Вось такі сюрпрыз!

11:27 / 03.01.2020
Мяркуючы па  нешмат­лікай колькасці ўдзель­нікаў конкурсу навагодніх гісторый, сюрпрызы ў жыцці нашых чытачоў здараюцца нячаста. Тым не менш, яны ёсць! І ахвочыя падзяліцца сваёй радасцю і добрым настроем з чытачамі «раёнкі» – таксама. Сёння мы друкуем допісы ўсіх удзельнікаў конкурсу. Лепшым з іх рэдакцыйнае журы прызнала сюрпрыз, пра які  расказала Марына Кавалеўская  з вёскі Шульнікі. Але прайграўшых у гэтым конкурсе не будзе: усе атрымаюць дыпломы ўдзельнікаў і ганарар. 
Віншуем!

78478-rozhdestvenskie_ukrasheniya-novyj_god-rozhdestvenskij_ornament-rozhdestvenskij_podarok-rozhdestvo-2048x1152.jpg


Салют з дубальтоўкі

Яна ГАЛІНА, г. Астравец.


…Стук у дзверы – і ўнук, свавольнік і жартаўнік, на парозе. Ускочыла радасць у хату сівой жанчыны – яна ўжо змарнела за тыдзень без дзеда, які паехаў у санаторый.
– Авохці мне – Яська! – абняла яна хлопца. – Як добра, што ты прыехаў! Разам Новы год сустрэнем. Шкада толькі, што дзеда няма, не будзе яго фірменнага салюту – выстралу з дубальтоўкі.
– Ну, гэта мы яшчэ пабачым, – загадкава ўсміхнуўся ўнук.
…Адцвітаў год, губляючы апошнія гадзіны-пялёсткі. Да заканчэння старога года заставалася пару гадзін.
– А давай, бабулечка, пойдзем у лес сустракаць Новы год, – нечакана прапанаваў Яська. – Там такая экзотыка!
– А давай!  
Хлапчына цмокнуў бабку ў шчаку, заскочыў на некалькі хвілін у дзедаў пакой – і яны, наспех сабраўшыся, падаліся… у казку! Ціха, таямніча навокал – толькі ноч і яны двое на пустыннай дарозе.
– А што ў тваім заплечніку? – пацікавілася бабуля, успомніўшы, што нічога туды не складвала.
– Ды так, нічога асаблівага, – хітравата ўсміхнуўся ўнук. – Шампанскае.
Ад нечаканасці жанчына, колішняя настаўніца, застыла, як свечка: шампанскае ў пятнаццаць гадоў? Ці ж можна? Але не ўскіпела: Новы ж год як-ніяк.
На ўзлеску іх сустрэў водар хвоі. Мох і ягаднікі прыкрыліся тонкім белым прасцірадлам – ад яго некранутай белі нават змрок рассейваўся. 
– Тое, што трэба! – задаволена азірнуўся Яська. – Лес, цішыня – гэта ж твая стыхія. Так, бабця? А неба! Ты паглядзі, якое сёння неба! Яснае, зорнае. Бачыш, як у вышыні паміж ялін свецяць, падміргваюць нам зорачкі? А вунь з-за вершаліны хвоі высунулася лапа Вялікай Мядзведзіцы…
Жанчына стаяла ў замілаванні, любуючыся непаўторным тварэннем Пана Бога.
– Ты, бабуля, пабудзь хвіліначку, я зараз, – Яська знік за дрэвамі.
У лёгкім марозным паветры застылі бярозы, прыцярушаныя снегам, – яна абдымала іх, гладзіла шурпатыя ствалы і шаптала:
– Божа, любасць якая…
І ў гэты момант цішыню парушыў выстрал дублем, які прагучаў зусім побач.
– Што гэта, Ясік?
– Шампанскае ўзарвалася, – са смехам выйшаў з-за дрэў, складваючы дубальтоўку, гарэза. – Прывітанне ад дзеда! – схапіў ён бабку ў абдымкі, закружыў, стаў цалаваць, віншаваць з Новым годам.
А ў яе перахапіла дыханне. Не думала, што ў гэтую святочную ноч, якую яна збіралася правесці адна, прагучыць стрэл з дубальтоўкі, які вітаў кожны іх з мужам новы год… Але ж… Яська-такі даў старт чарговаму вітку яе жыцця! 

