Што ўбачылі кіраўнікі на Сарачанскіх азёрах?

08:16 / 02.09.2019
«Усё пакінуць след павінна» – пісаў вядомы беларускі паэт Пятрусь Броўка. Але сляды гэтыя бываюць розныя. Тыя, што пакінулі пры добраўпарадкаванні аднаго з  любімых месцаў адпачынку на Астравеччыне працаўнікі лясгаса, заказніка «Сарачанскія азёры»,  сектара спорту і турызму райвыканкама, фізкультурна-спартыўнага клуба, дэпутаты раённага і сельскіх Саветаў дэпутатаў – адназначна добрыя і патрэбныя многім.

Год назад дэпутаты раённага Савета дэпутатаў правялі выязное пасяджэнне сесіі, на якім былі разгледжаны пытанні рэалізацыі ў раёне плана мерапрыемстваў па праграме «Беларусь гасцінная». Што за гэты час зроблена ў раёне,  вырашылі паглядзець члены  са­вета кіраўнікоў Астравецкага раёна.

Пад кіраўніцтвам старшыні райвыканкама Ігара Шалудзіна і старшыні раённага Савета дэ­путатаў Ірыны Тальчук  кіраўнікі арганізацый і прадпрыемстваў раёна адправіліся ў падарожжа па Астравеччыне.

Стартавала яно з наведвання інфармацый­на-турыстычнага цэнтра, які ўжо некалькі  месяцаў працуе ў астравецкім Доме быта на першым паверсе, дзе яго спецыялісты расказалі пра зроб­ленае за гэты час.

1.jpg



Варняны, як паведаміла Ірына Тальчук, у адпаведнасці з праграмай развіцця малых населеных пунктаў аб’яўлены вёскай будучыні. Ужо многае зроблена па добраўпарадкаванні аграгарадка, яшчэ больш планаў і задум.

Касцёл, сядзібная забудова 18 стагоддзя, вежа-альтанка, трапіць на якую можна толькі праз развадны мост, млын – паглядзець у аграгарадку Варняны ёсць на што. Ды і расказаць пра яго гістарычныя мясціны ёсць каму – у вёсцы жыве краязнаўца і паэтка Людміла Кухарэвіч, якая шмат гадоў аддала вывучэнню і збору звестак пра спадчыну сваёй малой радзімы. 

Гісторыя Міхалішак мінулага стагоддзя цесна звязана з пачаткам Вялікай Айчыннай вайны. Менавіта тут у першы яе дзень немцы разбамбілі аэрадром Пастаўскай авіяцыйнай школы. Шмат звестак па гэтай тэме захоўваецца ў школьным музеі, які мог бы стаць адным з месцаў прыцягнення турыстаў. 

 Аматары архітэктурнай спадчыны прыязджаюць сюды, каб атрымаць асалоду ад наведвання мясцовага касцёла. У Міхалішках турысты могуць падсілкавацца  –   тут працуе кафэ мясцовага КСУПа. 

…Хуткая Вілія з крутымі  берагамі, вялікі дэндрапарк, альтанка, месца для  шашлыкоў – адпачынак на тэрыторыі Міхалішкаўскага лясніцтва таксама мог бы прыйсціся даспадобы  многім. Сюды для фотасесій часта прыязджаюць вясельныя картэжы.

2.jpg



Гаспадар аграсядзібы Падкасцёлак Эдуард Вайцяховіч у 2003 годзе стаяў ля вытокаў развіцця сельскага турызму. На той час мала хто думаў, што такі бізнес можа прынесці прыбытак,  а муж і жонка Вайцяховічы набылі  хутар і сталі займацца сельскім турызмам. Сёння іх аграсядзіба занята на 100% – кліенты тут пастаянныя. А Эдуард Вайцяховіч цяпер развівае  брэнд «Камарова». Асаблівай папулярнасцю, у тым ліку і ў астраўчан, карыстаецца  хлеб, выпечаны ў аднайменным мястэчку. 

3.jpg

5.jpg

4.jpg


– Не трэба губіць вёску: яна вартая таго, каб жыць, – упэўнены Эдуард. –  Мне хочацца, каб людзі не ехалі ў вялікія гарады, а заставалі­ся тут, працавалі і  зараблялі грошы.


Эдуард Вайцяховіч:

Давайце працаваць разам. Мы не канкурэнты – мы сябры і памочнікі. Нам няма чаго дзяліць.
Думаю, многія пакідалі агра­сядзібу ў прыўзнятым настроі: пакуль у вёсцы жывуць ініцыятыўныя людзі, яна таксама будзе жыць! 

Да такіх апантаных можна аднесці і дырэктара Спондаўскай шко­лы  Ка­цярыну Емяльян. Шко­ла аказвае актыўную падтрым­ку ў развіцці турызму на Спондаў­шчыне. Сярод яе паслуг – продаж маліны, арганізацыя экскурсій у школьны музей, пра­кат турыстычнага інвентару, прадстаўленага ФСК. Праўда, пакуль што жадаючых  скарыстацца гэтай паслугай няшмат – у асноўным настаўнікі і школьнікі.

