О своем школьном детстве вспоминает педагог-ветеран Мария Василёнок

09:23 / 15.01.2020
«Пішыце пра тое, што не павінна быць забыта»… Трапілася на вочы гэтае выказванне чылійскай пісьменніцы Ісабель Альендэ  – і вярнулася да думак, якія не раз мроіліся ў галаве, калі чытала ў «Астравецкай праўдзе» ўспаміны падчас падрыхтоўкі да 75-годдзя Гродзеншчыны. Падалося, што не ўсе старонкі нашай гісторыі перагорнуты – ёсць тыя, суб’ектыўныя, што захавала памяць асобнага чалавека. Але гэта было – і гэта перажылі разам са мной многія дзясяткі людзей. 

1961 год – час павароту да лепшага жыцця ў вёсках. Год грашовай рэформы, калі калгаснікі ў канцы года атрымлівалі не толькі мех-другі зерня, але і нейкую капейчыну. 

Вось у гэты год я і мае равеснікі пайшлі ў першы клас Варонскай васьмігадовай школы. З таго часу застаўся ў памяці наш клас з высокай столяй, асвечаны дзвюма газавымі лямпамі, што віселі на сцяне. Калі змяркалася, іх запальвала тэхнічка. Самым цяжкім быў урок чыстапісання: нялёгка было ў прыцемках вывесці роўненькія літаркі ад лінейкі да лінейкі і не пасадзіць кляксу, якая, калі што, па-здрадніцку размазвалася прамакаткай, займаючы часам цэлы радок! А настаўніца потым чырвоным чарнілам выводзіла «тройку» – як горка, як балюча!

Нават цяпер я часам адчуваю водар гарбаты, шклянкай якой разам з кавалкам чорнага хлеба падкармлівалі ў тыя гады школьнікаў. Гэта была асаблівая, з пахам  дыму, завараная з фруктовых брыкетаў гарбата – гарачая, салодкая. 

Магнітам цягнула да сябе класная дошка: дзяўчатак – каб пісаць крэйдай, як настаўніца, а хлопчыкаў – каб схавацца за ёй! Яна была непадобнай на сённяшнія: пафарбаваная ў чорны колер, нешырокая, на ножках, не вельмі ўстойлівая; нярэдка ляжала яна на падлозе, калі заканчваўся перапынак і ў клас заходзіла настаўніца. 

3.jpg

Люты 1962 года. Справа першакласніца Марыя Рынкевіч (аўтар допісу) cа старэйшай сяброўкай на школьным двары


Для вучняў абавязковай была школьная форма: карычневая сукенка і чорны фартушок на кожны дзень, а на святы – белы. Доўгі час іх шыла нам мясцовая швачка, а мама прымацоўвала белыя каўнерыкі і манжэты. У канцы 60-х увялі і піянерскую форму: ярка-сіняя спаднічка ці сарафан, белая святочная і сіняя паўсядзённая блузкі і пінжачок. У хлопчыкаў быў традыцыйны касцюм, хіба што пінжакі з часам мянялі фасон.  

2.jpg

1965 год. Вучаніцы 5 і 8 класаў у школьнай форме

Нашу настаўніцу Алену Стані­славаўну Алексіёнак (Шабуня) памятаюць, напэўна, усе мае аднакласнікі менавіта такой: танюсенькай, гладка прычасанай, з вялікімі шэрымі вачыма і добрай абаяльнай усмешкай, у вішнёвай сукенцы, што вабна аблягала стан і мела глыбокі выраз, з якога заўсёды выглядвала свежая ружовая манішка. Для нас, вясковых дзяцей,  гэта было незвычайнае і вельмі прыгожае адзенне! 

Быў аднойчы выпадак, як у анекдоце пра Вовачку. Неяк, ідучы ў школу, мы ўбачылі, што ў двары настаўніцы на шнуры сушыцца тая самая манішка – і вырашылі, што ўрокаў не будзе. Мусіць, не вельмі багата жылі ў той час і настаўнікі, калі на працу наша любімая Алена Станіславаўна заўсёды прыходзіла ў адным і тым жа адзенні. 

