Чацвёрты этап рэдакцыйнага конкурсу «Пазнай Астравеччыну»

14:51 / 14.02.2020
Трэці тур рэдакцыйнага конкурсу «Пазнай Астравеччыну», які набірае ўсё большую папулярнасць, стаў рэкордным па колькасці ўдзельнікаў. Многія пазналі на фотаздымку Троіцкую царкву старавераў, што знаходзіцца ва ўрочышчы Стрыпішкі Падольскага сельскага Савета – уні­кальны помнік драўлянага царкоўнага дойлідства. 

1.jpg


Царква ў Стрыпішках

…Яшчэ паўвека таму вёска Стрыпішкі, што ў Падольскім сельсавеце была шматлюднай. У пачатку ХХ стагоддзя тут жыло больш за 700 чалавек. Па дадзеных Дзяржаўнага архіва Літвы, у 1927 годзе прыход стараверскага храма ў Стрыпішках налічваў 645 душ. На жаль, сёння гэта мёртвае паселішча. На вачах гіне і сам храм.

Гэта  царква пабудавана яшчэ ў XVIII стагоддзі стараверамі-па­морцамі, яна некалькі разоў перабудоўвалася. Апошні раз работы тут праводзіліся ў 1910 годзе.

3.jpg

Такой была Стрыпішская царква ў 30-ыя гады мінулага стагоддзя



Архітэктура храма мае агульныя рысы з мясцовымі касцёламі. Асноўны прамавугольны зруб накрыты двухсхільным дахам з трохвугольным франтонам на галоўным фасадзе, які мае дэкаратыўную ашалёўку ў «ёлачку». Невысокія бакавыя галерэі надаюць будынку выгляд базілікі. Сцены не ашаляваны, але завершаны карнізамі з разьбянымі «падзорамі». Арыгінальнае рашэнне мае ўваходны ганак у выгля­дзе двухсхільнага дашка на драўляных кансольных апорах з падкосамі, так званымі падчэнямі. Праваслаўную стылістыку храму надае надбудаваная над бабінцам чацверыковая вежа-званіца з цыбулепадобнай званіцай.

Царква актыўна дзейнічала да смерці апошняга мясцовага настаяцеля ў 70-х гадах ХХ стагоддзя. Потым яшчэ нейкі час сюды прыязджалі адзінаверцы з навакольных вёсак. А калі паміж Літвой і Беларуссю ўсталявалася Дзяржаўная мяжа і прыхаджане з літоўскіх вёсак не маглі ўжо дабрацца ў Стрыпішкі, а падольскія стараверы хто памёр, хто раз’ехаўся па свеце, хто асіміляваўся, царква апусцела і пакрысе стала прыходзіць у заняпад. 

У 2005 годзе храму нададзены статус гісторыка-культурнай каштоўнасці 3-й катэгорыі. 

Рэлігійная абшчына старажытнаправаслаўнай Паморскай царквы атрымала дазвол ад Міністэрства культуры на перанос гістарычнага будынка на новае месца. Царкву маюць намер паставіць у Мінскім раёне, недалёка ад Шабаноў.


На гэты раз правільныя адказы на конкурснае заданне далі 24 чалавекі. Найбольш падрабязныя і разгорнутыя, дапоўненыя новымі фотаздымкамі яны бы­лі ў Марыны Кімсы, Алены Памець­кі і Вольгі Міхно – іх адказы ацэнены ў 3 балы. 

Па 2 заліковыя ачкі атрым­ліваюць Ванда Вайшнаровіч, Алег Драган, Свят­лана Марозава, Кацярына Вараб’ёва, Іван Дзятловіч, Ганна Мілашэвіч, Алеся Абухоўская, Галіна Вараб’ёва, Ганна Чаховіч, Марк Чубек, Іван Тухта, Мікалай Грачанік, Вікторыя Іванцэвіч, Рэгіна Замара, Сяргей Жукоўскі. 

Па аднаму балу – у Анатоля Бараноўскага, Жанны Волк-Леановіч, Міхаіла Шанчука, Івана Прыбароўскага, Валян­ціны Безляповіч.

Пасля трох тураў у лідарах конкурсу Марына Кімса9 балаў, Алена Памецька8 балаў, Алег Драган6 балаў.

Дзе гэта, што гэта?

0.jpg



Нагадваем: далучыцца да конкурсу можна з любога этапу. Калі вы ведаеце, дзе гэта і што гэта, – дасылайце свае адказы, расповеды і фотаздымкі.

Адказы на пытанні конкурсу можна дасылаць у рэдакцыю па звычайнай ці электроннай пошце ці паведамляць па тэлефоне 2-03-64 на працягу пяці дзён (з улікам выхадных і святочных) пасля выхаду газеты з конкурсным заданнем (да аўторка ўключна).

Мадэратар праекта Ніна Рыбік


Гістарычнае фота А. ПамецькІ і М. Кімсы, сучасны здымак І. Дзятловіча


Текст: Главный администратор