Першы ў Беларусі цэнтр па захаванні ласасёвых рыб адкрыўся ў Астравецкім раёне (+відэа)
У Варнянскім НПК адкрыўся першы ў краіне Ласасёвы цэнтр. Тут кожны жадаючы можа даведацца аб рыбах-«чырвонакніжніцах», пра тое, што ім пагражае і як іх можна выратаваць.
Гасцей з Беларусі і суседніх краін сустрэлі ў школьным музеі. Акрамя цікавай экскурсіі, удзельнікаў мерапрыемства чакала інтэрактыўная гульня на веданне мясцовых назваў, прадметаў быту і гісторыі.
Цэнтральным момантам дня стала пераразанне сімвалічнай стужкі: цэнтр адкрыты!
– Мы адкрываем Ласасёвы цэнтр, каб расказаць людзям, у першую чаргу мясцовым жыхарам, аб гэтых унікальных рыбах і аб тым, наколькі важна іх захаваць. Размова ідзе ўсяго толькі пра некалькі дзесяткаў рыбін, аднак, калі ім не дапамагчы, яны могуць загінуць, – адзначыў каардынатар праекта па стварэнні цэнтра, прадстаўнік грамадскай арганізацыі «Ахова птушак Бацькаўшчыны» Максім Немчынаў.
Адкрыццё Ласасёвага цэнтра стала знакавай падзеяй для Астравецкага раёна. Асабліва з улікам таго, што адбылося яно ў юбілейны год: дзесяць гадоў назад у раёна з’явіліся свае геральдычныя сімвалы – герб і сцяг, на якіх, як вядома, змешчана выява дуба і фарэлі – аднаго з відаў ласасёвых рыб.
– Сённяшняя падзея – гэта цудоўны падарунак не толькі для Варнянскай школы, але і для ўсяго раёна напярэдадні юбілея – 550-годдзя ўпамінання Астраўца ў пісьмовых крыніцах, – адзначыў намеснік старшыні Астравецкага райвыканкама Віктар Збігневіч Свіла. – Важна разумець, што адкрыццё цэнтра – гэта не кропка ў вялікай і важнай справе. Хутчэй – шматкроп'е. Цэнтр будзе служыць людзям, пры яго магчымасцях і рэсурсах моладзь зможа пазнаваць свой родны край і захоўваць біялагічную разнастайнасць нашага рэгіёна.
У тым, што работа цэнтра будзе эфектыўнай, упэўнена і дырэктар Варнянскага НПК Алена Іванаўна Юркойць.
– Ласасёвы цэнтр дае навучэнцам нашай установы пэўныя перспектывы. Па-першае, мы адкрываем факультатыўныя заняткі, якія дапамогуць вучням атрымаць больш шырокія веды пра навакольнае асяроддзе. Па-другое, цэнтр дае поўную інфармацыю для захавання рэдкіх відаў рыбы, а ўлічваючы тое, што ў школу ходзяць дзеці з 26 вёсак, гэтыя веды будуць распаўсюджвацца і сярод мясцовага насельніцтва, – гаворыць дырэктар школы.
Зрэшты, вывучэннем атлантычнага ласося педагогі і вучні школы займаліся даўно – пра гэта сведчаць шматлікія ўзнагароды на навукова-практычных канферэнцыях. Цяпер жа дзеці і дарослыя будуць займацца канкрэтнымі справамі.
– У снежні ў нашы рачулкі на нераст прыйдзе ласось – і вучні з настаўнікамі стануць на яго ахову, – дзеліцца планамі Алена Іванаўна.
Віншаванні і словы ўдзячнасці, падарункі і цікавая экскурсія, дзе любы змог не толькі даведацца пра ласасёвых рыб, іх жыццёвы цыкл і няпросты працэс нерасту і міграцыі, але і зразумець праблемы іх захавання, а таксама далучыцца да валанцёраў, каб разам захаваць балтыйскага ласося.
– Ёсць пэўныя абавязкі, якія ўзяла наша краіна, падпісаўшы Канвенцыю аб біялагічнай разнастайнасці. І адна справа – распрацаваць нацыянальную стратэгію, другая – рэалізаваць план дзеянняў па захаванні, а трэцяя – рабіць для гэтага канкрэтныя захады. Сёння мы бачым, што дзякуючы грамадскім арганізацыям, якія падключыліся да справы, мясцоваму насельніцтву і валанцёрам ёсць гарантыя, што ласось будзе захаваны, – адзначыў кансультант упраўлення біялагічнай разнастайнасці Мінпрыроды Віталь Карэнчук.
Што агульнага ў ласосяў з птушкамі? Якую адлегласць яны праходзяць? Як доўга жыве гэтая рыба? Атрымаць адказы на гэтыя і многія іншыя пытанні вам дапамогуць у інфармацыйным цэнтры па захаванні ласасёвых рыб. Наведайцеся – не пашкадуеце!
Для даведкі:
Інфармацыйны цэнтр – гэта інтэрактыўная выстава, дзе можна даведацца ўсё пра ласасёвых рыб – сёмгу, кумжу, рачную фарэль. Некалькі дзясяткаў ласосяў штогод прыплываюць з Балтыйскага мора ў невялікія рачулкі на нераст. Яны падымаюцца ўверх па цячэнні па Віліі каля 600 кіламетраў, каб адкласці ікру там, дзе нарадзіліся самі. Ікра зімуе ў чыстай вадзе мясцовых ручаёў і рэк. Вясной з’яўляюцца малькі – і моладзь вяртаецца ў Балтыйскае мора, каб праз некалькі гадоў позняй восенню вярнуцца на радзіму на нераст.
Праект «Развіццё і ўмацаванне сеткі ахоўнікаў вакол значных водна-балотных угоддзяў» выконваецца грамадскай арганізацыяй «Ахова птушак Бацькаўшчыны» пры падтрымцы Кааліцыі Чыстая Балтыка і фінансаванні Шведскага агенцтва па міжнародным развіцці і супрацоўніцтву.
Алена СВЕТЛАЯ, фота аўтара.