Да 90-годдзя Уладзіміра Караткевіча дзеці пісалі замалёўкі

15:09 / 03.04.2020
445
Пераможцамі абласнога этапу рэспубліканскага інтэрнэт-кон­курсу літаратурных работ «Зямля пад белымі крыламі», які прысвячаўся 90-гадоваму юбілею Уладзіміра Караткевіча, сталі дзве школьніцы з нашага раёна.

Аляксандра Старцава з гімназіі №1 і Яна Алёкса з Гудагайскай СШ удзель­нічалі ў намі­на­цыі «Лепшы празаічны твор». 

1111.jpg

Аляксандра Старцава


Гімназістка падала на конкурс сачыненне пра падарожжа пісьменніка ў будучыню: з 80-х гадоў мінулага стагоддзя Ка­раткевіч трапіў у 2019-ы – на фестываль «Галь­шанскі замак»,  а экс­курсаводам па буду­чыні ў яго была са­ма Аляксандра. 

Гудагайская дзяў­чын­ка расказала пра сяброў­ст­ва Ула­­дзі­міра Карат­­ке­­­ві­ча і нашага зем­­ляка, вядомага беларускага пісь­мен­ніка, прафесара Адама Мальдзіса.

Работы абедзвюх дзяў­чынак занялі першае месца сярод удзельнікаў узроставай катэ­горыі 14-18 гадоў і будуць удзель­нічаць у апошнім – рэс­публіканскім – этапе.  


Давайце падтрымаем!

Да 10 красавіка на сайце Нацыянальнага цэнтра мастацкай творчасці можна прагаласаваць за творчыя работы Аляксандры і Яны.


Дзіўнае падарожжа пісьменніка Караткевіча 

Канец 80-х гадоў 20 стагоддзя… Вядомы беларускі пісьменнік Уладзімір Караткевіч у пошуках натхнення прыехаў у цікавае месца гістарычнай Ашмяншчыны – Гальшаны. Ужо не першы год розум Уладзіміра Сямёнавіча ахутаны ідэяй стварыць незвычайны раман пра сувязь эпох, дзіўныя прыгоды, здрадніцтва і гонар, рэальнасць і містыку.

Паездка да Гальшан была даволі працяглай, таму да руін Альшанскага замка пісьменнік падыходзіў, калі ярка-пунсовае сонца ўжо апускалася да небасхілу. Рэшткі замка загадкава ўзвышаліся на фоне каляровага неба, і цень ад невысокіх руін, рассцілаючыся па зямлі, надаваў ім незвычайную веліч і таямнічасць. Але гэта не спыніла дапытлівага пісьменніка, і з азартам Індыяны Джонса ён, нібыта у пошуках духоўнага скарбу, рушыў за сцены замка, прыслухоўваючыся да патаемных галасоў, замураваных у іх. І першы ж крок паказаў У.Караткевічу ўсю рызыкоўнасць яго ідэі: зямля нібыта сышла з-пад ног, і пісьменнік пакаціўся ў таемную імглу, не разумеючы, што здарылася, і страціў прытомнасць.

Калі Караткевіч ачуўся, сонца ўжо прыпякала, ясны светлы дзень быў напоўнены мноствам узбуджаных галасоў, гукамі незвычайнай, нібы сярэдневяковай, музыкі, бразганнем жалеза і іржаннем коней. Свядомасць паступова вярталася да пісьменніка, але ўсведамленне таго, што адбываецца, яшчэ ніяк не наступала. Уладзімір Сямёнавіч падняўся, азірнуўся, і тое, што ён убачыў, ніяк не тлумачыла яму, ні дзе ён апынуўся, ні што адбываецца навокал. Усюды хадзілі людзі ў сярэдневяковым адзенні: рыцары, шуты, каралі і каралевы, вершнікі з коп’ямі наперавес, музыканты з дудамі і жалейкамі. А сярод іх нібыта сучасная моладзь з нейкімі плоскімі і невядомымі прадметамі на доўгіх палках у руках. Усе радасна фатаграфаваліся з гэтымі персанажамі. Пісьменнік пачаў здагадвацца, што трапіў на нейкі гістарычны фестываль, але «сучаснікі» неяк адрозніваліся ад тых, каго ён прывык бачыць навокал кожны дзень. Уладзімір Сямёнавіч рушыў да натоўпу, прыжмурваючы вочы ад яркага сонечнага святла.

– Глядзіце, як на Караткевіча падобны! Пайшлі сфатаграфуемся! – дзяўчына год чатырнаццаці, усміхаючыся, падышла з сябрамі да здзіўленага і крыху збянтэжанага пісьменніка. – Вам ніхто не казаў, што вы да Караткевіча падобныя? Ведаеце, хто гэта?

