Проверено на себе: Как отдохнуть с грудным ребенком на море?

15:46 / 21.08.2017

Я ўпершыню пазнаёмілася з морам у 19 гадоў. Нашая дачка – у 9 месяцаў. Першы раз некалькімі кроплямі марской салёнай вады папырскалі ёй ножкі і ручкі – дзяўчынка спачатку насцярожылася, а потым радасна засмяялася і стукнула ножкай па вадзе – знаёмства адбылося радасна і лёгка! Так, няхай нашыя дзеці будуць лепшымі, спрытнейшымі за нас і пачнуць бачыць зямныя прыгажосці як мага раней.
І ці варта кідаць камяні ў бацькоў, якія адпраўляюцца ў падарожжа з грудным дзіцям! Калі разумна падысці да справы, падрыхтавацца, прадумаць дэталі і быць абачлівымі і асцярожнымі, то адпачынак пройдзе «на ўра» – і для бацькоў, і, галоўнае, для малечы. Натуральна, мы гаворым пра магчымасць падарожнічаць, калі няма ніякіх медыцынскіх cупрацьпаказанняў.
padarogga.jpg
Перад тым, як прыняць рашэнне паляцець адпачываць з нашай на той момант дзевяцімесячнай дачкой, мы перачыталі безліч артыкулаў, рэкамендацый, сха­дзілі на прыём да педыят­ра. Аргументаў «супраць» не знайшлі, загадзя зрабілі малой пашпарт (бясплатна і тэрмінам на 5 гадоў), медыцынскую стра­хоўку (без якой візу дзіцяці не выдадуць) – і адправіліся ў першае для нашай дачушкі далёкае падарожжа.
Востраў Крыт, на які мы паляцелі, парадаваў велічнымі края­відамі, атмасферай агульнай расслаб­ленасці, даследа­ваннямі вострава на арэндаванай машыне па маленькіх вёсачках і буйнешых гарадах. Напрыклад, прыгожым Агіос-Накалаусе, у якім знаходзіцца возера Вулізмені: паводле легенды, яно не мае дна і злучана з вулканам на востраве Сантарыні. Звілістымі дарогамі з відам на скалістыя горы мы даехалі і да Дыктыйскай пячоры, у якой, як расказваюць міфы, нарадзіўся Зеўс. У глыбіні пячоры ёсць падземнае возера, а сцены ўпрыгожаны мудрагелістымі сталагмітамі і сталакцітамі. Падымацца да пячоры трэба спачатку ўгору па скалістай дарозе, таму дзіця зручней пасадзіць у «кенгуру», а непасрэдна ў пячоры на малечу лепш апрануць кофтачку – тэмпература там значна ніжэйшая, чым на паверхні.
Нашая дачушка, нібы русалка, была ў захапленні ад плюскання ў моры і басейне, гульняў з іншымі дзецьмі і асабліва ад стасункаў з мясцовымі жыхарамі. Грэкі ўмеюць забавіць не­маўля, быццам ведаюць яго ад нараджэння і ставяцца да чужых дзяцей з такой жа пяшчотай, як да сваіх.
Аднак, каб падарожжа прайшло добра, яшчэ да яго пачатку варта падумаць і ўлічыць магчымыя рызыкі. Гэта не значыць, што толькі пра іх варта і думаць ды за ўсё хвалявацца, псуючы сабе адпачынак, а грунтоўна разважыць і ўзяць з сабой тое, што можа спатрэбіцца ў падарожжы.
Калі вы вырашылі адправіцца ў падарожжа, не пакідаючы малое на бабуль-дзядуль, то трэба выбраць найзручнейшы для дзіцяці і бацькоў варыянт перамяшчэння. Калі канчатковы пункт падарожжа – далёкая краіна, якая вабіць вас гарачым сонцам ды цёплым морам, то найпрасцей набыць тур і паляцець самалётам. Аднак у час запланаванага адпачынку ў дзіцяці могуць рэзацца зубкі, балець жывоцік і знайсціся яшчэ з дзясятак прычын, з-за якіх яно будзе неспакойнае і капрызлівае. 
Гэта моманты непрадказальныя, таму свой тур мы набывалі непасрэдна перад адпачынкам. Так павялічваецца верагоднасць злавіць «гарачыя» пуцёўкі і зніжаецца верагоднасць страціць немалую суму ў выпадку, калі набылі тур загаддзя, а скарыстаць яго не змаглі, бо дзіця, напрыклад, захварэла.

padarogga1.jpg
padarogga3.jpg

Атэль 
лепш абраць, улічваючы яго адлегласць да мора. Ідэальна – першая берагавая лінія, таму што спёкай нават 500 метраў прайсці з дзіцям да пляжа не вельмі лёгка. Мы абралі атэль сямейнага тыпу з вялікай зялёнай тэрыторыяй, каб заўсёды было дзе схавацца ад сонца. У такіх, як правіла, больш умоў для камфортнага адпачынку з дзецьмі любых узростаў – бяс­платна дастаўляецца ў нумар дзіцячы ложак, ёсць каляскі (у арэнду альбо бясплатна), крэслы для кармлення, дзіцячыя басейны, пакоі для гульняў. У нашым атэлі было ўсё  пералічанае – каляску далі пад задатак у 20 еўра.

