Выстава карцін і сустрэча з паэтамі прайшлі ў Дайлідскім касцёле
Малітва, літаратура і мастацтва сустрэліся ў сценах Дайлідскага касцёла.
Вяскоўцам таксама хочацца быць, ну калі не ў цэнтры культурнага жыцця, то хаця б не ў баку. Таму вестцы, што ў нядзелю да іх едуць госці з Астраўца, тут, канешне, узрадаваліся. З месцам для сустрэчы дапамог ксёндз Алег Шпень – ён прапанаваў сабрацца ў касцёле.
Пасля святой імшы парафіяне не спяшаліся разыходзіцца. Па-першае, на ўваходзе ў касцёл была арганізавана выстава маляўнічых работ іх аднавясковак Тэрэсы і Вікторыі Варановічаў. Па-другое, у той дзень сюды завіталі ўдзельнікі літаб’яднання «Астравецкай зямлі галасы» Людміла Кухарэвіч, Святлана Бацюлева, Капіталіна Пятроўская і Аляксандр Марозаў.
Мастачак Тэрэсу Іосіфаўну і Вікторыю Казіміраўну Варановічаў – маці і дачку – ведаюць далёка за межамі Астравецкага раёна, і не толькі па карцінах: яны распісваюць касцёлы, у ліку іх быў Дайлідскі, рэстаўруюць абразы.
На выставе была прадстаўлена невялікая частка работ Тэрэсы і Вікторыі Варановічаў: партрэты, пейзажы і нацюрморты, якія проста не могуць не захапіць сваёй цеплынёй. Той, хто знаёмы з гэтымі мастачкамі і іх творчасцю, ведае, што па-іншаму быць не можа: жанчыны вельмі добрыя і шчырыя, таму і карціны ў іх такія. І пішуць яны з вялікай любоўю да сваёй справы – і да Бога, які даў ім талент.
Хвалой Усявышняга была напоўнена другая частка імпрэзы – паэтычна-лірычная. У сценах святыні гучалі вершы пра Бога і жыццё, малую радзіму і продкаў. З беларускай песняй «Зялёны гай» да гасцей далучыўся жыхар Дайлідак, работнік Астравецкага раённага цэнтра культуры і народнай творчасці Дзмітрый Максімаў.
А стараста касцёльнага камітэта Казімір Варановіч расказаў удзельнікам імпрэзы гісторыю Дайлідскага касцёла, госуі наведалі крыніцу Святога Якуба ў вёсцы Тракелі, дзе – хто ўпершыню, а хто ў чарговы раз – выпілі студзёнай вады, якая, лічыцца, мае цудадзейную сілу.
Марыя Віткоўская, жыхарка в. Дайлідкі:
– Ад імя ўсіх парафіян дзякую гасцям за гэты цудоўны дзень! Звычайна мы толькі на старонках «раёнцы» чытаем пра такія сустрэчы і бачым творчых людзей Астравеччыны. Але нам цікава пазнаёміцца з імі і іх творчасцю – дзякуй Богу, што гэта ў нас атрымалася. Карціны і вершы кранулі кожнага – і адгукнуліся рознымі пачуццямі і думкамі. Нам, вяскоўцам, вельмі не хапае такіх сустрэч.