягалася па вуліцах, пералічылі ўсе хваробы, ад якіх яна быццам бы пакутавала, дадалі, колькіх яна заразіла – і зрабілі не ахвярай, а вінаватай. І вось, знаходзячыся ў самаізаляцыі, Тамара ўспомніла, што даўно трэба прывесці ў парадак стары сямейны альбом – раней на гэта ўсё не ставала часу, і зрабіла карысную справу для сябе і нашчадкаў.

А другая знаёмая, сям’я якой апынулася на каранціне – муж на рабоце кантактаваў з кліентам, у якога затым выявілі каронавірус, – расказвала, што дзеці не праводзілі столькі часу з татам з самага свайго нара­джэння: яны гуляюць, чытаюць, нешта майструюць. «Хай бы гэта каранцін ніколі не заканчваўся!» – неяк, засынаючы, прамовіў са шчаслівай усмешкай іх сын.

– Я так баюся за маму, – плакала ў трубку сяброўка. – Я толькі цяпер зразумела, наколькі яна мне дарагая! Мне сорамна, што я некалі на яе пакрыквала, вучыла, як жыць, не вельмі часта прыязджала і званіла – мне ўсё не было калі. А зараз я не магу ўявіць, што яе раптам не стане… Не, я разумею, што яна не вечная, што некалі давядзецца развітвацца, але гатова зрабіць усё, каб гэтая хвіліна надышла як мага пазней! І каб той час, што ёй застаўся, яна пражыла годна і шчасліва – так, як заслужыла!

– Аказваецца, усе выхадныя дома – гэта не так ужо і дрэнна! – зрабіла нечаканую для сябе выснову калега, якая ўвесь час на бягу, на ляту. – Я столькі спраў перарабіла! І нават фільм паглядзела, пра які шмат чула і чытала. На наступных выхадных кніжку чытаць пачну, а то ўжо забылася, як гэта робіцца!

Беларуская расіянка Оля Рэбка падчас вымушанай самаізаляцыі вырашыла не толькі успомніць напаўзабытую французскую мову, на якой не гаварыла з часу заканчэння лінгвістычнага ўніверсітэта, але і дапамагчы дзецям, якія цяпер «ходзяць у школу ў інтэрнэце», з падрыхтоўкай хатніх заданняў па англійскай мове – вядома ж, бясплатна. А яшчэ праводзіць анлайн майстар-класы па вырабу народных лялек, пра якія ведае ўсё ці амаль што ўсё: і самой карысць, і людзям.

…За што і для чаго нам да­дзены каронавірус? Магчыма, чалавецтва зможа зразумець і асэнсаваць гэта пасля таго, як пандэмія закончыцца – некалі ж яна павінна закончыцца! І, напэўна, усе мы выйдзем з гэтага сусветнага выпрабавання іншымі – хацелася б спадзявацца, што лепшымі. 

Так, сёння на фоне трывожных звестак, якія прыходзяць з розных куткоў планеты, цяжка знайсці ва ўсеагульнай бядзе нешта добрае. Але станоўчыя моманты ёсць – бо ў кожнага медаля, як вядома, два бакі.  Маладыя бацькі навучыліся размаўляць з дзецьмі, дарослыя дзеці ўспомнілі пра старых бацькоў, мы вярнуліся да добрых фільмаў і кніг, узгадалі, што значыць слова «рукадзелле»…

А яшчэ прыходзяць паведамленні аб глабальных зменах экасістэмы планеты: ачысціліся венецыянскія каналы, зніклі аўтамабільныя пробкі на вуліцах мегаполісаў, зменшыліся шкодныя выкіды ў атмасферу…

Часам, каб зразумець, «камо грядеши» – куды ідзеш, і не толькі ты сам, а ўсё чалавецтва, трэба спыніцца – усім і кожнаму: перадыхнуць, агледзецца, падумаць…

Канешне, хацелася б, каб пераасэнсаванне гэтае адбывалася менш балюча і не так трагічна.

Але тут ужо напрошваецца другое пытанне: за што?..

Текст: Нина Рыбик
Оставить комментарий
Текст сообщения*
Защита от автоматических сообщений