Забыць нельга. Жыць са страхам – таксама

08:51 / 30.04.2010

24 гады мінула з той пары, як на наш народ навалілася страшэнная бяда, якую ніхто не чакаў, – здарылася аварыя на Чарнобыльскай АЭС. Гады мінаюць, але тое, што адбылося, у памяці людзей, якіх закранула сваім крылом, гэтая трагедыя застанецца назаўсёды. Родны дом, зямля, магілы бацькоў, дзядоў і прадзедаў засталіся там, за калючым дротам.
Пра тое, што адбылося 24 гады назад, і сённяшняе стаўленне да гэтай аварыі – наша размова з жыхарамі Астраўца Аляксеем Мікалаевічам Міхедзенкам і Аляксеем Кліменцьевічам Жыляком.






– Якім у вашай памяці застаўся дзень 26 красавіка 1986 года?
Аляксей Мікалаевіч: Наша вёска ў Хойніцкім раёне — літаральна побач з Украінай, ад Чарнобыльскай АЭС да нас напрасткі – кіламетраў сем. На станцыі працавалі хлопцы з нашай вёскі – яны і прывезлі вестку, што ў Чарнобылі нешта ўзарвалася. Нікога гэта спачатку не спалохала: ну ўзарвалася і ўзарвалася, абы людзі не загінулі…
Ужо пазней, як пачалі лятаць верталёты вакол вёскі, з’яўляцца незнаёмыя людзі, якія бралі нейкія пробы, стала трывожна, чуткі розныя папаўзлі. А яшчэ праз некалькі дзён на пашу загадалі не пускаць кароў, веснавую сяўбу ў калгасе прыпынілі, людзей з работы дахаты адправілі, потым – дзяцей з вёскі вывезлі… Тады ўжо стала страшна.
Трэцяга мая з вёскі забіралі жывёлу: спачатку мы грузілі на машыны калгасную, потым – людскіх кароў і свіней. А ноччу нас разбудзілі і сказалі, што вёску эвакуіруюць, трэба хутка збірацца і ісці ў аўтобус. Папярэдзілі, што гэта на тры дні, і з сабой можна ўзяць толькі дакументы, грошы і асабістыя рэчы. Але людзі ўжо не верылі…