– Трошкі ведаю, у люстэрку перыядычна назіраю… – з доляй разгубленасці адказаў Уладзімір Сямёнавіч, уважліва аглядаючы панараму і маладых асоб, якія сабраліся вакол яго.

– Вы, пэўна, яго сын ці ўнук? – пацікавіўся адзін з хлопцаў.

– А чаму сын? Ці ўнук? Можа, я ён і ёсць! – адказаў пісьменнік.

– Такога не можа быць! – засмяяўся хлопец. – Вы жартуеце!

– Усё можа быць… Скажыце, даражэнькія, які сёння дзень? – спытаў Уладзімір Сямёнавіч, чым выклікаў здзіўлены гул моладзі.

– Чаго вы так, спадар Караткевіч? – усміхнулася дзяўчына і, заўважыўшы шчырую разрубленасць суразмоўцы, больш сур’ёзна дадала: – Субота. Васямнаццатага мая, дзевятнаццаты год… дзве тысячы дзевятнаццаты.

Як ні дзіўна, сказанае дзяўчынай не столькі ўразіла, колькі захапіла пісьменніка. Столькі разоў ён прыпадымаў заслону мінулага, заглядваў у былыя стагоддзі ў пошуках цікавых сюжэтаў для натхнення. І вось нейкія няведамыя сілы адправілі яго ў будучыню, не надта далёкую, але безумоўна цікавую. Жаданне пазнаць хоць бы маленькую толіку гэтай будучыні ўзяло верх над страхам. «Гэта толькі сон», – разважаў падарожнік.

– А што гэта за дзейства тут адбываецца? Так многа моладзі… – пісьменнік з цікаўнасцю азіраўся навокал.

– Гэта ў нас фестываль «Гальшанскі замак». Мы з сябрамі з Астраўца, заўсёды сюды прыязджаем, ніводнага фэсту не прапусцілі, – усміхнулася дзяўчына.

– І вас, моладзь, сапраўды цікавіць гісторыя Беларусі, яе самабытнасць, традыцыі, звычаі, танцы вось гэтыя, пад дуды і жалейкі? Няўжо няма больш цікавых, сучасных, заняткаў?

– Чаму няма? Шмат чаго ёсць. Вось сёння пад Астраўцом праходзяць «аўтабаі», многія мае знаёмыя туды падаліся. Кожны можа знайсці сабе занятак па душы… Большасць, праўда, у стратэгіі на гаджэтах рубіцца… – чамусьці сумна адказала дзяўчына.

– Не зусім зразумеў… – пачаў пісьменнік, але спыніўся. У сваім часе, ён, здаецца, добра разумеў моладзь, а тут, пэўна, усё па-іншаму (тэхнічны прагрэс) можа быць, ужо аўтамабілі па паветры рухаюцца, робаты ўсюды працуюць. Трэба пра ўсё гэта запытацца!

– А што тут разумець! – перабіла яго разважанні дзяўчына. – Я часта пытаюся ў аднакласнікаў, што вам даюць гэтыя камп’ютарныя сімуляцыі несапраўдных гісторый, выдуманых фэнтэзі-сусветаў, Вестэросы ўсякія? Навошта выдумваць, калі вось яна, вось сапраўдная наша гісторыя, багатая, цікавая, містычная, і яна і цяпер ствараецца. Тое, што мы робім тут, – гэта самае сапраўднае стварэнне гісторыі, не сімуляцыя. Паглядзіце, ну хіба гэта не сувязь эпох?

Караткевіч не паспеў нічога адказаць, як дзяўчына схапіла яго за руку і прывяла да вялізнага іпадрома.

– Конны турнір – неад’емная частка гістарычнага фэсту. Зараз ужо за агароджай удзельнікі конна-гістарычнага клуба «Залатая шпора» будуць інсцэнаваць Бітву на Сініх водах… Я пабуду вашым экскурсаводам, дазвольце?

Уладзімір Сямёнавіч толькі кіўнуў. Перад ім адкрылася цудоўнае відовішча, ад якога немагчыма адарваць вачэй. Рыцары-вершнікі на цудоўных конях са сцягамі ў руках і гербамі на шчытах выстраіліся ў рады. Пікі і дзіды ззялі на сонцы…

– Літоўскі князь Альгерд, – голасам футбольнага каментатара пачала з незвычайным натхненнем і жэстыкуляцыяй юная спадарожніца, – убачыўшы, што татары гатовыя да бою, паставіў свае палкі ў лінію глыбокай абароны ў некалькі радоў, што не давала магчымасці варожай конніцы зайсці ў тыл. Лёгка адбіўшы націск татар, войскі Альгерда нанеслі ўдары ў цэнтры фронту і па флангах. Пасля нядоўгага бою супраціўленне татар было падаўлена. Спалоханыя татары пабеглі ў шырокія палі. Нашых вершнікаў не выбіць з сядла – наезнік і конь складаюць адзіную каманду.

