Жыццё Астравеччыны ў 1947 годзе (абноўлена)

09:27 / 16.08.2019
Гісторыя раёна, занатаваная ў публікацыях газеты «Сталінская праўда» ў 1947 годзе.

Што змянілася ў газеце

З 16 снежня 1947 года Мікалай Беркутаў, які быў намеснікам адказнага рэдактара і працяглы час выконваў яго абавязкі, стаў адказным рэдактарам. 

Цяжка сказаць, наколькі гэта ўзаемазвязана, але неўзабаве «Сталінская праўда» змяніла  фармат: з 27 студзеня стала выходзіць на дзвюх старонках фармату А3 (такі, як сёння). Да гэтага, нагадаю, «раёнка» выходзіла спачатку на дзвюх, а потым на чатырох старонках фарматам А4.

А 25 мая адбылася яшчэ адна кардынальная змена: раённая газета стала выходзіць на беларускай мове. І хоць сённяшні прыдзірлівы чытач знойдзе ў тых нумарах шмат памылак, русізмаў, дыялектызмаў – важны сам факт, які зрабіў вялікі ўплыў на  далейшую гісторыю газеты!

Пры засіллі паведамленняў інфармацыйных агенцтваў газета ўсё ж была даволі цікавай. У ёй змяшчалася шмат крытыкі, прычым вельмі смелай і рэзкай – пра гэта мы раскажам у наступным матэрыяле. З’явіліся першыя спробы нарысаў і фельетонаў – і належалі яны ў асноўным пяру адказнага рэдактара Беркутава. Як ні стараўся  схавацца Мікалай Сяргеевіч за рознымі псеўданімамі, яго стыль бачны. Таленавіты быў журналіст і пісьменнік!

Змянілася і вёрстка, і памер шрыфту – ён стаў большым. Але галоўнае, безумоўна ж, – пра каго і пра што пісала раённая газета.

Выбары ў Вярхоўны Савет БССР

Галоўнай палітычнай падзеяй пачатку 1947 года былі выбары ў Вярхоўны Савет БССР. 

Увогуле, выбары – а адбы­ва­­ліся яны амаль кожны год – пра­ходзілі па адладжанай схеме: увосень, калі заканчваліся сельскагаспадарчыя работы, пачыналася перадвыбарная кампанія, якая доўжылася цэлую зіму, а дзе-небудзь у лютым ці ў сакавіку 99,9% выбаршчыкаў – чамусьці гэтая лічба найчасцей фігуравала ў справаздачах аб выбарах – аддавалі свае галасы за «кандыдатаў блока камуністаў і беспартыйных». І затым зноў з пачуццём выкананага абавязку – у поле! 

Тагачасныя выбары ў прататып сучаснага беларускага парламенту адрозніваліся найперш тым, што ў невялікім Астравецкім раёне (завілейская зона яшчэ не ўваходзіла ў яго склад) было створана дзве выбарчыя акругі: Астравецкая №288, па якой кандыдатам у дэпутаты быў вылучаны Вікенцій Падаліс, начальнік зямельнага аддзела (які з’яўляўся і дэпутатам Вярхоўнага Савета БССР першага склікання ў 1940 годзе), і Варнянская №287. Кандыдатам па гэтай акрузе вылучылі Меланню Сянюць, жыхарку вёскі Сыманэлі. 

IMG_3245.jpg

Вікенцій Падаліс



Цікава даведацца біяграфію першых дэпутатаў ад Астравеччыны. Вікенцій Іосіфавіч  Падаліс нарадзіўся ў 1899 годзе ў Астраўцы. Адукацыя ніжэйшая (цікава было б даведацца: гэта якая? – Н.Р.), член ВКП(б) з 1943 года. Да 1939 года працаваў на цагельным заводзе, пасля ўз’яднання Беларусі быў старшынёй Астравецкага сельскага Савета, затым – загадчыкам дарожнага аддзела (яго імя ўзгадваецца ў №2 ад 3 чэрвеня 1941 года даваеннай раённай газеты «Большэвіцкі арганізатар» – Н.Р.). Калі пачалася вайна, быў прызваны ў Савецкую армію, ваяваў да лютага 1942 года. Потым быў звольнены з арміі па стане здароўя. Працаваў у Саратаўскай вобласці брыгадзірам у калгасе. У 1944 годзе партыя яго накіравала на работу ў заходнія раёны Беларусі, канкрэтна – у родны Астравецкі раён. Быў загадчыкам аддзела сацыяльнага забеспячэння райвыканкама (адукацыя – ніжэйшая! – Н.Р. ), з кастрычніка – загадчык райземаддзела (папярэднік сённяшняга ўпраўлення сельскай гаспадаркі).

