Ворнянский "Лесовичок" стал первым на областном слёте юных лесоводов

10:00 / 06.06.2014
Удзельнікі Варнянскага школьнага лясніцтва “Лесавічок” занялі І месца ў абласным злёце юных лесаводаў, які сёлета праходзіў у Парэччы. Арганізатарамі конкурсу выступілі Гродзенскае дзяржаўнае вытворчае лесагаспадарчае аб’яднанне і Гродзенскі дзяржаўны абласны эколага-біялагічны цэнтр дзяцей і моладзі.

Варта адзначыць, што ў конкурсах экалагічнай тэматыкі вучні Варнянскіх ясляў-сада-сярэдняй школы ўдзельнічаюць не ўпершыню і заўсёды паспяхова прадстаўляюць Астравецкі раён у вобласці. Цеснае супрацоўніцтва з Варнянскім лясніцтвам дазваляе школьнікам удасканальваць свае веды па лесаводству не толькі тэарэтычна, але і на практыцы. Менавіта гэтыя веды і трэба было паказаць сёлета школьным лесаводам на абласным злёце.
Конкурс праводзіўся ў дзвюх намінацыях – “Візітка” і “Тэарэтычная”. Перад членамі журы рабяты прадстаўлялі сваё школьнае лясніцтва, якое, дарэчы, мае свой герб і гімн. У вершаванай форме яны расказвалі аб сваіх справах: пасадцы лесу, уборцы лясных масіваў ад бытавога смецця, азеляненні роднай вёскі, рабоце ў школьным дэндрарыуме і лясгасаўскім гадавальніку, ахове лясных культур, насякомых і некаторых відаў рыб, у прыватнасці, занесенай у Чырвоную кнігу кумжы.
У тэарэтычнай частцы рабяты дэманстравалі свае веды па лясной тыпалогіі, батаніцы, біялогіі лясных звяроў і птушак, лясным насенняводстве і гадавальніку. А на акрэсленай лясной тэрыторыі яны вызначалі склад расліннага і жывёльнага свету, віды птушак і яруснасць ляснога масіву.
У першай і ў другой намінацыі варнянскія школьнікі-лесаводы набралі найбольшую колькасць балаў і сталі бясспрэчнымі пераможцамі ў абласным рэспубліканскім злёце юных эколагаў. У якасці прыза варнянская каманда атрымала ноутбук, а кожны яе ўдзельнік – індывідуальны падарунак.
– Нашаму лясніцтву сёлета споўнілася 30 гадоў, – расказвае намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце Алена Іванаўна Юркойць, – і перамога ў абласным конкурсе – яшчэ адно пацвярджэнне таго, што традыцыі Варняскага школьнага лясніцтва захоўваюцца і прымнажаюцца. За дапамогу ў падрыхтоўцы да гэтага конкурсу хочацца выказаць словы ўдзячнасці кіраўніцтву і прафкаму Астравецкага лясгаса. Яны выдзелілі аўтобус для паездкі, забяспечылі дзяцей спецыяльнай формай, а яшчэ кожны ўдзельнік атрымаў на расходы па 100 тысяч рублёў. Памочнік ляснічага Варнянскага лясніцтва Таццяна Данусевіч дапамагала нашым рабятам рыхтавацца да конкурсу і суправаджала іх падчас паездкі.
Спадзяёмся, цеснае супрацоўніцтва яшчэ не адзін раз прывядзе школьнае лясніцтва да новых перамог.


------------------------
Алена ГАНУЛІЧ.