Ветеран войны Андрей Андреевич Галогаев – человек, который достойно сдал экзамен на стойкость и выдержку

11:00 / 10.05.2015
2
Лёс усё жыццё нібыта выпрабоўваў яго на трываласць: то ставіў на край бездані, то адорваў славай і пашанай, то зноў пасылаў неймаверныя выпрабаванні – а затым, нібы ў якасці кампенсацыі за перанесеныя пакуты, даваў палёгку… Увесь час Андрэй Андрэевіч Галагаеў здаваў экзамен на стойкасць, вытрымку, чалавечнасць. І нарэшце, калі жыццё наблізілася да векавога рубяжа, лёс, здаецца, здаўся ў адвечнай барацьбе з гэтым няскораным чалавекам-легендай.

Яму было сем гадоў, калі памёр, надарваўшыся ад непасільнай працы, саракагадовы бацька. Сталыпінская рэформа давала мужыкам шанс “разбагацець”: можна было памяняць дзесяціну добрай ворнай зямлі на чатыры дзесяціны няўдобіц. Вось старэйшы Андрэй Галагаеў і намерыўся займець сваёй зямелькі: аддаў чатыры дзесяціны – а ўзамен атрымаў ажно дваццаць! Толькі гэтыя дваццаць трэба было раскарчоўваць, разрабляць, рабіць урадлівымі… Не разлічыў сваіх сіл бедны селянін з Магілёўшчыны – і пакінуў маладую жонку ўдавой з двума малымі сынамі на руках: Андрэйку – сем гадкоў, Віця на чатыры гады малодшы… Як кажуць, адзін другога не панясе.

Як выбівалася з нястачы маці, як падымала сыноў – ведала яна адна, ды Бог, ды яе дзеці. У іх было сто шансаў пайсці ўслед за бацькам: непасільная праца, вечная нішчымніца… Але той самы лёс, які бязлітасна біў (а можа, загартоваў?) іх, усё ж у самы апошні момант адводзіў ад, здавалася б, непазбежнага.

Падраслі хлопцы – падтрымка, апора для маці. Андрэй пайшоў на свой хлеб, стаў працаваць памочнікам машыніста, атрымліваць грошы. У саракавым годзе яго забралі ў армію: абараняць сваю краіну – пачэсная і ганаровая місія. І зусім не страшная, бо ўсім вядома што Чырвоная армія – усіх мацней! Ды праз сем месяцаў яго службы грымнула вайна… Чырвонаармейцаў паднялі па трывозе, пагрузілі ў эшалон і некуды павезлі. Ужо там, у эшалоне, ім паведамілі, што пачалася вайна і іх перакідваюць на Паўночны фронт. Да фронту яны не даехалі – неабстраляных хлапчукоў, у якіх не было нават зброі, калі не лічыць асабістых наганаў у афіцэраў, высадзілі ў лесе пад Кандалакшай: ваюйце, салдаты, абараняйце Айчыну…

Але і тады лёсам было загадана выжыць. І стаць танкістам, дакладней – вадзіцелем танка БТ-7.

– Які я быў танкіст? – горка ўсміхаецца Андрэй Андрэевіч. – Папрактыкаваўся сорак хвілін – і ўсё, гатовы вадзіцель баявога танка! Толькі і ўмеў, што забрацца ў машыну… А мне ж трэба было не толькі весці яе, але і думаць, каб наш стралок паспеў зрабіць залп па ворагу першым, каб вывернуцца ад варожага снарада – ад гэтага залежала жыццё – маё і маіх баявых таварышаў. На вайне ж перамагае не смялейшы, а хітрэйшы, і ваяваць трэба не зброяй, а галавой…

Баявое хрышчэнне танкіст Галагаеў атрымаў пад Псковам. Затым былі кровапралітныя баі пад Асколам, неба з зямлёй мяшалася пад Харкавам… Кожны дзень лёс вёў па лязу, штодня вырашалася пытанне: быць ці не быць? Аднойчы заклініла башню ў яго танку, экіпаж перасеў у іншую, больш манеўраную машыну, а вадзіцель быў вымушаны застацца ў падбітай – тады здавалася, што на верную смерць. Але загінулі сябры, якія ў той момант, калі пакідалі сапсаваны танк, здаваліся шчасліўчыкамі… Ён гарэў у падбітым танку, і, каб не самаахвярнасць сябра, які, рызыкуючы сабой, выцягнуў таварыша з палаючай машыны, не дачакалася б маці сына з вайны… Але кожны раз на мяжы жыцця і смерці нехта нябачны адводзіў ужо занесеную над яго галавой нябачную касу кастлявай жнейкі вайны: напэўна, таму, хто распараджаецца людскімі лёсамі, трэба было, каб ён жыў…

З-пад Харкава іх перакінулі да Сталінграда: узяць горад Сталіна было стратэгічнай не столькі баявой, колькі палітычнай задачай гітлераўцаў. І такой жа стратэгічнай палітычнай задачай для савецкіх войск было не здаць горад, які насіў імя кіраўніка дзяржавы.

Палітычныя задачы ставяць палітыкі, ваенныя – генералы… А салдаты плацяць за іх выкананне сваёй крывёй. Такога пекла, як пад Сталінградам, Галагаеў не бачыў нідзе. Змяшаліся зямля і неба, страляла, здаецца, само паветра – і не было ніякай магчымасці засланіцца ад кулі ці снарада, якія ляцелі, здаецца, з невядомасці – і былі пасланы менавіта па тваю душу…

Але і тут яму было “загадана выжыць”. Праўда, моцнае раненне абедзвюх рук вывела байца са строю – а можа, гэта Яго Вялікасць Лёс зноў адводзіў яго ад непазбежнага?

Далечваўся Андрэй Галагаеў у шпіталі ў Барнауле. Урачы вынеслі канчатковы вердыкт: для цябе, танкіст, вайна закончылася… І хоць недзе яшчэ рваліся снарады і гінулі баявыя таварышы, гарэла ў агні родная Беларусь і не было ніякіх звестак пра маці, што засталася на акупіраванай ворагам Шклоўшчыне, і брата, яму трэба было зноў вучыцца жыць: у міры і з мірам…

Суровая Сібір мае свой асаблівы каларыт. Выпісаўшыся са шпіталя, франтавік Галагаеў вырашыў: і тут людзі жывуць – чаму б і мне паспрабаваць? Працавітаму сялянскаму хлопцу, які не баяўся ніякай работы, і ў расійскай глыбінцы знайшлося месца і справа па душы.

Ды шчымела сэрца: як там родныя? Як маці – ці перажыла вайну, як зараз выбіраецца з галечы?

У 1946 годзе Андрэй Галагаеў прыехаў на радзіму з цвёрдым намерам: забраць да сябе у Барнаул маці. Хопіць, нагаравалася ўжо, падымаючы дзяцей, – час ужо і сынам паклапаціцца пра маці… У Сібіры хоць і халадней – ды затое сытней у параўнанні з разбуранай вайной Беларуссю.

Ды маці, пачуўшы пра намеры сына, толькі рукамі замахала: ты пра што, Андрэйка? Якая Сібір? Куды я – са сваёй вёскі, ад сваіх людзей? Разам гаравалі ў вайну – разам і пасля вайны адбудоўвацца будзем. А калі так хочаш дапамагчы, то лепш пра брата малодшага паклапаціся: вучыцца хлопец хоча, а яго з калгаса не адпускаюць. А дзе ж хто прыме селяніна без пашпарта?

Андрэй пайшоў да старшыні калгаса: так, маўляў, і так, адпусціце брата на вучобу. А рахункаводам, калі ўжо ў вас няма кім яго замяніць, я папрацую…

Так лёс Галагаева зрабіў чарговы круты віраж – і стаў Андрэй вяскоўцам, працаўніком сельскай гаспадаркі. Пазней закончыў курсы бухгалтараў, і яго, маладога і перспектыўнага, накіравалі ў тагачасны саўгас “Свірскі”. А калі раёны ўзбуйнілі, у 1960 годзе прапанавалі (хутчэй – загадалі: хто тады асабліва пытаўся згоды?) узначаліць калгас “Радзіма” Астравецкага раёна.

Гэта ў 70-80-я гады “Радзіма” грымела на ўсю Гродзеншчыну і Беларусь – ды так, што раскаты таго грому рэхам разносіліся па ўсім Савецкім Саюзе. А ў 1960-м Гервяты сустрэлі саракагадовага  старшыню ашчэранымі парэбрынамі-страпіламі раскрытых хлявоў: з іх знялі салому, каб хоць чым накарміць жывёлу, – пра якія надоі-прывагі магла ісці гаворка? У калгаснай касе гуляе вецер, даўгоў – больш як паўтара мільёна рублёў, людзі гадамі не атрымлівалі зарплаты і жылі толькі са сваёй гаспадаркі…

Лёс і тут яму дапамог: лён у той год урадзіў на славу. Толькі што толку: усе даходы ад яго продажу зноў пойдуць на пагашэнне даўгоў, а людзі зноў нічога не атрымаюць. “Што ж рабіць, за што зачапіць рукі?” – ламаў галаву кіраўнік…

Галагаеў прыдумаў выйсце: даўгунец здалі праз суседні калгас, які меў свабодны рахунак, – і зараз жа аддаў суседзям грошы. Людзям упершыню за некалькі гадоў выплацілі зарплату: якім гэта было шчасцем для вяскоўцаў!

Праўда, “льняныя махінацыі” старшыні хутка выкрылі – “наганяй” у райкаме партыі ён атрымаў нежартоўны. І нават вымову запісалі ў асабовую справу – ды што значыла тая вымова ў параўнанні са шчаслівым бляскам вачэй вяскоўцаў, з тым, што людзі паверылі свайму кіраўніку, а галоўнае – таму, што ў калгасе можна жыць: будзеш рабіць, то будзеш і мець!