А Мелання Мацвееўна Сянюць нарадзілася ў 1904 годзе ў вёсцы Новы Куранец Вілейскага раёна. У 1928 годзе выйшла замуж за селяніна з вёскі Сыманэлі, «дзе жыве да гэтага часу і працуе на сваёй сельскай гаспадарцы». (Заўважце: кандыдатам у дэпутаты Вярхоўнага Савета вылучылі аднаасобніцу! – Н.Р.). Яшчэ ў 1940 годзе Меланню Сянюць абралі дэпутатам Варонскага сельсавета, а пасля вызвалення прызначылі намеснікам старшыні сельсавета.

IMG_3246.jpg

Мелання Сянюць



Гэтыя выбары ўвойдуць у гісто­рыю раёна і газеты тым, што ўпершыню на яе старонках з’явіліся здымкі не з фотахронікі ТАСС і БелТА, а мясцовых людзей. Як яны рыхтаваліся да друку, можна толькі здагадвацца: хутчэй за ўсё, сталічныя ці абласныя фатографы знялі кандыдатаў у дэпутаты, затым у горадзе з фатаграфій зрабілі клішэ – падобнае абсталяванне з’явіла­ся ў раённай друкарні нашмат пазней. Але дзякуючы гэтаму сёння можна ўбачыць партрэты дэпутатаў Вярхоўнага Савета БССР (думаю, ніхто не сумняваецца, што кандыдаты пасля выбараў 12 лютага сталі дэпутатамі. – Н.Р.). 

Дарэчы, ужо ў жніўні з аднаго з артыкулаў пра хлебаздачу можна даведацца, што Мелання Сянюць з’яўляецца ўжо старшынёй Варонскага сельскага Савета. 

Няўжо ў раёне не засталося нікога,  хто ведаў – асабіста ці па расповедах бацькоў ці дзядоў Вікенція Падаліса і Меланню Сянюць і мог бы расказаць пра іх? Адгукніцеся! 

А ўжо восенню 1947 года пачалася чарговая перадвыбарная кампанія –  у мясцовыя Саветы дэпутатаў. Але пра яе мы раскажам, аналізуючы газету за 1948 год.

Адмена смяротнага пакарання і картак

Ці многія ведаюць-памятаюць, што ў пасляваенныя гады ў Савецкім Саюзе было адменена смяротнае пакаранне? Прызнаюся шчыра: я – не.

Тым не менш, у «Сталінскай праўдзе» надрукаваны Указ Прэзідыума Вярхоўнага Савета СССР  ад 26 мая 1947 года «Аб адмене пакарання смерцю». 

IMG_3326.jpg



«Гістарычная перамога совецкага народа над ворагам паказала не толькі ўзросшую магутнасць Совецкай дзяржавы, але і перш за ўсё выключную адданасць Совецкай Радзіме і Совецкому ўраду ўсяго насельніцтва Совецкага Саюза. (…) Улічваючы гэтыя абставіны і ідучы насустрач пажаданням прафесійных саюзаў рабочых і служачых і іншых аўтарытэтных арганізацый, (…), Прэзідыум Вярхоўнага Савета СССР пастанаўляе:

1. Адмяніць у мірны час пакаранне смерцю. (…)

2. За злачынствы, якія караюцца  па дзейнічаючых законах пакараннем смерцю, прымяніць у мірны час заключэнне ў выпра­ленча-працоўныя лагеры тэр­мінам на 25 год (…)

Забягаючы наперад, скажу, што фармальна адмена пакарання смерцю дзейнічала да 1961 года, калі быў прыняты новы Крымінальны Кодэкс, а на самой справе смяротную кару сталі прымяняць ужо праз тры гады пасля аб’яўленай адмены. 

