Настоящее музыкальное шоу подарил островчанам Александр Воронище

17:00 / 14.02.2016
1
Воронище концертУ музыцы я ўсяго толькі аматар, таму ацэньваю музычныя кампазіцыі простым спосабам – падабаецца ці не. І канцэрты выклікаюць розныя эмоцыі: раўнадушша, расчараванне, смутак, перажыванне, лёгкасць, радасць. Але больш за ўсё запамінаюцца музычныя мерапрыемствы, якія пакідаюць у душы адчуванне шчырасці і дабрыні, радасці і аптымізму, цеплыні і весялосці. І ад іх яшчэ доўгі час хочацца ўсміхацца. Менавіта з такім настроем я вярталася пасля канцэрта віртуоза іграння на балалайцы Аляксандра Варанішчы, які адбыўся ў Астравецкай дзіцячай школе мастацтваў.

Воронище концерт1Вясёлы, харызматычны, няўрымслівы і артыстычны – ад музыканта з першых хвілін яго выступлення веяла энергіяй і аптымізмам. Ён быў адным цэлым са сваёй нязменнай сяброўкай балалайкай і цалкам растварыўся ў гуках і мелодыях. І атрымліваў ад гэтага вялікую асалоду, зараджаючы публіку пазітывам і добрым настроем.
Воронище концерт2Дарэчы, ніколі не падумала б, што балалайка можа так па-рознаму гучаць. У руках віртуоза яна то жалобна плакала, то звонка смяялася, а то і наогул ператваралася ў інструмент стылю “рок”. І кожны раз гледачы застывалі ў прыемным чаканні: чым музыкант здзівіць зараз? А ён зноў і зноў прыдумваў нешта арыгінальнае – і пад знаёмыя мелодыі падпявала ўся зала. Непаўторнае выкананне вядомых шлягераў і сучасных мело дый выклікала шквал апладысментаў.
Аляксандр Варанішча прыязджаў у Астравец і раней, але на гэты раз ён наведаўся не адзін, а з моцнай творчай групай падтрымкі – спявачкай з салодкім голасам і адначасова жонкай Святланай Варанішча і вясёлым баяністам Дзмітрыем Казекай. Кожны з іх паасобку і ўсё разам яны падарылі гледачам сапраўднае музычнае свята. Святлана зачароўвала прыгожым звонкім голасам і манерай выканання – пад вясёлыя песні ногі самі прытупвалі ў такт, а ад сумных – мароз прабягаў па скуры.
Воронище концерт3А чаго каштаваў батл Аляксандра Варанішчы і Дзмітрыя Казекі! Не жадаючы ўступаць адзін аднаму, яны радавалі самымі разнастайнымі кампазіцыямі – ад класікі да сінгла да фільма “Бумер”.
Не засталіся без увагі і маленькія астраўчане, якіх у зале было шмат: “Улыбку”, “Облака” і “Песенку бременских музыкантов” спявалі і дзеці, і дарослыя.
У музыцы я ўсяго толькі аматар. Але не трэба быць прафесіяналам, каб бачыць, як у выканаўцаў спявае душа і як яны шчыра жадаюць падзяліцца гэтым з усімі. Аляксандр Варанішча з сябрамі падарылі астраўчанам не толькі цікавы канцэрт і цудоўны настрой, але і часцінку душэўнай цеплыні.

---------------------------
Марына БАРОК.
Фота Юрыя ЖЭБІТА.