Было ў біяграфіі Галагаева ўсяго – і “наганяяў”, і вымоў. Але ўзнагарод і падзяк за сваю працу ён атрымаў усё ж непараўнальна больш. Калгас пад яго кіраўніцтвам паступова падымаўся з каленяў – і неўзабаве стаў адной з лепшых гаспадарак не толькі ў раёне, але і ў вобласці, у рэспубліцы. Тут атрымлівалі высокія ўраджаі, надоі і прывагі, людзі мелі дастойную зарплату, іх праца адзначалася дзяржаўнымі ўзнагародамі, гаспадарка амаль штогод станавілася ўдзельніцай выстаўкі дасягненняў народнай гаспадаркі СССР. Праз дзесяць гадоў кіраўніцтва Галагаева, у 1970-м годзе, паўтарамільённы доўг “Радзімы” перад дзяржавай змяніўся гэткім жа прыбыткам, які і надалей прымнажаўся год ад году…

Больш як дваццаць гадоў узначальваў калгас “Радзіма” Андрэй Андрэевіч Галагаеў. Шмат за гэты час было зроблена, пабудавана, дасягнута. Да баявых узнагарод франтавіка дабавіліся мірныя: ордэны Кастрычніцкай Рэвалюцыі і Дружбы народаў, бронзавы, сярэбраны і залаты медалі ВДНГ.

І калі Галагаеў сабраўся на залужаны адпачынак, людзі, нават тыя, каго ён некалі караў за нейкія недапрацоўкі, плакалі.

– Я змяняў Андрэя Андрэевіча на яго старшынёўскім пасту, – успамінае Вячаслаў Іосіфавіч Адахоўскі. – Як зараз памятаю пасяджэнне таго пашыранага праўлення калгаса, калі людзям паведамілі гэтую навіну. Мужчыны апусцілі галовы, у вачах у жанчын заблішчэлі слёзы… А я падумаў: што мне трэба зрабіць, каб людзі і мне паверылі, мяне палюбілі так, як Галагаева?

Ды дарэмна сумняваўся Вячаслаў Іосіфавіч: гэтыя два мудрыя, прыстойныя гаспадарнікі не сталі дзяліць лаўры і вызначаць, хто горшы, а хто лепшы, як зараз часта робяць новапрызначаныя кіраўнікі, наіўна спадзеючыся, што чым больш яны будуць ганіць папярэдніка, тым вышэй уздымуць сябе. Адахоўскі ж і Галагаеў вельмі хутка сталі не толькі калегамі, але і сябрамі-аднадумцамі: Вячаслаў Іосіфавіч, па ўласным прызнанні, падчас свайго старшынёўства стараўся выкарыстаць вопыт Галагаева, раіўся з папярэднікам па ўсіх пытаннях.

– Калі парада Андрэя Андрэевіча мне не падыходзіла, то я і не браў яе, – расказвае зараз Адахоўскі, ужо таксама былы старшыня, які ўзначальваў калгас “Радзіма” роўна столькі ж, як і Андрэй Андрэевіч Галагаеў – 21 год. – А ён, мудры чалавек, ніколі не крыўдаваў на гэта, не папракаў: маўляў, я ж табе казаў… Але вельмі многае з яго парад я скарыстаў у сваёй працы – і гэты сплаў яго вопыту і маёй тады яшчэ маладой сілы шмат дапамог мне, а галоўнае – гаспадарцы.

Два былыя кіраўнікі і зараз моцна сябруюць, сустракаюцца з нагоды і без яе. І Андрэй Андрэевіч вельмі спадзяецца, што Вячаслаў Іосіфавіч дапаможа яму патрапіць на самае галоўнае свята свайго жыцця – Дзень Перамогі, 70-гадовы юбілей якой амаль што супаў з яго ўласным 95-годдзем.

– Так, лёс не песціў мяне, – задуменна гаворыць ветэран – і здрадніца сляза, што цячэ па шчацэ, больш чым словы гаворыць аб тым, што творыцца ў гэты момант у душы ветэрана. – Многа давялося пражыць, многае – перажыць… Але па вялікаму рахунку я – шчаслівы чалавек. Шчаслівы, бо дажыў да гэтых гадоў, сустракаю сямідзясяты Дзень Перамогі. І за сваю працу ў мірны час мне не сорамна – яна бачная людзям. І справу маю ёсць каму працягваць, і род мой ёсць каму несці далей… Адно шкада – гадоў не вярнуць, і здароўя – таксама…

Ужо на пальцах можна пералічыць сапраўдных ветэранаў той далёкай кровапралітнай вайны – на жаль, бег часу нельга ні спыніць, ні нават запаволіць.. І ўсё ж Андрэй Андрэевіч Галагаеў удзячны лёсу за ўсё, што зведаў у сваім жыцці: за добрае і дрэннае, за выпрабаванні і ўзнагароды, за страты і здабыткі, за слёзы і радасці. За тое, што жыве – і хоча жыць: радавацца маю і Перамозе, усмешцы праўнука і сустрэчы з сябрам…

Дык жывіце ж доўга і ў добрым здароўі, шаноўны Андрэй Андрэевіч!

--------------------

Ніна РЫБІК.

Фота Алены ЯРАШЭВІЧ.