Новый год на Манхеттене

Мария ВАСИЛЕНОК


Легко сказать, что у тебя самое красивое платье в семь лет. И что именно эта весна – самая счастливая, когда тебе 17. А вот выбрать самую памятную встречу Нового года, когда тебе 60+, – задача не из легких. В школьные годы пределом мечтаний кажется разрешение родителей встре­тить Новый год в компании друзей – а уже через пять лет ты сам решаешь, провести новогоднюю ночь в большом городе или вернуться в тепло родного дома. 
А дальше годы проносятся, как вагоны скорого поезда, лишь недолго притормаживая в памяти на  коротеньких остановках под названием «Самые-самые…» 
Может, не совсем случайно притор­маживаю вот на этой –  двухтысячный год. Миллениум. Что год грядущий нам готовит? А десятилетия? Оказалось, судьбе было угодно разделить нашу семью не только тысячами километров, но и водами Атлантики.

Василенок.jpg

 И вот уже Новый 2015 год я встречаю… в Нью-Йорке, на Манхеттене! Нет при­вычного снега. Сухо, ветрено. Время  близится к 16.00 – а в Беларуси стрелки часов отсчитывают последние минуты уходящего года. 
Голова кружится, когда пытаешься увидеть самый верх небоскреба. А ближе к земле каждый кустик, дерево, витрина, балкон сверкают огнями, украшены живыми, иногда полутораметровыми пуансетиями! И не находится слов, чтобы передать восторг, ощущение сказки, которыми переполнено сердце. Уже привыкшие к изощренности рождественских декораций, мои дети то и дело останавливаются, боясь потерять меня в нескончаемом людском потоке, – а я не могу оторвать глаз от площадки перед каким-то офисом, украшенной шарами величиной с пушечные ядра! Сколько неповторимых оттенков в каждом их рисунке! А как они вписаны в высаженные тут же хвойники! 
А вот каток, на какой-то (не помню какой) знаменитой площади Нью-Йорка. Сын объясняет, что ему более 80-ти лет. На искусственном льду сотни людей скользят  под звуки музыки. А сотни зевак, подобных нам, пытаются протолкнуться к елке, возвы­шающейся у одного из бортиков. Она живая. Она здесь растет, и ей немало лет. И  укра­шена она старинными игрушками.  Историческая елка, исторический каток.
Незабываемый эпизод из множества, удивляющих меня в этой экзотической для меня стране. Случайность?  Нет, скорее закономерность, обусловленная мобильностью ХХI века. 

