Алена Пугач палюбіла Беларусь – але сумуе па радзіме

12:19 / 10.03.2019
 Дзе чалавеку добра, утульна, спакойна? Там, дзе ён нарадзіўся – ці там, дзе жывуць яго родныя? А можа, там, дзе ён атрымаў прызнанне – ці там, дзе яго разумеюць? Напэўна, там, дзе ён адчувае сябе сваім, калі навакольныя не зважаюць на колер скуры, адметныя рысы твару, асаблівасці мовы, звычкі… Тады і дыхаецца лёгка, і спіцца салодка, і працуецца добра, і жывецца мірна – ПАД АДНЫМ НЕБАМ.

7.jpg


Алена Пугач прыехала ў Астравец два гады таму ўслед за мужам Паўлам Шукаем, які працуе на Беларускай АЭС. Гэта не першы замежны пункт працоўнай біяграфіі ўкраінскай сям’і – да гэтага была работа ў Іране. 

  Алена, кожны раз адпраў­ляючыся ўслед за мужам на новы пункт яго службовага прызначэння, не сядзела без справы: яна – медык па адукацыі, і не дазваляе сабе губляць напрацаваную гадамі кваліфікацыю – работа нялёгкая, але любімая. Таму, прыехаўшы ў наш горад, жанчына звярнулася ў  аддзел кадраў цэнтральнай раённай бальніцы – і стала працаваць фельчарам аддзялення хуткай дапамогі. 

1.jpg

«Сумую па дому» 
Алена і Павел прыехалі ў Астравец са старажытнага ўкра­ін­скага Чарнігава. Таго самага, дзе княжылі Мсціслаў, сын Уладзіміра і полацкай княжны Рагнеды, герой «Слова аб палку Ігаравым»,  а таксама унук Яраслава Мудрага Уладзімір Манамах; таго самага, у лясах якога былінны Ілля Мурамец лавіў Салаўя-Разбойніка; таго самага, які ў розныя часы пераходзіў пад уладу  то Вялікага княства Літоўскага, то Каралеўства Польскага,  то Масковіі – але не згубіў сваёй самабытнасці; таго самага, чый казачы полк праславіўся ў шматлікіх бітвах і паходах і падтрымкай якога заручаўся сам Пётр І…
– І, на хвіліначку, на Чарні­гаўшчыне здымалі, думаю, усімі любімы фільм «У бой ідуць адны старыкі», – дапаўняе Алена Пугач. – А нашы знакамітыя Штэпсель і Тарапунька чаго вар­тыя! А наш «95 квартал» – хто яшчэ такой студыяй забаў­ляльных праграм можа пахва­ліцца?! Ды і ўвогуле,  не толькі адэсіты –  усе ўкраінцы выдатныя гумарысты!

9.jpg


Героям кінастужкі «У бой ідуць адны старыкі» ўстаноўлены помнікі: капітану Цітарэнку – у Кіеве, механіку Макарычу – у Харкаве. 

2.jpg

1.jpg


– Чарнігаў – вялікі прыгожы горад – але разам з тым ён вельмі ўтульны, кампактны, – з цеплынёю расказвае жанчына. – Вельмі сумую за ім – гэта мая радзіма, там жывуць мае родныя. Мае продкі пасяліліся тут яшчэ з часоў дакацярынінскага казацтва! 
Вочы Алены іскрацца ад успамінаў пра радзіму. Яна ўзгадвае свой шматкватэрны дом, калі ўсе суседзі – як адна сям’я, дзе агульныя беды і радасці і заўсёды адчыненыя дзверы. Жанчына «крочыць» па родных вулачках, расказваючы мне пра гісторыю горада, княжы дзядзінец, равесніка Кіеўскай Сафіі – Спаскі сабор, Пятніцкую царкву,  курган Чорная магіла… 

3.jpg

10.jpg

Чарнігаўшчына лічыцца паўднёвымі варотамі Украіны, бо  тут знаходзіцца кропка – сяло Сенькаўка Гараднянскага раёна, – у якой сыходзяцца межы Расіі, Беларусі і Украіны. 
– Дарэчы, акрамя аб’ектаў архітэктуры і прыроды Украіны, занесеных у спіс сусветных матэрыяльных каштоўнасцей ЮНЕС­КА, нематэрыяльнай куль­тур­най  спадчынай гэтай жа арга­нізацыі прызнаны Петры­каў­скі роспіс і казацкія песні Дне­пра­пят­роў­шчыны, – тлумачыць Алена.

У Чарнігаве таксама ёсць Чырвоная плошча. Гэта культурны цэнтр горада, да якога вядзе аздобленая фантанамі Алея Герояў.

