Да Дня турыста: сарачанская водная рэспубліка запрашае

07:25 / 27.09.2010
11494
1

Як называюцца людзі, якія па сваёй волі адмаўляюцца ад мяккай пасцелі і кладуцца спаць ледзь не на голую зямлю? Якія замест дыетычнага і збалансаванага харчавання падсілкоўваюцца абдымленым мясам, гарэлай бульбай ды кашай, зваранай на рачной вадзе? Што за дзівакі пакідаюць у гаражах свае шыкоўныя і не вельмі аўтамабілі і наматваюць кіламетры дарог на падэшвы ўласных красовак?


Ну, вядома, гэта людзі з непаседлівага племені турыстаў. Якім хочацца на свае вочы бачыць, як прачынаецца на досвітку ружовашчокае сонца, а яснавокія рамонкі падстаўляюць пад яго промні вільготныя павекі сваіх “любіць-не-любіць”. Паспытаць на смак пыл дальніх дарог, перамераць вяслом даўжыню рэк і азёр…
Астравецкая зямля для сапраўднага турыста – бясцэнны скарб, у складзе якога блакітнай пярлінай ззяюць азёры Рэспубліканскага ландшафтнага заказніка “Сарачанскія азёры”. Гэта 12 вадаёмаў, агульная плошча якіх складае больш за 4 квадратных кіламетры, а даўжыня – 20 кіламетраў. Амаль усе яны звязаны паміж сабой, хаця кожнае мае свае асаблівасці. Неглыбокія Клявей, Белае і Вераб’і летам добра праграваюцца, вада ў іх празрыстая, насычаная кіслародам, багатая солямі. А вось у Кайміны, Губязы, Ёдзяў сонечныя промні ў стане прагрэць толькі верхні слой вады. Нават спякотным летам тэмпература вады на іх дне не перавышае 4-5 градусаў.
Прырода заказніка ўнікальная і жывапісная. Яго флора і фаўна насычана рознымі відамі раслін і жывёлін. У межах заказніка жывуць 203 віды жывёлін, 26 з якіх з’яўляюцца “чырвонакніжнікамі”. На яго землях растуць 28 відаў рэдкіх раслін – 4 з іх занесены ў Чырвоную кнігу Беларусі.
Сарачанскія лясы багатыя на ягады і грыбы.
Па тэрыторыі нашага заказніка распрацавана адразу некалькі турыстычных маршрутаў. Вандруючы іх шляхамі, можна ўбачыць Міхалішкаўскі касцёл святога Міхаіла, работы фларэнтыйскіх майстроў Крыштофа Пенса і П’етра Пярэці, Клюшчанскі касцёл святога Яўхіма – помнік драўлянага дойлідства. У вёсцы Барані можна наведаць дом-музей святара, паэта, пісьменніка Казіміра Сваяка (Канстанціна Стэповіча), а на ўскрайку лесу (на поўдзень ад вёскі Клюшчаны) пабываць у фамільнай капліцы паноў Сволькенаў.
Берагі большасці азёр заказніка добраўпарадкаваны – турыста чакаюць тут міні-пірсы, альтанкі, кастрышчы з нарыхтаванымі побач дровамі. Прыходзь і адпачывай!
І ўзамен прырода просіць ад чалавека толькі аднаго: не нашкодзь! Адпачні так, каб не нанесці навакольнаму асяроддзю ніякай крыўды, каб той, хто прыйдзе пасля цябе, быў удзячны табе за акуратнасць і разуменне.
Зрэшты, сапраўдным турыстам падобныя навучанні не патрэбны – любоў да прыроды ў іх у крыві.


Мікалай КАНЧАНІН, дырэктар заказніка “Сарачанскія азёры”.

Комментарии
0
Гость
Спасибо за публикацию. Переделанная, опубликуется на одном из центральных сайтов -- заказали материал про туризм Беларуси, отчего не "продвинуть" свой район?
Хотелось бы на сайте побольше материалов подобного плана. Как продвигать экотуризм, если информации кот наплакал?
Ну и материалы на сайт -- это на сайт, а не в газету. Ключевых слов [заказник "Сорочанские озера"], [отдых в Островецком районе], [экотуризм Беларуси]и т.д. просто нет. Любой поисковик выдаст миллионы страниц по запросу грибы да ягоды и этот материал окажется далеко не в первом миллионе.
Имя Цитировать 0
Оставить комментарий
Текст сообщения*
Защита от автоматических сообщений