Варнянскае школьнае лясніцтва заняло 3 месца ў рэспубліцы

10:03 / 11.06.2019

Вучні Варнянскага НПК прывезлі Дыплом ІІІ ступені з рэспубліканскага злёту юных лесаводаў, прымеркаванага да 40-годдзя руху школьных лясніцтваў.

1.jpg

Не першы год варнянскія школьнікі цесна супрацоўнічаюць з мясцовым лясніцтвам і Астравецкім лясгасам: дапамагаюць садзіць лес, прыбіраць у ім смецце, з настаўнікамі распрацоўваюць праекты па захаванні лесу і рэдкіх відаў жывёльнага і расліннага свету.

0.jpg

Напрыканцы мая члены варнянскага школьнага лясніцтва “Лесавічок” разам з настаўніцай хіміі і біялогіі Ангелінай Навасельскай прадстаўлялі Гродзеншчыну на рэспубліканскім злёце юных лесаводаў. Старанні школьнікаў былі адзначаны Дыпломам ІІІ ступені. У індывідуальным заліку найлепш сябе праявілі Таццяна Пяткевіч, якая атрымала Дыплом ІІ ступені па выніках тэарэтычнага этапу, і Антон Валынец, які быў узнагароджаны Дыпломам ІІІ ступені ў практычным туры.

3.jpg

– Праграма злёту складалася з двух частак: хатняга задання і тэсціравання. Падчас першага тура дзецям трэба было пазнаць птушак па галасах і на малюнках, вызначыць хваробы дрэў і кустоў і прапанаваць спосабы барацьбы з імі, – расказала Ангеліна Чаславаўна. – Хатняе заданне мы падрыхтавалі на беларускай мове толькі гэтым здзівілі? – яно вельмі спадабалася старшыні журы, прафесару, акадэміку Славацкай акадэміі аграрных навук Канстанціну Саевічу.

4.jpg

Віншуем юных варнянскіх лесаводаў з чарговай перамогай – так трымаць!

Текст: