Памяці святара, пераўтваральніка, чалавека Леаніда Пятровіча Несцюка

12:53 / 25.03.2017
2

nestyk.jpgВялікае гора прыйшло ў сотні сямей Астравеччыны: 24 сакавіка на 62-ім годзе жыцця ў росквіце сіл, поўны планаў і задум пайшоў з жыцця пробашч касцёла Святой Тройцы аграгарадка Гервяты Леанід Пятровіч Нясцюк.

Леанід Пятровіч Нясцюк пасля заканчэння сярэдняй школы служыў на Чарнаморскім флоце. У 1982 ён закончыў Каўнаскую духоўную семінарыю, пасля чаго быў накіраваны пробашчам у касцёл Святых Пятра і Паўла ў гарадскі пасёлак Іўе, дзе служыў да 1996 года. Лепшыя і самыя плённыя гады жыцця ксяндза Леаніда прайшлі на

Астравеччыне. Больш як дваццаць гадоў ён аддаў душпастырскай дзейнасці ў Гервяцкім касцёле Святой Тройцы, які намаганнямі перш за ўсё ксяндза Леаніда Несцюка, а таксама многіх нераўнадушных людзей, якія падтрымлівалі яго пачынанні і ўсяляк яму дапамагалі, са звычайнага сельскага храма быў пераўтвораны ў сапраўдны аазіс велічнай прыгажосці і стаў месцам паломніцтва тысяч людзей з Беларусі, Літвы, Расіі, Польшчы і іншых краін свету-незалежна ад іх нацыянальнай і канфесійнай прыналежнасці.

Пропаведзі і малітвы ксяндза Леаніда, якія ў Гервяцкім касцёле гучалі на трох мовах – польскай, літоўскай і беларускай, вучылі людзей дабру і справядлівасці, міласэрнасці і любові. Традыцыйныя лістападаўскія канцэрты арганнай і вакальнай музыкі, на якія прыязджалі сотні людзей з усёй Беларусі і з-за яе межаў, абуджалі ў іх душах лепшыя пачуцці. Многім людзям Леанід Пятровіч дапамог знайсці сваю дарогу да храма і да Бога і проста – сваю сцежку ў жыцці.

Той невымерны боль і смутак, які зараз адчуваюць родныя, блізкія, сябры Леаніда Пятровіча Несцюка, падзяляюць з імі тысячы людзей, якія ведалі асабіста гэтага цудоўнага святара і чалавека ці толькі мелі шчасце сузіраць плён яго нястомнай працы.

Раённы выканаўчы камітэт і раённы Савет дэпутатаў заўсёды высока цанілі ўклад Леаніда Пятровіча Несцюка ў стварэнне непаўторнага іміджу Астравецкага раёна, умацаванне добрасуседскіх стасункаў паміж народамі розных краін, умацаванне міжнацыянальных і міжканфесійных адносін.

Светлая памяць пра цудоўнага чалавека, святара, пераўтваральніка заўсёды будзе жыць у душах і сэрцах жыхароў Астравеччыны.

 

Астравецкі раённы выканаўчы камітэт і Астравецкі раённы Савет дэпутатаў.


Текст: Главный администратор