Апошнім прыпынкам у праграме стала возера Каймінскае  заказніка «Сарачанскія азёры». 

6.jpg

7.jpg


Убачанае тут для многіх стала прыемным сюрпрызам. На пляцоўцы побач з возерам з’яві­ліся новыя альтанкі, дзіцячая і ва­лейбольная пля­цоўкі, зробле­ны пірсы.  Тэ­ры­то­рыю ўпрыгожва­юць драў­ляныя скульптуры, зроб­леныя ўдзель­нікамі пленэру, які арганізавалі Астравецкі лясгас і раённы Савет дэпутатаў.

8.jpg

9.jpg

10.jpg



З нядаўняга часу ўваход на тэ­рыторыю заказніка платны для тых, хто хоча адпачыць у альтанках ці пераначаваць на гэтай тэрыторыі ў   палатках. Але кошт на гэтыя паслугі невысокі і не павінен напалохаць астравецкіх і заезджых турыстаў.

Пытанне, як зрабіць турызм  на Астравеччыне прывабным,  здаецца, пачало знаходзіць адказы.  Магчыма, пасяджэнне савета кіраўнікоў дасць новы штуршок да развіцця гэтай прыбытковай ва ўсім свеце сферы эканомікі. 


З першых вуснаў: 

Ігар Шалудзін, старшыня Астравецкага райвыканкама: 

– Сёння мы ставілі  дзве мэты. 

Па-першае, прааналізаваць выкананне мерапрыемстваў па развіцці турызму ў раёне. Трэба адзначыць, што нешта  ўжо зроб­лена: добраўпарадкаваюцца месцы адпачынку, адкрываюцца пункты пракату, з’явіўся цэнтр турызму. Але ўсё гэта трэба ўдасканальваць. 

Па-другое,  сёння мы пастараліся адрадзіць работу савета кіраўнікоў.

Прыемна, што многія зацікавіліся  тэмай турызму  – пра гэта сведчыла дыскусія ў цэнтры. Хочацца, каб кожная арганізацыя знайшла ў гэтай сферы сваё месца.


З першых вуснаў: 

Ірына Тальчук, старшыня раённага Савета дэпутатаў: 

– Астравеччыну я лічу сваёй  другой  малой радзімай. І напэўна, так можа сказаць кожны з тых, хто тут сабраўся. Мы тут жывём і працуем – і павінны любіць  гэтыя мясціны і людзей. 

Сёння парадавала добраўпарадкаванне Сарачанскіх азёраў. Хочацца падзякаваць лясгасу за падтрымку і за іх цікавыя ідэі. Хацелася б, каб кожны з нас задумаўся аб сваім месцы і ўкладзе ў пашырэнне інфармацыі аб  нашым раёне.  Трэба, каб нас ведалі не толькі па Беларускай АЭС, але і дзякуючы нашай гісторыі, культуры, прыгожай прыродзе.


Бліц-апытанне

Што трэба зрабіць, каб прыцягнуць турыстаў на Астравеччыну? 

Віктар Свіла, намеснік старшыні райвыканкама:

–  Наша задача  – падтрымліваць усе турыстычныя аб’екты ў добрым стане, каб хацелася тут адпачываць і прыязджаць на экскурсіі.

Хацелася б, каб кожны з нас  задумаўся, што ён можа зрабіць, каб наш раён стаў больш прывабным для турыстаў.  І зрабіў у агульную справу пэўны ўнёсак.

Ганна Кавалёва, дырэктар  цэнтра культуры і народнай творчасці:

– Я прыехала на Астравеччыну з Мінска, дзе кіпіць культурнае і турыстычнае жыццё. І сёння была здзіўлена жывапіснымі мясцінамі, багатай архітэктурнай спадчынай і цікавымі аб’ектамі Астравеччыны. Мы павінны зразумець, што толькі разам можам рабіць вялікія справы.

Марына Пылінская, намеснік генеральнага дырэктара РУП «Беларуская АЭС»: 

– Сённяшняя паездка мяне ўразіла. Тое, што Астравеччына багата на прафесіяналаў, якія хварэюць за сваю справу, я ведала. А вось у тым, што ў раёне ёсць столькі добраўпарадкаваных месцаў для адпачынку, упэўнілася толькі сёння. Гэта цудоўны патэнцыял, які патрэбна папулярызаваць. 

Рыгор Долгі, дырэктар ДЛГУ «Астравецкі лясгас»:

– Раней у нас было больш месцаў адпачынку. Але адна справа – штосьці пабудаваць, іншая – падтрымліваць зробленае ў добрым стане. На жаль, культура нашых людзей такая, што з цягам часу месцы адпачынку становяцца месцам збору смецця. Важна выхоўваць турыста і развіваць арганізаваны накірунак гэтай дзейнасці. 

На прыкладзе Сарачанскіх азераў, дзе створаны мінімальныя, але прыстойныя ўмовы  для адпачынку на прыродзе, лічу неабходным развіваць і іншыя куточкі нашай малой радзімы. 


Текст:
Фото: Елена Ярошевич