Золотую свадьбу в островецком ЗАГСе отметили Иван и Нина Михно

15:13 / 06.12.2019
1243
50-годдзе сумеснага жыцця подпісамі ў кнізе рэгістрацыі юбілейных дат раённага аддзела ЗАГС пацвердзілі Ніна Аляксандраўна і Іван Юльянавіч Міхно.

1.jpg

– Так весела, як на нашым залатым вяселлі, яшчэ ніколі не было. І танцавалі мы, і спявалі, і «маршы» збіралі…

Ніна Аляксандраўна.

ЭЛЕКТРЫК ВАНЯ

Іван Міхно з Завельцаў нічым не адрозніваўся ад аднагодкаў – быў простым працавітым хлопцам. Пасля школы паступіў у Гродна на электрыка – добрая, лічыў, прафесія і вельмі патрэбная людзям.

– Гэта былі 70-я гады. Якраз выйшаў важны ўказ: лямпачку Ільіча – у кожную хату нават самага аддаленага хутара. І закіпела паўсюль работа...

Адвучыўшыся, Іван пайшоў працаваць у будаўніча-мантажнае ўпраўленне – такое тады існавала ў кожнай вобласці. Уладкаваўся ў Маладзечненскае – каб бліжэй да хаты.

Жылі брыгады мантажнікаў на кватэрах, качавалі па раёнах: Смаргоншчына, Валожыншчына, Стаўбцоўшчына. Была ў гэтым спісе і Астравеччына. Мельнікі, Мішляны, Мацканы, Варняны, Малі, Дайлідкі, Даўкшышкі, Тракелі – на хутары нашага раёна святло прыйшло якраз на Каляды.

– Заходзіш у хату пробкі ўкруціць – а на стале аплатка і сенца ляжыць, – успамінае Іван Юльянавіч.

…У Сталбцоўскі раён са сваёй брыгады Іван прыехаў апошнім – на старой кропцы «канцы падганяў». Ад Сталбцоў да вёскі Сцяцкі, куды яго камандзіравалі, – чатыры кіламетры. Двое калег ужо тыдзень жылі на новай кватэры, завялі знаёмствы.

– Колькі тут дзяўчат! – з парога адрапартаваў Івану брыгадзір. – Можа, і пажэнімся мы тут.

Як у ваду глядзеў.

ПРЫГАЖУНЯ НІНА

– Электрыкі размясціліся ў маіх родзічаў, – падхапіла гаворку Ніна Аляксандраўна. – Умовы ў нас, канешне, былі не ахці – але 68-ы год на двары, усе так жылі. Да таго ж молада, як кажуць, – ужо весела.

Сябровак у Ніны і на самой справе было шмат, як збяруцца разам – цэлы двор. А вось хлопцаў – хоць ты плач. Таму на танцах, якія часцяком ладзіліся проста ў панадворку, камандзіраваныя былі …

– Сяжу я неяк шыю, у акно паглядваю, – успамінае жанчына. – Бачу, да майго дзеда нейкі новы хлопец падыходзіць. Нешта гаворыць… Яшчэ адзін кватарант, зразумела я. І ведаеце, мабыць, нешта такое ў жыцці ёсць – ці то лёс гэта, ці то прыцягненне якое: толькі ўбачыла Ваню – і нешта тут, унутры, ёкнула… А я ж яго нават разгледзець не паспела…

Пачуцці паміж маладымі людзьмі разгарэліся не адразу. Так, толькі танцавалі разам ды жартачкамі абменьваліся. Ды і калі было! Ужо праз тыдзень, вярнуўшыся з работы, Ніна сустрэла Івана на парозе – і з чамаданам. Ідучы да машыны, хлопец абмяняўся з ёй звычайным «добры дзень – і да пабачэння».

Але ў той раз кватаранты не ад’ехалі – машына не завялася. Прыйшлі назад і арганізавалі развітальны вечар, на якім, мабыць, і пранеслася паміж Нінай і Ванем тая іскра, якая з часам ператварылася ў маланку кахання – моцнага і на ўсё жыццё.

– А можа, гэта вясна нам шаптала… – смяюцца, падміргваючы адзін аднаму, «маладажоны».

ЗАВЕЛЬЦЫ

Адна вясна змяніла другую, за ёй прыйшло гарачае на справы лета, і толькі калі дрэвы задрамалі, скінуўшы апошняе лісце, і асеннія лужыны скавала крохкім лядком, Ніна і Іван пабраліся шлюбам.

