Ці гатовы школы да першага верасня

09:31 / 19.08.2019
1181

Апошнія летнія тыдні, якімі цешацца дзеці, бацькі і настаўнікі праводзяць у клопатах. Калі першым трэба сабраць сыноў і дачок у школу, то настаўнікам – падрыхтаваць класы, школы і дзіцячыя садкі для прыёму вучняў. Як з гэтай задачай справіліся ўстановы адукацыі Астравеччыны, праверыла спецыяльная камісія на чале з намеснікам старшыні раённага выканаўчага камітэта Віктарам Свілам.

Наш карэспандэнт далучыўся да камісіі, каб даведацца, як да новага навучальнага года падрыхтавалася самая вялікая сельская ўстанова адукацыі – Варнянскі навучальна-педагагічны комплекс і Мальскі дзіцячы сад-пачатковая школа, які з верасня зменіць свой статус і стане толькі дашкольнай установай, а яго вучні сядуць за парты гарадскіх школ.

Зразумела, што падрыхтаваць школы і садкі да новага навучальнага года – справа не аднаго дня і нават тыдня. Каб школьнікі маглі займацца ў чыстых, утульных класах, рамонт у школах ішоў усё лета. І хоць да першага званка застаецца яшчэ з паўмесяца і школьныя кабінеты ўжо гатовыя прыняць гуллівую дзятву – хібы, нават пры самым добрасумленным падыходзе да рамонту, усё ж “вылазяць” – і на іх выпраўленне ячшэ ёсць час.

Першага верасня ў Варнянскім навучальна-педагагічным комплексе сядуць за парты 304 хлопчыкі і дзяўчынкі. Акрамя гэтага, пад крылом комплекса знаходзіцца дзіцячы яслі-сад, які наведваюць 77 дзетак.

6.jpg

7.jpg

1.jpg

За апошнія гады школа змянілася непазнавальна: дзякуючы намаганням яе “шэфа” – энергічнай і актыўнай Алены Юркойць тут дзейнічае першы ў Беларусі інфармацыйны цэнтр па захаванні ласасёвых рыб, зроблены грунтоўны ўнутраны рамонт.

– На падрыхтоўку школы да навучальнага года зрасходавана амаль 16 тысяч рублёў, з якіх крыху больш за 7,5 тысяч выдзелена з бюджэта, астанія – пазабюджэтныя сродкі і спонсарская дапамога, – расказала Алена Іванаўна. – Сёлета правялі капітальны рамонт спартыўнай залы, паклалі плітку ў фае на першым паверсе і ў абедзенай зале дзіцячага сада. Касметычны рамонт зроблены ва ўсіх класах. 

3.jpg

4.jpg

5.jpg

Каб на ўроках працоўнага навучання хлопчыкі і дзяўчынкі маглі лепш засвоіць азы шыцця і апрацоўкі драўніны, школа набыла тры станкі, шэсць швейных машынак, аверлок, лобзікі. А для зручнасці педагогаў – іх у Варнянскім НПК працуе больш за 30 – настаўніцкая пераехала ў больш вялікі і прасторны пакой.

2.jpg

Нягледзячы на чысціню і падрыхтавасць класаў, заўвагі ў правяраючых усё ж былі. Галоўны санітарны ўрач Астравецкага раёна Ёнас Таль звярнуў увагу на праблемы з асвятленнем у раздзявалках спартыўнай залы і адсутнасць засцерагальных экранаў на батарэях. Дырэктар навучальна-педагагічнага комплекса Алена Юркойць запэўніла, што ўсе недахопы будуць выпраўлены ў бліжэйшы час.

З-за хуткай змены статуса ў Мальскім дзіцячым садзе-пачатковай школе вызваліліся класныя памяшканні. Адзін з класаў пераабсталяваны пад фітнэс-залу, другі – пад экалагічны цэнтр. Вы б бачылі, колькі тут кветак і раслін – нават батанічны сад мог бы пазайдросціць! Развіваць экалагічны накірунак у Малях плануюць і надалей.

8.jpg

13.jpg

9.jpg

Акрамя гэтага, у гэтым дзіцячым садку не толькі свае выхаванцы, але і госці з іншых школ і садкоў раёна ў працэсе гульні могуць даведацца пра бяспечныя паводзіны. Гэта стала магчыма дзякуючы гранту ад прадстаўніцтва акцыянернага таварыства “Інжынірынгавая кампанія “Атамбудэкспарт”.

10.jpg

Увогуле ад наведвання Мальскага дзіцячага сада засталіся самыя прыемныя ўражанні: шмат цацак, спартыўнага інвентару, на сценах пакояў “жывуць” казачныя героі, створаны цудоўны музейны пакой.

11.jpg

12.jpg

Начальнік аддзела адукацыі Аксана Землякова параіла кіраўніцтву ўстановы падумаць пра магчымасць здачы ў арэнду свабодных памяшканняў – грошы лішнімі не бываюць. А намеснік старшыні райвыканкама Віктар Свіла прапанаваў захоўваць памяць пра знакамітага консула Іосіфа Гашкевіча, не абмяжоўваючыся стэндам, а прысвяціць асобе першага беларускага дыпламата асобны куток у музеі.

…За тры дні камісія аб’ехала ўсе школы і садкі раёна. Выяўленыя памылкі і недапрацоўкі будуць выпраўлены – а гэта значыць, што ў верасні астравецкія дзеці прыйдуць у свежыя, прыгожыя, бяспечныя школы і дзіцячыя садкі.


ЛІЧБА

996,3 тысяч рублёў, з якіх больш за 100 тысяч – спонсарскія і больш за 50 тысяч – пазабюджэтныя сродкі, зрасходавана на падрыхтоўку школ і дзіцячых садоў да пачатку навучальнага года.


Кампетэнтна

Аксана Землякова, начальнік аддзела адукацыі:

– Адміністрацыі і калектывы ўсіх устаноў адукацыі Астравеччыны давялося добра папрацаваць, каб падрыхтаваць школы і дзіцячыя садкі да пачатку навучальнага года.

Капітальны рамонт ацяпляльнай сістэмы зроблены ў Альхоўскім дзіцячым садзе. Падрыхтаваны праекты па добраўпарадкаванні тэрыторыі каля дзіцячага цэнтра развіцця дзіцяці і рэканструкцыі ясляў-сада №2. 

З верасня пачнецца будаўніцтва новага харчблоку ў аздараўленчым лагеры “Ластаўка”. Гарачая вада падведзена да ўмывальнікаў пры ўваходзе ў абедзенныя залы і снітарных вузлах, душавых кабінах Міхалішкаўскай, Гудагайскай сярэдніх школ, Рытанскага, Кямелішкаўскага навучальна-педагагічных комплексаў, Мальскага ясляў-сада. У Гервяцкім дзіцячым садзе адрамантаваны дзве групы, санітарныя вузлы, спальні і актавая зала. У Палушскім дзіцячым садзе адрамантаваны харчблок, а ў Міхалішскаўскай сярэдняй школе – вадапровад. Усе ўнутраныя дзверы заменены ў Гудагайскай сярэдняй школе і ДЦРД №1 г. Астраўца. У яслях-садзе №3 створаны цэнтр бяспекі для дашкольнікаў. У межах праекта “Планета баскетбола Аранжавы атам” пры падтрымцы  Цэнтра спартыўнай падрыхтоўкі "Дынама Росэнэргаатам"  ў гімназіі №1 г. Астраўца з’явілася баскетбольная пляцоўка.

 

Текст: Алёна Ганулич
Фото: Алёна Ганулич
Оставить комментарий
Текст сообщения*
Защита от автоматических сообщений