Откуда есть пошёл "Вегас-бэнд"?

15:07 / 17.12.2016
1148
%d0%b2%d0%b5%d0%b3%d0%b0%d1%81-%d0%b1%d1%8d%d0%bd%d0%b4Што адбываецца, калі разам збіраюцца некалькі маладых людзей, аб’яднаных агульным інтарэсам? Адны ствараюць спартыўную каманду, другія – “тусуюцца” па клубах, трэція ходзяць у паходы. А калі аб’ядноўваюцца два гітарысты, два духавікі, барабаншчык і саліст – узнікае гурт. Прыкладна так у Астраўцы з’явілася кавер-група “Вегас-бэнд”.

Гэты музычны калектыў, створаны на энтузіязме яго няўрымслівых удзельнікаў, ужо “засвяціўся” на некаторых раённых мерапрыемствах, “правіў балем” у “Галактыцы”, выступаў на ўрачыстасцях у другіх раёнах. Вясёлыя і заўзятыя, яны хутка “раскручваюць” гледачоў на апладысменты, а іх песні так і падштурхоўваюць выйсці на танцпляцоўку.

Каб даведацца, з чаго ўсё “закруцілася-завярцелася”, як узнікла ідэя “фікс” і аб’яднала шасцярых людзей, мы сустрэліся з арганізатарам гурта Маркам Картэлем.

– У свеце бліскучага шоу-бізнесу для таго, каб стварыць музычны гурт, праводзяць цэлыя рэаліці-праекты і мегакастынгі. А як адбывалася ў вас – з чаго ўсё пачалося?  

– З жадання: спачатку іграць самому, а затым – даносіць музыку ў масы. Гэта зараз неяк усё сцішылася, а ў 2000-я гады, калі я вучыўся ў старэйшых класах, у Астраўцы моладзь часта збіралася разам і іграла на розных музычных інструментах. Было нават некалькі гуртоў. Ужо тады мне падабалася слухаць і назіраць, як звычайныя хлопцы “з нашага двара” іграюць не горш за “зорку” з тэлевізара. Магчыма, паўплываў і “жывы” эфект.

Потым я паехаў на вучобу ў Мінск. Там адзін з аднагрупнікаў таксама захапляўся музыкай – іграў на бас-гітары. Ён і ўзяў мяне аднойчы на рэпетыцыю свайго гурта. Вось там я ўпершыню і ўдарыў па барабанах – і гэты непаўторны феерверк  чароўных адгалоскаў разнастайных гукаў узяў мяне ў добраахвотны палон. Ужо праз тыдзень я купіў сабе некаторыя ўдарныя прыналежнасці: палачкі, талеркі і педаль – і стаў вучыцца іграць. Затым знайшоў гурт, у якім хутка “сыграўся”.

Мы былі на адной хвалі, выступалі ў розных сталічных клубах, удзельнічалі ў фестывалі ў Карэліі – і гледачам падабалася. Ігралі ў асноўным панк-рок. Гэта было крута! І калі я ў красавіку мінулага года вярнуўся ў Астравец, то зразумеў, што жыць без гэтага ўжо не змагу. Вось так і ўзнікла ідэя паспрабаваць стварыць тут гурт.

– Як знайшлі аднадумцаў?

– Адразу пачаў цікавіцца ў знаёмых – можа, ведаюць кагосьці, хто іграе на якім-небудзь музычным інструменце. Так ад Івана Дзятловіча даведаўся пра Максіма Якаўлева – хлопец захапляўся гітарай. У выніку мы спісаліся, сустрэліся, сыгралі – і зразумелі, што думаем у адным накірунку. Пазней да нас далучыўся бас-гітарыст Віктар Мястоўскі. Затым хтосьці падказаў, што ў дзіцячую школу мастацтваў прыйшлі таленавітыя трубачы – так наш калектыў папоўнілі Андрэй Кажанеўскі і Уладзіслаў Сапега. Апошнім да нас прыйшоў саліст Руслан Юргелянец. Былі і іншыя прэтэндэнты – кожнага з іх старанна праслухоўвалі, але ў выніку засталася наша шасцёрка.

– Якая музыка ўваходзіць у ваш рэпертуар?

– Вясёлая, заліхвацкая, пад якую нельга ўседзіць на месцы. Некалькі разоў нас запрашалі на раённыя мерапрыемствы, выступаем і на іншых урачыстасцях, дзе папулярнасцю карыстаецца танцавальная і рэтрамузыка. Мы – кавер-група, а гэта значыць, выконваем вядомыя хіты. Песні абмяркоўваем і выбіраем разам – напрыклад, адзін недзе пачуў – “зачапіла”, прапанаваў паслухаць астатнім. І калі ўсім зайшло на “дабро” – развучваем новы нумар.

– А чаму менавіта “Вегас-бэнд”?

– Шчыра кажучы, гэта было спантаннае рашэнне. Мы ехалі на сваё першае выступленне – зразумела, хваляваліся. І тут раптам да нас даходзіць, што назвы ў гурта няма. А часу на крэатыўныя развагі і ідэі ўжо не застаецца. У гэты момант за шклом аўтамабіля мільганула яркая і прыкметная шыльда гульнявых аўтаматаў “Вегас”. “А як вам – “Кавер-гурт “Вегас-бэнд”! Гучыць?” “Гучыць!” – імгненная прапанова была адобрана аднагалосна. Вось так і сталі мы “вегасамі”.

– Ніколі не ўзнікала жаданне ў вашу мужчынскую шасцёрку дадаць дзявочае сола?

– Ідэя ўзяць у гурт дзяўчыну з’яўлялася неаднойчы – аднак кожны раз натыкалася на праблемы пры выбары кандыдаткі. Здаецца, дзяўчына цалкам падыходзіць: голас шыкоўны, цудоўна трымаецца на сцэне, разумее, што ад яе патрабуецца, – і раптам у яе з’яўляюцца сур’ёзныя абставіны, па якіх яна не можа з намі выступаць.

–  А якія планы на будучыню?

– Пакуль што працягваць выступаць і папаўняць рэпертуар новымі і цікавымі нумарамі. А наогул хочацца зрабіць нешта для таго, каб у астравецкай моладзі развівалася цікавасць да музыкі, каб яны не “завісалі” ў барах ці ў інтэрнэце, а збіраліся разам, ігралі, стваралі свае гурты, арганізоўвалі канцэрты.

Ідэальна было б знайсці памяшканне і стварыць рэп-кропку – месца, куды змог бы прыйсці кожны жадаючы і пайграць на любым музычным інструменце. Адзін прыйдзе, паспрабуе – і супакоіцца, а другому гэта спадабаецца – і ён будзе прыходзіць зноў і зноў.

– Прадоўжыце фразу: музыка – гэта…

– Музыка – гэта як наркотык: паспрабаваўшы аднойчы, хочацца яшчэ і яшчэ.

Марына МАЦКЕВІЧ. 

Оставить комментарий
Текст сообщения*
Защита от автоматических сообщений