Даже мужу Валентина Ерохина не рассказывала, что была на войне

13:49 / 11.05.2019
1168
Пасля таго як памёр удзельнік Сталінградскай бітвы, легендарны Анд­рэй Андрэевіч Галагаеў, у Астравецкім раёне застаўся адзіны жывы ўдзельнік Вялікай Айчыннай вайны – Юрый  Міхайлавіч Александровіч, 93-ці дзень нараджэння якога мы адзначылі напярэдадні Дня Перамогі. 

Але нядаўна колькасць ветэранаў у нашым раёне павялічылася ўдвая: Леанід Шкуратаў забраў з Віцебска сваю адзінокую цётку, ветэрана вайны Валянціну Цітаўну Ярохіну. І ў адзін з красавіцкіх дзён старшыня раённага савета ветэранаў Ірына Шляхтун, першы сакратар РК БРСМ Віялета Алексеявец, старшыня райкама прафсаюзаў АПК Юрый Адула і журналісты «Астравецкай праўды» завіталі ў Дзірмуны, каб пазнаёміцца з Валянцінай Цітаўнай.

IMG_5853.jpg



– Калі мы ў лютым забралі цётачку з Віцебска, яна першы час перажывала, што яе тут ніхто не ведае і да яе ніхто не прыйдзе нават на свята, – гаворыць Марыя Шкуратава. – Але гасцей аж зашмат, ледзь не кожны дзень нехта прыязджае. І хоць гэта моцна стамляе – наша бабуля шчаслівая.

Гэта было відаць нават старонняму: выцвілы блакіт вачэй выпраменьваў радасць, а Валянціна Цітаўна не стамлялася паўтараць:

– Дзякуй, што вы прыехалі… Дзякуй, што мяне не забылі…

IMG_5774.jpg



Яна не выглядае на свой узрост – дзевяноста гадоў ёй ніяк не дасі: высакародная сівізна, ясныя вочы з іскрынкай гумару… 

У адказ на заслужаныя кампліменты Валянціна Цітаўна гулліва ўсміхаецца:

– Вы сапраўды лічыце, што я добра выглядаю? Магу нават некаму спадабацца?

Такая вось да мозгу касцей жанчына-жанчына…

І можна толькі ўявіць, якой яна была ў юнацтве, тады, як юнай дзяўчынай пасля вызвалення роднага Клімавіцкага раёна з франтавым шпіталем пайшла на вайну. На жаль, ніводнай франтавой фатаграфіі ў яе не захавалася – не да таго было на вайне.


– Санітаркай я была, – спрабуе аднавіць у памяці падзеі больш як 70-гадовай даўнасці Валянціна Цітаўна. – Пасля бою прывязуць параненых: хто  без рукі, хто без нагі, у каго – палавіна галавы… «Валечка, напішы пісьмо родным… Скажы, я папраўлюся?» «Канешне, міленькі, паправішся, і вельмі хутка». Паглажу яго па галаве, як мамка некалі маленькага гладзіла, пацалую – ён і супакоіцца, са шчаслівай усмешкай у іншы свет адыходзіць. Нельга забіраць у чалавека апошняе, што яго на гэтым свеце трымае, – надзею… Там, ля шпіталя, мы іх і хавалі, салдацікаў нашых. Колькі іх было? Ды хто ж іх лічыў, дзетачкі? Вайна ішла… Восем дзяўчатак нас было, восем сябровак. Я адна засталася. За ўсіх жыву…

Цяжка ўспамінаць жанчыне пра тыя часы… Бо, як пісала Святлана Алексіевіч, у вайны – не жаночы твар. Нельга жанчыне, якая самой прыродай прызначана, каб прадаўжаць род, быць там, дзе жыцця пазбаўляюць, бачыць, як у пакутах паміраюць нечыя дзеці, мужы, каханыя…

Ці ж варта здзіўляцца, што Валянціна Цітаўна, вярнуўшыся з вайны, пастаралася сцерці з памяці і са свайго жыцця ўсе яе жахі. Яна не атрымлівала па­сведчанне ветэрана Вялікай Айчыннай вайны, не карысталася льготамі – лічыла, што не рабіла нічога асаблівага, геройскага, каб на іх прэтэндаваць.