– Цяпер мы рэдка бачымся з роднымі – неспакойна там, – з тугою ў голасе гаворыць жанчына. – Добра, што мой сын Іван сюды пераехаў, ён працуе на БелАЭС. І свякроў да нас прыязджае. Я люблю Беларусь, мне падабаюцца вашы людзі, мне камфортна працуецца, добра жывецца – але там радзіма. І родныя...

5.jpg

4.jpg

14.jpg

Моўнае пытанне
На пытанне, якую мову Алена лічыць роднай, жанчына ўсміхаю­чыся, рапартуе: «Украіньска мова рід­на!»
– На Чарнігаўшчыне распаўсю­джаны суржык – украінска-рускі дыялект, – расказвае жанчына. – Вобласць наша заўсёды больш рускамоўнай была – вучыліся ж раней на рускай, ды і мяжуе наш рэгіён з расійскай Браншчынай, таму ўсё заканамерна. Вашы гамяльчане, што жывуць на мяжы з Украінай, таксама ўжываюць шмат украінскіх слоў. 

8.jpg

– Цяпер ва Украіне намагаюцца выкараніць рускую мову, толькі ўкраінская павінна гучаць, – гаворыць Алена. – Але ж руская, як бы пра тое хто ні хацеў забыцца, гістарычна і геаграфічна закла­дзена ў падсвядомасць нашага народа. 
Жанчына ўпэўнена, што моў­нае пытанне ўдала вырашана ў Беларусі, калі на роўных ужываюцца і руская, і беларуская мовы. Яна пераканана, што нельга гвалтоўна, у адзін момант змяніць звыклае, выкараніць тое, што закладвалася на працягу дзясяткаў гадоў – трэба даць час, навучыць, падказаць, выхаваць гэтую свядомасць. 

Украінская мова мае статус рэгіянальнай, а ў некаторых адміністрацыйных адзінках – нават афіцыйнай! –  у Малдавіі, Румыніі, Сербіі, Славакіі, Хартватыі, Босніі і Герцагавіне. А ў Польшчы афіцыйна прызнаны лемкаўскія гаворкі і нават зацверджана лемкаўская літаратурная мова.

Алена вучылася ў школе на рускай мове, а ўкраінская была дадатковай – можна было выбіраць: вучыць яе ці не.
– Неяк  я папрасіла ў мамы дазволу не вучыць украінскую мову, – расказвае Алена. – І так ад яе ручніком атрымала! Маўляў, жывеш на Украіне, украінскі хлеб ясі – а родную мову ведаць не будзеш?!
Пасля гэтага жадання «аблегчыць жыццё» ў дзяўчынкі больш не ўзнікала.
– А беларуская мова падобная да нашай, – кажа ўкраінка. – Яна прыгожая, мілагучная. Толькі па-ўкраінску чалавек – гэта людына, а муж – чалавек (чоловік). 
Алена любіць глядзець беларускае тэлебачанне, асабліва бела­рускамоўны канал «Беларусь 3».
– Гэты канал – проста супер! Пачынала я яго глядзець з «Ка­лыханкі»: там Лісічка час­та ўжы­вала слова «сябры» – і я ча­мусьці прыдумала, што «сябры» – значыць «беларусы», – смяецца жанчына. – Пазней зразумела, што гэтае слова азначае. 

7.jpg

На першым часе Алена часта весяліла і сваіх беларускіх калег, калі, выязджаючы на выклік, па-свойму вымаўляла назвы нашых населеных пунктаў.
– Як ні пастаўлю націск у назве вёскі – усё не там, – усміхаецца жанчына. 
– Я заўсёды размаўляю на рускай мове, – працягвае Алена. – Але адчуваю, што чым больш сумую па дому, тым больш у маёй размове з’яўляецца ўкраінскіх слоў.
А гэтыя словы, зразумелыя без перакладу, для Алены Пугач самыя дарагія: «земля», «ненька», «дитина», «кохання», «сонечко».

 Украінская кухня
Здаўна ежу на Украіне гатава­лі ў «варыстай пічы» –  на закры­тым кастрышчы. Таму ва ўкраінскай нацыянальнай кухні ў асноўным вараць, тушаць і пякуць.  Дарэчы, любімая беларусамі бульба шырока ўжываецца і ва ўкраінскіх стравах. 

