У Астраўцы адзначылі 550-гадовы юбілей парафіі Святых Космы і Даміяна
Сёлетні год знамянальны не толькі для Астраўца,але і для касцёла Святых Космы і Даміяна, які ў мінулыя выхадныя адзначыў некалькі юбілейных дат: 550-годдзе парафіі, 200-годдзе касцёла і 100-годдзе вяртання святыні каталікам.
Вернікі разам са святарамі і сёстрамі законнымі на працягу некалькіх месяцаў рыхтаваліся да ўрачыстасці роднай парафіі, якое стала сапраўдным святам не толькі для парафіян, але і шматлікіх гасцей.
Святкаванне пачалося ў суботу вечарам з імшы і заканчэння саракагадзіннага набажэнства.
Асноўныя ўрачыстасці выпалі на нядзелю. З самай раніцы дапаможны біскуп Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Юрый Касабуцкі маліўся за бацькоў, пажылых і хворых людзей. А наступная святочная імша, якую правёў дапаможны біскуп Гродзенскай дыяцэзіі Юзаф Станеўскі, была цалкам прысвечана дзецям. Немаўляткі, быццам анёлкі, спалі на руках у бацькоў. Школьнікі разам з біскупам спявалі песні, а потым атрымалі індывідуальнае благаславенне.
Пасля імшы дзятва яшчэ доўга не разыходзілася – на пляцоўцы побач з касцёлам іх чакала забаўляльна-гульнёвая праграма ад выратавальнікаў раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях. І гэта быў не адзіны сюрпрыз для маленькіх вернікаў: хутка побач з парафіяльным домам з’явіцца дзіцячая пляцоўка – падарунак парафіі з нагоды юбілею ад раённых улад.
На ўрачыстую юбілейную імшу прыбыло шмат гасцей. Ад імя мясцовых улад слова меў намеснік старшыні райвыканкама Віктар Збігневіч Свіла.
– Год малой радзімы – знакавы для Астравеччыны. Месяц таму мы адзначалі юбілей Астраўца, цяпер – юбілей касцёла Святых Космы і Даміяна, – адзначыў Віктар Збігневіч. – Шчыра дзякую святарам, сёстрам законным за іх плённую працу. Ад раённага выканаўчага камітэта і сябе асабіста віншую ўсіх прысутных са святам.
З нагоды дня нараджэння словы віншаванняў былі адрасаваны і біскупу Гродзенскаму Аляксандру Кашкевічу, які ўзначаліў урачыстую імшу. Букет руж іерарху ўручыла старшыня раённага Савета дэпутатаў Ірына Эдуардаўна Тальчук.
Напачатку імшы пробашч, ксёндз-канонік Юзаф Багдзевіч прыгадаў памятныя даты з гісторыі парафіі і касцёла, а таксама агучыў інтэнцыі імшы.
З гісторыі
1468 год – стварэнне парафіі.
1616 год – будаўніцтва драўлянага касцёла і кляштара.
1684 год – па запрашэнні Корсакаў у Астравец прыязджаюць айцы-дамініканцы.
1777 год – пры кляштары адкрываецца школа, шпіталь.
1785 год – распачалося будаўніцтва святыні.
1818 год – заканчэнне будаўніцтва. Касцёл атрымаў назву Святых Космы і Даміяна.
1866 год – касцёл перададзены праваслаўным.
5 мая 1918 года – дата вяртання святыні каталікам.
Апекуны астравецкага касцёла браты святыя Косма і Даміян, якія лічацца патронамі медыкаў і аптэкараў, не шкадуючы сябе і не выракаючыся веры лячылі людзей і дапамагалі ім. Звяртаючыся да працаўнікоў аховы здароўя, ксёндз-пробашч пажадаў ім быць лекарамі ад Бога, падобнымі да гэтых святых братоў.
У далёкім 1953 годзе ў касцёле Святых Космы і Даміяна перад Богам пакляліся жыць у вернасці, згодзе і павазе сямейная пара Чарняўскіх. На працягу 65 гадоў муж і жонка не выракліся свайго абяцання – падчас урачыстасці дзякавалі Богу за няпростыя, але шчаслівыя гады сумесныя жыцця.
– Сям’я Чарняўскіх – прыклад веры, вернасці і любові. Наследуйце яго, – звярнуўся да сямейных пар ксёндз-канонік.
Тры біскупы і больш за дваццаць сясцёр законных былі на святой імшы. Пробашч, звяртаючыся за іерархаў, папрасіў памаліцца ў тым ліку і за ўсіх святароў Астравеччыны – тых, хто нясе тут душпастырства, і тых, хто тут нарадзіўся.
Гэты год асаблівы не толькі для парафіі, але і для пробашча, ксяндза-каноніка Юзафа Багдзевіча. Сёлета спаўняецца 15 гадоў, як святар прыехаў на Астравеччыну служыць Богу і людзям.
У шчырыя словы малітвы біскупа Аляксандра Кашкевіча за сем’і, святароў, медыкаў і ўсю Астравеччыну ўпляталіся не менш шчырыя просьбы і падзякі Богу соцень вернікаў, якія былі на святочнай імшы.
Адным з самых прыгожых і сімвалічных момантаў урачыстасці стала паднясенне дароў. Свечку з трапяткім агнём – сімвалам нязгаснасці веры – несла сямейная пара Калеснікаў, біблію і падручнікі – дзеці разам з дырэктарамі гарадскіх школ, ваду – сямейная пара Мекіных, хлеб – сям’я Садоўскіх, зёлкі – сям’я Сяржанавых, віно – бацькі святароў, плады – юбіляры-суджэнцы.
Урачыстасць завяршылася святочнай працэсіяй вакол касцёла: у паветры развяваліся белыя харугвы, дзяўчаткі высцілалі дарогу біскупу жывымі кветкамі, а людзі дзякавалі Богу за прыгожае свята парафіі Святых Космы і Даміяна, у якой наперадзе яшчэ шмат незапоўненых старонак летапісу.
На гэтым свята не скончылася. На імправізаванай пляцоўцы побач з касцёлам выступіў гурт “Крэсавяцы” і агністы і неверагодна харызматычны кавер-гурт Наталлі Вянгроўскай. А потым вечаровае неба рознымі агнямі расквеціў яркі феерверк.
Віват, астравецкі касцёл! З юбілеем, родная парафія!