Ды і тое праўда, што адносіны да ветэранаў, асабліва да жанчын, якія ваявалі, у пасляваенныя часы былі зусім не такія, як зараз: і абразы даводзілася ім выслухоўваць, і з’едлівыя смяшкі за спінай чуць. Не дзіва, што неўзабаве пасля вайны жанчына пакінула сваю гаротную, спаленую фашыстамі радзіму… 

Яна працавала, выйшла замуж за прыгожага казака з крутым норавам. Але нікому, нават мужу, не расказвала, што была на вайне. 

Ужо ў 80-ыя гады старшыня савета ветэранаў Клімавіцкага раёна дапамог ёй аднавіць дакументы і атрымаць заслужаны статус удзельніка Вялікай Айчыннай вайны.

…Лёс і біў, і шкадаваў Валян­ціну Цітаўну: сваіх дзяцей жанчына не мела – але да яе заўсёды, як да роднай, ставіліся пляменнікі. 

– Лёнечка – ён жа мой анёл-ахоўнік, – з удзячнасцю паглядае на Леаніда Шкуратава Валянціна Цітаўна. – І Марыначка – яны ж мяне глядзяць, як ляльку! Я зараз, нібы ў раі, жыву… Такое шчасце мне на сконе веку выпала, такое шчасце… 

…Рашэнне забраць цётку да сябе Шкуратавы прынялі пасля таго, як патэлефанавалі з Віцебскага ЖЭУ і паставілі амаль што ўльтыматум: калі вы не забераце сваю родзічку ў бліжэйшыя дні, то мы адправім Ярохіну ў дом-інтэрнат.

– Я разумеў, што асноўная нагрузка ляжа на Марыну, – гаворыць Леанід. – Таму і канчатковае рашэнне прапанаваў прыняць жонцы. 

– Узяць у сваю сям’ю чалавека вельмі сталага веку, інваліда першай групы, хай сабе і роднага, – гэта дадатковая адказнасць, абмежаванне сябе ў многім. У мяне мама ў сталым узросце, і я параілася найперш з ёю – бо гэта ж азначае, што зараз  я не змагу ёй удзяляць столькі ўвагі, бачыцца так часта, як раней. «Дачушка, ведай: калі Гасподзь дае крыж – то дае і сілы яго несці», – сказала мне мама. І я паехала ў Віцебск за цётачкай Валяй… – гаворыць Марыя Чаславаўна.

Так у Шкуратавых з’явіўся яшчэ адзін член сям’і, а ў Астравецкім раёне – яшчэ адзін ветэран.

– Як жа добра, што вы мяне праведалі, – у чарговы раз паў­тарае Валянціна Цітаўна. – Я так люблю, калі моладзь прыязджае! Думала: ніхто мяне тут не ўспомніць, ніхто пра мяне ведаць не будзе. Але ж во – і памятаюць, і праведваюць. Дзякуй вам! 

– Маладым аднаго хачу пажадаць, каб  былі здаровымі і працавалі. Цяжкасцей баяцца не варта: цяжка – пасядзіце, падумайце, як што зрабіць, – і далей працуйце. І ўсё будзе доб­ра! – на развітанне дае нам мудры наказ ветэран. 

IMG_5913.jpg



…А ў адказ чуе шчырыя словы падзякі маладых за магчымасць жыць у мірнай краіне – і ажыццяўляць тое, чаго ім жадаюць, бо ў гэтай шчаслівай магчымасці ёсць заслуга і маленькай жанчыны, якая прайшла вялікую вайну – Валянціны Цітаўны Ярохінай.

Текст: Нина Рыбик
Оставить комментарий
Текст сообщения*
Защита от автоматических сообщений