6.jpg

– Самыя любімыя і вядомыя ўкраінскія нацыянальныя стравы: боршч з пампушкамі, варэнікі – на Масленіцу іх абавязкова робяць, галушкі, зразы, катлета па-кіеўскі, сала, канешне ж, рознае печыва з макам, млынці (бліны) з рознымі начынкамі, – пералічвае Алена. – І наш кулінарны брэнд, вядомы ва ўсіх краінах былога СССР, – «Кіеўскі торт». Яго рэцэптура была распрацавана на кіеўскай кандытарскай фабрыцы «1 Мая» і захоўвалася аж да 2014 года. Цяпер, на жаль, у гэтага торта смак стаў іншым.
Сярод старажытных украінскіх напояў вылучаюць натуральнага бражэння мёды, піва, квасы, узвары. Шырока распаўсюджаны выраб мясцовым на­сель­ніцтвам шматлікіх настоек, вінаў і самагону – дзяржавай іх продаж афіцыйна дазволены.

Не чужыя 
– Чарнігаў – вялікі горад у параўнанні з Астраўцом. Пры­ехала – усё тут такое маленькае: вулачкі, магазінчыкі… На рынку – ні куркі, ні гускі, ні малака! Шо ж такое?! У Чарнігаве на базары толькі чорта лысага не знойдзеш, таму тутэйшы рынак, прызнаюся, мяне расчараваў,  – дзеліцца першымі ўражаннямі ад нашага горада жанчына. – Затое цяпер Астравец  стаў і маім горадам таксама. Ды і я ўжо прызвычаілася: ведаю, што дзе ёсць, куды звярнуцца. Шмат знаёмых з’явілася, сяброў. Людзі тут шчырыя, спагадлівыя.

3.jpg

– А як тут «вылізана» ўсё, чысценька, прыгожа! – працягвае Алена. – Мы жывём  у першым мікрараёне, выйдзеш на балкон – і дыхаеш лясным паветрам. Ну проста казка! Праўда, клімат у Беларусі сушэйшы, чым на Украіне. А яшчэ тут я ўпершыню ўбачыла зімой туман!
Дарэчы, наша краіна для Алены – не чужая. Яе дзед па бацькавай лініі – беларус, ён ваяваў і загінуў у Беларусі падчас Вялікай Айчыннай. 
– Ды ўжо адно тое, што Чар­ні­гаўшчына мяжуе з Гомельшчынай, шмат пра што гаворыць – мы ж самыя блізкія суседзі, значыць, не чужыя. І мовы нашы падобныя, і народы – аднолькава не могуць прайсці міма чужой бяды! – разважае жанчына. 

11.jpg

І ўзгадвае, як некалі ў Гомель ездзілі за школьнай формай, у Мінск – на кніжны кірмаш, шмат чарнігаўцаў займалася «камерцыяй» у Гродне. А жыхары Гомельшчыны прыязджалі ў Чарнігаў па каўбасу.  
У нашым краі Алене Пугач раней бываць не даводзілася, але яна ўжо добра ведае Астравеччыну – фельчар «хуткай» амаль увесь раён аб’ездзіла.
– На Астравеччыне вельмі прыгожыя лясы і азёры! – з захапленнем гаворыць суразмоўца. – Мы з мужам любім збіраць грыбы і ягады, рыбачыць. Нам вельмі падабаюцца Сарачанскія азёры! А яшчэ былі на возеры Нарач і на Свіцязі – там такая чыстая празрыстая вада!

12.jpg


У вольны час Алена з мужам выпраўляюцца ў вандроўкі па Беларусі. Яны ўжо пазнаёміліся са знакамітасцямі нашай ста­ліцы, наведалі Мір і Нясвіж – асаб­ліва ўразілі тэатралізаваныя прадстаўленні ў Нясвіжскім палацы, з’ездзілі ў Брэст.
– Я даўно не адчувала такіх эмоцый, як ад Дня Перамогі ў Брэсцкай крэпасці, – дзеліцца жанчына. – Мурашкі па скуры! Для нашай сям’і гэта важнае свята – на радзіме ў гэты дзень мы з роднымі абавязкова едзем на  магілу дзядулі. 
– Збіраемся наведаццца ў Белавежскую пушчу – кажуць, там таксама ёсць на што паглядзець, – дзеліцца планамі Алена.
У тыя нешматлікія моманты, калі жанчыне ўсё ж здараецца выбрацца на Чарнігаўшчыну, яна вязе родным «прывітанне» з Беларусі: беларускі трыкатаж, бярозаўскую каўбасу «Навінка» і бляшанку-другую гервяцкай тушонкі. 

2.jpg

  Беларусь стала для Алены і Паўла не толькі чарговым прыпынкам іх  жыццёвага шляху.  Застануцца яны тут ці вернуцца на радзіму – Астравеччына зойме свой куточак  у іх душы.
Текст: