Астраўчане за мяжой падчас пандэміі: што робяць, думаюць, адчуваюць

14:32 / 23.03.2020
724
Добра, што сучасныя тэхналогіі дазваляюць быць на сувязі з любой кропкай свету, дзе ёсць інтэрнэт. Надоечы патэлефанаваў стрыечны брат, памочнік капітана барка «Сядоў», які, вяртаючыся з Антарктыды, зайшоў для папаўнення запасаў у Кейптаўн, што ў Паўднёва-Афрыканскай Рэспубліцы. Не абышлося без прыгод: з-за сітуацыі з каронавірусам расійскаму ветразніку спачатку не дазвалялі ўвайсці ў порт – хоць без папаўнення запасаў паліва, прэснай вады і прадуктаў ён проста не можа далей працягваць кругасветнае падарожжа. І зараз з-за пандэміі вірусу загадзя распрацаваны і ўзгоднены маршрут круга­светнай экспедыцыі, у які адправіўся «Сядоў» напрыканцы мінулага года, знаходзіцца пад пагрозай зрыву.

Падумалася: а як там іншыя нашы суайчыннікі, што па розных прычынах знаходзяцца за мяжой? Мы звязаліся з некаторымі з іх і папрасілі расказаць пра сітуацыю з каронавірусам і абстаноўку, што пануе ў грамадстве.

Марыя ВАСІЛЁНАК – са Злучаных Штатаў Амерыкі:

– Паездка да сына і ўнучак была спланавана за некалькі месяцаў, загадзя куплены білеты, і ў панядзелак 9 сакавіка ў 14 гадзін я апынулася ў аэрапорце Далас, што ў Вашынгтоне. 

Нязвыклым было тое, што пагранічнікі сустракалі нас у мас­ках. Горад жа тады яшчэ жыў поўнавартасным жыццём. 

Усё змянілася праз некалькі дзён, калі прэзідэнт ЗША Дональд Трамп аб’явіў аб увядзенні надзвычайнага становішча ў краіне. У школах увялі чатырохтыднёвы каранцін. Цяпер у рускай школе ўнучка займаецца праз скайп, а ў асноўнай, англійскай, робіць тое, што бацькі палічаць патрэбным. 

Дарослыя працуюць дыстанцый­на – род іх заняткаў гэта дазваляе. 

Сын быў ашаломлены, калі ў першы вечар надзвычайнага становішча не змог купіць у блі­­жэйшай краме малака. У супер­маркетах такіх перабояў не назіралася, акрамя аднаго – не хапае... туалетнай паперы! Усім грамадзянам краіны рэкамендавана зрабіць двухтыднёвы запас самага неабходнага. 

Вуліцы Вашынгтона, куды сям’я ў першы выхадны пасля майго прыезду выбралася палюбавацца на квітнеючыя магноліі, здзівілі нешматлюднасцю, толькі сёй-той прагульваўся з дзецьмі і з сабакамі. На ўсіх музеях віселі аб’явы аб іх закрыцці. 

А вось людзей у масках адзінкі. З сынам зайшла ў карэйскую краму: пакупнікоў ня­шмат, прадаўцы на касах без масак, перад уваходам у магазін і каля кожнай касы –  дазатары з антысэптычнымі сродкамі. 

Вольга ЯХІМОВІЧ – з Егіпта:

– Сямейны адпачынак на Чырвоным моры мы спланавалі загадзя, вылет намячаўся 12 сакавіка. І хоць абстаноўка з каронавірусам была ўжо неспакойная, вырашылі не адмяняць паездку – цэлы год чакалі адпачынку.

Наш атэль знаходзіўся ў невялікім гарадку ў 60 кіла­метрах ад Хургады. Спачатку гэта здавалася мінусам, а потым стала плюсам. З тысячы людзей да канца адпачынку засталася, можа, сот­ка. Але гэта нас нават парадавала: удосталь купаліся, загаралі… 

Дамоў вярнуліся 22 сакавіка. Радзіма сустрэла нас насцярожана. Праўда, у аэрапорце Мінска тэсты ніхто не браў. Пацікавіліся толькі, ці былі мы ў апошнія два тыдні ў Кітаі і Італіі. Прапанавалі звярнуцца ў санітарны пакой, калі ёсць сімптомы захворвання.

Вярнуўшыся, вырашылі пабыць нейкі час дома. Мужу патэ­лефанавалі з работы і сказалі ўзяць адпачынак без захавання зарплаты, я працую на сябе, таму таксама планую адмяніць папярэднія дамоўленасці з кліен­тамі. Дзяцей у школу і садок не пусціла. Хоць адчуваем мы сябе нармальна, ніякіх сімптомаў няма.