 
Пералёт 
самалётам не рэкамендаваны дзеткам да аднаго месяца. Для тых жа, хто ўжо ўмее сядзець, можна ўзяць каляску-«тросць»: у ёй зручна вазіць дзіця ў аэрапорце, а ў самалёт яна пройдзе бясплатна. У самім жа самалёце месца для малечы не прадугледжана – увесь пералёт яно будзе ў вас на руках. Так, тры гадзіны трымаць дзіця на руках не вельмі зручна, але можна патрываць. Каб у немаўляці не ўзнікала моцнага дыскамфорту ад таго, што закладвае вушы пры ўзлёце, наборы вышыні і пасадцы, можна прапанаваць яму папіць вады або падсілкавацца сумессю ці грудным малаком – у залежнасці ад таго, чым вы яго корміце. Ці проста даць пус­тышку – глытанне і смактанне значна аблегчаць яго стан. Калі ж у дзіцяці закладзены носік, ёсць насмарк, то лепш скарыстацца сасудазвужальнымі каплямі. З сабой на борт трэба ўзяць падгузнікі, пялёнку і лёгкую коўдрачку, каб накрыць дзіця, калі яно засне. Нашы пералёты выпалі на ноч, таму малая падчас рэгістрацыі і пералёту спала, час ад часу прачынаючыся, каб падсілкавацца. Прачнулася яна ўжо перад пасадкай і з цікаўнасцю стала разглядаць, што дзеецца за ілюмінатарам ілюмінатар.

Харчаванне 
дзіцяці ў дарожных умовах і падчас адпачынку цяжкасцей таксама не выклікае. Карміць немаўля найпрасцей грудным малаком – гэта магчыма рабіць  дзе і калі заўгодна. Калі ж кармленне не грудное, то гарачую ваду, каб зрабіць малочную сумесь ці кашу, можна папрасіць у кавярнях аэрапорта альбо на борце самалёта пасля ўзлёту. Мы з сабой узялі каля дваццаці розных слоікаў з дзіцячымі мяснымі і рыбнымі пюрэ. Садавіну ж драбнілі з дапамогай блэндара, які быў у рэстаране атэля. Свой блэндар, дарэчы, цягнулі марна – толькі заняў месца ў чамадане.
padarogga4.jpg

 
Сонцаахоўныя сродкі – 
важная дэталь адпачынку дарослага, а для дзіцяці – проста неабходная ўмова. Сонечныя промні хоць і пойдуць на карысць (памятаем, што гэта і крыніца вітаміну D, і прафілактыка ра­хіту), але могуць і нашкодзіць. Скура дзіцяці вельмі пяшчотная і мае асаблівую патрэбу ў ахове ад  агрэсіўнага ўльтрафіялетавага выпраменьвання, бо яшчэ не здольная вырабляць пігмент меланін. Таму перад паездкай мы ўважліва выбралі спецыяльны дзіцячы крэм з неабходнай ступенню аховы і пазнакай «ад нараджэння». А лепш увогуле пазбягаць адкрытага сонца, аддаючы перавагу ценю. Калі мы ўсё ж выходзілі пад промні, то дзіця апраналі ў лёгкае адзенне з натуральных матэрыялаў, якое закрывала ручкі і ножкі, а на галоўку надзявалі панамку з шырокімі палямі. Не сакрэт, што асабліва актыўнае сонца з 11 да 17 гадзін, таму гэты час мы з мужам па чарзе бавілі ў прахалодзе атэля, на лужку ў ценю або ў дзіцячым пакоі. Да гэтага ж маглі спакойна пакласці малечу на шэзлонг каля сябе ў ценю дрэваў, дзе яна салодка спала. Пасля купання ў моры дзіця абавязкова абмывалі чыстай вадой, каб змыць соль і рэшткі сонцаахоўнага крэму.

Медыкаменты – 
яшчэ адна важная рэч, пра якую неабходна падумаць. Мець з сабой патрэбныя лекі пад рукой значна прасцей, чым шукаць іх на месцы адпачынку. На выпадак, калі ў дзіцяці падымецца тэмпература (а прычынай можа быць што заўгодна: перагрэў, кішэчныя інфекцыі, алергія і г.д.), мы ўзялі гарачкапаніжальны сродак. Падстрахаваліся, узяўшы лекі для страўніка, сродак ад сонечных апёкаў, сасудазвужальныя кроплі ў нос, зялёнку, пластыр. Калі ў дачкі злёгку пачырванелі ручкі, то памазалі іх лісцем алоэ, які рос акурат пад нашым нумарам. На шчасце, больш нічога з тых лекаў, якімі мы запасліся, не спатрэбілася. Але разуменне, што ўсё неабходнае пад рукой, супакойвала.
Не трэба думаць, што далёкія падарожжы з маленькімі дзецьмі – гэта нешта нездзяйсняльнае. Гэта, безумоўна, не простае рашэнне і адказнасць для бацькоў. Слова «адказнасць» тут увогуле ключавое. Ніхто не ведае ваша дзіця лепш, чым вы, і не можа прадказаць яго паводзіны ў дарозе. Аднак якое ж гэта шчасце – праз падарожжы адкрываць свет свайму дзіцяці! Падарожжы блізкія – да бабуль і дзядуль, падарожжы далёкія – самалётам да мора. Такія ўдала здзяйсняюцца шматлікімі сем’ямі, якія вяртаюцца дадому са станоўчымі эмоцыямі і шчаслівым маленькім чалавечкам, які нядаўна нарадзіўся – і ўжо пачаў, з вашай дапамогай, спазнаваць гэты свет.
padarogga2.jpg

 Эмілія Комар.



Текст: Главный администратор