Велікодныя традыцыі ўзгадалі вяскоўцы

11:27 / 10.04.2020
У нашай памяці адкладваюцца самыя яскравыя моманты дзяцінства, якія ўразілі альбо па якіх мы сумуем у дарослым жыцці. Яны застаюцца з чалавекам на ўсё жыццё і цешаць сэрца, хоць на нейкі час вяртаючы нас у мінулае.

Пра дзіцячыя ўспаміны святкавання Вялікадня расказалі «раёнцы» жыхары Астравеччыны.

Гэлена Бараноўская (ураджэнка вёскі Палестыны):

IMG_4417.jpg



– Яйкі фарбавалі шалупіннем ад цыбулі, я і цяпер так раблю. Вельканца дзецьмі не маглі дачакацца, каб па яйкі схадзіць. Раніцай ехалі да касцёла ў Міхалішкі, ксёндз асвячаў ежу, прыязджалі дахаты, накрывалі вялікі стол – і сядалі частавацца. Адразу «свянцонку» елі, потым толькі іншыя стравы. А затым дзеці з вёскі ра­зам сабяруцца, кожны з кошычкам – і пайшлі. Вершы абавязкова расказвалі, калі ў жакі прыходзілі. 

Я малы жачэк, я коробачэк,
В школэ не бывалэм, розгі не відзялэм,
Розга зелёна, джэва ломёна,
Малыя дзяткі збіралі квяткі,
На дрозе стоялі, Пана Езуса віталі,
Пан Езус маленькі, з чыстай Паненкі,
Рэнцэ подношэ, злоцогнэго прошэ.
Прошэ даць, не жаловаць, 
Жэбы было за цо подзеньковаць,
Пану Езусу злота корона, а мне яйка чырвона.

IMG_4392.jpg



У біткі гулялі. Прыйдзем дахаты і давай выпрабоўваць, чыё яйка мацнейшае. 

А пад вечар сабіраліся гуртом – і малыя, і дарослыя, хадзілі, стукалі ў вокны і спявалі валынкі: «Добры вечар паненэчка, проша отвожыць акенэчка. Чэму в окна не выглёндаж, нехтэн прыйдзе, кого жондаж…» І тады выхадзілі хазяіны і давалі нам яйкі, бутэльку, булкі – хто што. А тады збіраліся ў чыёй-небудзь хаце і частаваліся заробленым.

Вольга Памецька (ураджэнка вёскі Мацканы):

IMG_4395.jpg



– Хату прыбіралі да суботы, а ў суботу раніцай фарбавалі яйкі і гатавалі стравы да святочнага стала. Для «свянцонкі» складалі яйкі, адваранае мяса, пальцам пханую каўбасу, самаробны клінковы сыр, масла, соль, хлеб і булкі – іх вялікімі мама пекла. І неслі ў гэты ж дзень асвячаць. Потым вечарам адпраўляліся на вячэрнюю імшу і ў нядзелю раніцай ішлі на шэсць гадзін. Хадзілі ў астравецкі касцёл, а бабунька ў сольскі любіла ездзіць. 

Мы, дзеці, не маглі дачакацца, каб хутчэй сесці за стол і ўзяць чырвонае яйко. А як сядзелі ў хаце, калі ў касцёл нас раніцай не ўзялі, то ўсё паглядалі на гару, адкуль ішла дарога: дзе ж тая мама? 

Нас у бацькоў пяцёра. Помню, адразу за сталом сваімі яйкамі пераб’ёмся, а тады ў жакі ідзём. Дзяцей у вёсцы было няшмат, сабіраліся разам – спачатку па Мацканах пройдзем, а потым у Ізабеліна завітаем, у хаты, што бліжэй да маста. Гаспадарам  расказвалі вершык «Я маленькі жачок, паўзу, як рачок, прыгаю, як жабка, дай яечка, бабка. … Не дасі кока – выкалю вока, не дасі яечка – здохне авечка». Праўда, хадзілі мы не столькі па тое яечка, а каб цукерак набраць, прысмакаў якіх.  Калі ж прапаноўвалі яйка – то выбіралі харашэйшае. Прыйшоўшы дахаты, цукеркі з’ядалі, а яйкі не – наеўшыся былі. (Смяецца.) Гадоў да дзесяці ў жакі хадзілі, а потым ужо стыдаліся – вялікія ж, толькі калі малое якое трэба павадзіць, то ішлі.

Гулялі ў біткі: заціскалі ў руцэ яйка і ўдаралі адно аб адно – чыё трэснула, той прайграў і аддаваў сваё яйка пераможцу. Альбо па-іншаму: бралі палову драўлянага кола з жалабком унутры і адначасова з двух канцоў адпускалі яйкі – чыё паб’ецца, той прайграў.   А яшчэ каталі яйкі па нахіленай шыферыне: кожны са сваёй «дарожкі» адпускаў яйка – выйграваў той, чыё далей пакацілася.


ЦІКАВА ВЕДАЦЬ

Слова «жак» мае некалькі значэнняў: рыбалоўная прылада ў выглядзе плеценага мяшка на абручах; так называлі вучня каталіцкай школы  альбо студэнта. А паводле слоўніка У. Даля, гэтае слова азначала «нарасхват»: узяць нешта на жак – гэта расхапаць.