Але яшчэ больш важнай для жыхароў раёна была Пастанова Вярхоўнага Савета СССР і ЦК ВКП(б) «Аб правядзенні грашовай рэформы і адмене картак на харчовыя і прамысловыя тавары». Адначасова з адменай картак устанаўліваліся адзіныя рознічныя дзяржаўныя цэны, якія да таго ж зніжаліся на 10-12% на хлеб, муку, макароны, крупы. («Сталінская праўда» №101 ад 15 снежня 1947 г.)

Сельская гаспадарка

У 1947 годзе масавая калекты­візацыя яшчэ не дайшла да Астравеччыны. 

Калгасаў у раёне тады, нагадаю, было толькі тры – у Астравецкім, Варнянскім і Гервяцкім сельскіх Саветах. І насілі яны назвы адпаведна імя Сталіна, імя Варашылава і імя Молатава. Перадавым лічыўся сталінскі – па выніках веснавой сяўбы  ён нават быў занесены на абласную Дошку гонару. 

11.jpg



Што ж яны сабой уяўлялі? У №75 за 25 верасня ў артыкуле «Калгасная жывёлагадоўля на ўздыме» І. Алексяёнак расказвае, што ў калгасе імя Сталіна ёсць «4 фермы буйнай рагатай жывёлы, свіней, авечак і водаплаваючай птушкі. На малочна-таварнай ферме – 49 кароў (план перавыканалі на 2 галавы)».

Для кармлення жывёлы «…нарыхтавалі 100 тон сілосу, для чаго скарысталі батву буль­боў­ніка, атаву і лісце агародных культур» – не паведамляецца толькі, ці паядала жывёла такі «сілос».

Але не толькі кармы былі «экзатычнымі» – угнаенні таксама. Так, у газеце №10 за 2 лютага змешчана інфармацыя: кожны камсамолец калгаса імя Сталіна да дня выбараў абавязаўся сабраць па 2 цэнтнеры попелу і ўжо сабрана 5 цэнтнераў».  А ў №44 за 5 чэрвеня ў заметцы «Здабываюць торф на ўгнаенне» І. Алексяёнак расказвае, як брыгада з 10 калгасніц уручную капае торф: «Камсамолкі Эмілія Асіпкова і Марыя Анішчанка пры норме 5 кубаметраў накопваюць па 7-8».

У №65 за 21 жніўня паведамляецца, што «калгаснікі калгаса імя Сталіна атрымалі першы аванс жыта ў колькасці 1 кілаграма за працадзень. Сем’і калгаснікаў Сташкевіча Іосіфа, Архіпенкі Да­нілы, Аляксеева Фамы атры­малі па 30-40 пудоў хлеба ў аванс за свае выпрацаваныя працадні».

Тым не менш, аднаасобнікі не спяшаліся запісвацца ў калгасы. Больш таго: нават зямлю, якую выдзялялі з дзяржаўнага фонду, бралі не вельмі ахвотна. Чаму – можна зразумець: уладальнікаў жывёлы і зямлі абкладалі ней­ма­вернымі падаткамі. Гэта можна зразумець з артыкула В. Буракова (ці не былы дырэктар СШ №1 Уладзімір Платонавіч Буракоў часам? – Н.Р.) «Зламаць кулацкі сабатаж», змешчаным у №65 ад 21 жніўня: «Кулак Стаціна Фларыян, хутар Зялёнка (...) утойваў 2 га сенажаці і карову ад абкладання. У мінулым годзе ён не здаў дзяржаве 579 кг харчовых культур, 30 кг мяса, 265 кг сена і рад іншых паставак. Аналагічныя факты – і кулак Браніслаў Гудойць, Сакалайці. Не разлічыўся па хле­бапастаўках у колькасці 600 кг за мінулы год і не здаў 240 літраў малака, 514 кг се­на».

Чым падобныя выкрываль­ніцт­вы заканчваліся, бачна ў тым ліку і па публікацыях «Ста­лін­скай праўды». У №66 24 жніў­ня ў заметцы «Сабатажнік збож­­жа­на­рыхтовак жорстка пака­раны» паведамляецца, што «жыхар  вёскі Гаспараліна Дрэ­вя­­ніц­кага сель­савета Лотах Ка­зі­мір злосна ўхі­ляецца ад да­дзе­нага яму абвязацельства па хле­бапастаўках (…)  Суд пры­га­варыў да пазбаўлення волі з кан­­фіскацыяй маёмасці. Пасля адбы­вання пакарання кулак Лотах з пазбаўленнем выбарчых правоў ссылаецца тэрмінам на 5 гадоў у аддаленыя раёны краі­ны». Насталі часы, калі зямля, асноўная карміцелька селяніна, стала яго галоўнай праблемай…

Што новенькага?