Аляксей Кліменцьевіч: Аварыя на Чарнобыльскай АЭС была поўнай нечаканасцю. З падобнымі выпадкамі ніколі раней не даводзілася сутыкацца, да таго ж усё было пакрыта тайнай. Першыя дні панавалі толькі здагадкі.
Суботу і нядзелю мы з сям’ёй правялі ў бацькоў у прыгарадзе Хойнікаў. Садзілі агарод і некалькі разоў бачылі верталёт. Было такое адчуванне, што ён ледзь перамяшчаецца – відаць, быў моцна перагружаны. З’явіліся здагадкі, што нешта няладна. Ад Хойнікаў да Чарнобыльскай АЭС па прамой – кіламетраў 50.
На той час я працаваў дырэктарам аўтабазы – і як толькі ў нядзелю вечарам прыехалі дамоў, раздаўся тэлефонны званок: сказалі, што нешта здарылася на АЭС, і папрасілі нікуды не адлучацца. Людзі перадавалі адзін аднаму свае версіі, папаўзлі чуткі… І толькі дзесьці 4 мая склікалі штаб і пачалі гаварыць пра аварыйную сітуацыю.
5 мая сваіх дзяцей мы адправілі да родзічаў у Брэст, там іх праверылі і палажылі ў бальніцу. 6 мая пачалася эвакуацыя дзяцей з Хойнік – іх вывозілі ў піянерскія летнікі і санаторыі. Эвакуіравалі людзей, якія пражывалі ў трыццацікіламетровай зоне. Пра жыхароў Хойнікаў ніякіх размоў не ішло – кожны працаваў на сваім рабочым месцы.
– Калі вы вырашылі пераехаць?
Аляксей Мікалаевіч:
Нашага жадання ніхто не пытаў… У тую ноч, як эвакуіравалі, людзей адвезлі спачатку ў вёску ля Хойнік, там рассялілі па хатах мясцовых жыхароў. У нас дачка жыла ў Хойніках, мы адразу паехалі да яе. А потым – дзе толькі ні жылі… Трохі ў дачкі, затым – у сына. Некалькі тыдняў ляжалі ў бальніцы ў Мінску. Затым было вырашана жыхароў нашай вёскі пасяліць у Рагачоўскім раёне, сталі там у вёсцы Стрэнькі складваць для нас шчытавыя домікі, цэлы пасёлак Новоглаголево. Памятаю, старшыня мясцовага калгаса гаварыў будаўнікам: “Вы якасна ўсё рабіце, бо гэтыя чарнобыльцы хутка памруць, а мне ў іх дамы трэба будзе маладыя сем’і засяляць”. Шмат чаго наслухацца і пабачыць давялося – усяго не раскажаш...
Мы жылі на кватэры ў адной жанчыны — дзве сям’і, чатыры чалавекі, і гаспадыня. Усе нашы рэчы, дабро, што нажывалі гадамі, засталося ў родным доме, таму ўсё, ад стала і шафы да лыжкі і міскі, трэба было купляць…
Да зімы пабудавалі дамы. Перазімавалі, а вясной – паводка, і “паплылі” фундаменты, печы… Сталі перарабляць. Гады два там жылі, а потым вярнуліся ў Хойніцкі раён, бліжэй да дзяцей – нам увесь час даводзілі, што там ужо ўсё добра. Там таксама ва ўсіх вёсках пасёлкаў такіх набудавалі са шчытавых домікаў, нам адзін выдзелілі. Пажылі крыху – і жонка стала моцна хварэць, шчытавідку ёй выдалілі. Дачка са сваёй сям’ёй пераехала ў Астравец – ну і мы за ёй. Купілі домік у вёсцы Гальчуны – першы, што трапіўся. Жылі там дванаццаць гадоў, гаспадыня мая паправілася, яшчэ гаспадарку трымалі – карову, свіней, агарод садзілі, нават дзялкі буракоў у калгасе бралі. Потым, як сіл не стала, перабраліся да дачкі ў Астравец. Гаспадыні маёй ужо амаль тры гады няма, а я – то ў дачкі, то дахаты з’езджу, пчол сваіх праведаю. Я і дома, на радзіме, вуллі трымаў – люблю пчол, разумныя яны. І кажуць, мёд радыяцыі зусім не набірае…
Аляксей Кліменцьевіч: Некаторыя пачалі выязджаць адразу ж пасля аварыі, іншыя пра пераезд нават не заікаліся. Але думкі пра гэта ўзнікалі ва ўсіх. Аднак пачуццё абавязку, адказнасць і сумленне не дазвалялі кінуць работу, людзей. Толькі ў 1989 годзе наша сям’я рашылася на пераезд, і толькі дзеля дзяцей. На той час старэйшаму сыну, Георгію, споўнілася 12, а малодшаму, Юрыю, – 5, і трэба было думаць пра іх здароўе і будучыню. Да таго ж гэта былі якраз тыя часы, калі людзі ад’язджалі і ім ніхто не пярэчыў і не спыняў.