Ганна Слычко (ураджэнка вёскі Быстрыцы):

IMG_4399.jpg



– Колькі чалавек у сям’і, столькі і яек свенцілі. Велікодны снядак пачынаўся з яйка – спачатку стукаліся імі, аблуплівалі і елі. Потым абавязкова бралі па кавалачку іншай асвечанай ежы, а тады ўжо ўсё астатняе. 

Пасля святочнага сняданку дзеці бралі ў хаце яйкі – каму колькі дазволілі, сабіраліся разам і ішлі на ўскраек вёскі, у бок Петраполя, там была вялікая гара – яна Быстрыцкай называлася. І з яе качалі яйкі – чыё далей адкоціцца, той выйграў. Але галоўнай умовай было, каб яно не пабілася – бітыя ў гульні не ўдзельнічалі! Потым спускаліся ўніз, збіралі яйкі – і ізноў пускалі з гары. І так каталі, аж пакуль не заставалася адно цэлае – яго ўладальнік лічыўся пераможцам.

Старэйшыя вучылі гуляць меншых. Дружна было, весела.

Рэгіна Шасцялінская (ураджэнка вёскі Керэлі):

IMG_4401.jpg



– Хадзілі ў жакі. І цяперака ходзяць, вершыкі расказваюць.

Ішлі з кошычкамі. Не да ўсіх заходзілі – бывала, і не прымалі, а каторыя, наадварот, прасілі, каб зайшлі. Мы заходзілі ў хаты, казалі пахвалёнку «Нех бэндзе пахвалёны Езус Хрыстус» – нам адкажуць і дадуць яйкаў ці канфету, ці яшчэ чаго – хто што меў, тое і даваў. 

І песні валачобныя спявалі. Я гадоў 14 мела, дык мы з дзяўчатамі збіраліся сваім колэчкам вечарам Вельканоцы, хадзілі па вёсцы і пад вокнамі дамоў спявалі «Алялюю» па-польску, са спеўніка яе некалі перапісала. Пачынаецца яна такімі словамі:

Вэсолы нам дзень дзісь настал,
Ктурэго з нас кажды жондал:
Тэго дня Хрыстус змартвыхстал,
Алелюя, алелюя!..
… А гды Хрыстус Пан змартвыхвстал,
Мілосьніком сень показал,
Анёлы да Маткі послал,
Алелюя, алелюя!..

IMG_4441.jpg



Там аж 17 слупкоў. У апошнім спяваецца:

…Пшэз Твэ свентэ Змартвыхвстане,
Дай нам гжэхув отпушчэне,
А потым вечнэ збавенне!
Алелюя, алелюя!

За спевы нас частавалі. 


ЦІКАВА ВЕДАЦЬ

Валачобнік – песеннік, які ходзіць на Вялікдзень па дварах з віншавальнымі песнямі.

IMG_4386.jpg




Калі я рыхтавала матэрыял  пра Ізабелінскі клуб («АП», №8 за 31.01. 2020), на вочы трапіліся нататкі валачобных прывітанняў і велікодныя песні фальклорнага аб’яднання «Папрадухі». Не мог гэты гурт абмінуць такое важнае для народа свята – і ладзіліся ў вёсцы канцэрты, і, бачна, не абміналі хат валачобнікі.

На Вялікадня да на першы дзень
Чырвоны цвет на ўвесь свет!
Валачоўнікі сабіраліся,
Сабіраліся й ракаваліся.
Пайшлі яны дарогаю, 
Усё дарогаю, усё шырокаю,
Сустрэлі ж яны Госпада Бога:
– Госпадзі Божа, укажы нам дарожку:
Куды ж нам пайсці, 
куды ж нам зайсці…

Зайшоўшы ў двор, нараспеў пыталіся: 

«Гаспадарочак, слушны паночак,
Ой ці спіш ты, ці адпачываеш,
Ці валачобнікаў дажыдаеш?». 

І расказвалі, што яны – госці недакучлівыя, ходзяць толькі раз у год, каб песні паспяваць ды люд павіншаваць. Віталі асобна кожнага члена сям’і, жадалі дабрабыту і шчаслівай долі, а потым прасілі аддзячыць: 

«Нашым братцам сорак яек,
Сорак не сорак, пяцьдзясят – да мала,
Пяцьдзясят да мала, каб усім стала.
Бутэльку гарэлкі, сыр на тарэлкі,
Палажы кладку, зазаві ў хатку».

Мяркую, для некага гэта бу­дзе таксама яркім успамінам з дзяцінства.


Памятаць і зберагаць традыцыі вельмі важна. Але ў сённяшняй няпростай сітуацыі з распаўсюджваннем пандэміі не трэба забывацца на ўласную бяспеку і бяспеку тых, хто з намі побач.  Лепш перасцеражыцеся, адмоўцеся сёлета ад некаторых традыцый святкавання Вялікадня, прытрымлівайцеся мераў перасцярогі.

Будзьце пільнымі да свайго здароўя, каб было каму захоўваць спадчыну!



Подписывайтесь на телеграм-канал «Гродно Медиа Group» по короткой ссылке t.me/GrodnoMediaGroup.

Телеграм-канал «Гродно Медиа Group» – это ежедневные новости районов Гродненской области и города Гродно.


Текст:
Фото: Рита Дремо