Прадзіраючыся праз засілле афіцыйных матэрыялаў, стараюся знайсці на старонках «Сталінскай праўды» навіны аб тагачасным жыцці раёна. І знаходжу! Па традыцыі стыль і арфаграфія працытаваных публікацый захоўваецца – гэта таксама гісторыя.

У № 12 за 18 лютага раённая газета паведамляе, што ў райпрамкамбінаце асвоілі вытворчасць металавырабаў. Кіруе новым цэхам майстар Русецкі. «За короткий срок изготовлено более 200 молотков и бабок и приступили к изготовлению сельхозинвентаря к весеннему севу». А ў № 44 за 5 чэрвеня паведамляецца, што на лесазаводзе райпрамкамбіната майскі план выпуску гонту і распілоўкі дроў выканалі на 125 процантаў. Лепшыя піларамшчыкі – Іван Ялынскі, Савелій Зуеў, перадавы гонтарэзчык – Павел Лебедзеў.

У № 80 за 12 кастрычніка Іван Странчанка інфармуе, што будуюцца два новыя пяцікватэрныя дамы для трактарыстаў і служачых МТС: ужо ўзведзены зрубы, накрыты гонтам дах, вядуцца ўнутраныя работы.

Гэты ж аўтар у наступным нумары газеты паведамляе, што «днямі ў вёску Табарышкі Гудагайскага сельсовета праведзена трансляцыйная радыёлінія працяжэннем 2 км і ў хаты сялян устаноўлены рэпрадуктары».

«Сяляне вёскі Вялікія Яцыны Швейлянскага сельсовета метадам народнай будоўлі пабудавалі новую школу. Ужо пастаўлены зруб, закончана крыццё даха. Актыўны ўдзел у пабудове школы прыняў дэпутат вёскі Рук і настаўніца Лістападава» – гэта ўжо інфар­мацыя з № 55 за 13 ліпеня.

Пра тое, што пачаўся выпуск падручнікаў на беларускай мове, можна даведацца з № 45 «раёнкі» за 8 чэрвеня. «Масавымі тыражамі выйшлі ў свет беларускі буквар, і кнігі для чытання школьнікаў малодшых класаў – «Роднае слова» і «Родная краіна». Для школьнікаў старэйшых класаў упершыню выпускаюцца на беларускай мове падручнікі па псіхалогіі»  (Аказваецца, у пасляваенны час у школах вывучалі псіхалогію?! Цяпер гэтая навука ўжо непатрэбна – кожны сам сабе псіхолаг...  – Н.Р.)

У № 67 ад 28 жніўня паведамляецца, што «...24 жніўня ў калгасе імя Сталіна быў прадэмастраваны дакументальна-гістарычны фільм «Зоя Касмадзем’янская». На прагляд з’явілася 50  чалавек. Апрача калгаснікаў, у калгасны клуб прыйшло многа моладзі і пажылых сялян-аднаасобнікаў з акаляючых вёсак.»

Ордэн «Маці-гераіня» і Ганаровую грамату Вярхоўнага Савета СССР атрымалі Станіслава Аляксандраўна Гацэвіч з Міхалішак і Юлія Аляксандраўна Бублевіч са Швяйлян, якія нарадзілі па 10 дзяцей – пра гэта піша «Сталінская праўда» ў № 42 за 29 мая. Мнагадзетным маці дзяржава аказвала немалую грашовую дапамогу: у № 19 за 9 сакавіка паведамляецца, што Ірына Францаўна Падгайская атрымала дапамогу на дзяцей у суме 15 500 рублёў, Марыя Вікенцьеўна Завацкая з Шульніцкага сельсавета – 14 500 рублёў, а Соф’я Францаўна Ковель – 13 576 рублёў. 

Дзіцячы дом

Аб тым, што ў Варнянах пасля вайны быў дзіцячы дом, даводзілася чуць  ад старажылаў. У «Сталінскай праўдзе» за 1947 год знайшла пісьмовыя згадкі аб гэтым.