Цярплівая, ураўнаважаная, лагодная, яна паступова ўводзіла нас у новы свет. Кожны ўрок быў для нас адкрыццём. Не толькі я, але і мае аднакласніцы, вярнуўшыся са школы, рабілі вузенькія «сшыткі» з  белых палёў  газеты (тата выпісваў газету, хоць мама і сварылася на яго – грошай было мала), пісалі на іх літары і прыклады – і «вучылі» малодшых, капіруючы сваю настаўніцу!

І любоў да кнігі прывіла мне першая настаўніца. Узгадваю, як у пачатковых класах сяброўка ўпотайкі ад мамы-настаўніцы дала мне пачытаць кнігу з небяспечнай назвай  – «Кавалер золотой звезды». Галоўнае слова ў назве было, канешне ж, «кавалер»! Нядаўна аднакласнік даганяў мяне, хацеў пачаставаць шакаладнай цукеркай, што мама прывезла з хрэсьбінаў, – цэлы дзень трымаў, сам не з’еў! Але як жа возьмеш пачастунак – скажуць, што кавалер! Вось і ўцякала штосілы. Ды ён усё роўна дагнаў, усунуў у руку ўжо размяклую цукерку… А тут кніга з такой назвай! Прынесла, схавала  ў шуфляду і яшчэ прыкрыла – не дай бог, тата ўбачыць! Так і праляжала яна там – а я, ба­ючыся быць заспетай за чытаннем дарослай кнігі, так і не даведалася тады, хто ж быў кавалерам залатой зоркі!

Не паспела я сказаць сваёй Настаўніцы свядомае дзякуй, рана яна пакінула гэты свет – я тады вучылася на першых курсах педінстытута.

Вера Адольфаўна Дубіцкая стала нашым класным кіраўніком у пятым класе. Яна нарадзілася і закончыла школу ў Астраўцы. І нам, вясковым  дзецям, было бясконца цікава ездзіць з ёй на экскурсіі ў раённы цэнтр. Адно з самых моцных уражанняў – наведанне друкарні, дзе выпускалі «Астравецкую праўду». Не так даўно мы мелі магчымасць прачытаць на старонках «раёнкі», як уручную набіраўся тэкст, друкаваліся тысячы экзэмпляраў газеты. А ў маёй памяці застаўся непрыемны пах, грукат машын і здзіўленне перад вялікімі аркушамі, якія хутка лажыліся адзін на другі з тэкстам. Побач з друкарняй раслі лістоўніцы – незвычайныя для нас хвойныя дрэвы, што на зіму скідвалі іголкі. 

Наведалі мы і смалакурню, дзе рабілі шкіпінар, і цагельню. Паказала нам Вера Адольфаўна вялікі доўгі будынак, дзе вучыліся будучыя медыцынскія сёстры. А найпрыемнейшае ўражанне пакінула наведанне малаказавода – там нам паказалі вялікія  малочныя  бітоны, у якіх захоўвалася марожанае.  Памятаю і чаргу да такога бітона – але ўжо ў іншым месцы, перад сённяшнім гастраномам «Цэнтральны» прадаўшчыца накладвала лыжкай у папяровыя стаканчыкі салодкую асалоду, па кансістэнцыі і смаку зусім не падобную на сённяшняе марозіва.