Алена РЫБІК – з Вялікабрытаніі:

– Я жыву і працую ў Лондане. Сітуацыя з каронавірусам у Вялікабрытаніі складаная: на 21 сакавіка 4 072 захварэлых, 177 памерлых. З панядзелка закрытыя школы і дзіцячыя садкі, выключэнне толькі для дзяцей работнікаў сацыяльна неабходных прафесій: медыцына, паліцыя, пошта і г.д. У каго ёсць магчымасць, працуюць дыстанцыйна – мы з мужам у тым ліку. Дзень строга размеркаваны: спачатку адзін займаецца рабочымі пытаннямі, а другі – сынам, потым – наадварот. Але кіраўніцтва з разуменнем адносіцца да таго, што ў нара­дзе нехта ўдзельнічае з дзіцем на руках ці вымушаны адарвацца, каб памяняць малому памперс. 

Урад просіць не выходзіць на вуліцу без самай неабходнай патрэбы і захоўваць дыстанцыю ў адзін метр паміж людзьмі. Зай­мацца спортам на вуліцы, гуляць  з сабакамі і дзецьмі можна і трэба. У абедзенны перапынак я выходжу на прабежку ў суседні парк – праветрыць галаву. Пажылых заклікаюць не выходзіць увогуле, ім дапамагаюць валанцёры, суседзі і проста неабыякавыя людзі.

1.jpg

Вуліца ў цэнтры Лондана побач з папулярным турыстычным месцам Ковэнт Гардэн. Звычайна тут сотні людзей



Раздражняе толькі ажыятажны попыт на тавары першай неабходнасці. Нават не ведаю, ці было калі такое ў Лондане, каб паліцы ў магазінах былі абсалютна пустыя. Нешта падобнае на наш дэфіцыт у пачатку 90-х. І хоць урад запэўнівае, што прадуктаў харчавання ў краіне дастаткова, запасаў хопіць не на адзін год, кожную раніцу перад адкрыццём магазіна ля дзвярэй стаіць натоўп, за першыя гадзіны з паліц змятаецца ўсё, асабліва з доўгімі тэрмінамі захоўвання – крупы, кансервы, алей, туалетная папера…  Нібыта людзі збіраюцца жыць на асадным становішчы гадамі! У найгоршым становішчы тыя, хто працуе, – вечарам яны не могуць нічога купіць. Некаторыя магазіны ўвялі правіла першай гадзіны: адразу пасля адкрыцця абслугоўваюцца найменш абароненыя слаі насельніцтва – пажылыя, цяжарныя, бацькі з малымі дзецьмі, працуючыя.

Вялікія страты нясе эка­номіка, асабліва турыстычны, забаўляльны, рэстаранны бізнес – супрацоўнікаў звальняюць у адзін дзень. У пятніцу ўрад аб'я­віў, што калі ўладальнікі захаваюць рабочыя месцы, ім кампенсуецца да 80 працэнтаў зарплаты работнікаў на працягу трох месяцаў – спадзяюся, што гэта хоць трохі спыніць абвал эканомікі. Большасць людзей не баяцца захварэць, яны баяцца застацца без працы. 

Цяжка сказаць, колькі ўсё гэта прадоўжыцца, якімі будуць эканамічныя наступствы пандэміі і калі будзе пераадолены гэты крызіс. 

Мікалай КІШКЕЛЬ – з Літвы:

– Я працую вадзіцелем на міжнародных перавозках шмат гадоў. Звычайна мы загружаемся ў Літве і вязём груз у Расію праз Беларусь. Зараз чакаю пагрузкі. Так, ведаю, што Літва і Расія закрылі граніцы, але на вадзіцеляў-міжнароднікаў гэта  не распаўсюджваецца. Так што, спадзяюся, і гэты рэйс пройдзе ў штатным рэжыме. 

2.jpg



Хоць пэўныя меры бяспекі ў  сувязі з каронавірусам у Літве прыняты: на пагрузцы ўсе працуюць у масках, хоць увогуле лю­дзей з закрытымі тварамі на вуліцах няшмат. У вялікіх супермаркетах не быў, але ў нашым бліжэйшым магазіне ажыятажу не назіраецца, усё неабходнае ёсць. 

Для людзей, што прыехалі з-за мяжы, прадугледжаны двухтыднёвы каранцін – за гэты час аплачваецца бальнічны ліст. Калі ж нехта паспрабуе ўтаіць падобны факт, ці, таго горш, сваімі паводзінамі паспрыяе заражэнню іншага чалавека, то адказнасць прадугледжана больш строгая – наколькі я ведаю, нават да крымінальнай. Напэўна, гэта правільна: кожны павінен адказна ставіцца не толькі да свайго здароўя, але і берагчы тых, хто  побач. 



Подписывайтесь на телеграм-канал «Гродно Медиа Group» по короткой ссылке t.me/GrodnoMediaGroup.

Телеграм-канал «Гродно Медиа Group» – это ежедневные новости районов Гродненской области и города Гродно.

Текст: Нина Рыбик
Оставить комментарий
Текст сообщения*
Защита от автоматических сообщений