У № 36 за 9 мая ў матэрыяле «Шчаслівае дзяцінства» А. Алексяёнак, насуперак назве артыкула,  раскаўзвае пра  горкі лёс некаторых выхаванцаў дзіцячага дома: бацькі іх загінулі на вайне, многія з гэтых дзяцей прайшлі праз канцэнтрацыйныя лагеры. Узгадваюцца прозвішчы: Саша Райцава, Валодзя Бойка, Каця Жылінская, Валя Гарбаценка, Каця Яршова. Загадчыкам дзіцячага дома была Любоў Іванаўна Бліцко.

І ў гэтым жа нумары расказваецца, што ініцыятыўныя жанчыны арганізавалі збор сродкаў сярод працоўных і служачых для аказання дапамогі сіротам. Было сабрана больш за чатыры тысячы рублёў. На гэтыя грошы «купили мануфактуру, одежду и другие предметы. 76 детей-сирот получили по 3 метра мануфактуры каждый, рубашки, штоники и другие подарки». Называюцца і прозвішчы актыўных жанчын-хатніх гаспадынь: Марыя Мацюшава (трэба думаць, што гэта жонка першага сакратара райкама партыі – Н.Р.), Галіна Смоліна, Аграфена Фаміна (Мяркуючы па прозвішчах, гэта таксама жонкі партыйных і савецкіх кіраўнікоў – Н.Р.)

А 15 чэрвеня ў № 47 расказваецца пра адкрыццё піянерскага лагера для дзетдомаўцаў. «Дзеці-выхаванцы Варнянскага дзетдома паспяхова закончылі бягучы навучальны год. Большасць вучняў пераводныя іспыты здалі на 4 і 5. На адны пяцёркі здалі Валя Лабаноўская, Люда Грыгор’ева, Каця Ершова, Марыя Еўсіевіч, Валодзя Башкіраў, Анатолій Шабанаш, Ліда Печанова і іншыя. З 10 чэрвеня для выхаванцаў дзетдома адкрыты піонерскі лагер. (…) Будуць гульні, паходы, экскурсіі, піонерскія кастры, лекцыі, гу­таркі. І праца на падсобнай  гаспадарцы – будуць палоць пасевы, даглядаць сады і агароды».

Хто лячыў і як лячылі?

Пра раённую медыцыну таксама перыядычна з’яўляліся матэрыялы на старонках раённай газеты – прычым як станоўчыя, так і крытычныя.

У № 59 за 31 ліпеня змешчаны матэрыял «У Дрэвяніцкім медпункце»: Ванда Шалькевіч расказвае пра Серафіму Рыгораўну Тарасенку, якая 33 гады свядомага жыцця прысвяціла гэтай высакароднай справе. У гады вайны яна была старшай медсястрой ваеннага шпіталю, мае ўрадавыя ўзнагароды. А зараз працуе ў сельскім медпункце, і кожны дзень да фельчара за медыцынскай дапамогай звяртаюцца ў сярэднім 12-15 жыхароў Дрэвяніцкага, Быстрыцкага, Валейкішскага і іншых сельсаветаў. У артыкуле апісваецца, як фельчар уратавала жыццё дзіцяці. «Аднойчы ў селяніна вёскі Кумпяны Дарашкевіча Станіслава захварэў у ноч 6-гадовы хлопчык. З кожнай хвілінай дзіцяці пагражала небяспека смерці. І ў гэты раз сюды хутка падаспела прыбыць вопытная фельшарыца Серафіма Грыгор’еўна. Утварыўшы неабходнае лячэнне, хлопчык хутка ачуняў і быў выратаваны».

А вось у матэрыяле з № 84 за 23  кастрычніка ўжо з назвы можна зразумець, пра што пойдзе гаворка: «Аб беспарадках у райбольніцы». А яшчэ – у якіх умовах у той час працавалі і лячылі хворых. Невядомы аўтар – артыкул не падпісаны – піша: «Да гэтай пары ў палатах, дзе вылечваюцца хворыя, няма плівацельніц, яшчыкаў для ўборкі смецця. Адсутнічаюць бакі з кіпячонай вадой. Не вытрымлівае крытыкі і тое з’явішча, што ёсць толькі адна лямпа, і тая без шкла. Прыйдзе вечар і хоць ты ў жмуркі гуляй. У палатах ад нечыстот развялося многа мух, ёсць блохі і клапы. Адміністрацыя райбольніцы нісколькі не падумала навесці барацьбу каб ухіліць усе гэтыя недахопы і беспарадкі. Загадчык больніцы часта ў палаты, дзе знаходзяцца хворыя, паяўляецца ў нецвярозым выглядзе і падымае шум і крык на ўсю больніцу. Ён няўважлівы да хворых і падначаленых яму работнікаў». Пра падобныя ўмовы працы ўзгадвала, толькі не ў такім рэзкім тоне, і адна з першых пасляваенных мед­сёстраў Аляксандра Ліпская

