Рэчы з гісторыяй: адкуль узялася бацькава лыжка?

09:23 / 29.01.2020
413
Упэўнена, што ў кожнай сям’і ёсць рэчы, якія з’яўляюцца часцінкай яе гісторыі: бабулін ручнік, матуліна вышыванка, дзедаў гадзіннік, прадзедава сякера… Каштоўнасць іх не толькі ў тым, што яны захоўваюць цяпло рук нашых продкаў, генетычную сувязь з людзьмі, якіх нашчадкі, магчыма, ніколі не бачылі, але адчуваюць з імі роднасць душ. 

А яшчэ і ў тым, што з імі і іх уладальнікамі, як правіла, звязаны нейкія цікавыя гісторыі. Мы прапануем расказаць чытачам пра такія рэчы з гісторыяй, якія з’яўляюцца  маленькімі часцінкамі агульнай гісторыі – сям’і, роду, народу…

Бацькава лыжка

Некалькі такіх рэчаў з гісторыяй ёсць і ў нашай сям’і. 

Адна з іх – дзедава лыжка. Ці бацькава? 

1.jpg



Я памятаю яе як татаву. Ні ў каго ў сям’і не было ўласнай лыжкі, усе бралі з агульнага слоіка першую, што трапіцца пад руку. Толькі бацька меў персанальную – важкую, жаўтаватага колеру (мо, латунная? Ці мельхіёравая?), якая балюча прыкладвалася да ілба, калі нехта з дзяцей пачынаў дурэць за сталом. Ніхто не меў права ёй карыстацца… 

Але калі бацькоў не было дома, усё здаралася. Лыжка звонку падрапаная – то мае старэйшыя браты спрабавалі ёй забіваць цвікі. Яшчэ яны плавілі ў ёй волава і свінец, каб зрабіць грузіла для вуды; мама часам, калі трэба было тэрмінова расцерці пару гарошын перцу ці каляндры, таксама рабіла гэта ў бацькавай лыжцы.  

Гэтая лыжка – адна з нямногіх рэчаў, якую забралі бацькі, пакідаючы свой дом пасля Чарнобыльскай аварыі…

Мне было крыху дзіўна: чаму тата так даражыць ёй? Якая розніца, чым зачэрпваць суп ці кашу?

Аказваецца, лыжка гэтая – з гісто­рыяй. Да таго, як трапіць да майго таты, яна належала яго бацьку, майму дзеду, Мікалаю Еўтухавічу Міхедзенку. А ён прывёз яе з Германіі. 

IMG_9020.jpg



…На фронт дзеда забралі у канцы 1943 годзе, калі Гомельшчыну вызвалілі ад немцаў. У баях пад Ковелем ён быў паранены, трапіў у палон, затым – у нямецкі канцэнтрацыйны лагер. Расказваў, што застаўся жывым толькі таму, што іх ахоўнік, пажылы немец, са шкадаваннем адносіўся да ваеннапалонных: «не бачыў», як тыя збочвалі з дарогі, калі іх гналі на працу ці назад, каб схапіць на полі якую бульбіну альбо бурак; «не заўважаў», як яны праносілі ежу ў барак, хаваючы пад адзеннем. 

А ўсё таму, што ў гады Першай сусветнай вайны той немец таксама ваяваў і таксама  быў у палоне – на беларускім Палессі, каля Мазыра. І дзедавы землякі, палешукі, бачылі ў ім не ворага, а перш за ўсё чалавека, падкормлівалі і не здзекваліся – і тым уратавалі яго ад смерці. А ён праз гады адплаціў тым жа дзеду і яго таварышам – усё вяртаецца на кругі свае.

Я не ведаю дакладна, як, пры якіх абставінах гэтая лыжка трапіла да дзеда. І ўжо не распытаеш: ён памёр амаль сорак гадоў таму. А сёлета не стала і бацькі… Цяпер, мусіць, трэба перадаць бацькаву лыжку разам з гісторыяй яе з’яўлення яго ўнуку, поўнаму цёзку Аляксею Мікалаевічу Міхедзенку?

Ці ўжо адразу праўнуку?


Подписывайтесь на телеграм-канал «Гродно Медиа Group» по короткой ссылке t.me/GrodnoMediaGroup.

Телеграм-канал «Гродно Медиа Group» – это ежедневные новости районов Гродненской области и города Гродно.
Текст: Нина Рыбик
Оставить комментарий
Текст сообщения*
Защита от автоматических сообщений