Белы прынц на казачным кані

Марына КАВАЛЕЎСКАЯ, в. Шульнікі


Навагодняя гісторыя, пра якую я хачу расказаць, для яе герояў стала, хочацца верыць, пачаткам доўгага і шчаслівага жыцця.
Хлопец і дзяўчына, абое гарадскія, пазнаёміліся ў вёсцы: у яе там жыла бабуля, да якой студэнтка прыехала на летнія канікулы, а ў яго цётка ў суседняй вёсцы, куды хлопец прыехаў у госці. Паміж вёскамі было возера, куды хадзіла ў спякотныя дні моладзь – там яны і пазнаёміліся.
Знаёмства перарасло ў дружбу, а затым і ў каханне. І Новы год маладыя людзі вырашылі сустрэць разам, прычым там, дзе пазнаёміліся – у вёсцы. 
Зіма выдалася снежнай і марознай. Дзяўчына прыехала да бабулі раней, каб падрыхтавацца да сустрэчы з каханым, накрыць стол – трэба ж паказаць, якая яна гаспадыня. 
Хлопец паехаў да цёткі на старэнькай бацькавай іншамарцы. Загнаў машыну ў панадворак і  пайшоў у хату павітацца ды што-кольвечы перакусіць з дарогі. Цётка з дарагой душы стала частаваць госця вясковымі прысмакамі. Разамлелы ад цяпла і смачнага абеду пляменнік і не заўважыў, што пачалася завіруха. Пад вечар, калі ён сабраўся ехаць на спатканне з каханай, машыну замяло – колаў не відаць. Як ні адкопвалі хлопец з гаспадаром – не дапамагала: завіруха тут жа зводзіла на нішто іх работу.
З суседняга ярка асветленага двара загучала музыка – вясковая моладзь сабралася сустракаць Новы год. Хоць і няёмка псаваць людзям свята, але вырашылі ў іх папрасіць падмогі. Растлумачылі сітуацыю – і маладыя дужыя хлопцы, крыху ўжо «падагрэтыя» провадамі старога года, ахвотна згадзіліся дапамагчы гарадскому жаніху. Але нават з іх дапамогай іншамарка зрушылася з месца не больш як на метр – і зноў асела ў гурбу.
Хтосьці прапанаваў успомніць былыя часы і запрэгчы каня, каб даставіць хлопца на спатканне. Праз пару хвілін у хляве дзеда Андрэя знайшоўся і конь – прыгожы, шэры ў яблыкі, нібыта з казкі. А да яго – даўнейшыя сані. Гурба хлопцаў і дзяўчат са смехам і жартамі ўкулілася ў іх і рушыла ў суседнюю вёс­ку. Дзяўчаты заспявалі пра Янку, што ехаў ля ракі, хлопцы стараліся перабіць іх, нястройна зацягваючы «Ой, мароз, мароз…». Усе так захапіліся песенным батлам, які падагравала біклажка, якая пайшла гуляць па крузе, што ніхто не зразумеў, калі і чаму замест заснежанай дарогі яны апынуліся ў канаве. Полаз хруснуў, пасажыры са смехам і піскам выкуліліся ў гурбу, а конь пацягнуў за сабой зламаную аглоблю і фурмана, які моцна трымаўся за лейцы…
Насмяяўшыся, павойкаўшы і паахаўшы, сталі думаць-гадаць: што ж рабіць далей? Як уратаваць шчасце гарадскога жаніха? Урэшце пасадзілі яго на каня, вывелі на дарогу – зблытацца было цяжка: удалечыні ўжо віднеліся агні суседняй вёскі і «блаславілі»: «Гані! Яшчэ паспееш!»
Далей, як кажуць, карціна маслам. Без пяці хвілін дванаццаць, калі сплаканая дзяўчына кідалася ад аднаго акна да другога, не ведаючы, што і думаць, расчыніліся дзверы і, увесь  белы, абле­дзянелы і заснежаны, у хату ўваліўся доўгачаканы госць. Укленчыўшы і калоцячыся – ці то ад холаду, ці то ад хвалявання, ці то ад перажытага, ён нягнуткімі пальцамі дастаў з-за пазухі каробачку і працягнуў дзяўчыне:
– Каханая, будзь маёй жонкай! З Новым годам…
…Назаўтра бабуля прачнулася раненька і на дыбачках прайшла на другую палавіну хаты, дзе павінна была сустракаць Новы год унучка са сваім хлопцам. Багата накрыты стол стаяў некрануты – нават свечкі не запалены. А маладыя, нібы тыя курчукі, стуліўшыся і моцна абняўшыся, спалі на печы, накрыўшыся дзедавым кажухом.

Падарунак ад «раёнкі»

Ганна МІЛАШЭВІЧ, в. В. Страча


Гэта было перад Новым 2016 годам. Напярэдадні свята рэдакцыя «Астравецкай праўды» аб’явіла конкурс на лепшае фота для календара, у якім вырашыла паўдзельнічаць і я. Выбрала некалькі фотаздымкаў і адправіла, не спадзеючыся на перамогу: у нашым раёне шмат прафесійных фатографаў, сапраўдных майстроў – куды мне, аматару, з імі цягацца! Так прыкладна думала я – але вырашыла ўсё ж  паўдзельнічаць у конкурсе. 
І вось у апошні дзень адыходзячага года пайшла я да паштовай скрынкі, каб забраць святочны нумар «раёнкі». У газету быў укладзены каляровы каляндар на наступны год – традыцыйны падарунак рэдакцыі чытачам. Калі я яго разгарнула, то не магла стрымаць радасці: на календары быў мой здымак возера Тумское, што ўваходзіць у ланцужок Сарачанскіх азёр, зроблены паблізу вёскі Горшавічы.

