Ян Буйчык, чырвонадрэўшчык з Жукойняў

12:06 / 03.11.2018
3786
1234.jpg«Гісторыю трэба ведаць, паважаць і шанаваць!»  – пад такім дэвізам прайшла ў Жукойне-Жалядскім касцёле прэміцыйная імша ксяндза Андрэя  Каўшука, на якой  маліліся і за душу майстра Яна Буйчыка ў сувязі са 130-гадовым юбілеем з дня яго нараджэння. 

Напачатку імшы святар дазволіў мне расказаць землякам аб жыцці і творчасці народнага майстра. Спа­дзяюся, што і ўсім жыхарам раёна будзе цікава даведацца пра аднаго са слынных сыноў спондаўскай зямлі.

Гісторыю краіны, як і гісторыю касцёла, ствараюць людзі – тыя, каго Усявышні надзяліў талентам, які яны прымножылі і скарысталі на хвалу Богу і людзям, пакінуўшы яркі след на зямлі,  у гісторыі і ў памяці людзей.

Да такіх належыць наш зямляк Ян Буйчык  –  таленавіты майстар, чалавек з няпростым лёсам, які так многа зрабіў для сваіх землякоў, што заслужыў права на тое, каб мы ведалі, памяталі і шанавалі яго імя.

Ян Буйчык  нарадзіўся ў вёсцы Жу­кой­ні-Жалядскія ў 1888 годзе. Служыў у царс­кай арміі, удзельнічаў у Першай сусветнай вайне, трапіў у нямецкі палон. Калі багатыя немцы разбіралі бясплатную рабочую сілу, нашаму герою, можна сказаць, пашанцавала: ён трапіў да гаспадара мэблевай фабрыкі. Там хлопец спасцігаў азы прафесіі чырвонадрэўшчыка. Прыродная кемлівасць, дапытлівы розум ды  сялянская вынослівасць і працавітасць дапамаглі яму выдатна авалодаць рэдкай прафесіяй.

Фабрыкант, у якога працаваў Буйчык, быў немалады і бяздзетны. Ім з жонкай так спадабаўся працавіты, сціплы, таленавіты беларускі хлопец, што яны прапанавалі яму застацца ў іх сям’і назаўсёды, быць іх сынам і нашчадкам. Здаецца, лёс паднёс хлопцу падарунак на талерачцы з залатым беражком, але… У снах ён  бачыў сваю  маленькую вёсачку, дзе жыла, чакала сына з вайны матуля. Сказаў гаспадару, што з’ездзіць толькі пабачыцца – і вернецца назад.

Бацькі ў гэты час ужо не было, а маці жыла з сынам-калекам і, вядома ж, не захацела адпускаць Янку ў Нямеччыну. Ды і сам Ян не надта рваўся туды: хай сабе бедна і цяжка – але хацелася яму жыць сярод сваіх людзей.  Напісаў гаспадарам, што шкадуе пакідаць маму, – і застаўся  ў Жэлядзях,  дзе з цягам часу стаў лепшым ва ўсёй акрузе  майстрам. 

З захапленнем узяўся ён за сталярку: сам зрабіў вярстак накшталт таго, на якім працаваў у Германіі. Інструмент таксама прывёз з Германіі. І пасыпаліся заказы... 

Заробкаў хапала, каб пракарміць сям’ю – і ў 1920 годзе Ян ажаніўся. Яны з жон­­кай Станіславай са знакамітага роду Рут­кевічаў нарадзілі трое дзяцей – Чэслава, Яніну і Гэлену.  Пані Гэлена – прыгожая, статная ў свае 88 гадоў, жыве зараз у Вільні – але прыехала на імшу, каб па­маліцца за душу свайго бацькі, наведаць могілкі і пабачыцца  з ужо нямногімі сябрамі дзяцінства.

Слава пра арыгінальнага майстра хутка распаўсюдзілася па наваколлі, заказваць мэблю да яго прыязджалі нават з Вільні. З’явіліся вучні-паслядоўнікі. Чалавек добры і незайздрослівы,  Ян згадзіўся навучыць свайму майстэрству пяць чалавек. Любімым вучнем яго быў Клеманс Масевіч – Клямусь. Вышэйшай адзнакай для вучня быў наказ майстра: «Як памру, то труну для мяне толькі Клямусь хай робіць».

Асартымент вырабаў быў шырокі: ложкі, шафы, кухонныя шафачкі, камоды, труны (Ян Буйчык першым пачаў рабіць іх на ножках). Выкарыстоўваў для работы альху, часта – сасну.  Ведаў асаблівы сакрэт паліроўкі дрэва, які нікому не раскрываў. Дачка расказвала, што паліраваць было вельмі цяжка, але ў выніку яго вырабы станавіліся прыгажэйшымі і былі адмет­нымі, «буйчыкавымі».

Ян Буйчык меў добры мастацкі густ і трапнае вока. Умеў выкарыстаць прыродныя матэрыялы. Браў галінку, абразаў, палітураваў, прыбіваў да дошчачкі – і гатовыя «казіныя рожкі» – вешалка. На іх ён увёў своеасаблівую моду ў вёсцы.  У кожным доме стараліся зрабіць нешта падобнае. У доме пана Дзевялтоўскага, яго  найлепшага сябра, такія «казіныя рожкі» былі ў кожным пакоі. Сярод іх – і шматфункцыянальныя: на вешалку вешалі паліто, а на рожкі «капэлюш».

Талент, вядома, даецца ад Бо­га. Яго можна падшліфаваць, уда­сканаліць, але навучыцца гэтаму нельга: ён або ёсць, або няма.  Му­сіць, таму большасць майстроў,  як бы аддаючы падзяку за свой дар, стварае нешта і для Бога. Ян Буйчык таксама мно­гае зрабіў для Жалядскага касцёла: пашаляваў звонку сцены,  зрабіў  лаўкі, амбону, бакавыя алтарыкі, якія ёсць і сёння.  

Але своеасаблівым апафеозам работы майстра, яго гонарам, з’яўляецца  алтар.  Усяго за шэсць месяцаў зрабіў ён свой першы алтар для Свірскага касцёла. Стараўся закончыць да свайго 40-годдзя. 17-18 чэрвеня 1928 года адбылося яго асвячэнне Яго Экселенцыяй ксяндзом Арцыбіскупам-Мітрапалітам Віленскім Рамуальдам Ялбжы­коўскім, аб чым зроблены запіс у кніжцы кс. J Żamejcja, Świr i kosciól swirski. R.1930 г. У часы «ваяўнічага атэізму» Свірскі касцёл быў перабудаваны пад завод, алтар – знішчаны. Але захаваўся яго фотаздымак, які цяперашні настаяцель Свірскага касцёла ксёндз Богуслаў  перадаў нам. У 2005 г. па гэтым фотаздымку мастак з Віцебшчыны зрабіў новы алтар, імкнучыся, каб ён быў максімальна падобны на той, што рабіў Ян Буйчык. Крыху пазней такі ж алтар, толькі ў паменшаным выглядзе, Буйчык зрабіў і для Жалядскага касцёла. А яшчэ адзін майстар-самародак з Глушыцы Міхаіл Валуевіч па памяці зрабіў падобны алтар у сябе дома – зараз ён знаходзіцца ў музеі гісторыі рэлігіі ў Гродне.
...Кожную нядзелю прыходзяць у  кас­цёл людзі. І скіроўваюць свае по­зіркі і малітвы да алтара, зробленагага залатымі рукамі нашага слыннага  земляка Яна Буйчыка. 

Текст: Иоланта Валуевич
Оставить комментарий
Текст сообщения*
Защита от автоматических сообщений