Сенсация: обнаружены семь довоенных номеров районной газеты

15:16 / 03.02.2020
904
Да нядаўняга часу, калі размова заходзіла пра гісторыю «Астравецкай праўды», мы, нібы мантру, паўтаралі, што першы нумар астравецкай раённай газеты, якая тады называлася «Бальшавіцкі арганізатар», быў надрукаваны 29 мая 1941 года. Да вайны выйшла сем нумароў за подпісам адказнага рэдактара С. Е. Грышчанкі. Іх адшукаў наш зямляк прафесар Адам Мальдзіс, працуючы ў Маскве ў Ленінскай бібліятэцы, і даслаў нам каштоўныя звесткі. Ніводзін з нумароў «Бальшавіцкага арганізатара» не захаваўся не толькі ў рэдакцыйным архіве, але і ў Нацыянальнай бібліятэцы, дзе, па тэорыі, павінна быць усё, што выходзіла ў той час.

Гэта ўсё, што мы ведалі пра першыя старонкі гісторыі «Астравецкай праўды». І надзеі, што некалі не тое што атрымаем, а хоць бы ўбачым на свае вочы перадваенную «раёнку», практычна не было.

Але ў чарговы раз давялося пераканацца, што цуды здараюцца. Зусім нечакана, дзякуючы дапамозе, здавалася б, чужых і незацікаўленых нашай гісторыяй людзей, найперш – жыхара Мінска Уладзіміра Захаранкі, і «сямі поціскам рук», якія ён запусціў (аказваецца, гэта працуе не толькі ў кіно!), копіі першых сямі нумароў зараз ёсць у нашым архіве! І мы можам прааналізаваць, пра што пісала газета ў перадваенны час і ўскосна – чым жыў у 1941 годзе, на парозе Вялікай Айчыннай вайны, новаўтвораны Астравецкі раён Вілейскай вобласці БССР.

ТВАР ГАЗЕТЫ

Пералапаціўшы падшыўкі «Сталінскай праўды» за першыя пасляваенныя гады і ўзяўшы ў рукі яе перадваенны папярэднік «Большэвіцкі арганізатар» (менавіта так пісалася тады назва раённай газеты), можна зразумець, як далёка адкінула вайна краіну…

Бальшавiцкi_арганiзатар 4 - 194106071.png



Перадваенная газета непа­раў нальна большая – цэлых чатыры старонкі фармату А3, – а адноўленая «Сталінская праўда» ў 1945 і 1946 гадах, нагадаю, выходзіла на дзвюх старонках А4. Кідаецца ў вочы лепшая якасць паліграфічнага выканання, выкарыстанне некалькіх шрыфтоў для зага лоўкаў – у «Сталінскай праўды» на першым часе ён быў адзін, адрозніваўся толькі памер, ці, гаворачы  прафесійнай мовай, кегль. Уласных фотаздымкаў не было ні да вайны, ні адразу пасля яе, толькі ТАССаўскія і БелТАўскія – але ў «Бальшавіцкім арганізатары» літаральна з першага нумара выкарыстоўвалі так званыя клішыраваныя загалоўкі пастаянных рубрык: «Пісьмы ў рэдакцыю» , «Па нашаму раёну», «За рубяжом». І нават вёрстка перадваеннай «раёнкі» выгадна адрозніваецца ад пасляваеннай.

Адметна і тое, што перадваенная «раёнка», у адрозненне ад пасляваеннай «Сталінскай праўды», выходзіла на беларускай мове, якая, праўда, была своеасаблівая, мала падобная на сённяшнюю літаратурную – і тым не менш…

Нават узніклі сумненні: ці ў Астраўцы друкавалі да вайны раённую газету? Але ж апошні радок іх развеяў: так, у друкарні газеты «Большэвіцкі арганізатар». Вось толькі дакладны адрас, на жаль, не ўказаны – толькі «м. Астравец Вілейскай вобласці БССР».

ПРА ШТО ПІСАЛІ

І няпраўда, што ў той час у раённай газеце пераважала афіцыйная інфармацыя ўсесаюзнага і беларускага тэлеграфных агенцтваў! Даволі шмат было і мясцовых матэрыялаў. Так, безумоўна, усе яны падаваліся з «правільнай» ідэалагічнай пазіцыі – тым не менш, адвеяўшы прапагандысцкую «мякіну», можна знайсці зярняты каштоўнай інфармацыі.

Так, напрыклад, у самым першым нумары газеты ад 29 мая 1941 года з інфармацыі «Закончылі сяўбу» можна даведацца, што «Астравецкі сельсовет, спаборнічаючы з Варнянскім сель советам, 25 мая першым у раёне закончыў веснавую сяўбу. План сяўбы перавыканан, замест 1 159 гектараў засеяна 1 278 гектараў, з якіх лёну 123 гектары, бульбы 239 гектараў, зернавых 914 гектараў і канапель 2 гектары».

1.png



У гэтым жа нумары Ф.І. Быськова, дырэктар Астравецкай рускай НСШ (няпоўнай сярэдняй школы) расказвае, як выхоўваюць дзяцей у каму ністыч ным духу. В. Бароў­ ская, сакратар райкама камсамола, заклікае «сістэматычна авалодваць ваеннымі ведамі», а «Броцкі, Сакратар Райкома КП(б)Б» тлумачыць, навошта патрэбна раённая газета, анансуючы яе стварэнне. Дарэчы, у гэтым жа нумары змешчана аб’ява аб падпісцы на раённую газету з 1 чэрвеня да канца года, кошт яе на месяц складаў 85 капеек, а выходзіць «раёнка» павінна была два разы на тыдзень – у чацвер і нядзелю (у пасляваеннай «Сталінскай праўды», нагадаю, не было дакладнага графіка: здаралася, што на тыдзень выходзіла некалькі нумароў, а часам і ніводнага).
 
У першым нумары паведамляецца пра дзяржаўную дапамогу, якую атрымалі «мнагадзетныя мацеры Каўпацкая С.І., Свілло Ф.О., Рынкевіч Е.М., Прыстаўка М.М.»

Заметка «Ліквідацыя беска­роўнасці» паведамляе, што «па нашаму раёну асігнавана доўга­тэрміновы крэдыт для ліквідацыі бескароўнасці ў суме 106 тысяч рублёў. Ужо <…> куплена кароў 72 калгаснымі і бядняцкімі гаспадаркамі».

Ва ўсіх перадваенных нумарах раённай газеты праводзілася агітацыйная работа за падпісан­ не на пазыку трэцяй пяцігодкі. Прычым можна зразумець, што падпісвацца вымушаны былі (вядома ж, добраахвотна – як жа інакш!) не толькі дарослыя, але нават дзеці. Так, дырэктар Міхалішскай няпоўнай сярэдняй школы Маслоўскі ў чацвёртым нумары газеты паведамляе, што «настаўніцкі калектыў, узнаўшы аб выпуску пазыкі Трэцяй пяцігодкі (выпуск чацвёртага года), зараз­жа падпісаўся на пазыку. Падпіскай ахоплены ўсе настаўнікі на 2 050 рублёў. Вучні 5 і 6 класаў падпісаліся на пазыку на 400 рублёў».

Друкавалася інфармацыя пра пераўтварэнні ў райцэнтры і ў раё­не. Напрыклад, у №2, які выйшаў 3 чэрвеня 1941 года, паведамляецца пра пачатак будаўніцтва непадалёк ад мястэчка Астравец ветэрынарнай лячэбніцы, якая павінна была абслугоўваць усе сельсаветы раёна па пытаннях жывёлагадоўлі – ці не тая самая гэта ветлячэбніца, што працуе і цяпер?

Падаліс, начальнік дораддзела райсавета (дарожнага аддзела. – Заўв.аўт.), дэпутат Вярхоўнага Савета БССР, у №6 заклікае «разгарнуць дарожнае будаўніцтва» – так называўся падпісаны ім артыкул. А ў №5 змешчана заметка «Благаўстройства раённага цэнт­ра»: «…Мястэчка Астравец мяняе сваё аблічча. Зараз распачалося пашырэнне Совецкай вуліцы, яе машчэнне камнем і ўкладка тратуараў. <…> Ударнымі тэм­памі праводзіцца пракладка но­вай, шырокай, мошчанай камнем вуліцы імені Пушкіна».

6.jpg



У тым жа нумары В. Бароўская (узгаданы вышэй сакратар райкама камсамола) расказвае пра падрыхтоўку вучняў Міхалішскай школы да фізкультурнага парада, які павінен быў адбыцца ў чэрвені ў абласным цэнтры Вілейка. Дата яго не называецца, і невядома, ці паспелі вучні паказаць тры адрэпеціраваныя фігуры: зарадку з практыкаванняў комплексу ГПА, «Умацоўвай абарону СССР» і «Звязда».

У №6 ад 15 чэрвеня паведамляецца, што ў райцэнтр хутка прый­дзе радыё: пачынаецца ўстаноўка слупоў, праводзіцца лінія з горада Ашмяны. «Па мястэчку Астравец будзе ўстаноўлена 400 радыёточак», – абяцала раённая газета. Толькі гэтае абяцанне, хутчэй за ўсё, перакрэсліла вайна.

Практычна ў кожным нумары змяшчалася аб’ява, што «арцель «Новае жыццё» ў м. Міхалішках з аддзяленнямі ў Астраўцы і Варнянах прымае заказы ад насельніцтва на пашыўку новага абутку з матэр’яла заказчыка пры частковым дакладзе матэр’яла арцелі. Арцель вытварае рамонт абутку і шорных вырабаў з матэр’яла арцелі, а таксама выпрацоўку аўчын, валенак (на давальчаскіх асновах), чоску воўны, валянне сукна і паўсукна».

Паказальныя заметкі «Рост культурнасці» і «Культурны адпачынак настаўнікаў», змешчаныя ў апошнім, сёмым нумары перадваеннай астравецкай «раёнкі». У першай І.М. Матусевіч, загадчык культмага,  расказвае, што «расце попыт на культурнае хатняе абсталяванне. За апошнія чатыры месяца прададзена сялянам раёна венскіх стулляў, мяккіх дываноў і гардэробных шкафоў на 12 000 р., швейных машын
на 12 600 руб. і г.д.» А ў другой паведамляецца, што «раённым камітэтам саюза работнікаў пачатковых і сярэдніх школ ужо выдана настаў нікам 9 пуцёвак у дом адпачынку «Дарожнік» і тры пуцёўкі ў Кіславодск і Ялту».

7.png



ЗА ШТО КРЫТЫКАВАЛІ

Была ў газеце і крытыка, прычым нямала.

У заметцы «Навесці чыстату і парадак» (вам гэта нічога не нагадвае?) у самым першым нумары газеты Б. Міхайлаў піша: «У раённым цэнтры работа па навядзенню чыстаты і парадка праводзіцца толькі ў прадсвяточныя дні, а потым вуліцы мястэчка рэдка калі падмятаюцца. Яны на некалькі сантыметраў зарастаюць пластом смецця і гразі. Не лепшае становішча і ў дварах жылых дамоў. Тут паўнейшая антысанітарыя».

У артыкуле «Перабудаваць работу сталовай» у тым жа №1 Б. Нікалаеў і В. Нікіфараў расказваюць пра недахопы работы сталоўкі ў райцэнтры. «…У афіцыянтак і асабліва ў буфетчыка гразныя халаты. Прадукты з буфета адпускаюцца не культурна. К прыкладу, вага сала і іншых мясных прадуктаў адбываецца на непада­сланых бумагай вагавых чашках. Рэжа мяса буфетчык на гразнай фанернай дошцы. Вілкі, нажы зачастую бываюць гразныя. У сталовай ёсць умывальнік, але вада ў ім рэдка калі бывае. Няма мыла і палаценца…»

Сямёнаў у артыкуле «На Астравецкім цагельным заводзе» расказвае пра недахопы, што пануюць на прадпрыемстве. «Дырэктар Марозаў і бухгалтар Лабачэўскі замест большэвіцкай арганізацыі работы на заво­дзе сталі на шлях ашуканства, займа юцца очкауцірацельствам. 31 мая, даючы звесткі аб выка­нанні плана, наўмысна дабавілі нязробленых 2 506 штук цэглы».

У заметцы «Нецярпімыя адно­сіны» Б. Міхайлаў піша, што Гудагайскі леспрамгас марудна праводзіць разлікі за лесавывазку. «Вось гр. В Байкоўскі з хутара Тракелі Екентанскага сельсовета за 8 кубаметраў лесаматэр’яла, вывезанага ў лютым месяцы, на сёнешні дзень не атрымаў аплаты. <…> Такія ж факты ёсць і ў радзе другіх месцаў раёна».

У апошнім даваенным нумары «Бальшавіцкага арганізатара» В. Нікіфараў пісаў, што «…зусім безгаспадарча адносяцца да эканоміі электраэнергіі ў раённым цэнтры. <…> Вось, к прыкладу, 8 гадзін вечара. На вуліцы яшчэ поўнае святло, можна чытаць газету, а ў мястэчку на ўсіх стаўбах ужо паблісквае бледны свет электрычнай лямпачкі …» (З гэтага можна зрабіць выснову, што ў 1941 годзе вуліцы ў Астраўцы ўжо асвятляліся электрычнасцю, хоць і «бледным святлом» – Н.Р.)

«Перабудаваць работу крам» у тым жа нумары заклікае нехта Шылаў – ён піша, што «…хлебная крама адчынена з раніцы і толькі да шасці гадзін вечара, калі ў гэты час толькі заканчваюцца работы ва ўстановах райцэнтра».

Усё гэта – толькі невялікая частка з таго, што мы змаглі змясціць у гэты артыкул з сямі нумароў «Бальшавіцкага арганізатара». Калі некаму цікава, што ў іх было яшчэ і што ўяўляла перадваенная раён ная газета, звяртайцеся.


АД РЭДАКЦЫІ:

Немагчыма пераацаніць каштоўнасць падарунка, зробленага рэдакцыі і ўсяму Астравецкаму раёну Уладзімірам Захаранкам і яго «сямі поціскам рук», дзяку­ючы якім у нас ёсць неацэнны скарб – сем нумароў газеты «Бальшавіцкі арганізатар». Усім гэтым людзям, якіх, акрамя Уладзіміра, мы нават не ведаем, хочацца шчыра падзякаваць! І няхай цуд, на які яны нават не спадзяюцца, аднойчы здарыцца ў жыцці кожнага з іх.
Текст: Нина Рыбик
Оставить комментарий
Текст сообщения*
Защита от автоматических сообщений