Милошевич.jpg

Было вельмі прыемна, што рэдакцыя выбрала менавіта мой фотаздымак – і на працягу ўсяго 2016 года ён вісеў у дамах і кватэрах большасці жыхароў раёна, якія, як і я, выпісваюць і чытаюць «Астравецкую праўду».
Так любімая газета зрабіла мне сюрпрыз і падарыла вялікую радасць напярэдадні Новага года.

«Дэфіцытнае» свята  

Рэгiна ДРЭМА, в. Ліпкі


Ішлі 90-ыя гады – час перабудовы. Дэфіцытам было ўсё: прадукты, адзенне, алкаголь. Але, як ні парадаксальна, усё гэта ў кожнага было «ў загашніку».
У той год 31 снежня выпадала на выхадны дзень. Я валялася ў ложку і марыла пра свята – каб душа разгарнулася! Канкрэтных планаў не было – затое было шмат сяброў, якія маглі нечакана з’явіцца з віншаваннямі. Я вырашыла іх апярэдзіць!  Хуценька прывяла сябе ў парадак i паiмчала да прыяцелькі. 
Наташка з мужам падтрымалі ідэю. Злёгку перакусiўшы, мы вырашылі наведаць нашых агульных сяброў Пятровых. Тым больш, што Пятроў нядаўна выпiсаўся з бальнiцы і яму была патрэбна маральная падтрымка. 
Мы дружна ўвалiліся да iх у кватэру. Гаспадар чуць ногi цягаў – але  маральнай падтрымцы ўзрадваўся, аж твар пачырванеў ад задавальнення. Пятровы выставiлi на стол талерачку закусi i чакушачку. А душа патрабавала большага! Мы зазірнулі ў халадзільнік – там знайшлiся грыбочкi, мандарыны і нават запечаны гусь з яблыкамі. 
Калі мы даядалі гуся, гаспадар дрыжачым голасам прапанаваў: «А давайце парадуем сваiм вiзiтам Сашку з Алiнай!» I мы накiравалiся  да iх. 
Сашка з Алiнай збiралiся на нейкi канцэрт. «Навошта вам канцэрт?» – запярэчылi мы. Я ўключыла  радыёлу, загучала музыка. Мы па-сяброўску адкрылi халадзiльнiк і дабавiлi таго-сяго на стол. Гасцінныя гаспадары глядзелі на нас з хваляваннем, але далучылiся да кампанii. 
Пасля некалькіх чарачак Сашка ўсклікнуў: 
– А давайце зазірнём да Воўкi з Iркай – вось узрадуюцца!
«Да-вай-це!» – скандзiравалi мы. Сапраўды, чаму і не зазірнуць, калі Ірка працуе ў прадуктовым  магазiне. 
Туды мы не зайшлi, а ўламiлiся. Iрку стала трасцi – вiдаць, ад радасцi. Усё прайшло на «ўра»! Падрабязнасцi не буду апiсваць – тым больш, што гаспадар з радасці прапанаваў зазірнуць да Анькi – да яе госцi з Украiны прыехалi. 
Мы з песнямi падышлi да дзвярэй – і яны тут жа расчынiлiся: Аня i госці кінуліся нам насустрач. Але гаспадыня ў дом нас не запрасiла, а прапанавала: «Давайце пакажам гасцям святочны горад»! 
І мы пайшлi з песнямі па вуліцах. Але ў мяне пачала балець галава. Святочны настрой ужо ўлёгся спаць – і мне прапанаваў зрабіць тое ж. Ціхенька пакінуўшы кампанiю, я пашыбавала дамоў. 
 У мяне ў кватэры было цiхенька, утульна, чыста – i ў халадзiльнiку поўна рознай смакаты. «Вось гэта свята!» – падумала – і на ўсякi выпадак хуценька выключыла святло!



Подписывайтесь на телеграм-канал «Гродно Медиа Group» по короткой ссылке t.me/GrodnoMediaGroup

Телеграм-канал «Гродно Медиа Group» - это ежедневные новости районов Гродненской области и города Гродно.


Текст: Главный администратор