Крытыка і рэагаванне на яе

Думаю, многія з нашых чы­тачоў усміхнуліся, чытаючы апошнюю цытату – маў­ляў, смела! Але гэта далёка не самая смелая крытыка на старонках «Сталінскай праўды» ўзору 1947 года. 

Як вам, скажам, загаловак «Узятачнік, бяздзейнік, п’яніца» (№ 80 за 12 кастрычніка)? А пад ім – артыкул Н. Бярозава (па стылю – адказнага рэдактара газеты Мікалая Беркутава) пра загадчыка райфінаддзела Кадашаева. Так, там прыводзяцца канкрэтныя факты хабарніцтва, п’янства, бяздзейнасці дзяр­жаўнага чыноўніка – але ж, калі б сёння журналісты нават пасля прыгавору суда дазволілі сабе такую «смеласць», то, як мінімум, іск аб абароне гонару і годнасці нам быў бы забяспечаны – і не факт, што мы выйгралі б суд. Газета тады дазваляла сабе больш, чым суд і пракуратура разам узятыя. Міжволі ўзгадваецца «барадаты» анекдот пра тое, чым падобныя муха і начальнік – абодвух у тыя часы можна было прыкончыць газетай.

Чамусьці асабліва ў 1947 годзе даставалася ад раённай газеты менавіта райфінаддзелу: то намесніка загадчыка Мартыненку пасля артыкула «Самодур из райфо» («Сталінская праўда» № 17 за 27 лютага) з работы знялі; то пра «Хуліганскі ўчынак загадчыка райфа Ламакіна» ў  № 60  3 жніўня напісаў В. Аляксееў: «Ламакін захапіў сенажаць селяніна хутара Трацянішкі інваліда працы Кацінеля Якуба. А калі той сказаў, што сенажаць мая, стаў яго збіваць. Нарвалася міліцыя...» Пасля таго артыкула Ламакін працаваў нядоўга. Але і Кадашаеў, які змяніў яго на гэтай пасадзе, напэўна, «дзякуючы» раённай газеце, не затрымаўся.

1.jpg

2.jpg



Але найбольш даставалася ад журналістаў – зрэшты, як і ва ўсе часы, – гандлю і камунальнікам. І не таму, што яны працуюць горш за іншых, – проста гэтыя службы найбольш кантактуюць з людзьмі і таму заўсёды навідавоку. А яшчэ ў тыя часы існавала чароўнае слова «дэфіцыт», якое станавілася прычынай і крыніцай многіх злоўжыванняў.

Так, артыкул «Спыніць зла­чынныя справы на базе рай­спа­жыў­саюза», надрукаваны  ў № 54 10 ліпеня за подпісам І. Кру­шынскага, Н. Лукава і К. Дзі­міт­рава, расказвае, не шка­дуючы эпі­тэтаў і фактаў, пра злоўжыванні «жуліка, прайдзісвета, ашуканца дзяржавы, парушальніка правіла совецкага гандлю» загадчыка базы Левіна Гіршы. Толькі адзін з прыкладаў: «Прызначаныя ў магазін Гудагайскага сельпо 11 метраў мануфактуры трыко было дастаўлена ў краму ўсяго 2,6 метра, а астатнія 8,4 метра пайшлі туды, куды ўздумалася прайдзісвету Левіну, 8 кілограмаў гаспадарчага мыла, 2 пары армейскіх бацінак, 2 пары гумавых жаночых туфель таксама (…) пайшлі з рук жуліка Левіна на рынак.» Апроч выкрывальніцтва, гэты артыкул дазваляе зразумець, што і пасля адмены картачак у дэфіцыце было ўсё – ад гаспадарчага мыла да гумовых жаночых туфляў. (Цікава, як выглядалі тыя гумавыя туфлі? – Н.Р.)

Для сваіх крытычных матэрыялаў журналісты пачалі выкарыстоўваць і новыя жанры. Да прыкладу, пад рубрыкай «Замест фельетона» аўтары Н. Беркутаў, І. Алексяёнак, І. Странчанка (№ 49 за 22 чэрвеня) расказваюць пра анекдатычны «Выпадак у сталоўцы», калі сын загадчыка расказаў правяраючым журналістам, як на кухні руды сабака выцягнуў мяса з каструлі.

З  уласным ілюстрацыйным матэ­рыялам у газеце ў пасляваенныя гады было цяжка. Але, падобна, у рэдакцыі разам з фотахронікай ТАСС і БелТА дасылалі карыкатуры – а журналісты прыстасоўвалі іх да мясцовых хібаў і праблем. Так, у № 66 за 24 жніўня ў артыкуле «Бестурботныя кіраўнікі райкамгаса» да кожнай недапрацоўкі камунальнай службы падабралі карыкатуру з адпаведным тэкстам – востра!
Газета замахнулася нават на рубрыку «Наш «Кракадзіл». Праўда,  выйшла яна толькі аднойчы – у № 68 за 31 жніўня. У прыватнасці, там была ацэнена работа старшыні Швяйлянскага сельсавета Васілёнка, які не патурбаваўся, каб падрыхтаваць школы да новага навучальнага года, за што і атрымаў адзінку. 

3.jpg

4.jpg



Як правіла, такія выступленні газеты заканчваліся «аргвысно­вамі»: выгаварамі, зняццем з пасады ці нават крымінальнымі справамі – пра гэта таксама рэгулярна паведамляла «раёнка».

Але была на старонках «Ста­лінскай праўды» і кан­струк­тыўная крытыка. Так, А. Гайдукоў, З. Шырынскі, В. Турлаеў у № 69 за 2 верасня цікавіліся, калі будзе ў Астраўцы стадыён? 

А Ванда Шалькевіч у № 50 за 26 чэрвеня наракала, што не будуецца дарога Валэйкішкі-Астравец, якую павінны былі супольна зрабіць тры сельсаветы – Валэйкішскі, Дрэвяніцкі і Быстрыцкі. «...З трох сельсоветаў па працгужпавіннасці павінны выходзіць на рамонт дарог больш сотні падвод і каля 200 пешых. Але ніводнай падводы і чалавека тут не працуе».

Аб’явы

Яшчэ больш, чым з журналісцкіх артыкулаў, можна даведацца пра тагачаснае жыццё раёна з аб’яў на старонках газеты.

У № 59 за 31 ліпеня змешчана аб’ява аб тым, што Маладзечанскі дзяржаўны настаўніцкі інстытут аб’яўляе прыём студэнтаў на аддзя­ленні: фізіка-матэматычнае, прырода-геаграфічнае, гіста­рыч­нае, мовы і літаратуры  (беларускай і рускай). Тэрмін навучання – 2 гады. Паведамлялася, што інстытут рыхтуе выкладчыкаў для 5-7 класаў сярэдняй школы. (А дзе, цікава, рыхтавалі настаўнікаў для іншых класаў? – Н.Р.) Студэнты забяспечваліся інтэрнатам, хар­чаваннем па рабочых нормах і стыпендыяй на агульных падставах.

Яшчэ адна аб’ява паведамляе, што аптэка прымае ад на­сель­ніцтва розныя віды лекавай сыра­віны, а ў якасці прэміі прапануе здатчыкам соль, ачышчаную соду, сіньку для бялізны і «іншыя прадметы шырокага ўжытку».

5.jpg



А яшчэ былі аб’явы такога кшталту: «Гр. Пятроўскі Ста­ніс­лаў Осі­павіч, які пражывае ў вёсцы Кялёйці Астравецкага сельсавета, узбуджае справу аб разводзе з гр. Пятроўскай Еленай Феліксаўнай, якая пражывае там жа. Справа будзе разглядацца ў Народным судзе Астравецкага раёна».

Дзеля справядлівасці трэба сказаць, што падобных аб’яў у падшыўцы за 1947 год я знайшла дзве ці тры. Думаю, калі б іх друкавалі цяпер, то змяшчаліся б яны ў кожным нумары. І чытабельнасць  раённай  газеты значна павысілася б. – Н.Р.


(Працяг будзе)

Текст: Нина Рыбик