Не так страшен вирус, как паника вокруг него

10:13 / 10.02.2020
Самая папулярная тэма апошніх дзён, без якой не абыходзіцца ніводзін выпуск навін, – эпідэмія, выкліканая каранарным вірусам у Кітаі. Здаецца, жыхара любой краіны свету – прынамсі, тых з іх, у каго ёсць тэлевізар ці інтэрнэт – падымі сярод ночы, спытай – і ён без запінкі адкажа, колькі ў Паднябеснай захварэўшых, колькі загінула, колькі вылечылася, у якія краіны ўжо прыйшоў вірус… 

Але хутчэй, чым каранарны вірус, распаўсю­джваецца – трэба сказаць, што не без падтрымкі падкага на сенсацыі нашага брата-журналіста – іншая, больш небяспечная эпідэмія  – страху. Дайшло да таго, што «сарафаннае радыё» папярэджвае: не купляйце бананы, асабліва вырашчаныя на поўдні – там можа быць вірус! Няйнакш як гэты фэйк запусцілі экспарцёры апельсінаў…

У Беларусі пакуль няма ніводнага захварэўшага. З падазрэннем на каранавірус была шпіталізавана адна дзяўчына, што прыехала з Кітая, але неўзабаве аказалася, што ў яе банальная прастуда, і пацыентку хутка выпісалі. Але атрымалася, як у тым анекдоце пра прапаўшыя лыжачкі: факт не пацвердзіўся – а асадак застаўся!

І вось ужо талерантныя беларусы падпісваюць адозвы з патрабаваннем забараніць уезд у краіну кітайскім студэнтам, аргументуючы свае эгаістычныя страхі ні многа, ні мала – дзяржаўнымі інтарэсамі: маўляў, яны ўяўляюць сур’ёзную пагрозу нацыянальнай бяспецы: а раптам прывязуць да нас вірус?

Картинки по запросу "коронавирус китайцы"



Знаёмая ў Фэйсбуку расказвае, як сустрэла ў Мінску на вуліцы траіх кітайскіх хлопцаў, ад якіх прахожыя шарахаліся, як ад пракажоных. Магчыма, яны увогуле не былі на радзіме ў апошні час, а калі былі, то, пэўна ж, вяртаючыся, прайшлі самы пільны медыцынскі кантроль, але ж яны – кітайцы, і для напалоханых звесткамі пра каранарны вірус ужо толькі з-за разрэзу вачэй і колеру скуры з’яўляюцца патэнцыяльна небяспечнымі!

А ў каментарыях да гэтага посту маёй знаёмай разгарнулася завочная траўля экіпажу, які дастаўляў гуманітарны груз Рэспублікі Беларусь у Кітай: маўляў: вось яны вернуцца, прыйдуць дахаты – а ў іх жа дзеці! Якія ходзяць у школы і дзіцячыя садкі – у тыя ж, што і НАШЫ… Уяўляю, што давядзецца вытрымаць дзецям тых членаў экіпажу…

Я шчыра спачуваю і незнаёмым кітайскім хлопцам, і дзецям беларускіх лётчыкаў, і увогуле – усім, хто стаў бязвіннай ахвярай той эпідэміі страху, якая ў апошнія дні захліснула свет. Можа, таму, што ў свой час сама, як і мае землякі, была яе ахвярай. У 1986 годзе, калі з забруджаных пасля Чарнобыльскай аварыі раёнаў вывозілі ў летнікі і санаторыі дзяцей, асабліва асцярожныя сустракалі іх у касцюмах хімаховы, а не такія баязлівыя – у процівагазах і рэспіратарах. Ды што там: праз чатыры гады пасля аварыі, калі мы прыехалі ў Астравец, некаторыя мясцовыя жыхары адмаўляліся атрымліваць кватэры ў адным з намі доме: маўляў, чарнобыльцы будуць свае дываны вытрасаць – а мы тым пылам дыхаць…

Між тым, па звестках Сусветнай арганізацыі аховы здароўя, ад самых звычайных, не каранарных, не свіных і не птушыных вірусаў, якімі нас у свой час таксама дружна палохалі СМІ, у свеце штогод памірае каля 600 тысяч чалавек. Удумайцеся: 600 тысяч – і поўны, амаль што фатальны спакой, адмаўленне ад прышчэпак. І некалькі соцень памёршых у Кітаі – і эпідэмія страху, ліпкага, беспадстаўнага, невытлумачальнага, якая, апярэджваючы вірус, ахутвае планету.

У эпідэміі страху ёсць яшчэ адна назва – паніка. І калі яна ўб’ецца ў грамадства, то гэта будзе сапраўдная пандэмія,  якая ўсё змяце на сваім шляху!

Таму давайце кожную небяспеку і пагрозу, калі яны ўзнікнуць – а не ад адной думкі: а раптам гэта ўсё ж дойдзе і да нас?!! – сустракаць з халоднай галавой і ў цвярозым розуме, робячы канкрэтныя захады па папярэджанні і ліквідацыі бяды, а не хаваючы галаву ў пясок і не думаючы, куды і як схавацца. Бо страх, а тым больш паніка, яшчэ нікому ніколі ні ў чым не дапамаглі.



Подписывайтесь на телеграм-канал «Гродно Медиа Group» по короткой ссылке t.me/GrodnoMediaGroup.

Телеграм-канал «Гродно Медиа Group» – это ежедневные новости районов Гродненской области и города Гродно.

Текст: Нина Рыбик