– Як сустрэла вас Астравеччына?
Аляксей Мікалаевіч:
Ведаеце, старому дрэву цяжка прыжывацца на новым месцы… Маладзейшым, напэўна, лягчэй, а нам — складана. Людзі – яны ўсюды аднолькавыя, і добрыя, і дрэнныя ёсць. Будзеш ты да людзей добры, то і да цябе – з дабром. Але ж усё сваё, роднае – родныя, знаёмыя, сябры, гаворка, звычкі, традыцыі – усё там засталося. А тут, хай яно і не горшае, хай сабе нават лепшае, але ж – чужое… Канешне, чалавек да ўсяго прывыкае, прыстасоўваецца, калі жыццё прымусіць. Так і нам – выбіраць не даводзіцца.
Аляксей Кліменцьевіч: З Астравеччынай я пазнаёміўся ў 1975 годзе – тут жылі мая цётка і стрыечны брат. На канікулах падчас вучобы бываў у іх. Таму і вырашана было пасля аварыі ехаць сюды.
У Астравец я прыехаў адным з першых, у чэрвені 1989 – быў першаадкрывальнікам. Ужо пазней сюды пачалі пераязджаць мае землякі. Уладкаваўся на работу ў ДРБУ, а дзесьці ў лістападзе перавёз сваю сям’ю. Атрымалі дом, настрой быў добры, а адносіны з людзьмі ў мяне заўсёды складваліся добра, таму жыццё пачало наладжвацца. Канешне, першыя гады адчувалася, што вакол усё чужое, але адаптацыя праходзіць і цяпер адчуваеш сябе так, як быццам бы жыў тут заўсёды.
– На радзіму наведваецеся часта?
Аляксей Мікалаевіч:
Дзе там! Мне ўжо 82 гады – куды я даеду? Каб яшчэ бліжэй было, а так… Дочкі вось калі-нікалі з’ездзяць – туды на Радуніцу пускаюць без пропускаў. Потым прыедуць, раскажуць, што ды як, фатаграфіі пакажуць, прывітанні перададуць ад аднавяскоўцаў…
Аляксей Кліменцьевіч: Можа, і не так часта, як хацелася б, але раз у два гады ездзім заўсёды. Родзічаў там ужо няма. Наведваем магілы бацькі, дзядулі і бабулі. Прыбіраем, фарбуем, успамінаем... Ідзём па горадзе – і заўсёды параўноўваем яго з Астраўцом. І тады здаецца, што час там спыніўся. Астравец развіваецца, добраўпарадкоўваецца, прыгажэе. У Хойніках усё засталося такім, як было дваццаць гадоў назад. Канешне, там – радзіма, але і тут – таксама радзіма, а яшчэ – наша жыццё.
– Як вы ўспрынялі вестку аб тым, што ў нашым раёне плануецца пабудаваць першую беларускую АЭС?
Аляксей Мікалаевіч:
А што ўжо мне? Я сваё жыццё, лічы, пражыў… Хоць не думаю я, што такое, як у Чарнобылі, можа зноў паўтарыцца, – кажуць жа, што нават бомба два разы ў адну варонку не трапляе. Ды і навучыць людзей тая бяда павінна была.
А пакуль не здарылася гэтая аварыя, нічога дрэннага ад Чарнобыля мы не бачылі. Забеспячэнне там добрае было, вяскоўцы ездзілі ў Прыпяць за таварамі і прадуктамі. Не скажу, каб у нашай вёсцы людзі хварэлі, хоць жылі мы побач, і грыбы, і ягады збіралі, і рыбу ў Прыпяці лавілі, і сваё ўсё вырошчвалі. Такой хваробы, як рак, можна сказаць, не ведалі – адна толькі жанчына з нашай вёскі і памерла ад яе да аварыі. Гэта цяпер – дзе толькі ні пачуеш…
Так што думаю, што атамная электрастанцыя сама па сабе не страшная – важна, каб працавала яна як след, каб людзі граматныя і талковыя яе абслугоўвалі, каб не дапусцілі таго, што здарылася ў Чарнобылі.
Аляксей Кліменцьевіч: Гэта мяне ні ў якім разе не палохае. Розныя часы – навука рушыла далёка наперад і нічога страшнага ў будаўніцтве я не бачу. Ды і раней не бачыў. Побач з намі размяшчалася Ігналінская АЭС – гэта мы адзначылі яшчэ пры пераездзе. Іронія лёсу? І нічога – жылі. І цяпер будзем жыць! А будаўніцтва беларускай АЭС – гэта моцны штуршок для развіцця нашага горада і краіны ў цэлым.

Пытанні задавалі Ніна ПАЛЕСКАЯ і Алена ЯРАШЭВІЧ.