– Адзеліся ў нешта людчэйшае і паехалі ў сельсавет – мы і двое сведак, Генька і Вацюк, – гаворыць Іван Юльянавіч. – Тады і моды такой не было – ладзіць вяселле ў адзін дзень з роспісам. Гасцей паклікалі на Новы год, трэцяга студзеня.

…Белая кароценькая сукенка, лёгкі вэлюм, невялічкі букет просценькіх кветак – такой Ніна запомніла сябе ў дзень утварэння іх з Іванам сям‘і...

IMG_1112.jpg

У хату мужа Ніна пераязджала ў шматлюднай кампаніі: на другі дзень вяселля, якое тады ладзілася «на два канцы», госці на старану жаніха, у Завельцы, дабіраліся аўтобусам. І пасаг нявесты з сабой прыхапілі.

– Гэтакі ж і пасаг быў: падушкі, коўдры ды некалькі прасцін, – уздыхае Ніна Аляксандраўна. – І 35 рублёў яшчэ... Сышліся, як кажуць, голы з босым. І падарункі тады былі якія: неслі, хто што мог. Што нам здарылі, тым за вяселле і разлічыліся.

– Толькі на аўтобус для гасцей 125 рублёў аддалі, – дапаўняе Іван Юльянавіч.

…А знаёмства з роднай вёскай мужа жанчына памятае, нібы гэта было ўчора:

– Пехатой праз палі ішлі. Страшна было: што ўбачу там, наперадзе? Падыходзім бліжэй, а Ваня кажа: «Вось зараз хату нашу ўбачыш…» А я стала колам. «Не пайду далей, – кажу. – Баюся!» Хвалявалася: як з яго мамусяй сустрэнуся? Але добра сустрэліся: яна абняла, расцалавала, дачушкай назвала.

З 1972 года сям’я Міхно і жыве ў Завельцах. З таго часу і да пенсіі Іван Юльянавіч працаваў у калгасе «Рассвет» энергетыкам. І цэлых дзесяць гадоў жылі маладыя ў бацькоўскай хаце, пакуль сваю не пабудавалі…

Так, за 50-годдзе сумеснага жыцця Іван Юльянавіч і Ніна Аляксандраўна «разбагацелі» на дом, узведзены іх працавітымі рукамі; аўтамабіль «Ніву», якую прыкупілі якраз на 40-гадовы юбілей Івана Юльянавіча; і вялікую гаспадарку, якую, праўда, у апошнія гады прыйшлося збыць амаль цалкам – ахвота ёсць, але здароўе не дазваляе трымаць, як раней, чатыры каровы, з дзясятак свіней, не гаворачы ўжо пра курэй, гусей і пасеку.

Але самым вялікім здабыткам сямейнага жыцця яны лічаць сваю вялікую і дружную сям‘ю – дзяцей і ўнукаў, якія і вырашылі адсвяткаваць залатое вяселле самых дарагіх у свеце людзей роспісам у ЗАГСе, святочным сталом, песнямі і танцамі.

…– «Збірайцеся, у Астравец па справах па едзем, і вы з намі,» – ранкам у суботу сказала дачка Ірына. А пра тое, што нас чакае ў горадзе, – ні слова, – усміхаючыся, расказвае Іван Юльянавіч. – І такі сюрпрыз атрымаўся – словамі не перадаць!

 ПА САКРЭЦЕ

– Раскрыйце, калі ласка, сакрэт доўгага сямейнага жыцця.

– Мабыць, даўнейшая закалка, калі людзі ўмелі слухаць адзін аднаго, цярпець недахопы і мірыцца пасля сваркі. А можа, і характары трэба каб падабраліся. Але галоўнае – абавязак перад дзецьмі. Яны пакутуюць, калі бацькі не мірацца. Што б ні было на момант, калі прыязджаюць сын або дочкі, для іх у нас заўсёды ўсё добра…


ПАДЗЯКА 

Ад усяго сэрца дзякуем аддзелу ЗАГС і яго начальніку Аксане Дзятко, старшыні раённага савета ветэранаў Ірыне Шляхтун, прадстаўніку Беларускага саюза жанчын Наташы Станулевіч і ўсім тым, хто сваёй увагай і цёплымі словамі зрабіў залаты юбілей нашага сумеснага жыцця па-сапраўднаму святочным і ўрачыстым.

Іван і Ніна Міхно

 


Текст: Ольга Хотянович
Фото: Ольга Хотянович
Оставить комментарий
Текст сообщения*
Защита от автоматических сообщений