Из первых уст: про уборку урожая в КСУП "Гервяты" рассказывает главный агроном Денис Кирпо

13:55 / 04.08.2017

maegnivo1.jpg

Над Беларуссю валадарыць непаўторны водар жніва, які прымушае ўсіх і ўсё жыць у яго рытме.

Падчас селектарнай нарады 2 жніўня Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь Аляксандр Рыгоравіч Лукашэнка падкрэсліў, што ўборка хлеба – першачарговая справа ўсіх структур, незалежна ад таго, ці адносяцца яны да сельскай гаспадаркі.

На старонках «АП» стартуе новы праект, прысвечаны ўборцы ўраджаю, – «Маё жніво». У яго выпусках пра асабістае жніво раскажуць яго ўдзельнікі.

Распачынае праект маналог галоўнага агранома КСУП «Гервяты» Дзяніса Кірпы.

maegnivo2.jpg

– З кожным днём усё больш упэўніваюся ў  тым, што агра­номія – гэта дакладна маё. Ві­даць, любоў да зямлі і да раслін перадалася ў спадчыну ад дзеда Яўстафія Шаха, які неаднойчы мяне, малога, браў з сабой у поле. Тыя дзіцячыя ўспаміны жывыя і зараз.

Хоць аграном – складаная і адказная прафесія, але яе немагчыма не любіць,  бо вынік сваёй работы бачыш штогод. З восені прыгарнуў у глебу зярнятка, а ўжо летам яно распроствае свае вусы на неабсяжных нівах.

Нашым папярэднікам, напэўна, было крыху лягчэй: усе палі, лічы, былі пад рукой, на воку. А цяпер паспрабуй аб’ехаць за дзень усе ўчасткі. Неяк палічыў, што на працягу дня каля трохсот кіламетраў намотваю, яшчэ і вечарам аб’яджаю палі, каб убачыць і ацаніць зроблены за дзень фронт работ і спланавацца на заўтра…

За ўсю гісторыі існавання КСУП  «Гервяты» самы важкі колас, напэўна, вырас у 2015 годзе: збожжа дало на круг 55,3 цэнтнера з гектара. Мінулы год быў неўраджайным. Сёлета намалоцім больш, чым летась, але рэкорд 2015-га не паб’ём. Дзякаваць богу хоць за тое, што будзем са збожжам.

Позна пачалі жаць: сёлета, як ніколі, збажына даспявае нераўнамерна. Многа «падмочаных» палёў.  Уборачная кампанія стартавала два тыдні назад: пачалі з абмалоту слабейшых палёў, дзе зерне ўжо даспела. Зжалі 5 гектараў азімай свірэпіцы на свае патрэбы. Абмалацілі больш за палову рапсу – а гэта 382 гектары. На слабейшых палях атрымалі па 30 цэнтраў на круг, а зараз ён сыплецца пад 40. Радуе, што ўвесь крыжакветкавы добра перазімаваў. Ніводнага гектара не загінула! Бывала, што па 100, а то 200 гектараў даводзілася перасяваць вясной. Ужо ўбіраем азімую пшаніцу і яравы ячмень – на круг яны даюць па 45 цэнтнераў.

У апошнія гады робім стаўку на інтэнсіўныя тэхналогіі вырошчвання сельскагаспадарчых культур. Так, да прыкладу, некалькі гадоў запар сеем гібрыднае высокаўраджайнае жыта «Пікасо» . Сёлета пад ім занята каля 90 гектараў.  Думаю, яно дасць па 60 цэнтнераў з гектара.

Пад збожжавымі і зернеба­бовымі ўсяго занята 4 400 гектараў. Калі надвор’е не падвядзе, з уборкай за тры тыдні ўправімся. Толькі б не дажджыла… Надакучылі гэтыя налётчыкі. Здавалася б, свеціць сонейка, у полі камбайны гудуць – пасля абеду неба імгненна пакрываецца чорнымі хмарамі – і дождж як улупіць!

Сёлетняе жніво, па ўсім бачна, будзе энергазатратным. Летась малацілі сухую збажыну, на сушылцы раз прагонім – і ў засекі, а ў гэтым годзе сыплецца вільготнае збожжа. Доўга яго трэба даводзіць да патрэбнай кандыцыі. Балазе, у нашай гаспадарцы кругласутачна працуюць дзесяць сушылак – пачынаючы ад сучасных газавых комплексаў і заканчваючы ЗСК10, работа якіх забяспечваецца дровамі. Толькі адна «ЛідАрай»  за суткі ў стане перасушыць да 250 тон збожжа.

Цяпер, як ніколі, важна не змарнаваць ніводнай хвілінкі, нават урываючы час ад сну. На календары ўжо жнівень – няма часу чакаць пагоды. Трэба як мага хутчэй без страт убраць ураджай – і ўсе гэта добра разу­меюць.

Камбайнеры і вадзіцелі гатовы быць у полі суткі навылет. Кажу без перабольшвання. Паглядзіце, як працуюць Аляксей Масейка, Андрэй Вінцкусь, Валерый Васільчык – ім нават часу няма паесці, хоць абед і падвячорак хлебаробам прывозяць прама ў поле. Хуценька перакусяць, у кабіны заскочаць – і да позняга вечара малоцяць. А вадзіцелі на ўсіх парах імчаць да сушылак…

На жніве адзін у полі – не воін. Вынік залежыць ад кожнага з нас: мы робім агульную справу. А інакш і быць не можа. Да прыкладу, аграном-аграхімік Аляксандр Кавалька падчас уборачнай кампаніі замацаваны за адным з чатырох звёнаў, на якія разбіты 15 камбайнаў і прыблізна столькі ж адзінак тэхнікі для адвозу зерня. Францаўна (Насеннявод Антаніна Дзерван – заўв. А.Г.) рэгулюе ўвесь працэс на складах і зернесушылках: што на насенне пойдзе, што – на фураж… 

…Сёлетняя ўборачная кампа­нія – шостая ў маім працоўным жыцці. Якое маё жніво? Складанае? Але хлеб па азначэнні лёгкім не бывае. Вяскоўцы гэта добра разумеюць. Каб колас вырас важкім, трэба дзесяць патоў праліць: старанна падрыхтаваць глебу і насенне, пасеяць яго, апрацаваць рунь ад шкоднікаў – і не раз, падкарміць… Ніва клопат любіць.

...Маё жніво – цікавае!

maegnivo3.jpg

maegnivo4.jpg

maegnivo5.jpg

maegnivo6.jpg

maegnivo7.jpg

maegnivo8.jpg

maegnivo9.jpg

maegnivo10.jpg

Запісала Алена ГАНУЛІЧ, фота аўтара.

ostrov-red.ganulich@tut.by

Текст: