Пра “сацыяльную” прафесію расказвае Алена Шпак

15:15 / 05.01.2020
646
Якой бяспечнай і летуценнай здаецца маладосць, такой непрадказальнай і нечаканай бывае старасць. Аб гэтым не па чутках ведае Алена Шпак, бо яна кожны дзень сутыкаецца з людзьмі, якім патрэбна не толькі фізічная, але найперш маральная падтрымка. Дваццаць дзевяць гадоў Алена Станіславаўна працуе сацыяльным работнікам.

5670493.jpg

 Жвавая і рухавая жанчына спрытна завіхаецца па хаце адной са сваіх падапечных – Валянціны Малевіч, якая чатыры гады таму размяняла восьмы дзясятак. 
– Ой, які там ужо спрыт, – махае рукой Алена Станіславаўна. – Рукі даўно не так служаць, як у маладосці, але ж са сваёй работай стараюся спраўляцца. (Усміхаецца.) 
Працу сацыяльнага работніка лёгкай не назавеш. Схадзіць за прадуктамі ці лякарствамі, прынесці вады ці дроў, навесці парадак у хаце, вынесці смецце, аплаціць камунальныя паслугі, прыгатаваць ежу, зімой расчысціць снег у двары, памыць вокны – і гэта далёка не ўвесь пералік абавязкаў сацыяльнага работніка. А колькі яшчэ спраў ён выконвае не па патрабаванні, а па ўласным сумленні, кіруючыся простым чалавечым прынцыпам: «А хто, калі не я?» 
– Зараз у мяне дзевяць падапечных, – расказвае Алена Станіславаўна. – Да адных прыходжу па тры разы на ты­дзень, да іншых – па два. Усё залежыць ад запатрабаванняў людзей. Хлусіць не буду: працаваць даводзіцца шмат. Перад Калядамі і Новым годам трэба было і генеральную ўборку ва ўсіх зрабіць. Няважна, колькі гадоў чалавеку, адзін ён жыве ці не – усім хочацца сустрэць свята, як належыць. А людзі сталага ўзросту асабліва патрабуюць увагі, клопату і душэўнай цеплыні. 
Шмат гадоў таму жанчына невыпадкова выбрала сацыяльную службу. Пасля адпачынку па доглядзе дзіцяці вяртацца на ранейшае месца, дзе даводзілася працаваць па зменах, ёй не хацелася. Работы Алена Станіславаўна не баялася – хацелася больш часу праводзіць з сям’ёй. Так у няпростыя 90-я жанчына прыйшла ў сацыяльную службу.
– У параўнанні з тым часам зараз працаваць лёгка, – успамінае жанчына. – Вельмі цяжка тады даводзілася: па некалькі гадзін у чэргах стаялі, каб прадуктаў купіць, – трэба ж было людзям хлеб прынесці! І так штодня. Цяпер як успомню – жах! Але нічога, вытрымала. Аднак куды горш за фізічную стомленасць – душэўная: калі бачыш хворых лю­дзей і не можаш дапамагчы, калі за столькі гадоў прывыкаеш да сваіх бабуль ды дзядуль, а пасля даводзіцца праводзіць іх у апошні шлях. Прыйдзеш дадому, нап’ешся лекаў, але сэрца яшчэ доўга баліць – да гэтага немагчыма прывыкнуць.
– Мы з Ленай дружна жывём, – далучаецца да гаворкі Валянціна Малевіч. – Усё, што трэба, яна робіць, а калі штосьці яшчэ спатрэбіцца, папрашу – і паслухае. Толькі вось пра сябе зусім не думае – лёгка апранаецца. Колькі ёй кажу: захутвайся – зіма ж на двары, захварэеш. А яна толькі махне рукой – і пакаціла на веласіпедзе далей.
– Ды я за столькі гадоў ні разу на бальнічным не была, – нібы апраўдваецца Алена Шпак. – Хварэла, канешне, але дзень-другі паляжу – і адпускае. Ды і няма калі вылежвацца – людзі ж чакаюць.
І гэта найлепшы доказ, што ў сацыяльнай службе працуюць добрыя, спагадлівыя і нераўнадушныя да чужых праблем людзі. 



Подписывайтесь на телеграм-канал «Гродно Медиа Group» по короткой ссылке t.me/GrodnoMediaGroup

Телеграм-канал «Гродно Медиа Group» - это ежедневные новости районов Гродненской области и города Гродно.


Текст: Марина Мацкевич
Оставить комментарий
Текст сообщения*
Защита от автоматических сообщений