Пасля шостага класа дырэктар школы Канстанцін Акімавіч Юрчанка павёз нас па месцах партызанскай славы ў Налібоцкую пушчу, дзе сам ваяваў. Ён меў раненне, след ад якога застаўся на ўсё жыццё: адна рука ў яго не згіналася ў локці. Падарожжа расцягнулася дзён на пяць. Калгас выдзеліў грузавы аўтамабіль, шафёр Юрка  абцягнуў яго  брызентам, паставіў лаўкі – і мы з песнямі адправіліся ў рамантычны шлях. Начавалі ў палатках на беразе рэчкі, варылі макароны на вогнішчы – і былі незвычайна шчаслівымі! Днём наш дырэктар ладзіў сустрэчы з былымі саслужыўцамі то ў школе, то ў клубе, але мы (сорамна зараз прызнацца), прагаманіўшы да паўночы ў палатцы, разбу­джаныя на досвітку дакучлівымі камарамі, з нецярпеннем чакалі, калі закончацца тыя расповеды, каб акунуцца ў прахалоду рэчкі. 

4.jpg

Восень 1969 года. Першыя занялі лепшыя месцы на грузавіку


Не губляецца ў свядомасці яшчэ адзін успамін, звязаны з піянерскім дзяцінствам. Некалькі гадоў запар у маі трапляла на раённы піянерскі злёт. Памятаю, было пастраенне, запальвалі вялізны касцёр, спявалі песні, з машыны прадавалі цукеркі з загадкавай назвай «Марэна». Але самае прыемнае – гэта шлях да Астраўца на адкрытай машыне з высокімі бартамі!  Цёплы вецер, сонца – і песні на ўсё горла! І цяпер памятаю словы адной з іх: 

Куба – любовь моя!
Остров зари багровой.
Песня летит, над планетой звеня:
Куба – любовь моя!



Мясцовым калгасам кіраваў у той час Міхаіл Лукіч Купрэвіч, былы франтавік.  Ён заўсёды прысутнічаў на канцэртах,  якія давалі школьнікі ў вясковым клубе. Аднойчы падазваў пасля канцэрта хлопчыка, які спяваў песню з рэпертуару Мусліма Магамаева, і даў рубель – так спадабаўся юны артыст.

А летам пасля пятага класа мы хадзілі на практыку – дапамагалі калгасу… шукаць на бульбе каларадскіх жукоў! Ніхто ні разу не знайшоў ніводнага – і тым мы вельмі засмучаліся, бо за кожнага жука можна было атрымаць у калгаснай касе ажно 50 капеек! 

…Неўпрыкмет праляцелі больш як чатыры дзесяцігоддзі май­го насычанага рознымі падзеямі асабістага педага­гіч­нага жыцця. Толькі калі-нікалі размаўляю з тымі, хто вучыў нас у Варонскай васьмігодцы. Марыя Уладзіміраўна Ляховіч – жывучы ў асяроддзі вяскоўцаў, што размаўлялі на руска-беларуска-польскай «трасянцы», яна захавала чысціню роднай мовы і старалася ўсімі сродкамі перадаць любоў да яе сваім вучням. У Міхалішках жыве яшчэ адзін наш настаўнік – Іван Уладзіміравіч Свірыд, аддана любімы большасцю вучняў: малады, з пачуццём гумару, спартыўны, ён навучыў нас гуляць у баскетбол! Тое, што мы ад іх, інтэлігентаў, прафесіяналаў, бралі падсвядома, нельга вымераць ніякімі словамі. Добрага вам здароўя, нашы дарагія настаўнікі! Вялікі вам дзякуй за ўсё тое, што вы нам аддавалі: веды, цеплыню  душы, прыклад асабістага жыцця.

1.jpg

1969 год. Вучні 7 класа і настаўнік І.У. Свірыд


Гісторыя – гэта не толькі вехі, даты, героі. Людзям цікавей яе спасцігаць, чытаючы мастацкую літаратуру або непрычасаныя ўспаміны сведкаў. І мае нататкі пра сваё школьнае дзяцінства, спадзяюся, абудзяць успаміны маіх равеснікаў, а маладым дапамогуць зразумець, як жылі і вучыліся іх бабулі і дзядулі.

Марыя ВАСІЛЁНАК,
ветэран педагагічнай працы




Текст: Главный администратор