– Ніколі яшчэ не чуў, каб лекцыі па гісторыі расказвалі так эмацыйна і з такім захапленнем.

– Вось аб чым я вам і кажу, – ад узбуджэння голас дзяўчыны перарываўся, – пакуль я ведаю нашу гісторыю, пакуль усе яны, хто тут сёння, і тыя, каго няма, ведаюць, памятаюць, шануюць гісторыю сваю, літаратуру, краіну, мову, мы існуем, ствараем будучыню.

– Супакойся, дзяўчына, – з пяшчотай сказаў Караткевіч, – я разумею цябе.

– Мяне Аляксандрай бацькі назвалі, але сябры клічуць Алесяй, мне так больш падабаецца.

– Ты заўсёды па-беларуску размаўляеш?

– Маці расказвала, што год дваццаць назад, калі нехта ў звычайным жыцці па-беларуску размаўляў, то ўсе дзівіліся, думалі, ці пісьменнік, ці настаўнік, – засмяялася Алеся.

– Няўжо? – недаверліва ўсміхнуўся Уладзімір Сямёнавіч.

– Спачатку мне прыкольна было гаварыць па-беларуску, а цяпер я гэтым ганаруся. Ганаруся тым, што ўсё часцей навокал чую родную мову.

Так, разважаючы пра моладь, культуру, гісторыю, Караткевіч і Алеся з сябрамі гулялі, назіралі за рыцарскімі турнірамі, спаборніцтвамі лучнікаў, урокамі старажытных танцаў і не заўважылі, што вечаровае сонца закончыла свой нябесны шлях.

– Ведаеце, а я шмат чытала твораў Караткевіча. Для мяне наогул ён найлепшы беларускі пісьменнік. Я, калі хачу пахваліць якогасьці пісьменніка, кажу: «Амаль як у Караткевіча».

– Сапраўды?

– Ну… Я гэта ў Андрэя Федарэнкі вычытала, вядомага сучаснага пісьменніка. Але я цалкам згодна з гэтым выразам. Для мяне Караткевіч – гэта ўзор якасці! – Алеся паглядзела на спадарожніка, і ў яе вачах ён убачыў столькі шчырасці, сапраўднасці, нейкай дарослай мудрасці…

– Алеся, ты цудоўная дзяўчына, ты, спадзяюся, не адна такая у тваім часе. Ну хоць бы таму, што твае сябры не пакінулі нас, і не проста слухаюць, а часам і ўступаюць у нашу гутарку, – пісьменнік прыязна акінуў позіркам купку дзяўчат і хлопцаў. Тыя ў адказ заўсміхаліся, сцвярджальна заківалі галовамі.

– Паверце, я не адна, нас многа, нас большасць, не сумнявайцеся. Але мне ўжо час адпраўляцца дамоў, бацькі паведамленнямі ўвесь Вайбер закідалі.

– Не буду нават пытацца, што гэта значыць, – усміхнуўся Караткевіч.

– Не пытайце, – засмяялася Алеся. – Бывайце, спадар Караткевіч.

Алеся пайшла, азіраючыся праз кожны крок, пакідаючы ў вечаровым змроку святло сваёй усмешкі.

Адзін з хлопцаў прыпыніўся, азірнуўшыся, весела выгукнуў:

– Вы – сапраўдны!

Караткевіч накіраваўся да руінаў. Цёмна-пунсовае сонца ўжо амаль схавалася за небасхілам. Рэшткі замка злавесна ўзвышаліся на фоне каляровага неба, і цені ад невялікіх руінаў, расцілаючыся па зямлі, надавалі ім незвычайную веліч і таямнічасць.

– Усё правільна. Я ўсё ў сваім жыцці раблю правільна… – сілуэт пісьменніка знік за сценамі замка Альшанскага.

Аляксандра СТАРЦАВА, гімназія №1 г. Астраўца



Сябры праз гады

Ведаеце, калі табе ў 7 гадоў нейкі стары дзядзька расказвае пра нейкага Караткевіча, то ты толькі ўсміхаешся і робіш выгляд, што табе цікава. А цяпер, калі табе 17 гадоў, сорамна не адказаць на пытанне: «Хто такі Уладзімір Караткевіч?» Бо гэты своеасаблівы, рамантычны пісьменік захопіць цябе ў палон, калі прачытаеш хоць адзін яго твор.

