Гервяты, Рюмдзюны, Гіры, Чэхі, Бабраўнікі – удзельнікі аўтапрабегу да Дня Перамогі ўшанавалі памяць загінулых землякоў

16:22 / 08.05.2024


“Беларусь помніць. Помнім кожнага” – гэтыя простыя, на першы погляд, але з такім глыбокім сэнсам словы аднайменнай акцыі, бы нябачны набат, стукаюць у скроні і адгукаюцца ў сэрцы падчас традыцыйнага аўтапрабегу па месцах пахавання і ўшанавання загінулых у гады Вялікай Айчыннай вайны.

Мы помнім! І зробім усё магчымае, каб не забылі нашчадкі. 

Ля помніка загінулым землякам у Гервятах на мітынг сабраліся прадстаўнікі некалькіх пакаленняў: дзеці, падлеткі, дарослыя. Першыя моцна трымалі ў руках кветкі ў чаканні таго самага ўрачыстага моманту, калі можна будзе пакласці іх да мемарыяльнай пліты. Другія стаялі маўкліва, мабыць, успамінаючы расповеды настаўнікаў, у памяць пра каго ўстаноўлены помнік. А трэція схілілі галовы ў знак удзячнасці загінулым героям, спадзеючыся, што гэтыя ахвяры будуць вечным напамінам для наступных пакаленняў, каб яны ніколі не спазналі горычы бязлітаснай вайны.

– Вітаю ўсіх напярэдадні святога для кожнага беларуса дня – Дня Перамогі, – распачаў мітынг старшыня раённага Савета дэпутатаў Генадзь Бычко. – Хвіліну назад мы разам спявалі гімн, дзе ёсць такія радкі: “Мы беларусы, мірныя людзі…” А па-іншаму і быць не можа, бо мы з вамі нашчадкі народа-пераможцы, які калісьці вызваліў усіх ад фашыстаў. І хто як ні мы, павінны ведаць і помніць, якая гэта бясцэннасць – мір. І наша галоўная задача – захаваць яго і перадаваць гэты наказ з пакалення ў пакаленне.







– У Беларусі ёсць цудоўная традыцыя: напярэдадні 9 Мая праводзіць аўтапрабегі па месцах баявой славы, – адзначыла падчас выступлення старшыня прафкама БелАЭС Марына Пылінская. – Кожны год на Астравеччыне ў іх удзельнічаюць і работнікі нашага прадпрыемтсва. Бо гэта святы абавязак – такім чынам ушанаваць памяць тых, хто не вярнуўся з Вялікай Айчыннай; тых, хто даў нам магчымасць радавацца ўзыходу сонца і новаму дню. У гэтыя дні асабліва хочацца пажадаць нам усім міру, дабрыні і ўзаемаразумення. Няхай такое яснае і мірнае неба будзе над нашай галавой сёння і заўсёды.

Праз хвіліну помнік патануў у вянках і кветках. А за супакой душы загінулых затрапятаў дрыготкі агеньчык лампадак.

Удзельнікі аўтапрабегу таксама ўшанавалі памяць герояў на магіле невядомаму салдату ў Рымдзюнах, ля помнікаў загінулым землякам у Гірах, Чэхах і Бабраўніках. Гучалі словы падзякі і пажаданняў, каб ваеннае ліхалецце ніколі не паўтарылася. Было прыемна бачыць, як малышы з павагай ускладалі кветкі і ціха шапталі адзін аднаму: “Тут напісаны прозвішчы герояў…”

Беларусь помніць! Помняць і жыхары Астравеччыны. Бо такое нельга забыць. #ДЕНЬ_ПОБЕДЫ_НА_ГРОДНЕНЩИНЕ














Текст: Марина Мацкевич
Фото: Марина Мацкевич