Пра Вікенція Падаліса ўспамінае адзін з першых шафёраў Астраўца Вячаслаў Зелянко

15:23 / 17.03.2020
339
Аглядаючы раённую газету «Сталінская праўда» за 1947 год і расказваючы пра выбары ў Вярхоўны Савет БССР і дваіх дэпутатаў у ім ад Астравеччыны, мы прасілі  нашых чытачоў, хто ведаў Маланню Сянюць і Вікенція Падаліса, расказаць пра іх. Першай адгукнулася Фаіна Іванаўна Дакутовіч, якая добра ведала Маланню Мацвееўну, – яе расповед надрукаваны ў «Астравецкай праўдзе» ў № 8 ад 31.01.20 г. 

А неўзабаве патэлефанаваў Вячаслаў Іванавіч Зелянко, пра якога, дарэчы, расказвала «Астравецкая праўда» ў 2015 годзе. 

0.jpg


– Я працаваў у свой час ра­зам з Падалісам. Калі хочаце, прыязджайце, раскажу, што памятаю.

Так я апынулася ў невялікім дагледжаным доміку на Прамы­словай вуліцы, дзе Вячаслаў Іванавіч, нягледзячы на паважаны ўзрост – як-ніяк да 90-гадовага юбілею час набліжаецца, – дакладна, з прозвішчамі і датамі, расказаў не толькі пра колішняга дэпутата Вярхоўнага Савета БССР Вікенція Падаліса (менавіта так, на «і», ставіўся націск у яго прозвішчы, гэта ўжо пазней яго перайначылі на больш звыклае вымаўленне), але і свой поўны выпрабаванняў шлях на Астравеччыну, якая стала для яго другой радзімай.

– У Астравец я прыехаў у 1953 годзе, – расказвае Вячаслаў Іванавіч. – А да гэтага шмат давялося перажыць. Бацька памёр, калі я яшчэ зусім малы быў, маці ў другі раз выйшла замуж за ўдаўца з двума дзецьмі. Айчым мой, Фёдар Іванавіч Дваяжонаў, калі пачалася вайна, пайшоў у партызаны, а я, падлетак, дапамагаў народным мсціўцам, як мог. Зрэшты, у нашым партызанскім краі ў Плешчаніцах, што ў сённяшнім Лагойскім раёне, усе, можна сказаць, былі партызанамі: хто ў атрадзе ваяваў, хто хлеб пёк, хто, як я, дапамагаў скуры вырабляць ці правадніком станавіўся.

Пасля вайны наша сям’я перабралася ў Будслаў. У 45-м годзе айчым мне і сваёй роднай дачцэ Дусі даў на дваіх буханку хлеба і сказаў:

– Дзеці, мне няма чым вас карміць. Шукайце сваю долю. 

І мы пайшлі пехатой за 170 кіламетраў у Мінск. Дуся нанялася да далёкай радні ў нянькі, а мне, лічу, пашанцавала: узялі на будоўлю хлебазавода. Будавалі тады шмат, увесь Мінск у руінах ляжаў. Працавалі ў тым ліку і ваеннапалонныя немцы. Мне, 17-гадоваму юнаку, і яшчэ ад­наму такому ж «салдату»  давяралі іх ахоўваць. На 50 немцаў двое, па сутнасці, дзяцей з вінтоўкамі! Але куды ім было ўцякаць? Ніхто і не збіраўся. Сярод іх спецыялісты былі, адзін быў шафёрам і дазваляў мне то пад’ехаць крыху, то машыну перагнаць – так і навучыў ездзіць. З цягам часу я нават па горадзе ўжо руліў.

У 50-м забралі мяне ў армію, у 53-м дэмабілізаваўся. Куды падацца? Маці памерла хутка пасля вайны, айчым ажаніўся ў другі раз, жыў у Астраўцы. «Прыязджай да мяне, – напісаў у пісьме. – Пабачыш, як я жыву». Ну а мне што? Прыехаў. А ў яго новай жонкі сястра незамужняя была, Вера Андралойць. Вось і надумаліся мяне прысватаць. Я, па праўдзе кажучы, не вельмі ха­цеў жаніцца, ды што ўжо там…

Пажаніліся мы з Верай, сталі жыць у цешчы. А тут у газеце з’яві­лася аб’ява аб наборы на кур­сы вадзіцеляў у Мінску. Я і паехаў – вельмі ж хацелася стаць сапраўдным шафёрам! У кра­савіку 1954-га атрымаў правы. 

0101.jpg

Адзін з першых вадзіцеляў Астравецкага раёна Зелянко з адным з першых кіна­меха­нікаў Рабцавым


У Астраўцы да таго на ўвесь раён было толькі некалькі машын – у райкаме партыі, райвыканкаме, на прамкамбінаце, «хуткая дапамога». Пажарная, і тая на кані з бочкай ездзіла! І тут яшчэ шэсць машын атрымалі! А незанятых шафёраў, лічы, адзін я. Ой, колькі мяне старшыня калгаса «Рассвет» Ігнаценка ўгаворваў, каб я да яго ішоў! Машына, казаў, будзе ў поўным тваім распараджэнні. Але ж адно што далекавата. А другое, самае галоўнае – цешча мая сяб­равала з Падалісамі, кумаўямі яны былі і жылі побач: на месцы, дзе зараз магазін «Івушка», цешчына хата стаяла, а насупраць, бліжэй да рэчкі, Падалісы жылі. Вікенцій Іосіфавіч на той час быў старшынёй калгаса «Маладая гвардыя», што ў Слабодцы, і яны таксама машыну атрымалі. Так я і выбраў «Маладую гвардыю».

Працавалі мы разам з Пада­лісам два гады. Але старшыню я не вазіў – іншай работы хапала. У яго свая брычка конная была, прыгожая. Мо, толькі разы са два ён са мной праехаўся. 

Не скажу, каб мы сябравалі, – я малады, а Падаліс да таго часу шосты дзясятак размяняў, а выглядаў яшчэ старэйшым. Ці мне, маладому, так здавалася?

Чалавек ён быў неблагі. Але рознае здаралася: калі, бывала, нечага зазлуецца, то крычыць: «Пастаў машыну!» Ну пастаўлю, дахаты пехатой іду: праз дубы, па балоце – на месцы сённяшняй Прамысловай тады ж нічога яшчэ не было, балота адно.

У 1955 годзе выклікаў мяне старшыня і кажа: вывучыўся на шафёра наш калгаснік. Так што альбо ты пераходзь на працадні, альбо звальняйся. А да таго мне калгас зарплату плаціў, і неблагую – 50 рублёў, Вера мая ў райкаме партыі 41 рубель атрымлівала. Так што адмовіўся я пераходзіць на працадні, звольніўся з калгаса. Год працаваў у аддзеле культуры, а затым у райспа­жыўсаюз перайшоў – там да пенсіі і працаваў. Тады пры райспажыўсаюзе свая аўтабаза была, 75 адзінак тэхнікі – не жарты! Я 43 гады працоўнага вадзіцельскага стажу маю. 

А Падаліс, хоць і актывіст, і дэпутат, і пры начальстве, а шчасця не меў. Двое сыноў у іх з жонкай было. У малодшага, Івана, з галавой нейкія праб­лемы – не зусім нармальны. А старэйшы, Валодзя, – прыгожы, разумны, ды ў чарку стаў улягаць. Неяк нападпітку на плошчы – і што яму ў галаву стрэліла? – прычапіўся да помніка Леніну: крычаў, абзываўся ўсяляк, камяні стаў кідаць. Руку адбіў – помнік жа быў гіпсавы. Вало­дзю судзілі за гэта. Далі няшмат, але ж бацькам непрыемнасці, перажыванні…

Як і калі памёр Падаліс, я не памятаю. Пахаваны, думаю, на астравецкіх могілках – ён жа мясцовы, дзе ж яму яшчэ быць пахаваным. Але дзе менавіта – не скажу…



Подписывайтесь на телеграм-канал «Гродно Медиа Group» по короткой ссылке t.me/GrodnoMediaGroup.

Телеграм-канал «Гродно Медиа Group» – это ежедневные новости районов Гродненской области и города Гродно.

Текст: Нина Рыбик
Оставить комментарий
Текст сообщения*
Защита от автоматических сообщений