Кто такой социальный работник?

15:00 / 11.01.2016
соцработникСацыяльны работнік…
Што ўяўляе сабой гэтае прывычнае для нас словазлучэнне? Выкананне неабходных абавязкаў ці спагада і шчырасць? Гэта мы і паспрабавалі высветліць у людзей, якія карыстаюцца дапамогай работнікаў сацыяльнай службы.

Ядвіга Станіславаўна Нарэйка, 71 год, пражывае ў вёсцы Літвяны.
Сацыяльны работнік – Марыя Феліксаўна Нарэйка.
– Дай жа Бог кожнаму чалавеку такую апякунку, як мая Марыечка! Дабрэйшай душы чалавек – такіх, напэўна, ва ўсім свеце няма. Яна не проста сацыяльны работнік, яна – мой анёл-ахоўнік. Ужо сёмы год яна апякуецца мной. І вады прынясе, і снег пачысціць, і дроў наносіць, і падлогі вымые, і абед, калі прыхварэю, прыгатуе. Золата, а не чалавек. Яна павінна да мяне тры разы на тыдзень прыходзіць, а прылятае амаль штодзень. І яшчэ некалькі разоў патэлефануе: “Цёця Ядзя, можа вам што трэба?” Марыйка мне і памочніца, і доктар, і дарадца. Кожную раніцу ціск змерае. Я – гіпертонік, дык калі ціск скача ці проста сябе дрэнна адчуваю, яна будзе ля майго ложка сядзець аж пакуль дачка не прыедзе. Кожны вечар абавязкова патэлефануе і добрай ночы пажадае. Я, бывае, тэлевізар аж да ночы загляджуся, а Марыя жыве непадалёк – убачыць свет ці блікі ад экрана і зноў на тэлефон: “А чаму яшчэ не спіце? Можа, дрэнна? Ці што баліць?” А калі на святы дзеці да сябе забіраюць, дык яна тут за гаспадаркай паглядзіць, сабачку і курэй пакорміць. Вельмі добрая і клапатлівая ў мяне апякунка, нават не магу слоў адпаведных знайсці, каб перадаць усе эмоцыі. Яна Чалавек з вялікай літары. Дачку мне замяняе. І не толькі да мяне – Марыя да ўсіх людзей такая: у любы момант прыйдзе і дапаможа. І заўсёды з усмешкай, ніколі я не бачыла яе без настрою. Дай жа Бог ёй здароўя і ўсяго найлепшага, і вялікі дзякуй за ўсё, што яна робіць для нас.

соцработник1Юзэфа Іосіфаўна Селікоўская, 77 гадоў, пражывае ў вёсцы Літвяны.
Сацыяльны работнік – Генуэфа Мар’янаўна Трыбоцкая.
– Хто для мяне сацыяльны работнік? Ды ўсё! І я без яе ніяк! Вядома, старасць нікога не шкадуе – прыходзіць, не пытаючыся. З 14 гадоў я на “свой хлеб” пайшла, усё жыццё даяркай адпрацавала, 40 гадоў стажу маю. Але тады ўсё лёгка атрымлівалася, а зараз ногі ўжо не ходзяць, рукі не слухаюцца. Дзеці ў іншай вёсцы жывуць – кожны дзень не находзяцца. А Генуэфа ўсё зробіць: памые, пачысціць, наварыць. Яна мяне паслухае і ўступіць, я – яе. Вось так у міры і згодзе і жывём ажно з 2006 года. І пагаворым, і гарбаткі пап’ём – няма чаго мне скардзіцца, усім задаволена. А калі б не было сацыяльнага работніка, не ведаю, як бы і жыла. Вось той жа тэлевізар, напрыклад, узяць: нядаўна ўвялі нейкую халеру – падключаць нешта трэба, на кнопкі націскаць. А ці ж мне ўжо гэтыя цуды тэхнікі патрэбны? Першы час усё Генуэфе тэлефанавала, дык яна тут жа прыбяжыць ці сына свайго прышле, усе наладзяць. Вось і кажу – ніяк я без свайго сацыяльнага работніка.

соцработник2Яніна Адольфаўна Кунейка, 78 гадоў, жыхарка Астраўца.
Сацыяльны работнік – Алена Станіславаўна Васілеўская.
– У мяне былі розныя сацыяльныя работнікі, з пазамінулага года ёю стала Алена. Дарэчы, гэта мая былая вучаніца. Я ж настаўніцай трыццаць гадоў адпрацавала, пяць выпускаў выпусціла. Алена была добрай, стараннай вучаніцай, такой жа шчырай і добрасумленнай яна засталася і зараз. Мы з ёй хутка знайшлі агульную мову і прызвычаіліся адзін да аднаго. Я ёй пра свае радасці ці праблемы раскажу, яна са мной сваімі навінамі падзеліцца. Алена – адказная, ветлівая і шчырая. І гэта не толькі маё меркаванне, але ўсіх яе падапечных. Мая дачка, нават, бывае раўнуе да Алены. (Усміхаецца) Для мяне Алена не проста сацыяльны работнік, за гэты час яна стала мне родным чалавекам.

-------------------------------------------------
Марына БАРОК, фота аўтара.