Пра знакамітага беларускага пісьменніка можна гаварыць доўга і безупынна: пра яго асабістае жыццё і творчы шлях, дасягненні ў беларускай літаратуры, жыццёвыя погляды. Але мне хочацца закрануць асабістую старонку яго жыцця: сяброўства з беларускім пісьменнікам і прафесарам Адамам Восіпавічам Мальдзісам. Дарэчы, я пляменніца апошняга і вельмі часта бываю ў яго ў гасцях у Мінску, а з Уладзімірам Караткевічам пазнаёмілася яшчэ ў дзяцінстве са слоў Адама Восіпавіча, які з вялікім натхненнем расказваў раней і расказвае зараз пра свайго слаўнага сябра Валодзю ды пра іх прыгоды. Вось і цяпер я са сваім дзядулем у вагоне цягніка «Гудагай - Мінск» у чаканні новай сустрэчы і цікавых гісторый пра сяброўства і не толькі…

Гэты тандэм вядомы кожнаму беларусу, але запомніўся ён сваім гумарам. Нават калі мы пачалі размову з Адамам Восіпавічам пра Караткевіча, на твары была ўсмешка. З вялікім задавальненнем ён расказваў пра іх «дзіцячыя гульні».

– Адам Восіпавіч, ці хацелі б вы вярнуць тыя часы, калі Уладзімір Караткевіч быў жывы? – спытала я ў прафесара. Той задумаўся і адвёў вочы ўбок.

– Ведаеш, прайшло ўжо больш за 30 гадоў з дня яго смерці, але ж той «гультай» быў як член нашай невялікай сям’і, а мне, увогуле, як родны брат, – адказаў Адам Восіпавіч. – Вось ёсць чалавек. Ён дорыць цеплыню, уносіць у жыццё свае правілы і жыве па іх. І вось няма чалавека. І цяпла няма, і ўсмешак няма, і няма тых жартаў.

Адам Восіпавіч змоўк. Паміж намі павісла цішыня. Напэўна, такія ўспаміны даюцца цяжка 87-гадоваму прафесару. У іх ён яшчэ малады і поўны сіл, а Караткевіч-такі ж самы «гультаюга».

Моўчкі мы прасядзелі хвіліны тры. Потым ён зноў загаварыў:

– Такога аўтара, як ён, трэба пашукаць і то, гэта дарэмная трата часу, бо такіх, як ён, болей няма, – пачаў прафесар. – Праўда, і цяпер ёсць аўтары, якія таксама заслугоўваюць славы і павагі. Але Валодзя меў своесаблівую любоў да беларускай літаратуры.

Сапраўды, такога аўтара ў беларускай літаратуры больш не будзе. Са слоў Адама Восіпавіча, шукаць, безумоўна, дарэмна. Але я і сама гэта ведаю. Часам здаецца, што ён адзіны пісьменнік, якому былі падуладныя ўсе жанры літаратуры: ад апавяданняў да раманаў і дэтэктываў. Напэўна, і не здаецца, а так яно і ёсць…

Адам Восіпавіч вельмі многа цёплых слоў адрасаваў свайму сябру Уладзіміру, нават называў яго «дзіця са стажам», бо калі ён быў у гасцях, то нават паветра ў кватэры напаўнялася смехам і жартамі. Але так часта, як бы ім не хацелася, збірацца не ўдавалася. Праца, праца і праца была на першым месцы.

Неяк я прачытала цікавую звестку з сяброўства Мальдзіса і Караткевіча пра нейкі «Журнал інвентарнага ўліку» і ўсё хацела спытаць прафесара, што гэта за журнал. На твары Адама Восіпавіча расцвіла ўсмешка, што прымусіла і нас усміхнуцца. Аказваецца, Караткевіч перакрэсліў гэту назву і напісаў сваёй рукой «Iнвентарная кнiга выпiтага». Казаў, што калі госці будуць прыходзіць – хай распісваюцца, малюнкі пакідаюць на памяць. Зараз гэты «шэдэўр» знаходзіцца ў Беларускім дзяржаўным архіве музея літаратуры і мастацтва.

У той дзень мы яшчэ доўга размаўлялі пра Караткевіча і не толькі. Закранулі тэмы сучаснай літаратуры, творчасць сучасных аўтараў. А затым наступіла нейкая паўза ў размове. Мальдзіс, памаўчаўшы, сказаў, што Уладзімір Караткевіч пакінуў вялікі адбітак у беларускай літаратуры. На жаль, лепшыя пакідаюць свет вельмі рана. А калі б Уладзімір жыў у наш час, то застаўся б такой жа птушкай з белымі крыламі, якая планіруе і планіруе па прасторах Беларусі і далёка за яе межамі.

Яна АЛЁКСА, Гудагайская сярэдняя школа


Подписывайтесь на телеграм-канал «Гродно Медиа Group» по короткой ссылке t.me/GrodnoMediaGroup.

Телеграм-канал «Гродно Медиа Group» – это ежедневные новости районов Гродненской области и города Гродно.

Текст: Рита Дремо
Оставить комментарий
Текст сообщения*
Защита от автоматических сообщений